epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Жыву

Што ты здзіўляешся,

Што я часам хмурны стаю,

Што я часам іду,

Павесіўшы галаву?

Што ты здзіўляешся,

Што я часам сумна пяю,—

Я ж жывы, братка,

Я жыву.

 

Што ты здзіўляешся,

Што я часта гневам грымлю,

Што я часта і сам

Агонь на сябе заву?

Што ты здзіўляешся,

Што я кволым быць не цярплю,

Я ж жывы, братка,

Я жыву.

 

Не здзіўляйся, брат,

Ні суровым словам маім,

Ні трывожнасці той,

Што ўрываецца ў песень канву;

Мы ж з табой, братка,

На жывой зямлі стаім,—

І для жыцця, братка,

Я жыву.

 

Жыву для радасці,

Для вясёлага смеху жыву,—

А гэта рабіць

Не лёгка, знаеш і сам.

Таму не здзіўляйся, брат,

Калі часам струну парву,

Калі і сэрца

Парву напалам.

 

Аднаго, браце мой,

Не змагу ніколі нідзе:

Па жыццю плыць,

Як плыве пясок на траву,

Не змагу адсвечвацца,

Як жоўты ліст у вадзе.

Не змагу, братка...

Бо — жыву...

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан