epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Знаю, знаю, лёс твой..."

Знаю, знаю, лёс твой

не салодкі —

Прыгажуняй знацца на зямлі.

Прайдзісветы ў бліскаўках-бразготках

Кругам цябе цесным

абнялі.

 

Часам штось шапнуць няўзнак

на вуха,

Часам — вокал

з галасам гудуць.

Злоснай плёткай, звадай-пацярухай

Цягнуць крывадушную нуду.

 

Ты тады згадай бары, паляны,

Сцежкі нашы, лёгкі пасашок.

І, як заклік цуда-талісмана,

Ціха ўспомні:

«зайка» і «пушок».

 

Ім не зразумець, якая сіла

Ў гэтых словах і адкуль яна.

На якія подзвігі ўскрыліла

І каго —

нібы сама вясна.

 

«Зайка, дзе ты?» — запытай таемна.

І, каму належыць гэты кліч,

Нават з цемры пекла пад’ярэмнай

Да цябе, да любай, прыляціць...

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан