epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зялёны дубочак

Спявае «Зялёны дубочак» мне

Смуглявая Фаціма,

Хоць тут,

у спякотнай яе старане,

Нідзе ні дубочка няма.

 

Голасам звонкім, як спеў ручая,

Выводзіць няўмела яна

Песню аб нашых дняпроўскіх гаях,

Дзе зараз, напэўна, вясна.

 

І радасна сэрцу і сумна чамусь.

І я ёй кажу: — Пастой,

Ты чуеш —

гукае здалёк Беларусь,

Каб ты там была са мной.

Там гэтак вясною чаромхі цвітуць

І гэтак крыніцы звіняць,

Што песні самі з сэрца плывуць

І іх нічым не суняць.

 

А як зіхацяць балоты, калі

Успыхнуць хусткі рабін,

А водар які ад свежай раллі,

Як пахне

чабор ад сцяжын!

 

Злятае расінка з тонкіх расніц,

І кажа мне Фаціма:

— Паслухаць напеў тваіх чыстых крыніц

Даўно я хацела сама.

 

Але ты пачуй, якой ласкай нясе

Ад нашых высокіх гор,

Глядзі, ў якой яснай ляжыць красе

Зямля мая ў бляску зор.

 

Ці можа, скажы мне, на міг хоць з ёй

Расстацца нат думка мая?

І я змаўкаю. З такою зямлёй

І сам не расстаўся б я.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан