epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зялёнае рэха

Паэма

Там, дзе сосны гурбою

Заглядаюцца ў высі,

Дзе чароты сцяною

Над вадою ўзняліся,

 

Дзе арэшнік развесіў

Гронкі вочак-арэхаў,—

Заблудзілася ў лесе

Зялёнае рэха.

 

Хто яго тут пакінуў,

Гэта рэха жывое?

Можа, статак ласіны,

Ідучы з вадапою?

 

Можа, птахі лясныя,

Як вілі сабе гнёзды?

Можа, пілы стальныя

У дзень ясны, марозны?

 

Ці з калгасных прастораў

Прыляцеўшая песня?

Ці той вецер, што зоры

Калыхаў напрадвесні?

 

Не маўчыць, не сціхае,

Супакою не мае,

Ходзіць рэха, блукае,

Выйсця з лесу шукае.

 

Пойдзе рэха направа —

Не прабіцца праз травы.

Пойдзе рэха налева —

Хвошч ды волаты-дрэвы.

 

Пойдзе прама — таксама

Там дубы, там крушыны.

Не, напэўна, і прама

Не пракласці сцяжыны...

 

Так я казку пачаў

Свайму сыну зімою,

Калі мёў па начах

Сівер снег над зямлёю.

 

Я пачаў і спыніўся,

Думаў: ёсць яму ўцеха.

А Міхась не забыўся

Пра зялёнае рэха.

 

Здагадайся, што сніцца,

Што ў думках малога!..

А ён марыў з’явіцца

Рэху на дапамогу.

 

*

Абагрэў цёплы вецер

Гарадскія кварталы.

Ручаі на дасвецці

Снег прабілі падталы.

 

Сонца грэла і грэла,

Беглі воды па вулках.

І рака загрымела

Зноў паводкаю гулкай.

 

А затым на панелі

Пыл з вярбы слаўся дымны,

Птахі ўсе зазвінелі,

Стаў блакіт неабдымным.

 

А пасля, ў хуткім часе,

Дрэвы ліст разгарнулі.

І тады мой Міхасік

Запрасіўся к бабулі.

 

Добра помніў ён змалку:

Там вясновыя дзівы —

Сож нясе там, як скалкі,

Светлых вод пералівы;

 

Там дубы на прылессі,

Быццам варта, ў задуме;

Там вясёлыя песні

Плытагонаў на руме;

 

А прыгледзься, прайдзі ты

Полем-нівай без краю,

Дык убачыш, як жыта

Каласы высыпае.

 

Дзе ж яшчэ больш такая

Прыгажосць ёсць вясною?

Гэта там дзесь блукае

Лесам рэха жывое!

 

Не маўчыць, не сціхае,

Супакою не мае,

Выйсця з лесу шукае,

Дапамогі чакае.

 

І не ўседзець у хаце

Сыну з думай дарожнай.

— А спытаўся ты ў маці,

Табе ехаць ці можна?

 

Ён, вядома, спытаўся,

Ён усё прадугледзеў.

— Што ж, збірайся!

— Сабраўся!

— Тады едзем?

— Паедзем!

 

*

Паняслі нас па рэйках

Гаманкія вагоны

Праз вясновыя рэкі,

Па разлогах зялёных.

 

Светафораў вясёлкі,

Краявід маляўнічы.

Гарадоў і пасёлкаў —

Не запомніш, не злічыш.

 

Там завод вырастае,

Там вунь комін дыміцца,—

Праца ўсюды такая,

Як у роднай сталіцы.

 

Вёз цягнік нас імкліва,

Не сцішаючы ходу,

І на Сожы, шчаслівых,

Перадаў параходу.

 

І зачахкалі колы,

І пайшлі перад намі

Хаты новыя ў сёлах,

Пераправы з чаўнамі.

 

Пераправы,

Паромы,

Ды сады ў белым цвеце,

Ды высокія стромы,

Ды рыбацкія сеці.

 

А назаўтра,

як ранак

Зноў вітаўся са светам,

Мы здалі капітану

На прычале білеты.

 

І нарэшце знаёмы,

Любы голас пачулі.

Гэта бегла ўжо з дому

Сустракаць нас бабуля.

 

*

Не паспела дахаты

Нас прывесці старая,

А Міхась аб крылатым

Сваім рэху пытае.

 

Ды бабуля як быццам

Запытанняў не чуе.

Ад яе не адбіцца,

Покуль не пачастуе.

 

З’еш яешню ды з мёдам

Ладкі белыя ў місе,

Малака ў асалоду

Перад ёю напіся.

 

З’еш усё, бо ўстрывожыш

Ты бабуліны вочы.

І пасля толькі можаш

Гаварыць колькі хочаш.

 

Люба ёй, што прыехаў,

Што падрос яе ўнучак!

— Рэха?

Тут яно, рэха!

Яго голас грымучы

 

Ты пачуеш, саколік,

Яно скрозь адгукнецца,

Калі праца на полі

У калгасе пачнецца.

 

— А другое, такое,

Што па лесе блукае?

— Знойдзеш, родны, і тое,—

Зноў яна суцяшае.—

 

Толькі вось адпачніце,

А тады ў лес схадзіце,

Там ляснік хату мае,

Ён, напэўна, ўсё знае.

 

*

Па сцяжынках, дзе ў вочы

Сыпле росы дуброва,

Да сядзібы мы крочым

Да лясной,

лесніковай.

 

Колькі тут прыгажосці

У хмызах, на палянах!

Там вызвоньвае штосьці

Каснічок берасцяны;

 

Там вунь дзяцел па дрэве

Грукне, голаў адкіне;

Там заходзіцца ў спеве

Цінь-сінічка ў націне;

 

Там павук выплятае

На галінках красёнцы;

Там дубок прамаўляе

Нешта гонкай сасонцы.

 

Ходзіць пошчак наўкола

Па прыволлі-выгодзе.

Кожны гук, кожны шолах

Сабе водгук знаходзіць.

 

— І вось гэта размова,

Што заводзіць дуброва,

Мо і ёсць гэта тое

Наша рэха, якое

 

Мы шукаем? Скажы нам,

Можа, знаеш ты, дзеду?

— Не,— падумаў з хвіліну,

Не яно, каб ты ведаў...

 

Ён вядзе нас дубровай,

Ад сцяжыны к сцяжыне,

Па прасеках дубовых,

Па слядах пілавіння.

 

Тут нядаўна без спыну

Завіхаліся пілы,

За машынай машына

На дарогах трубіла,

 

Прабіваліся ў нетры

Грамадой лесарубы.

І хоць час і абветрыў

Іх юнацкія губы,

 

Ды спявалі з ахвотай,

Не цураліся смеху!..

— Вось тады і жыло тут

Сапраўднае рэха.

 

Моўчкі мы пастаялі

Ля шырокай прасекі.

Яе ўзімку праклалі

Да ракі дрывасекі.

 

І ляснік як бы ведаў

Міхасёва пытанне,

Ён сказаў напаследак

Слова пры развітанні:

 

— Рэха — там, дзе ёсць праца,

Там, дзе шлях чалавека.

А каб пэўна дазнацца,

Вы ідзіце прасекай.

 

Ля ракі сёння вяжуць

Караван плытагоны.

Яны знаюць, раскажуць

Вам аб рэху зялёным.

 

*

З лесніком развітаўся

Міхасёк без ахвоты,

Той яму спадабаўся,

Палюбіўся. І ўпотай

 

Міхасёк сабе думаў,

Каб прыйсці сюды зноўку.

Лес з паўдзённай задумай,

Мёду пах над лясоўкай,

 

Шэпат ценькіх лісточкаў,

Грабаў важкія цені,

У празрыстых падсочках

Прамянёў зіхаценне,—

 

Яго ўсё заклікала,

Каб пабыў ён, застаўся.

І аб гэтым памалу

Мне ён шчыра прызнаўся.

 

Але клікалі ўперад

Нас другія праявы!

З лесу проста на бераг,

У зялёныя травы.

 

Выйшлі мы, ветрам свежым

Прырэчным дыхнулі.

Не шукаючы сцежак,

На рум завярнулі.

 

*

Ля шырокай затокі,

Над люстранай ракою,

Кран пад’ёмны высокі

Прывітаў нас рукою.

 

Як пярынкі, ўскідае

Ён рукою той бёрны,

У ячэйкі складае,

Чалавеку пакорны.

 

І, нібыта падземны,

Гул калыша лагчыны.

— Добры дзень!

— Дзень прыемны! —

Хлопец выйшаў з машыны.—

 

Дзень што трэба: вясновы —

Глянь, выгода якая!..

Міхасёк ловіць словы,

Воч з хлапца не спускае.

 

Сыну — бачу па твару —

Кранаўшчык палюбіўся.

Можа стацца, што зараз

І пра лес ён забыўся.

 

Ён ужо ля машыны.

Ён усё аглядае,

Бачым — ён праз хвіліну

На сядзенне сядае.

 

Можа, больш не сумуе

Сын па рэху зялёным?

Толькі — не, ён шкадуе,

Што няма плытагонаў.

 

— Не хвалюйся, шчасліва

Хай плывуць яны, дружа!

Па глыбінях вірлівых,

Між палёў, між прылужжаў

 

Павялі яны з лесам

Аж туды караваны,

Дзе вялікія ГЭСы

Будуць пабудаваны.

 

Зацвітуць над зямлёю

Нам агні незлічона...

Вось куды ўсёй сям’ёю

Паплылі плытагоны!

 

Але спеў іх вясёлы

Яшчэ ходзіць па ўзгорках,

Падхапілі іх голас

Параходы, маторкі.

 

Выйшла рэха імкліва

На вясновыя далі.

Людзі рэкам і нівам

Звонкі кліч перадалі.

 

Ходзіць водгулле працы,

Не шукаючы сцежкі,

І не хоча стамляцца,

Толькі родзіць усмешкі!

 

Машыніст развітаўся,

На сядзенне падняўся.

 

Загрымела машына:

— Гэй, увага, працую!

І здалося, краіна

Адказвала:

— Чую!..

 

*

Што было слова тое,

Верым, нам не здалося.

Паплылі над ракою

Рытмы дня ў сугалоссі.

 

Пошчак слаўся наўкола

Па вясновай выгодзе.

Кожны радасны голас

Сабе водгук знаходзіў.

 

Край ты, край наш дзівосны,—

Песня чулася з поля,—

Любы нам твае вёсны,

Веснавое прыволле.

 

Край ты, край наш дзівосны,

Дарагая Радзіма!

Без тваіх ясных вёснаў

Жыць нідзе б не змаглі мы!

 

Па рацэ, над чаўнамі,

Тут, ля вербаў кашлатых,

Рэха крочыла з намі

Аж дадому-дахаты.

 

*

Сын стаміўся — пазнала

Гэта наша бабуля.

— Што ж, унучак,— спытала,—

Чулі рэха вы?

— Чулі!

 

Ёй, старой, гэта ўцеха,

Яна ўнуку дагодзіць.

— А пабачыш ты, рэха

Як па полі ў нас ходзіць!

 

Як там песні спяваюць

Лепш за ўсіх — галасіста,

Як зямлю падымаюць

Для сяўбы трактарысты.

 

А жніво як настане,

Тады нівай бяскрайняй

Ад зары да змяркання

У нас ходзяць камбайны.

 

Будзеш помніць заўсёды,

Хлопчык мой ты ўлюбёны,

Свае ўцехі-прыгоды,

Край калгасны, зялёны!..

 

Хоць было яшчэ рана,

Хоць мы спаць не хацелі,

Ды бабуля старанна

Нам паслала пасцелі.

 

Спіць Міхаська, а вочы

Адкрываюцца самі.

Мусіць, з бабкай ён крочыць

Ячмянямі, аўсамі.

 

Веснавое, жывое

Рэха з ім размаўляе,

Над зямлёй палявою

Ні на міг не змаўкае.

 

*

Загрыміць наваколле,

Загамоняць прысады,

Калі ранкамі ў поле

Выязджаюць брыгады.

 

У гудзенні матораў,

У запале юначым,

Што ўсе пройдзе прасторы,

Па ўсім свеце, няйначай,

 

У жыцці ўсім удалым,

У прыгодах-уцехах —

Міхасю скрозь гучала

Адшуканае рэха.

 

Сонца ходзіць высока

Над палямі, барамі.

Нездарма Міхасёк мой

Тут застаўся з сябрамі.

 

Трактарысты з сабою

Яго побач садзілі,

Над гарачай раллёю

Поле рэхам будзілі,

 

Аб’язджалі палеткі,

Роўна клалі барозны.

Будзе, будзе улетку

Каля свірнаў завозна!

 

Нездарма рэха працы

Ходзіць звонка па краю,

Будзе край любавацца

Залатым ураджаем!

 

*

З Міхасём мы сышліся

Аж праз месяц.

Навокал

Нівы ў полі ўзняліся.

Зноў ракою далёка

 

Павялі караваны

Дружбакі-плытагоны.

Лес гарэў на палянах

Ад суніцы чырвонай.

 

На лугах, дзе ў світанак

Йшлі касілкі і косы,

Чуўся водар духмяны —

Дасыхалі пракосы.

 

Жыта адкрасавала,

Каласы палівала.

 

У садах выспявалі

Залатыя ранеты,

Упрыгожвала далі

Хараством сваім лета.

 

Працай новаю смелай

Край рабіў сваю справу.

І ўсё так жа звінела

Яго водгулле славы.

 

Ажно ззяе, свіціцца

Прыгажосць над зямлёю...

Многа чым пахваліцца

Сын хацеў прада мною.

 

Любы сэрцу Міхаські

Праца ў полі, паходы.

Марыць ён у калгасе

Заставацца заўсёды.

 

Тут, дзе шлях прамяністы

Між жытоў пралягае,

Баявым трактарыстам

Быць Міхаська жадае.

 

І камбайн яму сніцца,—

Ён павёў бы машыну!

Дык на чым жа спыніцца,

Кім жа быць майму сыну?

 

Што радней яму? Поле

Пад праменнямі сонца

Ці на рэках раздолле,

Шлях да мораў бясконцы?

 

Ці заводскія трубы,

Што ўстаюць прад вачыма?

Ўсё, усё яму люба,

Чым багата Радзіма.

 

— Так, ты будзеш, кім хочаш,

Толькі вырасці, сыне!

Дзе захочаш, пакрочыш

Па Савецкай краіне.

 

Хочаш — сад расці, ніву,

Хочаш — сокалам віся!..

Так мы з сынам шчасліва

Ў сваіх думах сышліся.

 

І ў палях, на прылессях,

Між калоссяў і лісцяў,

Прыгадалі мы песню,

Што пачулі калісьці:

 

— Край ты, край наш дзівосны,

Дарагая Радзіма!

Без тваіх ясных вёснаў

Жыць нідзе б не змаглі мы!

 

Нам нічога, нічога

Ў цэлым свеце не трэба.

Ёсць твая ў нас дарога,

Тваё сіняе неба.

 

Ёсць твае ў нас палацы,

Ёсць уцехі-прыгоды,

Ёсць любімая праца,

Маладосць і свабода.

 

Хай жа вечна нам ззяе

Наша радасць-уцеха.

Ой, пара веснавая,

Ой, зялёнае рэха!

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан