epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Жаваранак

Жаваранак, жаваранак,

Птушачка-іскрыначка,

Галасок — як срэбра звон,

Як прамень — пярыначка.

 

Жаваранак, жаваранак,

Наша радасць весняя,

Падымі ты нас, гукні

Срэбна-звонкай песняю.

 

Падымі нас, правядзі

Па зямлі разбуджанай —

Дзе праталіны ў палях,

Дзе на лузе — лужыны,

 

Дзе на рэках ледаход

Весела ўздымаецца,—

Дзе вясновае пары

Ўцеха пачынаецца!

 

Жаваранак, жаваранак,

Птушачка чароўная...

Не сціхай, звіні, звіні,

Песня, ласкі поўная!

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан