epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

«Выхавацель»

Справа ў тралейбусе гэта была,

Быць жа і ў іншым месцы магла...

Статны, гадоў пад паўсотню мужчына,

Чынна, паважна, ў тралейбус зайшоў...

Што ж, ну, зайшоў...

Ды стаяў тут хлапчына

Сярод такіх жа, як сам, малышоў.

Дзіва нямнога — ці мала іх носіць,

Жвавых, вясёлых, па горадзе ўсім?..

Толькі мужчыне чамусьці здалося,

Што пасміхнуўся хлапчына прад ім.

«Дзядзя» адчуў да сябе непавагу.

Здзек! Проста ў твар — ды грымаснічаць так!

— Ах ты ж,—

ён крыкнуў з бязмежнай адвагай.—

Ах ты ж, смаркач, валацуга, лайдак!

Гэта такому вас вучаць у школе?

Дзе ты знаходзішся? Хто ты такі? —

«Дзядзя» злаваўся ўсё болей і болей,

Позіркі гнеўна кідаў у бакі...

— Хопіць,— сказаў яму хтось.

— Не, не хопіць

Я яшчэ ў школу пайсці з ім магу!..

Жаласна тут праказаў яму хлопец:

— Дзядзя, ты мне наступіў на нагу!..

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан