epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Жураўлі

Не ў лясным гушчары,

Не ў палатцы дарожнай,

А ў звычайным,

далёкім ад лесу жыллі

Разбудзіў мяне голас,

Няроўны, трывожны...

Помню добра: крычаць так адны жураўлі.

 

Гэтак цяжка,

Як восенню толькі магчыма,

Аж ад суму сціскаліся ў доме вуглы,

Дзесь на хмарнай дарозе

расстання з радзімай

Жураўлі не змаўкалі:

— Курлы... Курлы...

 

Я адзеўся. Не мог я

Адзін больш ўседзець.

Невядомасцю клікаў на волю абшар...

Але што гэта?..

Нейкі спалох у суседзяў.

Крык адчаю...

Жанчына... Заплаканы твар...

 

— Памажыце!.. —

Яна нематліва і строга

Паказала ў акно, дзе агеньчык міргаў.

— Курчы... —

Зноў ударыла ў сэрца з трывогай.

— Там мой хлопчык...

...Хлопчык яе паміраў...

 

Што з ім стала?

Яшчэ так нядаўна між намі,

Бы на крыллях, ён лётаў,

Цікаўны малы,

А сягоння ледзь-ледзь выпявае губамі

Жураўліную песню...

Курлы-курлы...

 

Фельчар ціха схіліўся над хворым,

Як быццам

Гэта моўчкі застыла трывога сама.

— Ёсць надзея?

— Яна толькі можа прысніцца...

—Заражэнне... — шапнуў ён.— Надзеі няма.

 

Як няма? Але ж ёсць у малога Айчына,

І, каб знала —

Спакойнай яна б не была!

Тэлефоны, не спіце,

Званіце няспынна,

Тэлеграмы-маланкі, ляціце з сяла!

 

Ноч цягнулася годам,

Усім так здалося.

А дакладна пра час

Мы сказаць ці маглі?!

Толькі чулі:

Шуміць па-над хлопчыкам восень.

Толькі чулі:

У вырай ляцяць жураўлі.

 

Так, прырода

Сваю раўнавагу згубіла.

Нават золак ружовіўся

ў ціхай журбе.

Мы чакалі...

Ці хопіць у хлопчыка сілы?

Не здавайся! Краіна не кіне цябе!

 

І ратунак прыйшоў.

Знікні, смерці завеса!

Бой пачаўся, жыццё паднялося на штурм.

На той прыступ

Кідаў сваё сэрца прафесар.

Ён не ўмеў адступаць.

Ён стаяў на пасту.

 

Смерць часамі яшчэ пагражала малому,

Ды жыцця не спыніла,

Змаглася яна.

Мы адчулі:

Вяртаюцца птушкі дадому.

Зразумелі:

ідзе пераможна вясна!

 

Хлопчык вочы расплюшчыў

І вымавіў: — Мама...

І ўсміхнуўся ёй,

светлай

Ад радасных слёз.

 

А прафесар...

Слязы не стрымаў ён таксама...

Хіба дзіва:

Жыццё ён у хату прынёс.

 

Па-вясноваму сонца

Свяціла ў блакіце,

Дзе хмурынкі ружовыя ціха плылі...

Ці не чуеце вы, дружбакі,

Адкажыце,

Як спяваюць

Ля гнёздаў сваіх

жураўлі?

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан