epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Застанецца толькі гэта..."

Застанецца толькі гэта

Назаўжды і да канца:

Водар сонечнага лета,

Пах суніц з твайго карца,

Шум разгневанага дуба

Пад маланкай, як мячом,

Ды твой шэпт,

спалох твой любы

З сіняй іскрай над плячом.

 

Застанецца сум раптоўны

Перад сцежкай баравой,

Сум расстання,

што, як поўня,

Празвінеў па-над травой,

Застанецца ліст барвяны,

Лёгкі, ў жылках, бы жывы,

З той сцяжыны,

з той паляны,

Дзе, як віцязь, дуб сівы.

 

Дзеля гэтых скарбаў родных,

Колькі жыў

і колькі мог,

З ціхай зоркай

пуцяводнай

Узыходзіў па парог.

Дзеля іх — з апошняй змогай

І пад кронаю ўздыхну

І, прыкрыўшыся дарогай,

Між карэннямі засну...

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан