epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зімовая казка

Як ля ёлкі ў цёплай хаце

На руках заснуў у маці

Хлопчык Міхасёк,

Сніў зіму ён: быццам з снегам

Дзед Мароз спяшаўся бегам

Да яго здалёк.

 

Сыпаў ветрам, завірухай,

Белай беллю, мяккім пухам,

Глянеш — не прайсці.

Міхася садзіў у санкі:

— Вось бяры, гуляй гулянкі,

З горкі ўніз ляці!..

 

Міхасёк прачнуўся ўранні,

У акно зірнуў з чаканнем,

А зімы няма.

Дзе ж ён, Дзед Мароз, з пушыстым

Пульхным снегам, мяккім, чыстым?

Дзе ж яна, зіма?

 

Новым Годам каля ёлкі

Адцвілі агні-вясёлкі,

Сціхлі песні, смех.

І стаяць, сумуюць санкі,

Не знайсці хлапцам гулянкі,

Бо не выпаў снег.

 

Стала нейк няёмка маці,

Даглядзела яна ў хаце,

Ў печ паклала дроў,

Міхасю ацёрла слёзы

І паслала за Марозам

Галубоў-сяброў.

 

Паляцелі галубочкі

Аж у белы край паўночны

Праз радзіму ўсю.

І знайшлі і снежным следам

Прывялі Мароза Дзеда

Проста к Міхасю.

 

— Добры дзень, Міхась! — ля хаты

Дзед загрукаў вінаваты,

Аж уцяў зямлю.

— Выбачай мне за спазненне,

Што ні схочаш — я ў імгненне

Для цябе зраблю.

 

— Я хачу, каб лес і поле

Не былі без снегу болей,—

Кажа Міхасёк,

— Замяці лугі, балоты,

І аеры, і чароты,

Хмыз і верасок.

 

Каб ляцелі ў полі сані,

Каб ад рання да змяркання

Па лясах-барах

Лесарубы гаманілі,

А навостраныя пілы

Пелі ў іх руках.

 

— Што ж, унучак, згода, дружа! —

Дзед Мароз сказаў і сцюжай

Дыхаць стаў на край,

Б’е ў цяжкія рукавіцы,

Сушыць рэкі і крынцы,

Снегам беліць гай.

 

І зноў чутны на марозе

Гул матораў, скрып палоззяў,—

Родны шлях, прывет!

Там, дзе лес узняўся чубам,

Заспявалі лесарубы

Звонка, на ўвесь свет.

 

Пойдзе, пойдзе лес дзяржаве,

Будзе, будзе ў чэсці, ў славе

Край наш нездарма.

Ой ты, сцюжа снегавая,

Ой ты, песня ветравая,

Ой, зіма, зіма!

 

Намяло, наслала многа

Гурбаў белых на разлогах,

Дуб трашчыць, сасна.

Хоць хацеў Мароз спыніцца,

Ды баіцца, што прысніцца

Міхасю вясна.

 

А тады ён санкі кіне,

Зробіць вочка ў чараціне,

Свісне на ўвесь свет:

— Дзе ты, жаўранак? Вярніся.

Дзе ты, сонейка? Ўздыміся,

Дай ты краскам цвет!

 

І вясна ўраз загамоніць

І снягі з палёў прагоніць,

Пусціць ручаі;

Рунь пад сонцам заіскрыцца,

Краска ўспыхне ля крыніцы,

Ажывуць гаі.

 

Па вясноваму прыволлю

Трактар выведзе на поле

Хлопец-трактарыст.

Хай зярняты прарастаюць,

Новай сілай хай брыняюць

Колас, кветка, ліст!

 

Зацвітуць сады ў калгасе,

Заспяшаюць пчолы з пасек

Па салодкі сок...

Ды ці мала зробіць дзіваў

Родны край, каб рос шчасліва

Хлопчык Міхасёк!

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан