epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зязюлі

За Сажом дзесь,

дзе вербы ў смузе патанулі,

Адгукнулася ціха зязюля зязюлі.

— Гэй вы, сёстры,

мо скажаце, колькі мне жыць

Колькі лет

Краю роднаму

Песняй служыць?..

 

І ледзь кліч мой прайшоў

па барах, што ўзнялі,

Як крамлі, свае вежы да сіняе высі,

Галасы ўсіх зязюляў бацькоўскай зямлі

Да мяне данясліся.

 

Разлягалася ў ростанях рэха кування

Ды плыло ўдаль, да мора,

— вясновай ракой,

І душа абуджалася пошчакам раннім...

 

Край ты ласкавы мой!

 

Калі даў ты мне лёс — столькі ў свеце пражыць.

Дык для шчасця твайго

Толькі буду служыць!

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан