epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

З пісьма дадому

А хіба зямлі гэтай «дзякуй» не скажу?

А хіба яна мяне чамусь не навучыла?

Навучыла, навучыла! —

Сто разоў паклон аддаць Сажу!

Навучыла, навучыла!

У душу сяброў глядзець

пяшчотнымі вачыма.

А хіба зямлі гэтай «дзякуй» не скажу?

А хіба яна ў душы ні знаку не паклала?

Ой паклала, ой паклала! —

У мільён разоў мацней тужыць,

па чым тужу!

Ой паклала, ой паклала! —

Даражыць святлом зямлі,

дзе маці калыхала.

 

Пацалую вербаў дым і сіні гром,

Пацалую горкі пыл сцяжын паміж жытамі.

Над сівымі чаратамі

Узыду вясёлкавым багром,

Пад вясновымі вятрамі,

Калі трэба майму краю,

стану кропляй, стану роскай

над лістамі.

А яшчэ і каменем, і жвірам стаць магу,

Пакладуць няхай мяне ў падмурак мураваны.

А адтуль, усхваляваны,

Увальюся ў веснавы глыбіняў гул.

А яшчэ,— зачараваны,

Стаць гатоў дарогай —

хай ідуць па мне нашчадкі

ў шлях наканаваны.

 

Не пытайце ж, дарагія, як пісаўся гэты ліст.

За туманам, за кляцьбой, за рогатам Гудзона —

З ціхім шэптам, з ціхім звонам

Лепш няхай у гэту хвілю ўбачу

любых меж абрыс,

Лепш душою улюбёнай

Хай пачую ў гэту хвілю

песню дзеда —

Як ляцеў казак з палону...

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан