epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Заранка

Так век і слухаў бы, як будзіць ранкі,

Каб край адчуў красу сваю наноў,

Чырванапёрае маёй заранкі

Малінавая песня між кляноў.

 

Я толькі раз яе ў лісці пабачыў —

Гарэлі на галоўцы прамяні.

А з той пары —

здаецца мне:

няйначай

Гару ў якімсьці радасным агні.

 

Ледзь толькі ўчую ранкам над палянкай

Пяшчотны спеў — бы роздум на струне,—

Ўсім сэрцам веру: кволая заранка

Нясе бясконца сілы для мяне.

 

I ўсё пытае: мала ці не мала?

І ўсё сабе адказвае сама:

Бяры, бо я ўсяго яшчэ не адспявала!

Бяры, бо шчасця іншага

ў мяне няма!

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан