epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зюзіны абяцанні

Самым хвалько

Ў цэлай сельскай акрузе

Быў абяцальшчык

Па прозвішчу Зюзя.

 

Кожнай вясной,

Перад працаю новай,

Ён не скупіўся

На гучныя словы,

 

Дзе ні бываў —

Як герой, уставаў,

Шчодрыя ўсцяж

Абяцанні даваў:

 

— Верце вы мне,

Ў самым хуткім я часе

Пераіначу

Ўсе справы ў калгасе.

 

Як старшыня,

Не сцярплю я канфузу,

Лепшую ў краі

Ўзрашчу кукурузу.

 

Будуць кармы —

Дык я й статак падвою,

Ну і, вядома,

Ўздыму і надоі,

 

Я ўзбагачу,

Я наладжу, дагледжу,

Я пабудую,

Без працы не ўседжу...

 

«Я» ўсё ды «я» —

Гэтак ён кіраваў,

Гэткія ўсцяж

Абяцанні даваў.

 

Даўшы ж усім

Абяцанняў з паўтоны,

Ўраз пачуваў сябе

Зюзя стамлёным,

 

Прагна шукаў

Усялякіх прычынак,

Каб, не чакаючы,

Мець адпачынак.

 

Сіл, маўляў, шмат

Ён «растрачвае», «шчыры»,

Хай жа ў далейшым

Не спяць брыгадзіры,

 

План у іх ёсць,

Дык і што кіраваць,

Самі хай вучацца

Тэмпы «даваць»...

 

Ох жа і зух

Старшыня гэты Зюзя!

Людзі здзіўляюцца

Ў цэлай акрузе,

 

Людзі смяюцца:

— Вось гэта фасон! —

Даў абяцанні —

І пад парасон!..

 

Ўсюды кіпіць

У нас праца па краі.

Велічны ўзняўся

Паход за ўраджаі.

 

Ў добрых калгасах —

Парадак, дастатак.

Ёсць і кармы,

І дагледжаны статак.

 

Там старшыня

Як дае абяцанні —

Зараз жа дбае

Аб іх выкананні.

 

Сілы людзей

Размяркоўвае строга,

Сэрцам гарыць,

Каб была перамога!..

 

Ну, а што ў Зюзі?

Што Зюзю ўдалося?

Лета мінае,

І вось яна — восень.

 

Ні кукурузы,

Ні сіласнай вежы.

Статак раве,

Бо застаўся без ежы.

 

Ды і не дзіва,

Чаму тут здзіўляцца:

Зюзя хацеў

Сябе ўславіць без працы.

 

«Ох жа і зух

Старшыня гэты Зюзя!» —

Людзі смяюцца

Па ўсёй па акрузе.

 

Людзі смяюцца:

— Вось гэта фасон!

Браў абяцанні

І спаў сабе ён!..

 

Смех яно смех,

Толькі вось што падкрэслім:

Зюзя, на жаль,

Яшчэ й сёння ў тым крэсле,

 

Ходзіць яшчэ

У высокім ён званні.

Зноў, відаць, прагне

Даваць абяцанні.

 

Паабяцае

Сем корабаў з лішкам,

Дый захрапе

Па суседству з кілішкам...

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан