epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Жураўліны помнік

Плыў клін жураўліны

Ў праменлівай высі.

Звінелі «курлы» пералівы.

І бегла па полі дзятва

І гукала:

— Куды, журавелькі, куды вы?

 

Куды вы,

Нашто пакідаеце нашы

Лясы, пералужжы, балоты?

Няўжо вас не ўсцешылі,

Не прытулілі

Рэк нашых празрыстых

Чароты?

 

Няўжо вас пакрыўдзілі,

Не шкадавалі

Імшары, азёры, прылессі?

І зараз вас клічуць —

Імкнуць аж у неба

Абшараў крынічлівых песні.

 

— Спыніцеся ж!..—

Дзеці крычалі.—

Сыдзіце

На нашы разлогі, даліны!..

І сум іх

Адчуў

У вышынях праменных

І зрушыўся

Строй жураўліны.

 

І строю прамовіў

Важак сівакрылы:

— Вы чуеце —

просяць як дзеці?..

Яшчэ з такой ласкаю

Нас не гукалі

Нідзе так, нідзе так

На свеце!

 

Давайце ж прывецім мы

Гэтыя гоні

І здружымся

З гэтай дзятвою.

З лясамі, імшарамі і чаратамі —

З усёй іхняй

Вабнай зямлёю!..

 

І з высі праменнай

Нырнуў ён імкліва

Да поля,

Дзе мчаліся дзеці...

І следам за ім —

Паў і строй жураўліны,

Каб дзіва-зямельку

Прывеціць...

 

Ды тут,—

Не паспелі й агледзецца птахі,

Прад дзецьмі

І ўстаць не паспелі,—

Як раптам уздыбіўся

Свет навакола —

Бы нетры глыбінь

Загрымелі.

 

І ўбачыў важак:

Ля варонак,

Ля чорных,

Якіх шчэ не бачыў ніколі,—

Упалі ў крыві

І палеглі маўкліва

Ўсе дзеці,

Што беглі па полі.

 

Якая іх лютая сіла

Спыніла?

Хто смерць ім паслаў

На разлогах? —

Не ведаў важак.

Толькі бачыў:

Жывога

Нікога навокал, нікога...

 

Ні звонкага бегу

Па полі па ясным,

Ні тлуму,

Ні шчырага ўскрыку...

Ляжала

дзятва,

Бы зламаў яе крыллі

Віхор

Нейкай буры вялікай...

 

І крыкнуў тады

Журавам сваім хмурным

Важак,

Як між віцязяў віцязь:

— Пастаньце ж, сябры мае

Трубы ўзніміце,—

Па дзецях

Жалобу трубіце!

 

Трубіце журботна,

Высока трубіце —

Па злёгшых

Братах нашых любых!..

І строй жураўліны

Узвысіў над полем

«Курлы» сваё

Ў срэбраных трубах.

 

Над полем, над борам,

Над цэлай зямлёю

Плыла

Ўсхваляваная дума;

Трубіла, трубіла

Па светлых і паўшых

Сям’я жураўліная

з сумам.

 

Трубіла —

Спяшалася ў рэквіем шчыры

Боль сэрцаў сваіх

Перанесці...

Але не паспела...

Грымотамі зноўку

Прастора

Ўзарвалася дзесьці.

 

Ад выбухаў новых

Здрыгнулася поле,

Агню

Прагрымелі лавіны...

І поплеч з дзятвой

Абяскрылены, мёртвы

Улёгся

і строй жураўліны...

 

Адзін што важак

Яшчэ здолеў на крылы

Узняцца

Над дымнаю пожняй...

Ды змогся і ён...

Злёг упоплеч з другімі

З «курлы» развітальным,

апошнім.

 

Даўно адпачыла

Ад буры ваеннай

Зямля

Пад садамі і жытам...

Ды толькі тых дзён

Ні трывога, ні смутак,

Ні слава, ні боль

Не забыты.

 

Паставілі людзі

Праменісты помнік

На самым шляху,

Над палямі.

А ў помніку —

Дзеці

Імчацца пад сонцам —

Няйначай, лятуць

З жураўлямі.

 

Лятуць у адзіным,

У згодным і светлым

Страі

Ў некранальную вечнасць.

Як дзеці —

Зямлі,

Неўміручай, любімай,

І добрай сям’і чалавечай.

 

І ўсе, хто ні пройдзе

Прад помнікам гэтым,—

З пяшчотнасцю

Голаў пахіліць...

І кожнае сэрца —

Любоў да Радзімы

Пачуццем гарачым

Акрыліць...

 

І кожнае сэрца

Шчыміць нематліва

Найсветлаю нават

Часінай,—

Пачуўшы,

Як дзеці

Крычаць у нябёсы,

Вітаючы

строй жураўліны...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан