epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Забараніце піць і есці..."

Забараніце піць і есці —

Я ўсё сцярплю, перажыву.

Але на міг не дайце песні —

І я душу сваю парву.

 

Якой бы страшнаю пакутай

Жыццё ні ўздумала чарніць —

Адно хай мне пакіне:

смутак,

Дзе песня ціхая звініць.

 

Не зломяць сэрца ні замовы,

Ні боль, ні лютая бяда,

Пакуль магу ісці і словы

У песні любыя складаць...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан