epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Вуды бяру..."

Вуды бяру,

Кошык лазовы бяру,

З хаты бягу, будзячы крокам зару.

 

Светлы мой шлях —

Да жураўліных заток.

Ёсць сярод іх ціхі аерны куток.

 

Ў цёмнай вадзе

Штось выглядае вярба.

Колькі мне слоў тут падказала журба!

 

Колькі гадоў

Тут свае думы я ткаў,

Сонечны дом свой збудаваўшы між траў.

 

Дом мой звініць,

Плешча, ўздыхае, пяе,

Жыць без турбот мне не дае, не дае...

 

Ціха закіну

Вуду ў гуллівы струмень.

Хай мне дастане мару і песню на дзень,

 

Хай мне збярэ

Гукі лугоў і глыбінь,

Хай прынясе ў сэрца вясновую сінь.

 

Хай са мной будзе

Радасць блуканняў сама!..

Не, недарма рэкі цякуць, недарма...

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан