epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Выпадак са Светай

Ах, што стала з нашай Светай,

А не ўгодзіш ёй ніяк!

Ёй і гэтае —

не гэтак,

Ей і тое —

ўсё не так!

 

Ці хоць плач, ці хоць крычы:

Як нам Свеце памагчы?

 

Света, Светачка, дачушка,

Ты зірні, што за пампушка! —

Тут разынкі, тут і мёд,

Так і просяць: кінь у рот!..

 

— Не хачу разынкі ў мёдзе! —

Света ўбок руку адводзіць.

— Не хачу! — ды туп нагой,

Ды аж слёзы з воч — ракой.

 

— Света, Светачка, галубка,

Сціхні, нашая ты любка,

Вытры слёзы, што з табой? —

Без канца наперабой

Суцяшаюць тата з мамай.—

Мо схадзіць з табой у краму?

Купім сушачкі, сардыны,

Апельсіны, мандарыны,

Шакалад і мармелад,—

Нават коцік будзе рад!..

 

— Не! — Ў адказ сваволіць Света.—

Не! — Па хаце — што ракета! —

Не хачу я, не хачу!..—

Скачуць іскаркі ўваччу...

 

Вось такая ў яе мова...

Вось такая скрозь размова...

Як свавольства ёй пазбыць?..

Хто падкажа,—

што рабіць?..

 

Ў хаце ўсё параскідана,

Кніжка новая стаптана,

Ад стала і пад парог —

Няма месцейка для ног,—

 

Там панчошкі, там спаднічкі,

Там шнуркі, там чаравічкі,

Лялькаў, цацкаў — неўпапад,

Бой тут быў

ці маскарад?..

 

Раптам — дзынк! —

званок у дзверы,—

І бабуля ўжо ў кватэры...

— Ой, а Света ж —

тут ці не?!.

Дзе вы дзелі ўнучку мне?!.—

 

Так бабуля ўсім прапела,

Бо ўсё ўмомант зразумела.

— Дзе вы ўнучку мне звялі?..

Мо камусьці аддалі?..

 

Хіба ж гэтая вось штучка

Наша Света, мая ўнучка?..

Рук няма, адзін жывот,

Нос распух, крывы стаў рот,

 

Не на месцы вочы, здэцца,—

Бабка позіркам смяецца,—

Ды і голас — вох цяжкі! —

Не!.. У Светы не такі!..

 

Света выбегла

на хату —

Ды да бабкі

вінавата:

— Бабка!..

Любая мая!..

Вер мне, бабка,

Гэта — я!

Я! Я!..

 

— Ты?! Тады, ану-тка мігам

Падымі з падлогі кнігу,

Цацкам, лялькам месца дай,

Рэчы ладам паскладай!

 

Ды за венік! — толькі хутка! —

Падмяці пакой чысцютка!..

Падмяла?

Цяпер — бяжы

Татку, мамцы далажы...

 

Ну, а зараз — нут-ка ў ванну

Ды памыйся мне старанна!

Ды не лі праз верх вады...

А пасля — хутчэй сюды!..

Разбяром з табой пакункі —

Там гасцінчыкі, дарункі...

 

Света ўсё зрабіла чынна,

Заслужыла:

— Малайчына! —

З’ела бабчын піражок,

Пончык з мёдам і сырок,

Бабку ўсмак абцалавала,

«Дзякуй, любая!» — сказала.

Папрасіла: «Будзь са мной!..»

Што, скажыце,

стала з ёй?..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан