epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вуліца Янкі Купалы

Вуліца Янкі Купалы,

Родная сэрцу заўжды,

Памяці ты захавала

Даўняга часу сляды...

 

Сполах далёкіх пажараў...

Водгалас клятвы сяброў...

Песня — дзявочая мара —

На рыштаваннях муроў...

 

Год прамінае за годам.

Крочыць вясна за вясной.

Толькі ўспаміны заўсёды

Ўсюды нязменна са мной,

 

Помню, як білі гарматы.

Помню, як Мінск наш гарэў.

Сумна па сэрцы салдата —

Быццам за міг пастарэў.

 

Песня Купалы тады нам

Вернай сяброўкай была.

Песняй Купалы Айчына

Нас на змаганне вяла.

 

Песні Купалавай сіла

Нас падымала на бой,

Быць чалавекам вучыла,

Волю прыносіць з сабой.

 

Век не забудзецца радасць —

Як мы дадому прыйшлі,

Як мы над Домам урада

Сцяг пераможны ўзнялі.

 

Сёння зарніцы пажараў,

Можа, прысню толькі ў сне...

Песня — юнацкая мара —

Сёння ўсё чуецца мне.

 

Песню адразу пазнаю —

Сэрца Купалава ў ёй,

Любасць да роднага краю

Славіць яна над зямлёй!

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан