epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Здалёку

Гэта было ля далёкай,

ля польскай ракі, каля Віслы...

Гэта на ціхай раўніне

на светлым на полі было...

Калі я ачнуўся і рану

гарачай рукою заціснуў,—

Наўсцяж прамяністае неба

кудысь нада мною плыло.

 

Кацілася весела ўдалеч

высокая ў хвалях пшаніца,

І ярка

чырвоныя макі

на полі пшанічным цвілі.

А паміж макаў ляжалі

і к сонцу вачыма, і ніцма

Сябры мае ўсе,—

і пялёсткі

зляталі на іх шынялі.

 

Сябры, як чужыя, глядзелі

на светлае поле, на макі,

На кроў з-пад маёй гімнасцёркі,

што густа шклянела на ёй.

І мне ўпершыню стала страшна,

і я ўпершыню там заплакаў,

Ком слёз па-мужчынску глытнуўшы

у той адзіноце сваёй.

 

Але дзесь за полем грымотна

ударылі раптам гарматы,

І ў голасе іхнім пачуў я

ратунак сабе і загад.

І паміж макаў патроны

сабраў для свайго аўтамата,

І ўбачыў сяброўскія вочы —

прыхільна ажыў іх пагляд...

 

На полі далёкім ля Віслы

той шлях, што агнём быў прастрочан...

Дзе вера вяла мяне ўперад,

што месца ў страі йшчэ знайду...

Адтуль, з таго поля, дагэтуль,

сяброў сваіх помнячы вочы,

Па клічу салдацкага сэрца

далей ад самоты іду...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан