epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Жывыя падаюць на рукі..."

Жывыя падаюць на рукі,

А мёртвым — як ім падаць лепш?

А ты — і ў лютасцях прынукі

Стой горда, мой каханы верш!

 

Перад жывымі будзь прыветны,

Але паклонаў ты не бі

І лепш у праўдзе запаветнай

Адвагу простую любі.

 

І толькі мёртвым пакланіся

Паклонам поясным, зямным.

Ты помнік ім яшчэ не высек,—

А як жа ты адмовіш ім?


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан