epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Заўтрашняму ўладару планеты

Для таго каб менш табе

стамляцца,

У зеніт кіруючы жыццё,

Я нярэдка быў вегетарыянцам,

Прабіваўся

Дзедаўскай куццёй.

 

Што куцця?! Я знаў і не такое!

Я скарынцы рады быў парой,

Робячы свой век сваёй рукою,—

Проста чалавек, а не герой.

 

Я насмерць

З гарачай смагай біўся

На вялікай

Дзён маіх сяўбе,

Бо перад вачмі з’яўляўся ты ўсё,

І тварыў я з думкай пра цябе.

 

Я на ўсё прыдатны, ўсё адолею,

Ўсё перажыву, перацярплю.

Толькі каб не ўдарыў ты мне болем

За маё адданае «люблю».

 

Не сказаў бы, час перабіраючы

І сустрэўшы сказ і пра мяне:

— Ну й дзівак жа! Меў сухі акрайчык,

А ў жыцці

Душою камянеў...

 

Знай, дружбак, мой будучы нашчадак,

Той акрайчык быў не драбяза.

Ў ім жыла

Гадоў і веку радасць

І мая суровая сляза.

 

І калі ты ў шчасці будзеш велічны

І ўзляціш да Марсаў і да Вег,

Дык успомні ўсіх, што сёння мелі

Мазалі як гонар, а не грэх.

 

Помні ўсё, што ростані прабіла,

Каб цябе па-новаму ўзлюляць,

Праўду,

Што свяцілася рубінам,

Працу,

Дарагую, як зямля,

 

Слова, што ў любой нягодзе грэла

Кожную пакутную душу,

І вось гэты нават ліст нясмелы,

Што табе, сумуючы, пішу.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан