epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Жаданне

У сусвет злятаць —

нібыта ў дом зайсці...

Так і хоча сэрца папрасіць:

Трошачкі пакіньце невядомасці,

Трошачкі пакіньце таямніц.

 

Хоць жыццё стварыць імкнёмся лёгкае —

Спіны і пад цяжарам не гнуць,—

Хай будзе заўсёды —

штось далёкае

І чаго не проста дасягнуць.

 

Клічуць кантыненты неабжытыя,

Між галактык —

зорныя каўшы.

А няхай і нашы далі жытнія

Нешта скрозь хаваюць для душы.

 

Любая, заўсёды з ласкай згодная,

Звыкласць хай цябе не закране,—

Хай заўжды душа твая пяшчотная

Трошкі тайнаў

тоіць для мяне...

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан