epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Зялёным сном заснула жыта..."

Зялёным сном заснула жыта

Пад палавеючай зарой.

I сумны я стаю,

нібыта

Ты — зорка, там, за той гарой.

 

Ах, гэта жыта, дым над кручай,

Мой любы водар палявы!

Няўжо ўсё будзе немінуча —

Усё міне?..

 

Што быў жывы,

Чакаў цябе, чаканнем дыхаў

І прагнуў дзіва на дваіх...

 

— Было... — прад смерцю ўспомніш ціха. —

Святло...

Святло вачэй тваіх!


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан