epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Землякі

На любых шляхах,

Пад сонцам ці нягодаю,—

Са Смаргоні, з Рэчыцы, з Прылук,

Мы сустрэнемся —

І сэрцы б’юцца згодаю,

Толькі ўчуем роднай мовы гук.

 

Можа быць, мы таленты,

Можа, і міністры мы,

Мудрацы мы ўжо ці юнакі,

Але ўсюды —

Сэрцам, думкай чыстыя,

Мы ўсе — роўныя,

Мы — землякі.

 

Сыдземся,

Жыццём у свет пазваныя,

І з любоўю

Думаем услых,

Як раслі,

Як беглі, закаханыя,

Да таемных сцежачак сваіх.

 

З пачуццём

Успомнім песні матчыны,

Прыгадаем мужнасці гады —

Як хто ў бой хадзіў

Пад Мінскам ці пад Гатчынай,

Як садзілі

Ля руін сады...

 

Слаўлю вас,

Хвіліны ціхай шчырасці!

Слаўлю вашы сэрцы,

Землякі! —

У якіх змагло

Так многа ласкі вырасці,

Што адчуеш з поціскам рукі.

 

І за гэту шчырасць,

Што ў нас маецца,

Я дарую ўсім,

Паверце мне,

Хто

Калі дадому павяртаецца,

Ледзьве-ледзь,

Спаткаўшыся,

Мне галавой кіўне...

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан