epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зіма ў лесе

1. ЗАВЕЯ
2. ІЛЬДЗІНКА І РУЧАІНКА
3. СЛЯДЫ
4. НА САНКАХ
5. ДУБОК


Ах, лес, лес,

Што ты мне спяеш?

Я спяю табе,

паслухай,

Пра завею-завіруху,

Пра дзіцячы смех,

Ды пра санак бег,

Ды пра ўсё,

што ў снежнай белі

Мае дрэвы нарыпелі...

Гэта песенькі — не байкі,

А лясныя самаграйкі,

 

Ты іх слухай — не хавай,

А другім перадавай.

 

 

1. ЗАВЕЯ

Спачатку сыпала, як шротам,

Завея

Снегам з вышыні.

Затым круціла над балотам

Кудзелю белай чысціні.

Ля гонкіх сосен ніткі прала

І кросны ставіла пасля.

І вось —

глядзі, чаго наткала:

Снягамі свеціцца зямля.

 

Сняжынкі ветрыкам узвее —

Зямля гарыць,

што самацвет.

А прыйдзе новая завея —

Яшчэ святлейшым стане свет!

 

 

2. ІЛЬДЗІНКА І РУЧАІНКА

Аж з Паўночы прынёс

Тонкую ільдзінку

І паклаў Дзед Мароз

На ручаінку.

Пад ільдзінкай —

дзіва, й годзе

Ліст звініць апалы.

І здаецца, хтось заводзіць

Песню пад цымбалы.

І на рыбы — сон,

І на травы — сон

Аж да цёплых дзён,

Да вясновых дзён.

А сягоння, зіма,

Не маўчы, зіма,

Ты павер, зіма,

Я люблю цябе!

 

 

3. СЛЯДЫ

Быццам тонкія шнурочкі —

Чые ў лес вядуць слядочкі?

 

Пад бярозай — скок-скок —

Жоўты вывернут лісток,

 

Пад арэшынай —

шкарлупка,

Каля дуба —

моху купка,

Ля ялінкі —

Шалупінкі,

Журавінкі,

Як слюда...

А далей —

...бяда, бяда:

Бегла стомленая мышка,

Цёмна-бурая манішка,

Бегла горачкаю ўніз,

А за ёю —

хітры ліс.

Хутчэй, мышка, да нары,

Бо загінеш без пары!

 

 

4. НА САНКАХ

Гонка, гонка, з горкі, з горкі

Санкі коцяцца мае.

Снег іскрыцца, снег смяецца,

Снег пад полазам пяе.

Гэй, мацней трымайся, дружа!

Вось дык лёт, вось дык лёт!

Трах-ба-бах! — і цераз дрэва

Мы куляемся ў сумёт.

 

Устаю, шукаю сябра:

— Ты куды, браток, залез? —

А навокал — звонка-звонка

З нас смяецца зімні лес...

 

 

5. ДУБОК

Я тут паставіў палачку —

Арэхавы кіёк.

Пад гэтай гурбай снегу

Спіць мой гадок-дубок.

 

Вясной, як снег пад сонцам

Спаўзе на жаўтапёс,

Прыйду сюды, пабачу,

Хто болей з нас падрос.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан