epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Зорка

Дзе б ні ішоў я: праз лес, па палях, па балотах,

Бачная зводдаля, проста над снежным пагоркам

Ноччу гарэла, іскрылася ў белых сумётах,

Клікала ўперад з пасёлка зарэчнага зорка.

 

Дыхалі сіверам, сыпалі шротам разлогі,

Вылі завеі, ды я не збіваўся з дарогі:

Хай хоць на міг у акне мая зорка заззяе,

Ведаю: сэрца дзявочае шчыра чакае...

 

Толькі, напэўна, сябе я запэўніў задужа,

Толькі, напэўна, калісь пабаяўся я сцюжы,

Вечарам ціхім аднойчы за рэчку я глянуў

І, хоць не верыў, трывогу адчуў нечакана...

 

Дзе ж мая зорка?

— А ты ці не чуеш, юнача,

Грае гармонік, і моладзь вясёлая скача,

Песню вясельную звонка выводзіць музыка,

Вунь — павярніся да вёскі суседняй, зірні-ка...

 

Гучная песня ляціць бестурботным палётам.

Нібы ў праменнях, іскрацца навокал сумёты.

Як незнаёмаму,

зорка здалёк мне міргае.

Боязна сэрцу

слова пачуць: — Дарагая...

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан