epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Зямля ўзарвецца страшным громам..."

Зямля ўзарвецца страшным громам,

Асядзе ўсцяж пякельны пыл,

І ўсё...

І свет, такі знаёмы,

Замрэ без енкаў і магіл.

 

І ўсё, што бралі і любілі,

Пагасне ўраз...

Але нашто,

Нашто мне знаць пра тыя хвілі

І думаць сёння пра нішто!

 

Я жыць хачу, хачу смяяцца,

Я прагну — значыць, я магу!

І ўсё ж...

Таму, відаць, і сняцца

Мне ў хмарах кветкі на лугу...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан