epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

З народных матываў

Ранкам, на золку,

Дзе свецяцца сны,

Едзе мой любы

Дадому з вайны.

 

Едзе здалёк

На кані вараным.

Будзе нарэшце

Нам люба дваім,

 

Зноў сваю песню

Спяю яму я.

Чуеш, юнача?

Вось песня мая:

 

Едзе мой любы

На быстрым кані,

Ты яго, леце,

Нідзе не спыні.

 

Хай ён з чужыны

Даедзе хутчэй.

Скіне мне белую

Хустку з плячэй.

 

Быццам крыламі,

Яго абаўю.

Ласку хай любы

Пазнае маю...

 

Лета не слухае

Просьбы маёй...

Едзе юнача,

Ды толькі не мой...

 

Леце, а леце,

А дзе ж, скажы, мой

Твой за далёкай

За сіняй гарой.

 

Пад каліною

Рачулка імжыць.

Твой даражэнькі

Там сны старажыць.

 

Смутак твой чуе

І прагне вітаць.

Толькі не можа

Насустрач устаць.

 

Толькі ўздыхае

Пад звон раўчука,—

Нават твая

Не падыме рука.

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан