epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вучуся ў таты

Мой тата —

Слынны камбайнёр,

Яго ў нас кожны знае.

У таты — Зорка на грудзях

Агніста,

Ярка

Ззяе.

 

Умее тата

Ўсё ў жыцці,

І я ім ганаруся.

І я гарнуся да яго,

І з ім я

Жыць вучуся.

 

Вучуся ў таты —

Рана ўстаць

На працу

Разам з сонцам.

Вучуся

Ўсіх людзей вітаць,

Быць іхнім

Абаронцам.

 

Як тата мой,

Хачу я быць

Сумленным,

Добрым,

Чыстым.

Як з нівы зернятка —

Любіць

Свет цэлы

Прамяністы.

 

І будзе ў мяне

Ўсякіх спраў —

Я ведаю —

Багата.

І веру:

Ўсе іх параблю,

Як дарагі мой

Тата!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан