epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Заслонаў

Калі паміраў Заслонаў,

Чуў кожны,

хто быў тады з ім:

Шаптаў ён шчырыя словы,

Словы аб краі сваім.

 

За ўсё, што не змог зрабіць ён,

Прасіў яму дараваць,—

Сёння гэтак гавораць

Людзі з сяла Купаваць.

 

І кажуць, што вельмі моцна

Хацеў наш герой пачуць,

Якія новыя песні

Дзяўчаты ў Маскве пяюць;

 

І паглядзець, якія

Пшаніцы ўзрасціў Алтай,

І як дружбакі-машыністы

Вядуць цягнікі праз край...

 

Доўга-доўга зязюлям

У родных лясах кукаваць,

Ніколі-ніколі кветкам

На сцежках не адцвітаць,

Давеку героя помніць

Будзе сяло Купаваць.

 

Прайшлі агнявыя годы,

На роднай яго зямлі

Ліхія нямецкія каты

Бясслаўна касцьмі наляглі.

 

Усталі сцяною пшаніцы

З-пад працавітай рукі,

Па новых мірных маршрутах

Бягуць удаль цягнікі.

 

І па-над слаўнай магілай,

Каб мог іх герой пачуць,

Дзяўчаты — звонкія песні,

Песні Радзімы пяюць.

 

Пачуеш іх толькі — і крыллі

Узвеюцца па-над плячмі,

І ўсе шляхі веснавыя

Адразу ўстаюць прад вачмі:

 

Высока гарачае сонца

Над тымі шляхамі плыве,

І ў радасці іх —

Заслонаў

Як песня і слава жыве...

 

Доўга-доўга зязюлям

У родных лясах кукаваць.

Ніколі-ніколі кветкам

На сцежках не адцвітаць.

І вечна героя помніць

Будзе сяло Купаваць!..

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан