epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Жанчыны

Сівая, старэнькая,

Апіраючыся на кіёчак,

Ну, ледзь, здаецца, тупае,—

Вось-вось трапіць пад колы...

Убачыла маладзенькая,

Кінулася насустрач:

«Дазвольце, бабуля,

Я вам памагу!»

Беражліва ўзяла пад руку,

Перавяла цераз вуліцу...

Сталі...

— Ты чаго кідаешся

Насустрач? —

Раптам пытае бабуля.

І злосна:

— Хіба я без цябе не абышлася б,

Ці што?

Іш, якая прэнткая!

Што я табе —

гэткая ўжо старая?!

Дзяўчына сумелася,

Дзяўчына — нібы ў агні:

— Даруйце, цётачка,

Я цяпер буду ведаць...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан