epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

З апошнім болем у сэрцы

З апошнім болем у сэрцы

Чалавек забывае

страшныя свае нягоды,

Адчувае сябе трыумфатарам

І амаль

Верыць

У сваё бяссмерце —

З апошнім болем у сэрцы.

 

Так лёгка, так хвалююча-лёгка

ісці па свеце,

Так радасна бачыць

красу зямлі,

Так верыцца,

што ўсё бясконцае, светла-праменнае,

Усё навокала — навекі тваё,

Калі знікае

ў сэрцы апошні боль.

 

А я, перажыўшы ўсё гэта,

Зведаўшы і пакуты, і шчасце,

Прашу людзей:

не даводзьце, людзі,

Каб знік у сэрцы апошні боль.

Бо тады раптам можаш забыць

сонечнае імя чалавека,

Які выхапіў цябе

з учэпістых рук смерці,

Можаш забыць,

Што на зямлі

не адзін ты вынасіў

боль у сэрцы,

Можаш не ўбачыць,

Як курчыцца ад жахлівага страху

ў некага твар,

Які не дачакаўся

ад кагось

выратавальнае дапамогі...

Людзі...

Хай трошкі, паверце,

чуецца ў сэрцы боль!..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан