epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Забаранкі

Забаранкі. Вёсачка лясная.

Ад крыніцы — сцежачак узор.

Што на свеце лепшага я знаю,

Чым пявучы ў Забаранках бор?

 

Жыў нямала, бачыў яшчэ болей.

На Нью-Йорк дзівіўся і на Рым.

А красы такой не стрэў ніколі

Ані ў Новым свеце, ні ў Старым.

 

Тут, дзе б'е з глыбінь струмень бадзёры,

Каб пачаць імклівую раку,

Колькі раз гарэлі шчасця зоры

Для мяне ў арэхавым кутку.

 

Колькі раз на прызбе ціхай хаткі

Сэрца мне ўзвышаў сярод палян

Лепшы, чым Парыжскай богаматкі,

Бору меднастволага арган.

 

Рокатам, трымценнем, мройным звонам,

Водгаласам сонечным жывым

Колькі раз дарыў свой гімн зялёны

Без ашчад

пачуццям ён маім.

 

Абуджаў, на весні шлях выводзіў,

Асвятляў лятункам далягляд...

Забаранкі...

Мальвы ў агародзе.

І кражоў задума каля хат.

 

І дзядоў спакойныя паданні,

І нястомны досціп юнакоў.

Цёплыя, сардэчныя спатканні

І былых, і будучых вякоў...

 

Не, нідзе не чуў я гэткай мовы,

Гэткай веры — свету не ў дакор.

Бо нідзе няма такой аховы

Для душы, як гэты вечны бор.

 

Гэты бор — высозны подых нетраў,

Звон крынічак, цёплы белы мох,

Цішыня сцяжынак непрыкметных

І прыволле бальшакоў-дарог.

 

І наўсцяж — бязмежным светлым гімнам

Музыка ствалоў, галін, лісця.

Ад суніц да сонца — скрозь, няспынна

Музыка адвечнага жыцця.

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан