epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Зімою сцюжнай я прыйшоў у свет..."

Зімою сцюжнай я прыйшоў у свет.

Ці не таму заўсёды цеплыні жадаю,

Ці не таму заўсёды цеплынёю шчасны,

Ці не таму заўсёды цеплыню люблю.

Я так хачу, каб позіркам сваім,

І словам, і дыханнем ты няспынна

Была са мною,—

так хачу я ласкі

Тваёй —

пякліва-ціхай і шчымлівай...

 

Прашу: стань з цёплымі рукамі

нада мной,

Як птушка з распасцёртымі крыламі

Па-над гняздом, дзе птушанё чакае,

Каб прагучаў хутчэй знаёмы кліч,—

Стань і гукні,—

да цёплых, родных вуснаў

Так прагну найхутчэй я дацягнуцца,

Сасмяглы ў смутку,

так хутчэй хачу я

Пітвом гаючым сэрца наталіць...

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан