epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Вуліца Зялёная

Калі мы з далёкай

Баявой дарогі

Прыняслі ў свой горад

Сонца перамогі,

Ты была ўся ў ранах,

Цяжка засмучоная,

Ворагам стаптаная,

Вуліца Зялёная.

 

Зараз і не ўспомніш,

Сумна як было нам...

Чорныя руіны,

Спаленыя клёны...

Але ўсё ж,—

навекі

З славай заручоная,—

Ты была жывая,

Вуліца Зялёная!..

 

*

З лютасцю да войнаў —

Яснай той вясною

Прысягалі шчыра

Мы перад табою:

Прысягалі шчыра —

Працаю штодзённаю

Зноў цябе ўпрыгожыць,

Вуліца Зялёная.

 

Ужо ліпы ў пушчах

Для цябе ўставалі,

Кузні рыштаванні

Для цябе кавалі,

І ўзлятала песня

З веснавымі звонамі

Пра цябе, юнацкая,

Вуліца Зялёная.

 

 

*

Год мінуў за годам

У хадзе няспыннай.

Дзе вы, ці былі вы

Тут, вайны руіны?

Як ты асвяцілася

Нашай працай плённаю,

Мірная, прыгожая

Вуліца Зялёная!

 

Над асфальтам роўным

Зноў стаяць палацы,

Льецца май у вокны

Квеценню акацый,

І шуміш ты ліпамі,

Бэзамі і клёнамі

Пра гады шчаслівыя,

Вуліца Зялёная!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан