epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

З франтавога блакнота

1. СА СЦЯГАМ ВОЛІ
2. Я ВЯРНУЎСЯ З ВАЙНЫ


1. СА СЦЯГАМ ВОЛІ

Чужыя мне далі,

Прысады і гоні.

Чужыя мне рэкі,

Лугі, абалоні.

 

Чужыя мне — неба,

Дарогі і сцежкі.

Чужыя — лятункі,

Трывогі-няўцешкі.

 

І боль, і клапоты,

І вочы з тугою —

Усё не маё тут,

Усё мне чужое!..

 

Чаму ж я для іх

Перайшоў свае межы?..

Лугі Наднямоння,

Лясы Белавежы?..

 

Чаму для чужога

Сябе не шкадую,

Хоць знаю — магчыма,

За іх і памру я?..

 

Таму, што я воін

На свеце адзіны —

Сын маці пяшчотнай,

Савецкай Радзімы.

 

Таму, што суровай

Парой баявою —

Сцяг волі ірдзее

Над светам са мною.

 

 

2. Я ВЯРНУЎСЯ З ВАЙНЫ

Я вярнуўся з вайны.

Што ж ты брата не стрэла, Марыся?

Маці слёзы глытае:

— Сынок, не журыся...

Ціха... Ціша і боль...

Я пайду — ля магілы прысяду.

За ракою ляжаць у варонках

Дубенскія ляды.

Ніцма ўпалі па луг,

як салдаты, дубы векавыя.

Толькі яблыні-дзічкі

ўздыхаюць над імі жывыя.

З іх зрываюць вятры,

бы тужлівыя ўсмешкі, пялёсткі

І нясуць над знявечаным полем

да нашае вёскі.

І ляцяць тыя ўсмешкі,

ляцяць, шалясцяць над табою...

Снег вясны... Помніш, мы

разышліся таксама вясною.

Вось і той талісман,

што на шчасце ты мне падарыла.

Вось і сам я. А ты...

Груд зямелькі шыпшына укрыла.

Ціха... Дзічкі ўздыхаюць —

з жальбою гукаюць на ўзлессі:

— Марыся... Марыся...

— Вярніся...

— Прыйдзі

Адгукніся хоць песняй!

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан