epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Травень

Дамінанта

Дастаткова сябе трымаць упэўнена - і асоба ўжо абароненая нябачнай сілай. Упэўненасьць сьведчыць аб нечым, што вымагае адэкватных адносін.

Быў сьветлы, сонечны пачатак нядзельнага дня ў канцы жніўня. Ён стаяў у тралейбусе, каля цэнтральнага выхаду, у файных чорных портках, у бліскучых модных пантофлях і адпрасаванай цёмна-блакітнай кашулі. Гэткі прысадзісты, ладны, зь сівізной, спакойны і ўпэўнены тутэйшы мужык. У наш нярвовы, нестабільны час ён быў асяродкам надзейнасьці, да яго хацелася падысьці бліжэй, каб прытуліцца да гэтай надзейнасьці, і таму сталыя жанчыны, што разумеюць сапраўдныя каштоўнасьці жыцьця, прыпынялі на ім свой позірк.

Раніцой выходнага дня ў тралейбусе людзей было няшмат і адзінокая постаць зьвяртала на сябе ўвагу. Ён трымаў пад пахай стос патрыятычных газэт і, разгарнуўшы «Пагоню», пільна чытаў.

Вось тут і пад'ехаў да яго каржакаваты, загарэлы здаравячок гадоў пад пяцьдзесят. Ростам ён быў дзесьці пад 168 см, таму не дацягваў да здаравяка.

- Ну, як там справы? - здаравячок кіўнуў галавой і паказаў вачыма на газэты.

- Што вы маеце на ўвазе? - тутэйшы рэагаваў добразычліва.

- Пра што нацыяналісты пішуць?

- Пра ўсё, што хвалюе сьвядомых. Можаце зірнуць, калі вам цікава.

Тутэйшы ўсё яшчэ не зусім разумеў прычыну звароту да яго незнаёмца і таму трымаўся ўважліва і ветліва. Ён працягнуў здаравячку газэту.

- Я вскоре выхожу. Вот чего им надо? Скажи. Вообще, давай говорить образно, естественным языком.

- Не зразумеў, пра што вы.

- Слушай, ты же умный мужик. По тебе сразу видно.

Незнаёмец ахінуў тутэйшага чэпкім позіркам з галавы да самых шыкоўных пантофляў.

- Тюльку-то гнать не надо. У нас двуязычие. Так что имеем право.

- Натуральна, - абарыген трымаўся па-ранейшаму спакойна і цывілізавана дамінаваў на абмежаванай жыцьцёвай прасторы тралейбуса, што імчаў па вуліцы Максіма Багдановіча.

- Кто как хочет, так и говорит. Тем более, я всё панимаю и, кроме того, ещё другими владею.

- Разумець адно, іншая справа карыстацца. Хто карыстаецца, той удзельнічае, той сьвядомы, а іншыя - цемра.

Тутэйшы пачаў разумець здаравячка і спробным ходам памацаў ягоную базу зьвестак.

Мужык нярвова торгнуўся, трымаючыся за мэталёвы стаяк, але працягваў наступ. Незнаёмца злавала ня толькі тое, што гаварыў тутэйшы ў файных чорных портках, але і ягоная манэра трымацца, спакойна-ўпэўненая, ветлівая і да таго ж бездакорнае карыстанне мовай. Тутэйшы дамінаваў і не было аніякай магчымасьці яго прыпыніць, апусьціць на сваё месца. Пасажыры тралейбуса абыякава слухалі, большасьць не разумела, што адбываецца і таму таксама злавалася. Меньшасьць, у асноўным мясцовыя мужыкі і некаторыя сталыя жанчыны, з цікаўнасьцю прыслухоўваліся.

Зараз, у абмежаванай прасторы, на ўжо і яшчэ нэўтральнай жыцьцёвай тэрыторыі, працягвалася барацьба абарыгена і расейскамоўнага манкурта за дамінанту.

- Моя дочка, кстати, выбрала русский. Права человека. Я так Виктору и сказал, Ивашкевичу.

- Можна пашкадаваць вашага ўнука, яму прыйдзецца марнаваць сваё жыцьцё, «вызваляючы» Каўказ.

- І твоему тоже.

- Ні ў якім разе, ён будзе сучасным эўрапейцам.

Чамусьці нетутэйшыя заўсёды пачынаюць нервавацца, калі пасьля першых слоў прывітаньня размова ідзе на мове абарыгенаў.

- Заткні рот, хватит, - здаравячок ужо не хаваў злосьць, ён таптаўся перад дзьвярыма тралейбуса, што расчыніліся на прыпынку. Трэба было выходзіць, але ён усё ніяк ня мог сысьці зь месца змаганьня, згубіўшы чароўнае пачуцьцё дамінанты.

- Будеш вякать и дальше, козлик, получишь неприятности.

Ён спрабаваў вярнуць дамінанту сілавым узьдзеяньнем.

Між тым тутэйшы зьдзяйсьняў непахісную ўпэўненасьць і спакой. Ён уважліва агледзеў ўсю постаць выбойнага пасажыра і з прыхаванай хітрынкай сьцьвердзіў:

- Хачу папярэдзіць вас, шаноўны, што ў свой час на вайсковай службе ў марской пяхоце тры гады вучыўся рукапашнаму бою.

Савок, нярвова падскочыўшы на месцы, рынуўся ў дзьверы, ён і так ужо праехаў свой прыпынак. Абарыген, якога савок так старанна хацеў апусьціць ніжэй сябе, ветліва памахаў рукой неўраўнаважанаму апанэнту. Той, застаўшыся на прыпынку і падняўшы далонь, ўкручваў яе ў скроню, ледзь стрымліваючы сябе, і бачна было, што яму так і карціць кінуцца назад у тралейбус, моцна і жорстка разабрацца з абарыгенам. Але, як нябачныя путы, трымала яго ўпэўненасьць тутэйшага, і ён зноў і зноў уганяў далонь у скроню і выціскаў зь сябе рык разьюшанага шавініста ўперамешку з словамі:

- Казёл гр-р-р-р..., бэнээфавец гр-р-р-.., шызік гр-р-р-р, мудак гр-р-р-р...

Тралейбус зачыніў дзьверы і памчаў далей па вуліцы ў напрамку Нямігі.

- Зусім слабак, а так хацеў паказаць сябе крутым, - крыху зьдзіўлена сказаў сабе тутэйшы. Ніколі ён ня быў марскім пехацінцам, і не вучыўся забіваць і калечыць людзей, бо ў свой час праходзіў вайсковую службу сувязістам....

Ён сышоў на прыпынку «Веры Харужай» і пайшоў да перахода, упэўнены, ветлівы, прыгожы, у файных чорных портках і модных бліскучых пантофлях, крыху нахіліўшы долу магутную сівую галаву.

І быў у Менску сонечны жнівеньскі дзень. Дзе-нідзе пасмы жоўтага лісьця ў зялёных кронах ліпаў сьведчылі, што хутка надыдзе восень, што яшчэ адзін год прайшоў, што шчасьце было так блізка... І прыгожыя менскія жанчыны прыпынялі свой позірк на памяркоўным і талерантным мужчыну, што нетаропка крочыў па вуліцы ў напрамку Камароўкі, несучы з сабой адратаваную дамінанту жыцьця.

 

Менск, жнівень 2000 г.


1998-2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Аповед друкаваўся ў «Нашай Ніве» 26.11.2001, №4