epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Зорныя краявіды..."

Зорныя краявіды

Пасеялі ціхі сон.

Ты ведаеш —

Я і сягоння выйду

Паслухаць вячэрні звон.

 

Адкуль ён сягоння будзе? —

З маленства,

з акопных год?

Ці смехам узарве мае грудзі?

Ці гулам далёкіх нягод?

 

Ці боль прынясе, ці ўцеху?

Аднаго я хачу, аднаго:

Хай у ім будзе

рэха

Голасу твайго.

 

Голасу незабыўнага,

Патрэбнага і сягоння мне,

Як ласка

сярдзітых ліўняў

Цёплым палям па вясне;

 

Голасу непаўторнага,

Што хоць і агнём апячэ,

Ды радасцю

сэрца агорне

І скажа: — Ты любы яшчэ...

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан