epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Травень

Маўчы і будзь хітрым

Анатацыя
Таварыш Маўзер
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  IX
  X
Рэванш
  I
Ах, белы цеплаход...
  I
  II
  III
  IV
  V
Хабікусi
Жыццё паводле Брэга
Тост
Дамінанта
Вокліч
  I
  II
  III
  IV
Жарт
Памылка
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
Швэдры і пчаліная атрута
Імітатар
Ваганосы з Койданаўскай пусткі
Рыскі духмяны
Маўчы і будзь хітрым
Зьбег спрыяльных абставіна0ў
  I
  II
І жыць доўга-доўга...


‘’Брусок спявае ціхую малітву,

Ды зрэдку іскру кіне над сабой –

Пакуль нажы не зазвіняць у бітве

І шаблі горда не ўзнясуцца ў бой.

Няма ў яго ні вастрыя, ні джала,

Патрэбен ён хіба сярпам крывым,

Пакуль у похвах спяць усе кінжалы,

Усе нажы наточаныя ім.

І на папрок, чаму не йдзе ён біцца

Чаму ён не падобен да мяча,

Ён сціпла спіць у нейкай там брусніцы,

Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час.

Але ж, узяты ў баі няроўным,

Палонны нож – як спынены парыў –

Хіба сказаў даспехам у катоўні,

Які брусок і дзе яго вастрыў?...’’

 

Уладзімір Караткевіч ‘’Паэт’’

 

Анатацыя

 

У нізцы апавяданняў кнігі ‘’Маўчы і будзь хітрым’’ падзеі ахопліваюць перыяд з 90-х гадоў, калі на змену калектыўнай свядомасьці ў грамадства ідуць ідэі ўласнага ўзбагачэння, уласнай якасьці жыцця, разбураюцца папярэднія алгарытмы існавання.

''Па словах Юрыя Лотмана, функцыя і значэнне мастацтва ў тым, што яно стварае паралельны свет, у якім можна перайграць тыя падзеі, вярнуцца ў тыя часавыя кропкі, чаго рэчаіснасьць не дазваляе зрабіць. Рэчаіснасьць мае характар лінейнасці. Сучаснасьць кожную секунду імкнецца ў будучае. Тое, што адбылося, тут жа пераходзіць у мінулае, яго ўжо не змяніць, не перайграць. ''

Аўтар кніжкі падвяргае аналізу мінулае, мяняе пункты гледжання на мінулае і прапануе новыя адказы сваім героям на пытанні, што ставіць перад ім сучаснасьць. Такім чынам ён пераіначвае як будычыню, так і мінулае. Тое, што мае адбыцца, можна змяніць і пераіграць!

Пісьменнік імкнецца пратаптаць сцежку, дарогу, шлях у свядомасьці тутэйшых людзей аб тым, як у жыцці трымацца годна, мужна, быць прафесіяналам, моцным, разумным, пражыць плённае жыццё. У шмат якіх апавяданнях аўтар паказвае людзей, якія шукаюць і знаходзяць гэты шлях.

У сваім інтэрв'ю часопісу ''Гоман'' Кастусь Травень казаў, што з 20 год ён марыў стаць пісьменнікам, але, абрынуўшыся ў акіян жыцця, ён толькі ў 50 год прымусіў сябе сесьці за стол, каб падзяліцца з грамадствам сваім жыццёвым досведам. Гэта не бурчанне сталага чалавека, а крык душы чалавека, які шчыра дзеліцца набытым досведам.

Ягоныя героі, якіх ён любіць — звычайныя людзі, часцяком аўтсайдэры. Жыццё мае бясконцую колькасьць шанцаў, сцежак і дарог, але якімі б шляхамі чалавек не ішоў, атрымліваецца, што ён прайшоў адну-адзіную дарогу, якую сам і выбраў. Бо выбіраць прыходзіцца чалавеку штодзень. Увесь час чалавек выбірае, але гэты выбар заўсёды залежыць ад здароў’я, звычак, ведаў, умення, прафесіяналізму, густу, духоўнасьці, сумлення, выхавання, сяброў, асяроддзя, выпадковасцяў і шмат чаго іншага...

 

Таварыш Маўзер

 

‘’Палеглым за Айчыну.

Тым, чыё жыццё не прайшло марна’’.

 

I

 

Незвычайнае здарэнне адбылося ў адным з універсітэтаў сталіцы. Сам міністр асветы раніцой у панядзелак тэрмінова выклікаў свайго першага намесніка Мардзюховіча Сымона Апанасавіча і самым падрабязным чынам цэлую гадзіну тлумачыў яму пытанні, на якія трэба звярнуць самую пільную ўвагу пры разглядзе скаргі ветэранаў вайны.

—...Акрамя таго, мякка папярэдзь рэктарат, а мы паглядзім, як яны варушыцца будуць. Час дармаедаў і імітатараў прайшоў. У нас на іх процьма скаргаў. А тут гэты новы выпадак... Разбярыся, Сымон Апанасавіч, і хутка праінфармуй мяне.

Зняўшы акуляры, міністр стомлена пацёр пераноссе і дадаў: — З Савета Бяспекі ў любы момант могуць запатрабаваць матэрыялы справы, — потым, скіраваўшы ўчэпісты і ўдумлівы позірк на мажнога, з пасівелымі скронямі і буйным тварам Сымона Апанасавіча, сцішана зазначыў: – Дарэчы, будзь гатовы замяніць рэктара на ягонай пасадзе.

На словы, выказаныя міністрам, Мардзюховіч чуць не адказаў: «Усегда гатоў!». Апошнім часам ён настойліва прасіўся ў міністра на самастойную працу ў які-небудзь сталічны універсітэт. Да пенсіі яму яшчэ заставалася пяць гадоў, і Сымон Апанасавіч нечакана з тугой адчуў, што акрамя першых гадоў, адпрацаваных у школе, астатні час – што ён прасоўгаўся ў бюракратычным рэчышчы аблана і саўміна – не даў сапраўднага плёну. Хацелася напрыканцы зрабіць тое, чаму некалі вучылі: пасеяць вечнае, разумнае, добрае. Узгадаваць новае пакаленне адукаваных і разумных патрыётаў Айчыны.

Намеснік цяжка крочыў па калідоры ад міністра ў свой габінет, з нейкай амаль слязьлівай і нечакана глыбокай чуллівасцю ўспамінаючы свае ўзьнёслыя першыя дні і месяцы вясковага настаўніцтва...

Мардзюховіч на працягу некалькіх дзён хутка і прыдзірліва вывучаў матэрыялы скаргі і, нарэшце, патэлефанаваў рэктару універсітэта, дамаўляючыся аб тэрміновай сустрэчы.

Рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў – стрункі, апрануты ў сталёва-сіні строй пры блакітна-фіялетавым гальштуку, з бездакорным праборам цёмных густых валасоў, сустрэў намесніка на ўваходзе ва універсітэт. Абодва добра ведалі адзін аднаго, не раз сустракаліся на паседжаннях і семінарах, некалькі разоў удзельнічалі ў розных раўтах, калісьці сядзелі і за чаркай. Таму, прывітаўшыся і паціснуўшы рукі, яны хутка прайшлі ў будынак. У вестыбюлі, як бывае заўсёды паміж зменамі, кучкавалася універсітэцкая моладзь.

– Зірніце, Сымон Апанасавіч, вунь двое на прыступках стаяць, – Сцяпан Ахмедавіч незадаволена і нават варожа хітнуў галавой на файна апранутых, у крэмавых кашулях пры гальштуках і ў адпрасаваных цёмных штанах, маладзёнаў, што, стоячы на прыступках, з вясёлым выглядам паглядалі па баках.

– Гэта якраз тыя, на каго ў спецслужбаў ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць пра іх удзел у ідэалагічнай дыверсіі. Адзін, той, што прысадзісты і вёрткі, – гэта «таварыш Маўзер», другі, стромкі і больш лагодны – Алесь Паддубскі, пяцікурснік, магчымы аспірант кафедры гісторыі. Прафесар Пятакоў яму адзіную «тройку» за пяць гадоў вучобы ўпаяў. Абодва ярыя нацы.

Намеснік міністра прыпыніўся, паглядаючы на маладзёнаў, на юнацтва, што буяла і віравала ў вестыбюлі. Сымон Апанасавіч, у адрозненне ад рэктара, углядаўся зычліва і ўважліва – як той Чэрчыль некалі ў савецкіх салдатаў ганаровай варты – ва ўзнёслыя свежыя твары студэнтаў. Абодва навучэнцы мелі ясны і спакойны выгляд шчырых людзей, адрозна ад самога рэктара, хцівага і вілаводнага.

Мардзюховіч нічога не адказаў рэктару, хоць ягоныя словы яму чамусьці не спадабаліся. «Дзіўная мянушка ў таго нізенькага», – падумаў намеснік міністра, і абодва рушылі на чацвёрты паверх да габінета рэктара.

 

II

 

Упершыню ў поле зроку спецслужбаў студэнт Зміцер Кулеш трапіў у час святкавання Першага Траўня, калі, узбіўшыся на святочнае падмосце ў парку імя Янкі Купалы, ён пачаў чытаць вершы. Як палымяны пралетарскі рэвалюцыянер-марксіст, ён грымеў з падмосцяў:

– Хто там крочыць правай? Левай! Левай! Левай! Ваша слова, Таварыш Маўзер-р-рр! – апошнія словы юнак прамовіў з сталёвай моцай у голасе і нават – як падалося некаторым слухачам – з нейкім злавесным падтэкстам.

Трэба сказаць, што ў тым бягучым гістарычным часе жыццёвы перыяд ідэалагічна быў не акрэслены. Суседняя братняя дзяржава толькі пераводзіла дых ад пераможнай буржуазнай рэвалюцыі, у суседзяў наўзамен гаваркіх «партайгеноссе» прыйшлі выбойныя «ельцынойды». Шмат хто з грамадзянаў – дасведчаных у гісторыі – трымаліся рахмана, цярпліва чакалі заканчэння сучаснага нэпа і пачатку чарговага хапуна.

Толькі Зміцер злез з падмосцяў, як у той жа момант да яго падышлі людзі ў цывільным з кампетэнтных ворганаў і, паказаўшы свае пасведчанні, жвава падхапілі яго пад рукі ды павялі ў пастарунак. У пастарунку пры напісанні пратакола высветлілася, што студэнт першага курса педуніверсітэта чытаў верш Уладзіміра Маякоўскага «Левы марш». Спачатку яму не паверылі.

– Ты нас ужо зусім за цёмных не трымай, – сказаў яшчэ зусім не стары старшы лейтэнант і, падумаўшы, дадаў: – Маякоўскі быў расійскі паэт і складаў вершы, натуральна, на рускай мове. Нават пляц ёсць Маякоўскага ў Маскве.

– То ж у перакладзе, – разгублена патлумачыў Зміцер міліцыянтам.

Ён быў збянтэжаны, бо аніяк не чакаў непрыемнасцяў ад чытання вершаў.

Адзін з афіцэраў, каб паставіць усе кропкі над «і» і не наблытаць у пратаколе, патэлефанаваў дадому жонцы. Ягоная жонка Ніна працавала ў школе настаўніцай літаратуры. Лейтэнант прадыктаваў ёй словы верша: «Левай, левай, левай. Ваша слова, таварыш Маўзер». Потым, прыклаўшы слухаўку да вуха, уважліва выслухаў. Твар яго скрывіўся, стаў кіслым, ён нешта незадаволена мармытнуў у адказ і, паклаўшы слухаўку, посна пацвердзіў:

– Так, верш Маякоўскага.

Змітра адпусцілі, але на ўсялякі выпадак узялі пад нагляд і таемна прыставілі да яго наглядчыцу, навучэнку старэйшага курса універсітэта Рыту Сінчанку – прыемную дзяўчыну, разумную, шуструю і прагматычную. Маладзён хутка прайшоў з ёю «курс маладога байца». Рыта прыватызавала ягоныя лішкі энергіі, што спачатку спрабавалі сублімаваць у творчасць і рэвалюцыйную патэтыку, скіраваўшы гэную ўвішнасць на сексаванне і навучанне.

– Ты, Зміцер, не будзь дурнем, а карыстайся жыццём, пакуль малады, – казала яна падчас праходжання «курсу маладога байца»...

З ёй, гэтай юрвабнай і вясёлай каханкай, Зміцер спазнаў свой першы неадшаляваны дзікунскі юр. Іншы раз, назіраючы ідэалізм маладзёна, Рыта ўдакладняла свае жыццёвыя назіранні трапнымі і жорсткімі цверджаннямі.

– ...Гэта паміж «адукаванымі» і «пралетарамі» амаль няма ніякай канкурэнцыі. А між адукаванымі кабялямі і дыпламаванымі сучкамі змаганне ідзе самае што ні ёсць сур’ёзнае, – тутака яна зрабіла невялікую прамаўчанку, задумліва пазіраючы ў бліжэйшую будучыню, твар яе набыў журботны, непрыгожы выраз, на імгненне здалося, што яна зараз заплача. Потым, перавёўшы позірк на Змітра, які ў гэты момант заліваў кіпень у філіжанкі з распушчальнай кавай, яна з скрухай закончыла думку: – ...барацьба за пасады... За прыгожых баб... За сінекуры.... За месца ў жыцці.

Выхаваны ў асяродку савецкіх людзей, дзе валадарыла свядомасць пэўнасці і лагоднасці, Кулеш доўга не мог вызваліцца ад сваёй местачковасці. Тую прагматычную канкрэтыку існавання, на якую іншыя патрацілі ўсю маладосць, ён, дзякуючы Рыце, угледзеў і засвоіў за год. Астатнія гады навучання Зміцер потым успамінаў Сінчанку як падарунак лёсу.

Між тым, нягледзячы на ягоныя памяркоўныя паводзіны, пасля таго недарэчнага здарэння да Змітра прыліпла мянушка «Таварыш Маўзер».

 

III

 

Жыў ён у гуртажытку па вуліцы Гарматнай, у пакоі з студэнтамі другога курса Міхасём і Стахам, а таксама Алесем Паддубскім, рослым дзецюком з Ліпнішак Івейскага раёна, які вучыўся на пятым курсе гістфака.

Неяк суботнім вечарам Міхась і Стах прыйшлі з футбола мокрыя, стомленыя і расчараваныя: іхная каманда «ВКЛ» прайграла «Пагоні».

Зміцер якраз перачытваў зробленыя за тыдзень занатоўкі разумовых напрацовак. Робячы падлік пражытых з сэнсам гадзін за дзень, ён заўважыў, што час прасаваўся ці марнаваўся ў залежнасці ад падзей і мноства нейкіх незразумелых абставін. Цяперака ён вывучаў гэтыя неасэнсаваныя стасункі.

Ён адклаў агульны сшытак убок і, насцярожана пазіраючы на хлопцаў, некалькі хвілін слухаў іхныя гняўлівыя філіпікі, потым удумліва запытаў:

– Якая вам карысць, што нехта там загнаў ва ўмоўную прастору, абмежаваную двума слупамі і бэлькай, так званы гол. Што вы асабіста будзеце ад гэтага мець? Вы марнуеце ўнікальны час уласнага юнацкага жыцця! Супержыцця!

–Гэта ўжо голас не хлопчыка, – здзіўлена прамовіў Паддубскі, зірнуўшы на Змітра.

– Маладосць – супержыццё! Ma olej w glowie1.

Паддубскі быў самым выбітным і сыстэмным сярод навучэнцаў. Падымаўся Алесь а сёмай гадзіне раніцы, трымаўся ўласных дзеяводаў, ніколі не сердаваў на маладзёнаў і, самае галоўнае, не строіў кепікаў, іншы раз цярпліва тлумачыў сучасныя складанасці існавання. Акрамя вучобы і палкай увагі да сталых кабет, ён больш не марнаваў часу на другасныя захапленні.

У гэты вечар ён упершыню звярнуў увагу на асобу Змітра.

Аднойчы восеньскім вечарам Зміцер упарта ўчытваўся ў гістарычныя першакрыніцы ў пошуках праўды мінулых стагоддзяў. Нарэшце, стомлена адарваўшыся ад кніжак Ермаловіча і Карамзіна – ён перачытваў гістарычныя падзеі ў выкладанні розных навукоўцаў, – каб папіць гарбаты, неяк задумліва зазначыў у пакаёваю прастору:

– Ніхто ж ні халеры не ведае: што было, як было і чаму было. Палякі пішуць сваё, жамойты тлумачаць па-іншаму, маскоўцы ім падпяваюць. А якія дзеі былі на самай справе?

Гэта быў ягоны момант ісціны, юнак заўважыў супярэчнасць паміж гістарычнымі версіямі і абазначыў словам, быццам паставіў тычку.

Паддубскі, выціраючы стрыжаную галаву пасля толькі што прынятага душу, уважліва зірнуў на яго і напаўголасу важка прамовіў:

– Някепска. Пачатак другога курса – і ўжо ўласная думка. А наконт дзей, то дзея – гэта соль жыцця. Нават маленькая дзея рухае гісторыю ўперад. Дзейства, якое дае вынік.

– А што, ёсць дзействы, якія не даюць вынікаў?

– Колькі хочаш. Вялізнае мноства дзействаў не дае выніку, бо не мае натуральнага заканчэння ці дае адмоўныя вынікі, бо не дадумваецца да канца і з’яўляецца звычайнаю маною.

Алесь прысеў на свой ложак і, узяўшы люстэрка, пачаў разглядаць свой ружовы, малады і крыху сялянскі твар.

– Акрамя таго, «дзея-падзея» мае два бакі: так, чалавек, які робіць ход, атрымлівае ход апанента ў адказ. Гэта дзейства можна абазначыць як «аднахадоўку». Чым больш асоба можа прадугледзець рэальных хадоў, тым большым валодае інтэлектам, тым больш мае шанцаў адваяваць сабе якаснае жыццёвае месца.

Зміцер напружана асэнсоўваў пачутае. Якраз над пытаннямі эфектыўнасці жыцця ён апошнім часам шмат і ўпарта думаў. Паддубскі між тым роўна і педантычна разважаў далей:

– У гістарычным кантэксце падзею трэба разглядаць там, дзе яна адбылася. На нашай тэрыторыі былі нашыя падзеі.

– А калі з нашым удзелам, але на чужых абшарах? – запытаў чэпкі Зміцер.

Алесь стрымана – ягоны дзень ладкаваўся заўсёды шчыльна і быў напружаны – дадаў:

– Да прыкладу, у Грунвальдскай сечы нашыя продкі-ліцвіны не пабеглі, бо ўцекачы ніколі не вяртаюцца на поле бітвы. Адсюль робім выснову, што ліцвіны зрабілі хітры вайсковы манеўр, які дазволіў атрымаць перамогу. Вось просты і яскравы прыклад сыстэмнага мыслення. Аналіз гістарычнай падзеі-аднахадоўкі, што адбылася амаль 600 гадоў таму. Калі ўявіць, што ліцвіны кінуліся ўцякаць, ратуючы свае жыцці, то чаму яны потым вярнуліся? Адсюль выснова, што плётка пра панічнае адступленне нашых продкаў на Грунвальдскім полі – ідэалагічная дыверсія нашых хаўруснікаў. Навошта ім гэта было патрэбна? Пэўна таму, што ў бітве фактычна галоўную ролю палкаводца адыграў вялікі князь Вітаўт. І міжнародны аўтарытэт вялікага князя адразу пасля Грунвальдскай бітвы моцна ўзрос. Усе далейшыя палітычныя падзеі пра гэта сведчаць. Але да сённяшняга часу імідж Вялікага Княства суседнія палітолагі і гісторыкі моцна прыніжаюць і замоўчваюць. Гэта ўжо іншыя адна-двух- і шматхадоўкі...

Зміцер уважліва слухаў, што было ягонай адметнай рысай. Потым, карыстаючыся чужой думкай, як пунктам адліку, ён імкнуўся дадумаць яе да канца, што дазваляла яму іншы раз атрымліваць разумовы набытак.

– Дарэчы, нават сучаснасць тлумачаць па-рознаму. Пытанне на засыпку: якая падзея адбылася ў Савецкім Саюзе ў 91-93 гадох – рэвалюцыя ці контррэвалюцыя? Паразважай, потым патлумачыш сваю думку наконт сучасных падзей.

– То ў чым выйсце для нас? – пацікавіўся Зміцер, які не дарос да складаных абагульненняў, яшчэ верыў друкаванаму слову і не меў цвёрдага адказу на замоўленае пытанне.

—У тым, мой шчыры дружа, каб знаходзіцца ў пэўным месцы ў пэўны час! Там, дзе адбудуцца падзеі, – зацвердзіў Алесь збянтэжанаму Змітру і пачаў запіхваць у сваё левае вуха ватную турундачку, потым дадаў: — Трэба адчуваць хаду часу. А накручана і свядома наблытана нават у сучаснасці чорт ведама чаго. Што тады казаць пра гісторыю... Дарэчы, не абавязкова ўдзельнічаць у падзеях, іншы раз дастаткова далучыцца да плыні падзей у патрэбную хвіліну. У рэвалюцыях заўсёды ўдзельнічае меншасць. А карыстаюцца вынікамі перамог тыя, хто своечасова далучыўся да пераможцаў.

– Прыстасаванцы?

—Так, няхай сабе і прыстасаванцы, але не бедакі. Бо бедакі – такі стан свядомасці лухтаватых істот, якіх рэчаіснасць заўсёды будзе валачы па розных засцаных пустках.

Алесь са смакам зяхнуў, уставіў у правае вуха другую ватную турундачку, надзеў на вочы цёмную повязь і, лёгшы ў ложак, накрыўся коўдрай.

 

1 Mа olej w glowіe (польск.) – мець розум.

IV

 

Жыццё ў гуртажытку віравала і не давала спаць да самай глыбокай ночы. Паддубскі клаўся спаць кожны дзень прыкладна а 10-й гадзіне вечара.

Зміцер прысеў на ложак і, дастаўшы агульны сшытак, занатаваў разумовы набытак. Потым доўга думаў і зноўку пісаў. З самага пачатку свайго навучання Зміцер Кулеш будаваў уласную сыстэму атрымання ведаў. Адным з ягоных прыярытэтаў у вучобе было педантычнае наведванне лекцый і семінарскіх. На лекцыях ён упарта, як той вол, пісаў канспекты, не звяртаючы ўвагі, цікавыя яны ці не. Гэта дазваляла атрымліваць 30 % ведаў, затым, перачытаўшы канспекты, іншы раз нават едучы ў трамваі, ён атрымліваў яшчэ 30 %, астатнія 40 адсоткаў ён дабіраў на семінарскіх і пад час падрыхтоўкі да залікаў ці іспытаў. Лекцыі выкладчыкаў звычайна былі кампіляцыямі некалькіх падручнікаў, і Зміцер пралічыў, што прачытаць канспект значна лягчэй, чым цэлую гару падручнікаў. Пасля першай ці другой пары лекцый, ён на перапынку вымаў невялікі тэрмас і з асалодай піў каву ці гарбату з лусценем. Увесь час ён выбудоўваў найбольш эфектыўную сыстэму самаўдасканальвання, узяўшы за аснову расклад дня, якім карыстаўся Паддубскі.

Неяк пад самы вечар у суботу Стах, студэнт другога курса фізмата, распачаў гаворку з Зміцерам, які ў рэдкія вольныя часы ўсіх уважліва слухаў, вёў дзённік, занатоўваў разумныя думкі людзей, дасягнуўшых поспеху.

—… Быць разумным, Зміцер, не так і складана, ва ўсялякім выпадку, нас вучаць асновам. Іншая справа, што большасьць не заўсёды ўмее карыстацца атрыманымі ведамі,—прамаўляў Стах, седзячы каля вакна на стуліку.

— Якія асновы, Стах? – Чэпкі Зміцер апошнім часам мякка пярэчыў суразмоўцам, выпрабоўваючы новы для сябе падыход дзеля атрымання чужых шчырых меркаванняў.

— Вось Міша, на сваім біялагічным факультэце, што спазнае філасофска карыснае ўласна для сваёй асобы?

— Хо! Ён вывучае дарвінізм, дзе прамым тэкстам гаворыцца аб унутрывідавой барацьбе. Самае галоўнае прамоўлена, астатняе павінны самі дадумаць… распрацаваць.

— Але не патлумачана, сыстэмна не выкладзена…

— А гэта, Зміцер, для разумных, яны самі павінны дадумаць. Не хапала, каб яшчэ ў дзяржаўнай установе навучалі тэорыі барацьбы між людзьмі..

— Ну, а ты з сваім матаналізам, што вас ужо ўсіх дастаў? — Зміцер быццам абыякава і нібыта перакана пытаўся ў Стаха: — Якая карысьць ад яго табе асабіста?

— Матэматычны аналіз – альфа і амега ўсяго навучання, Зміцер! От бярэш любое тваё, альбо тваіх знаёмых, ці нават дзяржаўных дзеячоў: дзейства, словы, меркаванні і занатоўваеш на табліцу каардынат. Па гарызанталі ідзе час, а па вертыкалі дзеянні, прамовы і іншыя рухі. Згодна кадыфікацыі некаторыя дзеянні абазначаюцца знакам мінус, іншыя – знакам плюс. От ты моцна падпіў – гэта (-1), не падрыхтаваўся да семінарскіх (-2), прамінуў лекцыю (-2). Ходзіш на лекцыі –(+1), прыстойна апранаешся – (+1), вучышся на выдатна – (+2), маеш каханку – (+1 ці -1). Такім чынам ты за кароткі час можаш прааналізаваць той прыхаваны накірунак твайго жыцця, аб якім табе ніхто толкам нічога не скажа.

— А чаму каханку ты абазначаеш плюс-мінус-1.

— З сучаснымі жанчынамі ніколі не ведаеш, чым стасункі скончацца: ці кароткім шчасьцем, ці імунадэфіцытам, ці хамутом на кволую юнацкую шыю…

Дзецюкі засмяяліся на ўсю моц, як могуць смяяца яшчэ не тручаныя жыццём юнакі.

— А вазьмі дзяржаву? У 1985 годзе на партканферэнцыі ці з’ездзе партыі генсек Гарбачоў агучыў меркаванне ўладных колаў, што ўлада будзе будаваць грамадства з складнікамі прыватнай маёмасьці. Гэта – (-10), бо азначала разбурэнне Ідэі тамтэйшай дзяржавы і грамадства. Потым паступова і паслядоўна на працягу некалькіх гадоў ідзе інфармацыйны наступ на існуючую грамадскую ідэялогію. Гэта – (-2, -3, -4, -5,… - 7…-15….) Потым праз кааператывы ў фінансавы кровазварот краіны ўкідываюцца вялізарная колькасьць пустых грошай – (-70), знікаюць тавары народнага ўжытку (-80)… Калі б мой бацька тады карыстаўся матэматычным аналізам, то ён своечасова зняў бы свае двацаць тысяч у ашчаднай кассе і ў дзевяностым годзе купіў бы сабе кватэру ў Менску, можа нават і дом. А так усе грошыкі ляснулі. Прапалі ягоныя трыцаць год напружанай працы...

Уражаны Зміцер і нават Паддубскі, што маўкліва сядзеў за сталом з падручнікам па педагогіцы, з здзіўленнем і павагай зірнулі на Стаха.

— Прабач, Стах, тут галоўная не лічба, а знак. Плюс ці мінус? Адкуль ты бярэш гэты знак? Ты ж ведаеш, што некаторыя разглядаюць дзейства Гарбачова па разбурэнні таталітарнай дзяржавы як (+180)? – Запытаўся зацікаўлены і пільны Зміцер.

— Гэта зусім проста: 80 адсоткаў насельніцтва было супраць развалу Саюзу, па-іншых крыніцах 75 адсоткаў… Доказ – рэзкі спад нараджальнасьці на постпрасторы! Людзі не хочуць нараджаць дзяцей, бо не бачаць пазітыву ў будучыні.

— А што ты скажаш, Стах, пра сёнішні час? Што нас чакае?

— Зараз усё больш складана. Інфармацыя ўзята элітай пад кантроль. Але па некаторых чынніках можна зрабіць выснову, што магчымы лакальныя вайсковыя канфлікты, а нас, ліцвінаў1, мабыць чакае паўзучы аншлюс. Фактычна, поўным ходам ідзе этнацыд2. Русіфікацыя – гэта тыя самыя (-180)

— От блін! – не вытрымаў імпульсіўны Зміцер. — Навошта гэта нам? Жылі б ў сваім невялікім і ўтульным дзяржаўным доме, ездзілі б у Парыж на вакацыі, на працу ў Прагу ды Ірландыю… Назіралі б чужыя войны і канфлікты па тэлескрынцы!

— З нашымі, як заходнімі так і паўночнымі, суседзямі ціха не пажывеш! — зазначыў Стах і, задумліва зірнуўшы на хлопцаў пільным вокам, нібы ўзважваў іхні інтэлект, дадаў:

— Паўночны сусед сам падвергся інфармацыйна-ідэялагічнай экспансіі. Але ўсё яшчэ некага хоча вызваліць ад суверэнітэту і маёмасьці…

Пасля гэтай размовы Зміцер узяў на ўзбраенне матэматычны аналіз і праз некаторы час з здзіўленнем заўважыў, як шмат чаго, што здавалася яму дагэтуль выпадковым, пачало паўставаць перад ім у сталёвай і пэўнай паслядоўнасьці. Гэта датычыла не толькі грамадскіх падзей, але і рэальных людзей. Іншы раз яму пачынала здавацца, што гэта асноўны закон жыццясвету. Хаос стваралі неразумныя, чым разумней быў чалавек ці грамадства, тым больш у ім было сыстэмнасьці і мэтазгоднасьці.

 

1 Ліцвінаў – да 1840 года назва жыхароў цяперашняй Беларусі.

2 Этнацыд – сыстэмнае разбурэнне культурнага кода народа.

V

 

Аднойчы лістападаўскім хмарным днём Зміцер, магчыма, ад нейкай восеньскай маркоты ці, мабыць, ад перапоўненасці разумовымі канцэптамі, а таксама пэўна ад уласцівай яму пасіянарнасці, утварыў сваё ўжо ўлюбёнае дзейства. Дзейства, якое было першым звяном ланцуга падзей, што выклікалі цэлы шэраг ператрусаў на сталічных абшарах і памянялі лёс уплывовых асобаў.

Удзень, да пачатку лекцый другой змены, без дзесяці хвілінаў да дзвюх гадзін, Зміцер напорыста, нават ваяўніча, з пыхай вядомага і знакамітага барда і паэта імкліва крочыў у атачэнні паплечнікаў у фае універсітэта ад дзвярэй да прыступак. Уперадзе ягоныя сябры Міхась і Стах пракладалі шлях «знакамітасці» і адначасова дзейна махалі махаламі, адганяючы ўяўных матылькоў і кузурак, як робяць гэта будысты перад сваім ламай.

Зміцер прыпыніўся на верхняй прыступцы. Апрануты ў белую свежую кашулю і чорныя адпрасаваныя штаны, з прыгожай капой кучаравых русых валасоў, ён узнёсла кінуў руку наперад і з натхненнем пачаў чытаць верш:

– «Без веры, без імкненняў сэрца – пусціня, адцвілая, зрудзелая, сухая, дзе уздыхае адно бясплодны сухавей, дзе цішыня і то, здаецца, не такая. Нічым ты гэтай пусціні не наліеш, ні радасцяй пустою, ні уцехай, не ўспеніш рэха па імклівых песнях, што былі калісь мае, а сёння – непатрэбны, сцерты вехаць..1. »

Дэкламаваў Зміцер з вялізарнай палкасцю і лірызмам; вестыбюль, поўны студэнтаў, заціх, і былі чуваць толькі выразныя словы верша. У гэты міг у дзверы прасунулася постаць дацэнта Арсена Аляксеевіча Пятакова, што спяшаўся на лекцыю. Зміцер, не заўважыўшы выкладчыка, якраз хітаў рукой у бок дацэнта і прамаўляў поўныя маркоты словы: «...а сёння – непатрэбны, сцерты вехаць».

Грымнуў смех, рагаталі ўсе, хто быў у вестыбюлі, нават выкладчыкі. Пяцідзесяцігадовы, зношаны жыццём дацэнт быў вядомы курвель-халасцяк, які ўсё яшчэ не цураўся карыстацца інтымнымі паслугамі маладзенькіх студэнтак, што не мелі цвёрдых ведаў па гісторыі, таму яго не любілі ні выкладчыкі, ні навучэнцы.

Насцярожаны дацэнт, пачуўшы апошнія словы па-за кантэкстам верша і таму зняважлівыя ў дачыненні да ягонай асобы, злосна зыркнуў вачыма ў бок Змітра і хутка рушыў у аўдыторыю. Студэнты і выкладчыкі, смеючыся, у добрым настроі падаліся на заняткі. «Таварыш Маўзер» ізноў стаў знакаміты на ўвесь універсітэт.

Яшчэ з тыдзень Зміцер на пачатку другой вучэбнай змены чытаў у вестыбюлі кожны раз новы верш. Калі ён імкліва праходзіў у атачэнні сяброў, што рупліва махалі махаламі, да прыступак і потым узнёсла, з магутнай экспрэсіяй, казаў:

«...я пішу пра род мой нязводны, што вядзе адлік ад плуга. Бачу ўсё: як улазяць у скуру, як аж плішчуцца вон з яе, з польскім акцэнтам кажучы – курвы, а па-нашаму – блядаўё. Што ж вы, сукі, на целе Краю выкабельваеце кубло? У спадзеве, што вашу зграю абароняць сіла й бабло? Не, шасцёркі пятай калоны, сыты сьмех ваш – то п’яны сон...»2, у студэнцкім асяроддзі міжволі пачыналі ўзнікаць нейкія пачуцці, ад якіх у сваю чаргу нараджаліся нязвыклыя думкі.

Нарэшце кіраўніцтва не вытрымала ягоных рэвалюцыйных паводзін, і Змітра выклікалі ў дэканат. Дэкан Раман Сяргеевіч Цвік – сучасны, малады, ветлівы, стрыманы і ўважлівы – адказаў на прывітанне на роднай мове і потым увесь час трымаўся мовы.

– На вас, шаноўны спадар Зміцер, прыйшла скарга ад выкладчыка кафедры гісторыі і філасофіі дацэнта Пятакова. Патлумачце мне, калі ласка, як гэта ў вас атрымалася – прылюдна абразіць выкладчыка універсітэта.

Зміцер патлумачыў, што гэта быў недарэчны збег абставін. Дэкан паглядзеў на яго ўдумлівым заклапочаным позіркам і цярпліва зазначыў:

– Я вас разумею, але папрашу прыпыніць свае дэкламацыі. Праз месяц пачнуцца выступы калектываў мастацкай самадзейнасці. Там і ўдзельнічайце, калі ласка. А так не трэба ствараць лішні клопат для нашага ўніверсітэта. Вы мяне разумееце?

– Не вельмі разумею, Раман Сяргеевіч. Гэта ж не курваграфія, а вершы класікаў.

– Навошта вам гэта, малады чалавек? Славы хочацца? – дэкан са спачуваннем зірнуў на Змітра.

Студэнт насцярожана вывучаў выкладчыка.

– Узнёсласць хачу пасеяць ва універсітэце, неабыякавасць і непаўторнасць бягучых імгненняў. Вы ж самі сейбіт, педагог, садоўнік, павінны разумець. Ці не так?

Дэкан Раман Сяргеевіч не быў ні педагогам, ні тым больш садоўнікам. Ён быў неблагім адміністратарам, за што яго, тутэйшага па паходжанні, якраз і трымалі на гэтай перспэктыўнай для далейшай кар’еры пасадзе.

Пасля выказанага студэнтам сталага і дасведчанага меркавання дамінанта размовы перайшла да ягонай асобы. Дэмакратычны Зміцер не звярнуў на гэтую акалічнасць аніякай увагі. Затое цёрты дэкан адразу ўбачыў ненатуральны стан рэчаў:

– Трэба заўсёды ведаць месца і час нават для самых узнёслых рэчаў, – зацвердзіў дэкан, на вачох ператварыўшыся з выхаванага, талерантнага і ліберальнага інтэлігента ў ледзянога, са сталёвай воляй, чалавека, які ні на мікрон не будзе падвяргаць свой уладны імідж нейкай нават эфемернай пагрозе.

Зміцер паглядзеў, падумаў і зразумеў. Паспяховы і сучасны дэкан Раман Сяргеевіч Цвік жадаў спакою і як мага менш турбот і клопату.

Пасля зімовых вакацыяў Зміцер неяк увечары запытаўся ў Паддубскага:

– Скажы, брат, хто такі Пятакоў Арсен Аляксеевіч? Сёння на лекцыі ён затрымаў на маёй асобе свой позірк і трымаў яго настойліва і доўга.

Алесь адарваўся ад падручніка сучаснай гісторыі – ён напружана рыхтаваўся да семінарскіх заняткаў – і, паціраючы пераноссе, адказаў:

– Пятак – вілаводная істота і помслівы чалавек. Будзе чакаць усе пяць гадоў, падловіць жыг і ўсё роўна чалавеку аддзячыць. Ты яму наступіў на самы мазоль. Шараговы чалавек ці навучэнец для яго існуе як якая-небудзь рэч, шруб ці ніт.

Ён узняўся з стуліка і, размінаючы занямелыя ногі, рушыў па пакоі.

– Як смала прыскяпаўся да мяне Пятак. Незразумела, адкуль ён нечакана ўзнік на нашым факультэце? «Говорите нормальным языком...» Адказаў я на пытанні, а ён наблытаў розных супярэчнасцяў. Я кажу, што руска-ліцвінская вайна 1654–1665 гадоў з боку Расіі была захопніцкай, а ён заяўляе, што вызваленчая, і не руска-літоўская, а руска-польская, потым дадае: «Больш чым здавальняюча паставіць не магу».

Алесь, усхваляваны мінулымі падзеямі, прайшоў па пакоі сцішаным крокам, робячы аналіз бягучых падзей, і засяроджана дадаў:

– Але справа не толькі ў гэтым. Пятак можа памяняць мой жыццёвы лёс. Нашыя шляхі ўжо перасякаліся аднойчы на адной імпрэзе. Тады я ў яго з-пад носа звёў пані Гражыну. Ох, брат, і бабенцыя – спадарыня Гражына.

Ён загарэўся дзіўным агнём маладосці, абцяжаранай уласнай гіперсексуальнасцю, і ў захапленні развёў рукамі, паказваючы ўсю моц і прыцягальнасць пані Гражыны, потым, ужо згасаючы, змрочна дадаў:

– Так вось, брат. А цяпер гэты твой верш. Ён і ўсе астатнія будуць думаць, што мы гэта знарок падстроілі. А я ж хацеў у аспірантуру рушыць. З «траяком» па аснове і не совайся.

– Прабач, а хто гэта – «усе астатнія»?

—Тыя, хто ўваходзіць у кодла. Хто жыве над ватэрлініяй. Ведаеш, любяць яны ці не любяць Пятака, але карпаратыўныя інтарэсы будуць абараняць будзь здароў. Нават калі ты прылюдна папросіш прабачэння ў Пятака, то і гэта табе не дапаможа. Лепш за ўсё пераводзься на завочнае навучанне.

Алесь ні то жартаваў, ні то хацеў напалохаць Зміцера, але казаў сурёзна, без усмешкі, нават змрочна..

– Ты што, здурнеў? Я толькі самы смак пачаў атрымліваць ад вучобы і жыцця. Толькі пачаў думаць...

Але Алесь паглыбіўся ў віры сваіх стратэгічных одумаў і не чуў ягоных апошніх слоў. Зміцер між тым узрушана бегаў па пакоі:

– Калі цераз перашкоду нельга перайсці, то тады яе трэба нейкім чынам выдаліць са свайго шляху.

– Выдаліць? Нерэальнае трызненне. Простае сатрасенне паветра. – Алесь не любіў пустых гукаў.

– Тады ўзамен рэальны – твой шараговы лёс вясковага настаўніка.

– І тваё завочнае навучанне.

Абодва змоўклі. Перспэктыва бліжэйшай будучыні паўставала нецікавай і нават змрочнай.

 

1 - З верша Н. Арсенневай «Куды тугу мы дзенем?».

2 З верша Славаміра Адамовіча «Не “народны”, а толькі родны».

VI

 

Неўзабаве, ужо на веснавой сесіі, Змітру надыходзіў час здаваць іспыт па сучаснай гісторыі дацэнту Пятакову. У недалёкім мінулым камуністычны артадокс, псеўдамарксіст і дагматык, ён спрытна перакаваўся на новую ідэалогію расійскага патрыятызму, на іспытах рэзаў тутэйшых нацдэмаў без усялякага жалю і літасці. Тым, хто адказваў яму на семінарах на трасянцы, Пятак чытаў мараль, якую пачынаў з словаў: «...молодой человек. Любите русский язык. Культура начинается с языка...» І далей далдоніў так, што ў тутэйшых слухачоў вушы пухлі.

Калі гэта адбывалася на лекцыі, у аўдыторыі, ён звяртаўся да прысутных: «Господа…». Ад гэтага слова ў асобных пралетарскіх і сялянскіх дзецюкоў пачыналася алергія, яны толькі зубамі скрыгіталі. Самае дзіўнае, што яшчэ нядаўна, да рэвалюцыі, Пятак быў «партайгеноссе», «партыйны таварыш», і казаў зусім іншыя рэчы: «Товарищи! Мы все советские люди. Партия нас учит все силы отдавать святому делу строительства светлого будушчего. Народы мира смотрят на нас с восхищэнием...»

І вось да гэтага артадокса праз некалькі месяцаў і павінен быў прыйсці здаваць сучасную гісторыю ‘’Таварыш Маўзер’’.

Кандыдат навук – ён нядаўна абараніў кандыдацкую на модную цяпер тэму ‘’Сталінскія рэпрэсіі падчас калектывізацыі’’ – Арсен Аляксеевіч быў першай сур’ёзнай перашкодай на пераможным дагэтуль жыццёвым шляху Змітра. Упершыню сустрэўшыся на семінары, яны адразу неўзлюбілі адзін аднаго. Тады ён, адказваючы на пытанне, як заўсёды, пачаў гаворку на роднай мове.

– Что вы сказали? – раптам жвава і зацікаўлена перапытаў дацэнт у Змітра.

– Чалавечым языком... – сказаў нехта са студэнтаў за спінай выкладчыка.

– Jeder kann fur sich etwas Passendes finden1, – дадаў нечакана Зміцер.

Арсен Аляксеевіч уважліва зірнуў на яго і валадарна прамовіў:

– Студэнты, што не валодаюць рускім языком, не могуць разлічваць на станоўчую адзнаку на маім экзамене, на дзяржэкзамене ці абароне дыпломнай.

Пятак паглядзеў у вочы Змітру і ў адказ атрымаў нязломны позірк. Позірк быў не толькі цвёрдым і мужным – ён быў разумны. І гэты разумны позірк стрымана вывучаў дацэнта з цвёрдай ураўнаважанасцю перакананага ў сабе чалавека. Пэўна, гэтак маладая і дзёрзкая анаконда сыта глядзіць на самаўпэўненага пацука, што страціў рэальнае ўспрыманне сучаснасці. Цяпер у глыбіні гэтага позірку дацэнт убачыў сваё пацучынае адлюстраванне.

Арсен Аляксеевіч перасмыкнуў плячыма, быццам афіцэрскія пагоны ўсё яшчэ ціснулі на ягоныя плечы, і, павярнуўшыся, пайшоў да кафедры, помсліва разважаючы, што праз пяць месяцаў ён аддзячыць на іспытах гэтаму маладзёну-выдатніку за ягоныя паводзіны і ягоны позірк. Перакананасць юнака не збянтэжыла выкладчыка. Апошнія гады кар’ера дацэнта шпарка рухалася ўверх.

...Асэнсаваўшы словы Алеся, Зміцер напоўніцу адчуў будучую небяспеку. Ён уважліва, вельмі спрасавана ўзважыў тую цяжкасць, што нечакана вымалявалася перад ім.

На лекцыях і семінарах дацэнт трымаўся ветліва і не чапаў Змітра, які не верыў усталяванаму зацішшу. Асэнсаваўшы псіхалогію помслівых людзей, ён зразумеў, што крыніца помслівых паводзін асобы знаходзіцца ў межах звычайнай барацьбы за выжыванне. Помста – не рыса характару, а сродак выжывання. На ўсялякі выпадак Зміцер пачаў цярпліва адсочваць усе галіны дзейнасці дацэнта Пятакова.

...Акрамя выкладчыцкай працы, дацэнт удзельнічаў у шматлікіх камісіях і нават узначальваў міждзяржаўны звяз універсітэтаў двух братніх народаў. На травеньскія святы мелася адбыцца ўрачыстае паседжанне чальцоў гэтага хаўрусу, і ва універсітэце разгортвалася вялікая праца па падрыхтоўцы сумеснага святкавання. Злыя языкі казалі, што пры ўдалым ажыццяўленні гэтага мерапрыемства Пятакоў, пэўна, ужо прафесар, узначаліць адзін са сталічных універсітэтаў.

Будучы старшынёй руска-беларускага звязу гісторыкаў, філосафаў і філолагаў, Арсен Аляксеевіч доўга і ўпарта рыхтаваў – якраз да Дня Перамогі – святочнае паседжанне ў межах сцен універсітэта.

Была атрымана патрэбная матэрыяльна-фінансавая дапамога, набыты падарункі, запрошана безліч гасцей, падрыхтаваны святочныя канцэрты, імпрэзы, вечарыны, нумары ў гатэлях. Хадзілі таемныя чуткі, што магчымы нечаканасці, пра якія пакуль не казалася, але дасведчаныя людзі ў гэты момант шматзначна падымалі вочы да столі і рабілі загадкавы выгляд на твары: — з пэўных крыніц 2.

 

1 Jeder kann fur sich etwas Passendes finden (ням.) – ‘’Кожны можа знайсці сабе тое, што яму падыходзіць’’.

2 ‘’з пэўных крыніц маем пэўныя звесткі…’’ — знакамітае выслоў’е з ‘’Тутэйшых’’ Янкі Купалы.

VII

 

... Надышоў святочны дзень, якога больш за ўсіх чакаў ужо прафесар Пятакоў. Яму гэтае ўдала праведзенае дзейства адчыняла шлях да далейшай кар’еры. Добра распрацаванае і падрыхтаванае святкаванне кацілася па рэйках, госці ўсклалі кветкі да вечнага агню, наведалі Хатынь і Курган Славы, сустрэліся з гарадскімі патрыятычнымі моладзевымі арганізацыямі. Урэшце, набыўшы моцнае жаданне падсілкавацца, запрошаныя доўга і ўзнёсла палуднавалі ў сталоўцы універсітэта. Пасля святочнага абеду, гадзіны ў чатыры, пачалі збірацца ў актавай зале на ганаровае паседжанне. Пасля меўся адбыцца традыцыйны святочны канцэрт і ўжо познім вечарам – святочная вячэра.

Арсен Аляксеевіч ззяў шчаслівай усмешкай чалавека, які здзейсніў сваю адвечную мару. Ён гасцінна гнуўся праваруч і хітаў галавой леваруч, ціскаў працягнутыя далоні, раздаваў візітоўкі, сам атрымоўваў запрашэнні і заверы ў сяброўстве і любові. Непрыкметны дагэтуль дацэнт імкліва падымаўся па стромкіх прыступках рэйтынгу, на вачох вырастаючы ў асобу дзяржаўнага і нават міждзяржаўнага ўзроўню.

Лідэр дэмакратычна-ліберальнай партыі, сам выдатны папуліст, актор і красамоўца, заможны і ўпэўнены Леў Сафаравіч Задулаў пранікліва і сур’ёзна трымаў руку наваспечанага прафесара ў сваёй нечакана моцнай далоні, уважліва слухаў, кідаючы позіркі вакол, потым рашуча, пераблытаўшы імя, сказаў:

– Паможам, Руслан Аляксеевіч, і матэрыяльна, і фінансава. Чаму ж не памагчы...

Задулаў разбагацеў дзякуючы партыйнай дзейнасці, на перапрадажы іракскай нафты, пасля чаго адразу набыў грамадзкую і палітычную вагу ў краіне.

Спрытна і прафесійна пачаў прафесар Пятакоў вечаровае паседжанне.

– Господа… – прамовіў ён у прыціхлую залу, запоўненую гасцьмі, студэнтамі, дыпламатамі, прадстаўнікамі ўрадавых структур, бізнэсоўцамі.

Затым красамоўна выказваўся амбасадар Расіі, нехта з тутэйшых дыпламатаў, важка гаварыў Леў Сафаравіч, воплескі лёгкім шумам падтрымлівалі ўзнёслую аўру свята. Усё было як заўсёды, некаторыя з калег прафесара, пабачыўшы нечакана высокі ўзровень атрыманага дзейства, зайздросна казалі між сабой, што Пятакоў можа свідраваць дзюрку ў пільчаку для дзяржаўнай узнагароды... І канечне насурочылі, змяюгі падкалодныя, гэнаму ўдала працякаўшаму мерапрыемству...

Уважаемые друзья, сейчас перед вами... – У дынаміку ў гэты момант нешта трэснула і зашыпела, і далей зноў загучаў голас Арсена Аляксеевіча, – ...несколько неожиданная личность – лидер опозиции Зиновий Позьний, – Арсен Аляксеевіч вымавіў гэтыя страшныя словы на ўсю залу ўрачыста, і чамусьці са здзіўленнем паглядзеў на мікрафон.

Зала насцярожана маўчала. Воплескі гучалі, але не набіралі патрэбнай сілы.

Між тым па дывановай сцежцы ходка, упэўнена, цвёрда і непахісна ўжо ішоў знакаміты на ўсю Беларусь Зіновій Позьні, у цёмна-сінім строі пры гальштуку, чамусьці ў файнай чорнай падводніцкай пілотцы з кукардай «Пагоня», з добра вядомай усёй краіне мужнай харызмай важака і лідэра. У зале ўсталявалася цішыня, толькі расійскія госці, адчуўшы незвычайнасць імгнення, перапытвалі тубыльцаў:

– Кто это? Он масон? Сколько он имеет миллионов?

Зіновій Позьні ўзышоў на трыбуну і, нахіліўшы галаву да мікрафона, сказаў:

– Шаноўнае спадарства! У гэты святочны дзень я віншую грамадзян незалежнай Беларусі з Днём Перамогі, за якую тры мільёны нашых суайчыннікаў паклалі свае жыцці.

Моладзь, што прысутнічала ў зале, нібы ачуняўшы, нечакана так грымнула вадаспадам воплескаў, што ажно галубы, якія сядзелі на франтоне універсітэта, спужанай снегавой гурбой рынуліся ў сіняе неба, а напалоханыя нечаканым і невядомым гулам кіроўцы легкавікоў рэзка гамавалі пасярод Грунвальдскай плошчы, нарабіўшы з паўтузіна ДТЗ.

Зіновій Позьні, дачакаўшыся, калі воплескі заціхлі, рашуча кідаў у залу рэвалюцыйныя думкі аб злавесным хаўрусе імперыялістычных дзяржаваў. Усталявалася мёртвая цішыня, у якой было добра чуваць, як у сярэдзіне залы, у восьмым радзе, пахропваў ветэран адзінай на ўсіх перамогі, стомлены за дзень беганіны, экскурсій і франтавых ста грамаў, лысы, у абвешаным медалямі і значкамі палкоўніцкім мундуры.

Зіновій Позьні ўладарна падняў руку і сказаў словы, якіх ніхто ад яго не чакаў і якія імкліва пранесліся па ўсёй зямной кулі, выклікаўшы радасць у прыгнечаных і бедных і ледзяное здзіўленне ў элітаў панавальных нацый:

– Сябры, сёння сярод нас – тыя ўжо нешматлікія людзі самаадданага пакалення, што выратавала цывілізацыю ад карычневай чумы. Прэзідэнт Штатаў Франклін Рузвельт некалі зазначыў, што калі б не гераічны Савецкі Саюз, то гітлераўская Германія існавала б яшчэ чатырыста гадоў. Не было ў той гістарычны час сілы, акрамя савецкіх людзей, што магла перамагчы фашызм. Сёння сярод нас франтавікі! Тыя, хто некалі падымаўся ў наступ пад смертаносным шквалам нямецкіх кулямётаў! Хто стаяў дзень і ноч ля станкоў і мартэнаў, плавіў сталь, вырабляў патроны і снарады, танкі і самалёты для фронту. Яны сучаснікі герояў, што ляглі мёртвымі пад Ржэвам у страшных 41–42 гадох! Яны помняць тых, хто камандаваў ротамі і паклаў жыццё ў ледзяных траншэях Ленінграда і Сталінграда!

У іх памяці высечаны словы, выказаныя ў трагічным, бязлітасным 41 годзе: «Братья и сёстры!.. К вам обращаюсь я, друзья мои... Нас постигла большая беда… Коварный враг обрушился на мирную жизнь советских людей...». Гісторыя – гэта не стрункі і прамы праспект Скарыны. Ветэраны ведаюць, што Вярхоўны Галоўнакамандуючы неаднойчы казаў у вузкім коле дзяржаўных асобаў: «Нам не хапіла для падрыхтоўкі да вайны паўтара—два гады». ...Пасля бліскучай і трагічнай перамогі як цудоўна застацца жыць і пражыць яшчэ пяцьдзесят ці шэсцьдзесят гадоў, нарадзіць дзяцей, дачакацца ўнукаў і праўнукаў, жыць у спакоі і міры, з забяспечанай старасцю. Але шмат хто з уцалелых франтавікоў і ветэранаў зараз употай думае, што лепш было гераічна загінуць разам са сваімі аднапалчанамі, калі не ў 41-м, дык у 45 годзе, чым дачакацца цяперашніх часоў, калі мінулае падвяргаецца адмаўленню і ганьбе.

Сёння марнее памяць пра велічныя гады, калі савецкі чалавек быў далучаны да вялікіх перамог: Днепрагэс і сталінскія пяцігодкі, Перамога і надзейная абарона дзяржавы, палёт у космас і харчовая бяспека краіны, народная адукацыя і народная ахова здароўя, тысячы вялікіх і маленькіх перамог, і кожны сумленны чалавек быў не толькі ўдзельнікам, але і пераможцам. Ніводнае жыццё не прайшло марна, кожнае мела сэнс.

Франтавікі і ветэраны, яны маўкліва пытаюцца ў нас: ці можна сёння святкаваць нашую Перамогу ўзнёсла і эйфарычна, калі нашая Краіна разбураная? Калі іхных рабочых і сялянскіх унукаў і праўнукаў навучаюць варожым звычкам і адчуванням? ...Сёння мы ўжо «господа»?! Якія мы «господа»? Мы – таварышы, супольныя гаспадары Айчыны – дзеці, унукі і праўнукі рабочых і сялян!

Падчас вайны Вярхоўны сказаў наркому Шахурыну, і ягоныя словы сучасныя сёння, як ніколі: «Які я вам таварыш!? Я вам не таварыш, я што абяцаю, тое і выконваю, а вы мяне ашукваеце, значыць, вы не таварыш! Давайце хутчэй маторы, тады будзем таварышамі!» Як мы сёння радуемся, калі нас хваляць заходнія СМІ, і ўкідваемся ў маркоту, калі замежныя масмэдыя нас хаюць і ганьбяць... У пачатку лістапада 1945 года цэнтральны савецкі друк змясціў вытрымкі з хвалебнай прамовы У. Чэрчыля аб СССР. Ужо 10 лістапада 1945 года правадыр накіраваў з адпачынку (у той момант ён цяжка хварэў пасля інсульту) тэлеграму Молатаву, Маленкову, Берыі і Мікаяну. Вось тэкст гэтай тэлеграмы: «Лічу памылкай надрукаванне прамовы Чэрчыля з ухваленнем Расіі і Сталіна. Ухваленне гэтае патрэбнае Чэрчылю, каб утаймаваць сваё нячыстае сумленне і прыхаваць сваё варожае стаўленне да СССР… Друкуючы такія прамовы, мы памагаем гэтым господам. У нас маецца цяпер нямала адказных работнікаў, якія прыходзяць у цялячае захапленне ад пахвалаў з боку чэрчыляў, трумэнаў, бірнсаў і, наадварот, укідваюцца ў скруху ад кепскіх выказванняў з боку гэтых гаспод. Такія адчуванні я лічу небяспечнымі..

Шмат у каго з нацдэмаў існуе мроя, што буржуазія дазволіць нам пабудаваць незалежную і сувэрэнную нацыянальную дзяржаву. Дарэмныя спадзяванні! Буржуазію заўсёды цікавіў уласны капітал, прыбытак і яшчэ раз прыбытак. «Няма тых злачынстваў, на якія не пайшла б буржуазія дзеля прыбытку», – некалі казаў класік марксізму. На ХІХ з’ездзе КПСС у кастрычніку 1952 года Правадыр зазначыў: «Раней буржуазія лічылася галавой нацыі, яна змагалася за правы і незалежнасць нацыі, падымаючы яе “вышэй за ўсё”. Цяпер не засталося і следу ад “нацыянальнага прынцыпу”. Цяпер буржуазія прадае права і незалежнасць за даляры. Сцяг нацыянальнай незалежнасці і нацыянальнага суверэнітэту выкінуты за борт».

Мы, людзі першай у свеце рабоча-сялянскай краіны, атрымалі страшную паразу ў «халоднай вайне», ператварыліся ў пралетараў бяз будучыні. Хцівыя «вшывыя блохі» і ворагі народа разбурылі Радзіму савецкіх людзей. Сябры! Таварышы! Грамадзяне! Браты і сёстры! Мы даверліва дазволілі прафукаць Перамогу нашых бацькоў і дзядоў! І таму трэба ўзьдзець у гэты дзень чорныя жалобныя повязі! Па тых, хто лёг у зямлю за Айчыну… Вялікі паэт некалі прамовіў за палеглых трагічныя словы: ‘’Нам свои боевые не носить ордена. Вам всё это, живые. Нам – отрада одна: Что недаром боролись мы за Родину-мать. Пусть не слышен наш голас, — вы должны его знать. Вы должны былі, братья, устоять, как стена, ибо мёртвых проклятье – это кара страшна.1

У зале ўсталявалася жудасная цішыня. Нават састарэлы ветэран у палкоўніцкім мундзіры перастаў храпці і прачнуўся. Зіновій Позьні зняў чорную пілотку, вызваліўшы лысы чэрап з бліскучай загарэлай скурай. Трагічна схіліўшы галаву долу, ён казаў далей пранікнёныя словы людзям, што знаходзіліся ў зале, надзвычай ціхім голасам, нават злавесным гіпнатычным шэптам:

– Нашыя мёртвыя – яны як нашыя вартавыя! Да іх не дакранаецца наша ганьба. Мы, жывыя, дазволілі лапаць іхняю перамогу тым, хто не мае на гэта права. Наш Дом разбураны, і хцівыя чубайсы рабуюць багацце народу. Незалежная Беларусь зараз адна захоўвае памяць і дух тых узнёслых і велічных гадоў. Шчыра помніць гераічнае жыццё савецкіх людзей, той суворы час, што зрабіўся незразумелым для сучаснікаў...

Тэлеаператары расійскіх тэлепраграм нечакана, як па камандзе, прыпынілі тэлездымку выступу Зіновія Позьняга. На тэлеэкранах Масквы і Санкт-Пецярбурга, Варонежа і Смаленска, тысячаў вялікіх і маленькіх расійскіх гарадоў змяніліся тытры праграм і вядоўцы прапанавалі гледачам амерыканскую кінастужку «Пёрл-Харбар».

– ...Няхай франтавікі сёння падымуць першую чарку за свайго Вярхоўнага Глаўнакамандуючага! Віват пераможцам фашызму – франтавікам і ветэранам, грамадзянам Савецкага Саюзу! Слава палеглым за Айчыну! Слава тым, чыё жыццё не прайшло марна! Жыве незалежная і суверэнная Беларусь! – палымяна закончыў прамову Зіновій Позьні.

Палова залы, зноў палохаючы галубоў, грымнула з месцаў:

– Жыве!

Другая палова, у выглядзе некаторых расійскіх гасцей, разгублена соўгала разяўленымі ратамі, бы той тлусты лінь, выкінуты на бераг спрытнай рукой вудаля. Зіновій Позьні прыклаў руку да чорнай падводніцкай пілоткі і скамянеў у трагічным маўчанні. З дынаміка лілася музыка знакамітага і ўзнёслага паланэза «Развітанне з Радзімай»: «...Зноў залунае наш штандар, палыхне ўначы пажар і паходнаю трубой зноў пакліча нас з табой на мужны бой...»2

Збянтэжаныя, разгубленыя ветэраны і госці, перашкаджаючы адзін аднаму, узняліся з месцаў і застылі ў суровым маўчанні, шмат у каго з іх на вачох стаялі слёзы. Адбылася дзіўная з’ява – разам з ветэранамі пад узнёслую музыку Агінскага са слязьмі на вачох узнялася моладзь. З вялізарным натхненнем моладзь урачыста падхапіла словы гімна: «Зноў воі прагнуць волі, воля – свет і доля, броні звон ды коні, коні – кліч «Пагоні». Крочым з багны ночы, з ночы шлях прарочы…»

Пасля заканчэння хвіліны маўчання Зіновій Позьні вертануўся каля трыбуны і шпарка пайшоў за кулісы, дзе і знік. Частка знакамітых гасцей у генеральскіх і палкоўніцкіх пагонах, адтапырыўшы вусны, незадаволена пасунуліся з залы.

Старшыня прэзідыума, кандыдат і прафесар Арсен Аляксеевіч Пятакоў, збянтэжана стаяў ля мікрафона і спрабаваў супакоіць тых раззлаваных расійскіх дэпутатаў і бізнэсоўцаў, што рушылі з залы.

Провокация... мы это так не оставим... А этот Зиновий Позьний – типичный провокатор... – чуліся галасы з іхнага натоўпу.

Ветэраны і франтавікі са слязьмі на вачох шукалі Зіновія Позьняга, каб паціснуць ягоную мужную руку за словы праўды.

Пажоўклы і ўзмоклы ад халоднага поту Пятакоў разгублена таптаўся ля мікрафона, знямела пазіраючы на ўзрушаных людзей. Ім валадарыла жудаснае пачуццё выкінутага з летака жаўнера, які імкліва ляціць да зямлі і не ведае, што ў яго за спінай – звычайны заплечнік ці парашут.

 

1 Александр Твардовский, ‘’Я убит подо Ржевом.''

2 — «Развітанне з Радзiмай», словы С. Сокалава-Воюша на музыку знакамітага паланэза Міхала Клеафаса Агінскага.

VIII

 

У хуткім часе былая каханка Рыта Сінчанка нібы выпадкова сустрэла Змітра на вуліцы. Нечаканае з’яўленне Рыты, з якой Зміцер не бачыўся ўжо з паўгода, насцярожыла яго.

Доўгія цені дрэваў леглі праз вуліцу імя Міколы Ермаловіча, у паветры валадарыў пах квітнеючага цёплага летняга месяца, калі здаецца, што ўласнае жыццё бясконцае, а шчасце абкружае чалавека, як сіняя хваля – чарнаморскага дэльфіна...

Рыта пазірала на Змітра вабна і чамусьці ўрачыста, нібы нечакана выйграла сто тысяч еўра ў латарэю, і толькі дзесьці ў глыбіні ейнай таемнай жаночай душы Зміцер угледзеў след напятай увагі.

– Цябе можна павіншаваць, любы. Паваліць самога Пятакова... Увесь калектыў і сам рэктар задаволены.

– Гэта правакацыя, – чамусьці гучна прамовіў Зміцер і міжволі азірнуўся па баках.

– Шкада. А мне прамова спадабалася. Шчыра. Ёсць дзеячы ва ўладных колах, што згадзіліся з ідэяй аб чорных жалобных повязях да таго часу, пакуль не будзе адноўлены Савецкі Саюз.

Рыта чэпка зірнула ў вочы Змітру і, нічога не ўбачыўшы на свежым твары маладзёна, змяніла кірунак гаворкі.

– Напэўна, прыйшоў час нашага с табой развітання, любы.

Апошнія словы сведчылі, што прагматычная Рыта ўзяла на ўзбраенне жаночую тугу і прыліпчывасць, якой так палохаюца ўсе мужчыны.

– Што ты прыдумляеш? Мы даўно ўжо с табой развіталіся, Рытачка.

– Не кажы, мілы. Мы наканаваны адзін для аднаго, любы.

Гэтым сваім «любы» Рыта быццам забівала цвікі ў ягоныя скроні і сэрца. Зміцер не паказаў сваю нервовасць маладой жанчыне, ведаючы яе выключную чэпкасць пры дасягненні акрэсленай мэты.

– Дарэчы, я хачу цябе папярэдзіць, любы. Ёсць асобы, якія цалкам нязгодны з выступам Зіновія Позьняга. Яны будуць доўга, упарта нюхаць. За ўсё трэба плаціць, любы, за поспех таксама.

– Ну ты і хітруння, Рытачка. Сапраўдная жанчына. Як спрытна ты праштурхоўваеш сваю ўласную зацікаўленасць. Я так думаю, што ты збіраешся замуж, але не хочаш мяне крыўдзіць і так мякка сцелеш на развітанне. Хто ён, шчаслівы выбранец, бацька тваіх будучых дзяцей?

Гэтым слоўным пасажам Зміцер перавёў размову ў зусім іншы напрамак, працягваць які было б непрадбачліва з боку Рыты.

Яна стаяла побач – маладая палкая жанчына ў чорнай скураной спадніцы, што мякка аблягала яе спакуслівыя сцёгны, і каляровай файнай ядвабнай блузцы. Прыйшоў час іхняга развітання, трэба было рабіць гэта цывілізавана і рахмана, як аднойчы тлумачыў Алесь...

Рыта нарэшце ўзрушана прызналася, што атрымала накіраванне на працу ў Маладэчна. І што тыя, хто абяцаў ёй месца ў сталіцы, раптам адмовілі ёй у сваёй дапамозе.

– А рэктарам у вас будзе Мардзюховіч, – ужо злосна дадала Рыта і чамусьці ў скрусе ўздыхнула.

У гэты вечар Зміцер трымаўся ветліва, але адначасова стрымана. Нейкая адлегласць

узнікла паміж маладымі, і вельмі чуйны, уражлівы Зміцер адчуў прысутнасць некага трэцяга, хто ўздзейнічаў і ўжо валадарыў маладой жанчынай. Чамусьці гэты трэці выпраменьваў небяспеку, і чым больш углядаўся Зміцер у новую, ужо незнаёмую яму Рыту, тым больш ён адчуваў гэту небяспеку. Несвядома яна вылучала тыя флюіды, якімі набрыняла ад таго, трэцяга, і цяпер Зміцер як бы пераймаў гэта выпраменьванне.

Яны змарнавалі яшчэ з чвэрць гадзіны, і ў Змітра склалася ўражанне, што мэтай сустрэчы была спроба высветліць, ці мае якое дачыненне ён да прамінулай падзеі і, магчыма, папярэдзіць яго.

Ён праводзіў Рыту да прыпынку арбона, пацалаваў на развітанне яе мяккую ручку. Ягоная ветлівасць і ўдзячнасць да яе прымусілі Рыту суцішыць сваю незадаволенасць. Развіталася яна досыць лагодна.

 

IX

 

Падзеі, што адбыліся ў гуманітарным універсітэце, атрымалі вялікі розгалас па ўсёй сталіцы і нават за межамі краіны. Канечне, у буржуазна-дэмакратычнай краіне, якой-небудзь Гішпаніі ці Нямеччыне, аніякай няёмкасці і збянтэжанасці не было б. Ну выступіў з прамовай лідэр апазыцыі, ну і што? Сабака брэша, а караван ідзе. Але ў краіне, дзе чынавенства са скуры вылузваецца, каб дагадзіць вышэйстаячым уладаносьбітам – наадварот, у агмень ганебнага здарэння падкідваюць паліва, каб ён палаў і разгараўся.

Тэрмінова створаная рэктарам камісія з удзелам дасведчаных спецыялістаў універсітэта сыстэмна і хутка вяла вышуковую працу. Апытанне ўсіх выкладчыкаў, тэхнічных работнікаў, навучэнцаў і саксупаў1 не дало вынікаў. Праз тыдзень уедлівай і ўпартай працы камісію запрасілі на паседжанне рэктарата універсітэта.

Вось на гэтае паседжанне, папярэдне вывучыўшы ўсе матэрыялы і шматкроць перагледзеўшы тэлезапіс святкавання, і прыехаў першы намеснік міністра Сымон Апанасавіч Мардзюховіч.

Перад паседжаннем, будучы ў габінеце ўдвох з рэктарам, намеснік напружана і цяжка маўчаў. Рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў цярпліва трываў гэтую прамаўчанку і, нарэшце не вытрымаўшы, зазначыў:

– Прынамсі той, хто ажыццявіў гэтую акцыю, – здольны і нават таленавіты чалавек.

– Ніхто і не сумняецца, што Зіновій Позьні таленавіты самародак.

– Так, але адзін, нават і таленавіты, чалавек гэткае дзейства не ажыццявіць. Трэба не менш за дзве ці тры асобы, каб правесьці ідэалагічную дыверсію. Калі б было больш, мы б ужо ведалі. Значыць, двое ці трое! Можна толькі здагадвацца...

Мардзюховіч зірнуў на П’янкова ўрачыста і чамусьці вабна, быццам хацеў выйграць сто тысяч еўра ў латарэю, і дзесьці ў глыбіні ягонай таемнай чыноўніцкай душы рэктар здолеў угледзець след напружанай увагі.

– Цябе можна павіншаваць, Сцяпан Ахмедавіч. Я ведаў, што ты здольны, але не ведаў, што да такога ўзроўню. Паваліць самога Пятакова, гэтага чужога «крата», запушчанага ва ўніверсітэт. Усё міністэрства і нават сам гаспадар у захапленні.

– З пэўных крыніц маеш звесткі? Дзякуй, але гэта не я. Не правакуй мяне, гэта не я.

– Шкада, калі не ты. Мне прамова Зіновія Позьняга спадабалася, і не толькі мне. Шчыра і трапна. Ёсць некаторыя вельмі ўплывовыя людзі ва ўладных колах, што пагадзіліся з ідэяй аб чорных жалобных повязях замест юбілейных медалёў і значкоў да таго часу, пакуль не будзе ўзноўлены і адбудаваны Савецкі Саюз.

Мардзюховіч пранікліва зірнуў у твар П’янкову, убачыў толькі яго збянтэжанасць і разгубленасць і дадаў:

– Дарэчы, я хачу цябе папярэдзіць. Ёсць ва ўладных колах і другія ўплывовыя асобы, якія катэгарычна нязгодныя з выступам Зіновія Позьняга. Яны будуць слухаць, нюхаць, выглядаць хоць год, пакуль не знойдуць крайняга. Новая буржуазія не хоча вяртання феадалізму, няхай сабе і сацыяльна абароненага.

Рэктар, напята хаваючы сваю няўпэўненасць і нервовасць, перайшоў да канкрэтыкі і прапанаваў сваю версію падзей.

– У нас ёсць на прыкмеце некалькі неардынарных студэнтаў. Да прыкладу, «таварыш Маўзер» і ягоны сябар, пяцікурснік Паддубскі, ёсць яшчэ некалькі чалавек, што зацікаўленыя, каб утапіць прафесара... А прафесара Пятакова шкада.

Рэктару трэба было стварыць такое агульнае меркаванне ў кіраўнічых колах, дзе прафесар быў толькі ахвярай непрыемнай падзеі. Нельга было дазволіць узнікнуць нават і ценю думкі, плёткі ці гіпотэзы, што рэктарат універсітэта, крый божа, мае нейкае дачыненне да гэтага непрыемнага і вельмі двухсэнсоўнага здарэння.

Сымон Апанасавіч моўчкі гартаў справу «ідэалагічных дыверсантаў», азіраў гаспадарчым вокам шыкоўны габінет, углядаўся ў рэктара, у ягоны шыкоўны пільчак, гадзіннік «Ролекс» на руцэ і прыкідваў, колькі дзесяткаў тысяч даляраў здымае ва ўласную кішэнь з нівы вышэйшай адукацыі Сцяпан Ахмедавіч. Рэктар адчуваў цяжкасць моманту і, дастаўшы з сейфа пачатую бутэльку арманьяку – намеснік міністра любіў добры каньяк, хоць і не злоўжываў, – разліў у два кілішкі. Мардзюховіч адмоўна пахітаў галавой – кепскі знак, – кілішка не ўзяў і ў роздуме запытаў:

– Стрэлачнікаў шукаеце? Доказы ёсць? Доказаў, як я ведаю, няма. Абодва вашыя «дыверсанты» маюць алібі, бо на момант выступу Зіновія Позьняга знаходзіліся ў зале. Я разумею, што калі ворагаў няма, то іх ствараюць, каб зваліць на іх уласныя хібы. І чаму табе шкада прафесара? А сябе не шкада? Пятакоў стварае ворагаў на роўным месцы, гэтаму яго калісьці вучылі ў спецвучэльні. Яму выгадна знішчаць маладых і таленавітых канкурэнтаў. А нам сёння патрэбныя педагогі, сейбіты, садоўнікі, што шукаюць і ствараюць таленты, узгадоўваюць будучых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Тых, хто не рынецца па даляры на Захад. Будзе працаваць на Радзіме, дзеля Бацькаўшчыны, гэта значыць, на нас з табой.

Рэктар ледзь не вываліўся з крэсла: дзяржаўная канцэпта мянялася на вачох.

– А што падумае і скажа Масква? – асцярожна вымавіў рэктар.

Намеснік міністра не адказаў на пытанне, і гэткі ягоны крок уваходзіў у запланаваную размову. Няхай думае. Калі пачне сумнявацца ды звяртацца некуды яшчэ, пойдзе ўслед за прафесарам. Намеснік не хацеў казаць, што Масква нарэшце сама зразумела каштоўнасць беларускай, як, дарэчы, і ўкраінскай дзяржаўнай ідэі для расійскага выжывання.

– Нам патрэбны не проста здольныя, а таленавітыя, прафэсійныя. Ад няздараў у нас у вачох зацемкі пачынаюцца. Добры фільм зняць не могуць. Усё грошай не хапае. Колькі ні давай – усё мала. І вынікаў аніякіх. Балбатуны, шпегі, саксупы. Інтрыгі, даносы, заціранні, вынікі дробныя і неканкурэнтныя. Працаваць няма каму. Твой Пятакоў усё жыццё прашвэндаўся ў контрвыведцы, прафукаўшы там вялікую дзяржаву, а сёння ўжо прафесар гісторыі і філасофіі! Навуковец?!

Твар у рэктара Сцяпана Ахмедавіча П’янкова нібыта скамянеў і выпраменьваў непрыхаваную нязгоду.

«Сёння ж разнясе па ўсіх інстанцыях, – зразумеў намеснік міністра. – Не ў нос іхняму кодлу. Хочуць і далей імітаваць дзейнасць, браць хабар і не трымаць адказнасці. Ну-ну. Прыйдзецца табе, Сымон Апанасавіч, закасваць рукавы».

Намеснік міністра ўзняўся, каб ісці на паседжанне тэрміновай і надзвычайнай камісіі, марудна рушыў па габінеце да дзвярэй, змрочны і злосны, з моцна прыхаванай застарэлай роспаччу ў душы, якой так і не ўгледзеў рэктар.

 

1 Саксуп (наватвор) – сакрэтны супрацоўнік.

X

 

На паседжанні камісіі доктар філасофскіх навук прафесар Заядалін Павел Паўлавіч, былы ветэран спецслужбаў, выказаў нязвыклую версію прамінулых падзей. Узяўшы слова, ён узняўся з-за стала, не спяшаючыся ўздзеў акуляры і, прыгладзіўшы правіцай плех, важка прамовіў:

—Хачу выказаць сваё меркаванне: ніякага Зіновія Позьняга на сустрэчы не было! – пераканана зазначыў ён і, пачакаўшы, пакуль у габінеце сціхне водгук здзіўлення, працягваў далей: — Па маім запыце аналітыкі кампетэнтных органаў зрабілі экспертызу тэлевыступу так званага Зіновія Позьняга. Голас быў сапраўды Зіновія Позьняга, а аблічча між тым было не яго.

—Чыё ж гэта было аблічча? – перапытаў намеснік міністра адукацыі Сымон Апанасавіч Мардзюховіч і ўважліва зірнуў на сямідзесяцігадовага доктара навук.

Той, будучы заслужаным і ганаровым ветэранам органаў, упэўнена і разважліва працягваў выкладаць свой варыянт падзеяў:

– Гэта таленавіта зробленая містыфікацыя. Выдатная праца візажыста, што стварыў пераканаўчы вобраз Зіновія Позьняга... Мікрафоны ў зале былі адключаныя, а да дынамікаў праз універсітэцкі радыёвузел была падключана магнітафонная версія выступу сапраўднага Зіновія Позьняга, які, дарэчы, знаходзіўся ў гэтую хвіліну ў Варшаве. Асоба, якую мы бачылі каля мікрафона ў вобразе лідэра апазыцыі, толькі бязгучна разяўляла рот і махала рукой. Праўда, не зусім зразумелая мэта гэтай прафесійнай акцыі. Што гэта? Варожая дыверсія супраць міждзяржаўных дачыненняў? Жарт? А можа, нехта адпомсціў прафесару Пятакову за ягоную прынцыповасць?

– Вы гэта ў нас пытаецеся? – нярвова запытаўся рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў, які старанна імкнуўся стварыць уражанне, што кіруе плынню вышуку. Думка Заядаліна спачатку спадабалася яму сваёй магчымасцю для манеўра, хоць і раздражняла старэчым шматслоўем. Але ў якім святле пры гэткім варыянце магло б выглядаць кіраўніцтва універсітэта, ды і сама ўлада? Пэўна, у смешным, нават анекдатычным! У гэтым выпадку не толькі рэктар, але і ўвесь рэктарат і нават супрацоўнікі міністэрства з трэскам страчвалі свае пасады.

Намеснік міністра асветы Мардзюховіч пільна слухаў Заядаліна, задумліва варушыў сваімі махнатымі рудымі бровамі, чым нарэшце збянтэжыў ветэрана, які разгублена гартаў старэчай дрыготкай рукой лісты з матэрыяламі камісіі, блытана адказваў на пытанні, мусолячы ўжо агучаную версію пра наўмысны зман. Нарэшце чырвоны, узмоклы і злосны Заядалін сеў за стол.

Гаварылі шмат і доўга, выказвалі самыя неверагодныя гіпотэзы. Меркаванне Паўла Паўлавіча не здабыло падтрымкі найлепшых аналітыкаў універсітэта, бо перакладала адказнасць з боку спецслужбаў на рэктарат універсітэта. Да таго ж гэта была б маральная перамога апазіцыі, якая паставіла б уладу ў смешнае становішча.

Дасведчаны намеснік міністра цярпліва выслухаў усе меркаванні, нічым не выказваючы свайго стаўлення да справы. Выслухаўшы ўсіх, Сымон Апанасавіч зірнуў на гадзіннік вытворчасьці менскага завода ‘’Прамень’’ і жорстка, так што ні ў кога з прысутных не ўзнікла нават і ценю нязгоды, зазначыў:

– Камісія сваёй працы не выканала. Яна гатова спусціць справу на тармазах. Здзейснена нахабная ідэалагічная дыверсія, нанесена непапраўная шкода міждзяржаўным дачыненням, зняважаны ветэраны. Гэта першае. З другога боку, чаму таленавітыя людзі працуюць на нашых незычліўцаў? Чаму не на Айчыну?! Чаму не заўважаем таленавітых? Не вылучаем іх!? Таленту патрэбна ўвага і цеплыня, матэрыяльная падтрымка. Між тым ва універсітэце назіраюцца выпадкі цкавання здольных навучэнцаў паводле нацыянальных адметнасцяў. Некаторыя выкладчыкі не валодаюць і, самае галоўнае, не хочуць ведаць адну з дзяржаўных моваў. Выказваюць знарок падкрэсленую грэблівасць, тым самым распальваюць агмень міжнацыянальнай варожасці.

Дзябёлы, мажны намеснік, заўсёды ветлівы і выхаваны, часцяком вясёлы, цяпер быў нязвыкла суворы, глядзеў з-пад касматых броваў незадаволена, без усялякай літасці, і рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў зразумеў хісткасць свайго становішча.

– Скажу болей, некаторыя адказныя кіраўнікі, выкладчыкі, навукоўцы стварылі манаполію, супольнае кола навуковай і выкладчыцкай дзейнасці і нішчаць самых таленавітых і здольных. Сфармавана выява ворага ў выглядзе мясцовых энтузіястаў нашай дзяржавы. Сёння нам гэткія людзі не патрэбны. Сусветная эканоміка, тэхналогія, навука імчаць наперад. Беларуская мова нам не вораг, гэтаксама як і сапраўдная гісторыя краіны. На гэтым прапаную абмеркаванне скончыць, брацца за настойлівую працу.

Намеснік крыху памаўчаў, паглядаючы востра і калюча на чальцоў камісіі, нават ветэран органаў не вытрымаў ягонага едкага позірку.

– Прапаную старшыню камісіі па святкаванні прафесара Пятакова А. А. адпусціць на пенсію, справу закрыць. Сур’ёзнае следства – гэта праца для дзяржаўнай камісіі, для прафесіяналаў. Яна зоймецца вывучэннем сучаснага становішча навучання і выхавання ва універсітэце.

Гэткае рашэнне нечакана задаволіла прысутных. Для прафесіяналаў, то няхай будзе для прафесіяналаў.

...Ідучы па доўгіх калідорах універсітэта, Сымон Апанасавіч адчуваў, як унутры яго нараджаецца нейкі малады жыццёвы ўздым, і новыя сілы ўліваюцца ў ягоныя яшчэ моцныя шлункі. Паціскаючы на развітанне далонь Сцяпану Ахмедавічу, намеснік міністра на імгненне весела ўсміхнуўся, пераблытаўшы гэтым думкі рэктара, і важка дадаў:

– Без патрыётаў і энтузіястаў, Сцяпан Ахмедавіч, аніякія грошы не дапамогуць. Ці не таму мы і прафукваем сваю дзяржаўнасць.

Развітаўшыся з рэктарам, ужо на вуліцы, ён азірнуў вясёлым позіркам Грунвальдскую плошчу і нечакана для сябе з імпэтам праспяваў «...Палыхне ўначы пажар, і паходнаю трубой зноў пакліча нас з табой на мужны бой!..».

Сымон Апанасавіч нібы выпіў кубачак добра згатаванай кавы і быў у тым узрушаным, нават шчаслівым стане душы, можа ад вясны, што буяла вакол, ці блакіту вечаровага неба, ад добраўпарадкаванай Грунвальдскай плошчы, а мо ад блізкай уласнай будучыні. Ён павольна – каб не страціць гэты юнацкі, узнёслы стан душы, не расплёскаць яго – ішоў да прыпаркаванай бліскучай «Нісаны».

Ужо адчыніўшы дзверцы легкавіка і сядаючы за стырно, ён раптам выразна адчуў, што ўсё, аб чым з такім натхненнем, пераканаўча і гіпнатычна прамаўляў Зіновій Позьні, цяпер было толькі незваротнай гераічнай гісторыяй прамінулага індустрыяльна-феадальнага грамадзтва.

 

2008 г. г.Менск

 

Рэванш

 

‘’Бар’ер пасрэднасьці не кожнаму ўдаецца адолець. Гэта даволі мудрагелісты перавал.

А зрэшты, пасрэднасьць – з’ява пашыраная і надта тонкая. Да яе так проста і лёгка

прызвычаіцца: пройдзе некаторы час – і ўсё пасрэднае пачынае ўспрымацца як належнае,

як эталон звычайнасьці...’’

Алесь Масарэнка. ‘’Верзяя’’

 

I

 

Напачатку сьнежня, калі цемра зрабіла магутны наступ на вясковыя абшары і нуда пачала запалоньваць чалавечыя душы, вось гэткім восеньскім суботнім ранкам настаўнік біялогіі Вітаўт доўга і старанна галіўся і потым гэтак жа пільна азіраў свой твар у люстэрку. Стоячы босымі нагамі на жоўтай халаднечай падлозе, у сініх спартовых портках і цяльняшцы, ён уважліва спыніў позірк на сваім абліччы, як быцам імкнуўся зразумець, на што ён варты. З люстэрка на яго ўзіраўся ружовы, шчыры, задумлівы твар з сінімі вачыма і канадскай прычоскай русых валос.

Вітаўт адчуваў сябе крыху зьбянтэжаным. Сяньня быў 26 дзень яго нараджэння. Чароўны час супержыцьця імкліва ляцеў, між тым бракавала патрэбнай якасьці існавання. Патрэбен быў скок у сьвядомасьці, нейкі новы дыскурс у новым накірунку.

Пакрысе Вітаўт, яшчэ покуль малады чалавек, сасьпеў да высновы, што яму трэба тэрмінова жаніцца. Менавіта цяпер Вітаўт пакутліва вырашаў, як і з кім ажыцявіць гэну адметную і няпростую падзею. Урэшце гэта такое складанае для мужчыны жыцьцёвае пакліканьне, калі ён раптам досыць ясна разумее, што сутнасьць быцьця недасяжна, што адкладваць надалей з гэтым пытаннем небясьпечна, і што пара, брат, жаніцца, запрагацца і цягнуць уласны сямейны воз.

Па рознаму жэняцца людзі. Іншага жанілка прымушае нечакана стаць сямейным чалавекам. Ён яшчэ не пасьпее і агледзецца вакол, адчуць волю, набыць уласны розум, спланаваць жыцьцёвую хаду, а ўжо зацугляны, зьвязаны, скручаны, прымусова абстаўлены з усіх бакоў рознымі дзіўнымі дачыненьнямі і варункамі, так што крок убок лічыцца злачынствам і выклікае лямант усёй жончынай радні. Глядзіць такі жанішок на жаночую асобу, такую ж несьвядомую, як сам, і верыць, што яна сапраўды непаўторная і вартая. Прынамсі рана ці позна гэны чад і атрута праходзяць і тады, гэткі, ўжо сталы мужык, спрабуе ўзяць у жыцьці рэванш. Бывае што і бярэ, але рэдка.

Мінулае заўсёды дае адказы на жыцьцёвыя пытанні. Дастакова пагартаць старонкі праляцелых гадоў і можна знайсьці адказ на любое пытанне. Год назад Вітаўт трагічна памыліўся, сам выпусьціў сваю жар-птушку. Тады ён з вясны ўсяго на тры-чатыры месяцы паехаў у Расею, хацеў зарабіць на легкавік. Прыехаў пад восень, а ягоная каханая ўжо замужам, і паглядае сваімі сінімі пырскамі з-за мужняга пляча, а перад Вітаўтам стаіць гэткі ўпэўнены чарнавокі паўднёвы чалавек па прозвішчу Мінасян і так непахісна, хоць стаў яго на месца дубовай шулы, цьвердзіць: ''Ізвіні, дарагой. Любоў у нас. Сэм'я. Заходы, дарагой, гостэм будэш.''

Абышоў Вітаўт гэтую дубовую шулу, зірнуў у вінаватыя вочы некалі каханай. І ўвесь сусьвет пахіснуўся перад ім, і ў адзін міг крыштальны гмах мроі разбурыўся і ён грукнуўся з вышыні на цьвёрды і жорсткі грунт рэчаіснасьці.

Прайшоў год, рана з цяжкасьцю загаілася. Між тым нявырашанае пытаньне сяньня паўставала ва ўвесь рост. Ён, у каторы ўжо раз, у душы зайздросціў жанчынам, якія пры любым раскладзе маглі нарадзіць ад любімага чалавека дзяцей і потым усё астатняе жыцьцё ўвасобіць сваё Каханне у сваіх дзецях... І вось зараз Вітаўт псаваў чароўны час свайго супержыцьця ў сельскай глухамані ў далечыні ад цывілізаваных цэнтраў, ад маладых прыгажунь, трацячы маладыя сілы і юнацкі чароўны юр з выпадковымі і дробнымі людзьмі.

Вітаўт пасьнедаў смажанай кілбасой з дзічыны і яечняй на два яйкі. Задумліва выпіў гарбаты, гледзячы на восеньскі сумны абсяг у вакне, на голыя яблыні зь дзе-нідзе замерзлымі жоўтымі яблыкамі на галінах, потым прыбраў са стала. Ён не сьпяшаючыся, апрануўся, узяў тэчку з загатаванымі прыпасамі і пайшоў на двор, сыпануў ячменю курам, памарудзіўшы крыху, пастаяў на двары, назіраючы, як певень задаволена сакоча ў атачэньні свайго гарэму. Вітаўт зачыніў хату — ён жыў ва ўласнай хаце, купленай за грошы, назьбіраныя некалі на легкавік — і пашыбаваў у школу.

Звонку ў вясковым навакольлі валадарыў холад. Паветраныя массы з поўначы абрынуліся на вёску, счапілі марозам шэрую адзервянелую зямлю. Ад таго што сьнег ня выпаў, было брудна, няўтульна, змрочна. Над самым небакраем далёка на поўдні нізка вісеў маленькі бялявы абруч сонца.

Звычайна па выхадных біёлаг часцяком ездзіў на дызелі ў невядомым для жыхароў вёскі накірунку, да невядомай мэты. Мясцовыя жанчыны выказалі меркаванне, што ён ездзіць да чужой не тутэйшай бабенцыі, каб утаймаваць свой чароўны юнацкі юр, але куды і да якой жанчыны — даведацца покуль не ўдалося.

— Надта хітры, — зазначыла загадчыца фермай Фёдараўна, вядомая на вёсцы спрытная і ёмкая кабета гадоў за сорак, якая мела двух дачок і марыла выдаць старэйшую, дваццацігадовую Жану, за маладога настаўніка.

Пасьля непрацяглай барацьбы за месца пад сонцам, расчараваная Фёдараўна выказала меркаванне дасьведчанай, навучанай жорсткім жыцьцём, сталай, усё яшчэ прывабнай і сьпелай жанчыны, якая паспытала гэтага самага жыцьця па самыя ноздры і добра ведала тое, аб чым казала:

— У яго не стаіць!

Гэта быў злавесны і, магчыма, канчатковы прысуд, як удар драўлянага малатка ў амерыканскіх судох, пасьля якога жаночая палова пачала паглядаць на маладога самца з падазронасьцю.

Ідучы ў школу, настаўнік Вітаўт Янавіч на хвіліну зьвярнуў да людзей, што таўкліся на школьным двары, каля разгружанага ад вугля бартавога маза. Тутака стаялі заггас, качагары і ваенрук, пазіралі на шафёра, што завіхаўся каля самахода. Школьны заггас Савельевіч у чорным кажуху нюхаў стылае халоднае паветра і, паглядаючы ў ледзяное блакітнае неба, разважліва казаў, зьвяртаючыся да прысутных:

— Мусіць, сяньня сьнег пойдзе...

— Які сьнег!.. — самотна пярэчыў ваенрук Алег Пятровіч, стомлена пераступіўшы з нагі на нагу. — Неба чыстая, як шклянка, нідзе ніводнай хмаркі.

Савельевіч нічога не адказаў на словы гарадскога чалавека, бо прынюхваўся да студзёнага паветра, што несла з сабой доўгачаканую зіму. Адначасова ён думаў над сваімі шматлікімі штодзённымі справамі. Ягоная добрая знаёмая, кума, загадчыца ФАПа Алеся сяньня, калі ён зранку сьвежаваў ёйнага кабанчыка, выказала яму незвычайную прапанову, каб ён запрасіў да яе ў госьці маладых нежанатых настаўнікаў на сьвяжыну.

— Алеся, Алеся, Алеся, там птушкі пяюць у паднябессі... — мармытнуў заггас, і ва ўяўленьні перад ім паўстала вясёлая – у белым халаце, што падкрэсліваў прыгажосьць яе паставы, з галамі, як два ёмкіх кавуны, і пелькамі, бы дзьве дынькі, спадарыня Алеся. Ён учуў яе мяккі і дзіўны грудны голас:

— Маладым, сам ведаеш, трэба некуды дзяваць сваю мужчынскую напружанасьць. Трэба іх жаніць. Нечага дарэмна марнаваць час і сілы. Чым жа, Савельевіч, я ня жонка для добрага і сьпелага дзецюка.

Зараз школьнаму заггасу хацелася добра падумаць, ці можна запрашаць да пекнай пані Алесі нежанатых, адукаваных і спрытных настаўнікаў. Пакажаш дарогу, а потым і сам не зойдзеш.

Астатнія, што стаялі побач і ўслед за Савельевічам зірнулі ў неба — нежанаты ваенрук Алег Пятровіч у шыкоўнай, нарэшце набытай скуранцы, і ваганосы-качагары ў зацёртых і замусоленых куфайках, што цярпліва чакалі разліку за разгрузку прывезенага вугля – ня мелі ў сёньняшнім дні аніякіх думак і дзейных спраў.

Між тым мазіст Зьміцер марудна абышоў самаход, аглядаючы колы і грукаючы ў іх нагой, абутай у керзавыя боты, запаволена падышоў да кабіны, адчыніў дзьверкі, нечакана спрытна кінуў сваё ёмкае цела ўнутр. Маз завёўся, газануў, накрыўшы прысутных хмарай чорнага смуроднага дыму, ад'ехаў заднім ходам ад кацельнай, разьвярнуўся на шэрым школьным двары і нарэшце зьехаў.

Вітаўт прывітаўся з прысутнымі. Чыста паголены, у файным чорным паліто (з-пад чырвонага шаліка быў бачны пухнаты швэдар), ён вылучаў водар мужчынскасьці, аздобленай пахам прыемнай парфумы. Сціплыя сельскія жыхары адчувалі ягоную маладую сілу. Ветлівы і ахайны, Вітаўт не расчыняўся, не зьмешваўся, нешта незнаёмае прысутнічала ў ягонай маўклівасьці.

Заггас з настаўнікам пайшлі да складу, дзе Савельевіч перадаў настаўніку ладны кавалак сьвежыны, закручаны ў ахайны скрутак кілаграммы на два.

— Трэба праверыць на трахінілёз. Загадчыца ФАПа Алеся сяньня закалола кабанчыка. Як кажуць, беражонага Бог беражэ.

— Праверым. Шмат для аналізу... Хапіла б грам дзьвесьце.

— Астатняе — за працу і клопат.

Заггас змоўчаў, што загадчыца ФАП запрашала іх на сьвежыну.

Настаўнік забраў скрутак і хутка пайшоў у будынак школы. Прысутныя пасунуліся да загадчыка гаспадаркі. Ваенрук рашуча выказаў калектыўнае пачуццё:

— Савельевіч, не марнуй час, плаці грошы людзям. Ім трэба грэцца, бачыш якая халадрыга, і краму могуць зачыніць.

Качагары задаволена заківалі галовамі, ваенрук выказаў набалелае. Пралетарыі ня былі ўпэўнены, што заггас іх сяньня разлічыць. Ваенрук, малады мужчына дваццаці шасьці гадоў, з раніцы сеў на хвост заггасу і на дармаўшчыну хацеў выпіць перад выхадным днём. Савельевіч быў зусім ня супраць. Чым выпіваць з замурзанымі і разумова абмежаванымі вясковымі качагарамі, лепш было секануць з педагогам. Выпіўка з інтэлігентнымі і адукаванымі настаўнікамі аўтаматычна падымала ягоны рэйтынг у вачах аднавяскоўцаў.

Пасля разліку качагараў ваенрук, мацаючы ва ўнутраным кішэні скуранкі запаветную пляшку, па якую ён хадзіў у вясковую краму, покуль Савельевіч кіраваў разгрузкай вугля, прапанаваў заггасу:

— Пойдзем да ліцьвіна, я бачыў у яго габінэце сьвятло гарыць.

У гэты самы час Вітаўт Янавіч адышоў ад мікраскопа, агледзеўшы апошні зрэз мяса, што даў яму заўгас. Сьвежына было добраякаснай, але асцярожны настаўнік ніколі не даваў поўнай гарантыі сваёй праверцы, паколькі сам ня браў узоры. Сёньня ён асабліва ўважліва рабіў аналіз, імкнучыся не зашкодзіць загадчыцы ФАПа, спадарыні Алесі Пятроўне. Пекная жанчына, усяго толькі на восем ці сем год старэйшая за яго, нават зараз пры думцы аб ёй Вітаўт зь зьдзіўленьнем адчуў, як сэрца ўзрушана грукнула ў грудзях.

Вітаўт сноўдаўся па габінэту біялогіі, механічна здымаў з сцен стэнды з малюнкамі разьвіцьця расліннага і жывёльнага сьвету ў мезазойскую эру, мяняў іх на стэнды развіцьця арганічнай супольнасьці ў палеазойскі перыяд. Думкі яго між тым бруілі ў вызначаным раніцой накірунку. Ён глянуў у вакно, як быццам там знаходзіўся адказ на пытаньне, што нечакана паўстала пасля зразуметай нядаўна высновы.

Жаніцца, а што далей? Ён апынуўся ў асяродзьдзі, якое ня мела высокай якасьці жыцьця... Вясковы народ заўсёды знаходзіўся ніжэй агульнаграмадскай ватэрлініі. Перад ім паўстала нязвыклая супярэчнасьць: ці можна быць шчаслівым, будучы бедным?

У дзьверы асцярожна пастукалі, яны прачыніліся, у шчыліну прасунуў кудлатую галаву ваенрук Алег Пятровіч. За ім была бачна постаць школьнага заггаса ў чорным новым кажушку і шэрай заячай кучме.

— Яшчэ раз прывітаньне калегу! Можна да цябе ? Што там паказвае мелкаскоп? Ці можна даваць дазвол на карыстаньне свежыной? А мы вось, перад выхадным днём, вырашылі з Савельевічам зайсьці да цябе пагрэцца. Можа, знойдзеш якую памідорыну?

Біёлаг, што знаходзіўся ў складаным стане пераўтварэньня напоўдзіцячага стану кукалкі ў дарослага вусеня, задумліва зірнуў на сябра.

— Усё ў парадку, можна смажыць. Заходзь, раскажы, як ты клацаў абцасамі на парадзе.

Ваенрук Алег тыдзень назад вызначыўся пры раённых спаборніцтвах дружын грамадзянскай абароны. У заключным парадзе ён ішоў па залітай дажджом плошчы райцэнтра з школьнай дружынай, быццам быў гэта ягоны парашутна-дэсантны ўзвод, дзе-небудзь у Кандагары. Ідучы ўперадзе ў вайсковай дэсанцкай форме, ён так лупцаваў абцасамі апускаючы з сілай прамыя, як аглоблі, ногі, што толькі пырскі вады ляцелі ва ўсе бакі. Пасля парада загадчык рана Андрэй Сцяпанавіч Плешавеня моцна паціснуў руку маладому педагогу і лагодна паляпаў па плячы, сказаў уладныя словы падзякі. Ад гэтай падзякі, поціску рукі кіруючай асобы і паляпваньню па плячы, ваенрук набыў незвычайную пыху і ўсе апошнія дні трымаўся пераможна. Хадзіў па школе з важным выглядам, як той бусел на сенажаці, спрабаваў шчыкаць піянерважатую і ўзбуджана пазіраў на дзябёлых вясковых настаўніц.

Мяняючы накірунак размовы, што магла прывесьці да непаразуменьня і крыўды, заггас Савельевіч прапанаваў маладым мужчынам:

— Можа, неяк адзначым заканчэньне працоўнага тыдня? Зараз вазьму на складзе тое-сёе ды і пойдзем да мяне, абмяркуем заўтрашняе паляванне, — дыпламатычна сказаў ён і паставіў на парту прынесеную з сабой тэчку.

Алег Пятровіч, прамёрзшы каля кацельнай, хацеў сагрэцца і таму прапанаваў:

— Покуль да дому, давай па чуць-чуць для сугрэву і разгону крыві, покуль дырэктара няма.

Прычыніўшы дзьверы на клямку, ён спрытна расстаўляў на стале на разасланую газэту чаркі, бутэльку белай, рэзаў хлеб і сала, чысьціў цыбулю. Стоячы каля стала, мужчыны нетаропка гаманілі паміж сабой, пазіраючы ў вакно, каб убачыць вяртаньне дырэктара, які зьехаў у райцэнтр. Пад вечар у школе засталіся толькі прыбіральшчыцы і качагары ў кацельнай.

— А вы самі, Вітаўт Янавіч, амаль зусім не п'яце. — Савельевіч дапытліва зірнуў на настаўніка.

На дзень нараджэньня, на Новы год, на Раданіцу можна ўзяць чарку. Больш няма сэнсу. Гарэлка разбурая розум чалавека. На дне бутэлькі хаваецца нячысцік....

Вітаўт казаў правільныя словы нетаропка, як бы раздумваў і далучаў прысутных да сваіх роздумаў. Але госьці ў такім важным пытаньні не паддаліся пад ягоныя ўзнёслыя меркаваньні. Біёлаг быў чалавек малазнаёмы, і яны толькі зрабілі выгляд, што слухаюць з павагай ягоныя думкі.

— Нішчыць здароў'е , - дадаў Алег, наліваючы чаркі, і павучальна зірнуў на заггаса.

— А навошта тады тое здароў'е, калі нельга і выпіць?

— Мудрае пытанне, Пятровіч. На ім шмат народу скалечыла жыццё, – задумліва зазначыў настаўнік. — Здароў'е патрэбна, каб зарабляць грошы. А потым, каб карыстацца заробленымі грашыма. Усё астатняе дарослыя людзі робяць амаль аўтаматычна.

— А калі няма сапраўднага здароў'я ?

— Тады ўзамен паўстае праблема праходжаньня цыкла. Прайшоў жыцьцёвы цыкл: ўзгадаваў, падняў дзяцей — ужо добра, ужо зьдзяйсьніўся.

— Чаму я не магу ў выхадны дзень з шаноўнымі людзьмі выпіць чарку — другую? Скажы, Савельявіч. Пі ня пі, а пройдзе 50 год — і ў люлю на канчатковы адпачынак.

— Уяві сабе, што мы зараз, узяўшы прыемных кабет, дзе-небудзь у ціхім утульным месцы пацягваем каньячок і заядаем бутэбродамі з сёмгай ды з ікрой.

— Ну, наконт баб — то я за. А каньяк... Ён клапамі ваніць.

— От халера, я ж ня ведаю, як тыя клапы смярдзяць, – зморшчыўся Вітаўт, у каторы раз пераканаўшыся, што высокая якасьць існаваньня не дасяжна ўяўленню пралетарыяў. Алег Пятровіч рашуча махнуў рукой, даючы каманду:

— За тое, каб хацелася і маглося.

Мужчыны чокнуліся і, не марудзячы, хутка кульнулі чаркі. Заггас, выцершы вусны рукой, не сьпяшаючыся ўзяў скібку хлеба, дадаў лустачку нарэзанага мёрзлага сала і, паклаўшы наверх суцэльнае колка цыбулі, прамовіў:

— Эх, моладзь, моладзь, залатыя дзянькі пралятаюць. Жаніць вас трэба. Лепшыя гады йдуць. Покуль ёсьць цікаўнасьць да жаночай палавіны... Праімчыць час, і ўсё скончыцца... Жыцьцё, як той дызель-цягнік, і прэ і прэ ўперад, а калі ідзе ў адваротны бок, то вязе ўжо іншых пасажыраў. Хто зевануў, той праехаў маладое шчасьце. Такія дзеўкі вакол...Эх, каб вярнуць час!..

У апошніх словах заггаса гучала сваё асабістае, некалі нерастрачаная жаданне і ён гэтак недыпламатычна агучыў пытанне, што турбавала ўсё вясковае грамадства.

— От напрыклад, вы, Віктар Іванавіч і вы, Алег Пятровіч, чаму ня жэніцёся ?

Біёлаг пільна глянуў на Савельевіча, яму ўжо надакучылі гэтыя міты і іншы раз недыпламатычныя пытанні ў лоб і ён, нешта ўспомніўшы, з заклапочаным і сур’ёзным тварам адказаў:

— Ёсьцека ў мяне адна знаёмая бабенцыя, у нас з ёй усё чын-чынам. І ёй добра, і мне асалода. Але яна ўжо ў гадах. Дзетародны перыяд у яе скончыўся. А звычайныя жанчыны, тым больш дзеўкі, не падыходзяць, не вытрымліваюць моцы жанілкі.

Ад нечаканасьці Савельевіч утаропіўся ў Вітаўта Янавіча, ваенрук Алег чуць не падавіўся цыбулінай, кусануўшы надта вялікі кавалак.

— Дак калі не на ўсю моц? — зьбянтэжана перапытаў загас.

— Не на ўсю моц не атрымліваецца, вельмі палкі, крэпка ўз’юшваюся і магу скалечыць чалавека.

— Бабу ?… — перапытаў ваенрук Алег, нарэшце пражаваўшы цыбуліну.

— І бабу... Калі быў студэнтам, некалькі разоў хуткую дапамогу прыйшлося выклікаць.

Настаўнік уздыхнуў і ўзрушана прыгладзіў русыя валасы на галаве. Спадарства ніяк не магло зразумець: жартуе ён ці кажа праўду.

— Помню, была вечарына ў нас на Палесьсі і мяне ўгаварыла завуч, такая палкая бабёнка, такія клубы, так і ходзяць, так і ходзяць пад зялёнай сукенкай. Ідзе ходнікам і ўсё ў ёй вытыкаецца, варушыцца, і клубы так і ходзяць, так і ходзяць…

— Ведаў такую, — заггас Савельевіч памацаў аблыселую галаву і праглынуў набеглую ў рот сліну.

— У нас, помню, была бібліятэкарка... Помню, летам я еду на калёсах на луг сена варушыць, а яна з сяброўкай ідзе на рэчку і ўсё ў ёй так і ходзіць, так і вохкае… Потым малады аграном забраў яе ў жонкі, — у апошніх словах заггаса гучала крыўда.

— Дак што завучыха? — перапыніў заггаса ваенрук Алег.

— Ну, пайшлі мы з ёй у адзін з габінэтаў, здаецца, геаграфіі, покуль там усе танчылі ды сьвяткавалі. Ну, я як той адбойны малаток, як замалаціў, то яна як заенчыць, а я прыпыніцца не магу, ачуняў толькі, калі мяне дырэктар школы з фізруком за плечы сцягнулі. Вэрхал быў страшэнны, чуць не пасадзілі. Добра, што прызналася следчаму, што па добрай волі.

Уяўленьне маладога настаўніка, падагрэтае выпітай гарэлкай, лёгка несла яго ўперад. З сур’ёзным выглядам ён, не сьпяшаючыся, вымалёўваў дэталі.

— Дырэктар, неблагі мужык, атрымаў вымову з занясенем ў парткартку, завуч з мужыком з'ехала, а я вось такім чынам трапіў да вас.

Ён змоўк, востра перажываючы перыпетыі прыдуманай мінуўшчыны, суразмоўцы таксама маўчалі, уражаныя драматызмам прамільгнуўшых падзей. У вокнах пачынаў сінець зімовы вечар.

— Мусіць, сьнег пойдзе, — задумліва перапыніў усталяваную цішыню Савельевіч. Заггас у думках вярнуўся ў шчаслівыя дні маладосьці і зараз уяўляў, як ён кавалерыць бібліятэкарку, малодзенькую, сьвежую, спакуслівую, духмяную... Вось ён кажа пяшчотныя словы, вось лашчыць... цалуе... і потым, канечне, гэхае... гэхае... гэхае...

— Вып’ем за каханне, — перапыніў маўчаньне ваенрук і пачаў разліваць гарэлку, што яшчэ засталася ў бутэльцы.

— Так, так, за каханьне, — падтрымала кумпанія. Яны выпілі, закусілі... Але гарэлка скончылася, і ўзьнік так нелюбімы мужчынамі прамежак, за якім хавалася жыццьёвая пустэча.

— Я так думаю, што вашу бяду можна паправіць.

Дасьведчаны заггас, будучы вынаходлівым гаспадаром, подумкі спрабаваў вырашыць паўсталыя перад маладым самцом праблемы.

— Можна паспрабаваць павялічыць адлегласць паміж каханкамі з дапамогай гумовых колкаў. Акрамя таго можна з трэцяй пазыцыі.... Дарэчы вельмі ўзбуджае.

Сьмяшлівы ваенрук чуць ня ў покат сьмяўся, уяўляючы вырашэньне жыцьцёвай складанасьці прапанованай заггасам.

Біёлаг доўга глядзеў на Савельевіча. У ягоным позірку было нешта недасяжнае для ўсьведамленьня прысутных, быццам ён ведаў нешта такое, чаго ніхто ня ведаў. Нейкія глыбачэнныя таямнічыя віры бруілі ў глыбіні гэтых цёмна-сініх балцкіх вачэй. Яны высмоктвалі з чалавека ўсё яго пражытае сьвядомае і несьвядомае жыцьцё з яго марамі, надзеямі і дробнымі жаданьнямі.

Вітаўт Янавіч ачуняўшы матнуў галавой, адганяючы цяжкія думкі і выбойна зацьвердзіў:

— Я амаль згодзен. Толькі трэба было б зрабіць выпрабаваньне Вашай прапановы.

— Дак у чым справа ?

— Па-першае, патрэбны гумовыя колкі, па другое, аб'ект для выпрабаваньня.

— Які аб'ект? Бабу?

— Верагодна, так.

Суразмоўцы зьбянтэжана ўзяліся за галовы. Дзе ты яе возьмеш, вольную жанчыну ў вёсцы! Тут усялякая маёмасьць пад пільным прыглядам уладальнікаў.

— Трэба жаніцца.

— Жаніцца нельга без выпрабаваньня. Можна скалечыць жыцьцё маладой дзяўчыне, — сувора зазначыў Вітаўт. Савельевіч панура падтрымаў ягонае меркаваньне, хітнуўшы галавой. Ён ужо ўнюхаў сваім сялянскім інстынктам тую пастку, куды кіраваў яго гэты культурны і нечакана спрытны інтэлігэнт.

— Справа ў тым, што гумовага колка няма. Трэба час для падрыхтоўкі.

— Адклад ня йдзе ў лад.

Падпіты ваенрук таксама быў настойлівы і ўпарты.

— Стасункамі трэба карыстацца тады, калі яны ўзьнікаюць. Мы і так шмат прачакалі. Уперад да перамогі! Ёсьць другі варыянт. Галоўнае, што трэба сталая жанчына, якая мае жыцьцёвы досьвед, была замужам, але зараз вольная. Мне здэцца, што загадчыцца ФАПа, удава пані Алеся — якраз тое, што трэба.

Алег Пятровіч агучыў думку, што ўжо віравала ў паветры. Тутака ён утварыў зьдзіўленьне на твары і таемна зазначыў:

— Але ж і ёмкая бабенцыя пані Алеся, проста дух пераймае. Я б зразу капітуляваў перад ёй, як той фельдмаршал Паўлюс у Сталінградзе.

— Но-но, хлопцы, на яе ўжо пакладзена вока ўплывовых людзей.

Заггас зрабіў важны выгляд, але дзесьці ў пачатку свайго прамаўленьня крышку засьпешыў і тым самым засьведчыў уласную зацікаўленасьць.

— Савельевіч, вы мяне зьдзіўляеце. Зараз жа не прыгонны лад, калі адзін пан зьяўляўся ўладаром і трахаў усю вёску. Цяперака дэмакратыя, усе роўныя, і калі вы, ці я, ці Алег, а таксама жанчыны, хочуць кахацца, то на здароў'е. Ніхто ім ня мае права перашкодзіць.

— Э не, брат! Гэта вы самі дзівак. Яшчэ адукаваны чалавек. Не разумееце, што і ў сучасным жыцьці просты чалавек, няхай сабе і адукаваны, павінен атрымліваць жыцьцёвае шчасьце згодна чаргі. Станьце ў чаргу! Як усе!

Заггас стаяў насьмерць, у ягоных словах гучала непрыхаваная крыўда, апошняя мяжа спакою, за якой праглядалася роспач.

— Якая к хранам чарга? Савельевіч! Чалавеку трэба тэрмінова жаніцца. А ты чарга— чарга...

Алег Пятровіч сёк праўду-матку, не зьвяртаючы ўвагі на складанасьці жыццьёвай сытуацыі. Між тым біёлаг уважліва разглядаў заггаса.

— Вы мяне зацікавілі, Савельевіч, дальбог зацікавілі. Трэба зірнуць больш пільна.

— Зірніце, зірнуць дазваляецца.

— Што вы такі баязлівы, Савельевіч? Усяго на сьвеце баіцёся ?

— Пажывеце, Віця. Жэніцеся. Народзяцца дзеткі. Спатрэбіцца кароўка. Сена для кароўкі. Добрая праца для жонкі. Дровы. Бульбачку захочаце пасадзіць. Грошыкі захочаце зарабіць... А без улады гэта ўсё немагчыма. Было і да вас шмат ''герояў''. Частка зьехала, а большасьць скарылася, прыгнула галовы. Супраць праўды жыцьця не папрэш.

— А што такое праўда жыцьця ? Як ты думаеш, Вітаўт?

— Жыцьцёвая праўда большасьці – гэта, брат, каб была скварка і была чарка, каб хацелася і маглося, і каб ні было вайны.

— А праўда меншасьці ?

— Тутака адной скваркай не абыдзешся. Відаць, якасьць... Якасьць жыцьця ?! Да таго ж меншасьць хоча дамінаваць?

— А для цябе?..

— Каб я ведаў ... Вось, думаю, можа сяньня знайду адказ на гэта пытанне.

— Жаніць цябе трэба. Чым бібліятэкарка Жанна не файная дзяўчына?

— Згодны. Але патрэбна выпрабаваньне.

Маўклівы Савельевіч, нешта падумаўшы, нечакана прапанаваў.

— Можа, пойдзем да мяне дадому? Смажаная сьвежая пячонка з цыбуляй, капустка з журавінамі і чысцюткая, як божая раса, жытнёвая...

— Што занадта – то нядобра.

— То давай заўтра па парошы на зайцоў!..

— Думка чароўная. Зайцы — гэта вельмі актуальна. Але лепш было б папаляваць на ліс. Каб наш сябар Савельевіч запрасіў на сьвежыну да пані Алесі. Га?

Зьбянтэжаны заггас змоўчаў, уздыхнуў, успамінаючы праляцелае сумнае жыцьцё і з журбой пакруціў у руцэ пустую стограмоўку.

— Што вам маладым тлумачыць! Алеся, Алеся... Што вы ведаеце? Ла-ла-ла, ля-ля-ля, а самі ні чорта ня ведаеце. Што вы пра Сталіна ведаеце? Тады б гэтак не пасядзеў у школе... А пасьляваенны час? Выжыць было ня проста, ня тое што цяпер. Вераб'ёў елі, а жаніліся па патрэбе, а не па каханьню. Каб хату збудаваць, на сабе бярвеньні з лесу цягалі. А колькі людзей жыло некалі ў вёсцы... Скока моладзі... Цяперака большасьць жыве ў вялікіх гарадах. Тут засталіся слабакі... І вы ...таксама... Ля-ля-ля, ла-ла-ла, а самі нічога ня петрыце. Мінулага ня ведаеце. А як даведаецеся, зразумееце сэнс жыцьця, то ўжо будзеце старымі, аблезлымі, ні на што няздольнымі пердукамі.

Біёлаг, ізноў пранікліва зірнуўшы на заггаса, адчуў ягонаю глыбокую маркоту. Ён зірнуў на гадзіннік, потым у вакно, дзе разам з цемрай пайшоў густы сьнег, і зразумеў, што дырэктар не прыедзе, ці прыедзе занадта позна, пусьціў руку пад стол і нечакана для прысутных выцягнуў пляшку брэндзі, бляшанку шпрот, мяккі белы батон, сыр і шматок кракаўскай кілбасы. Кумпанія зразу ажыла і набыла амаль страчаную еднасьць.

— Паглядзі, Савельевіч, на ваенрука. Малады, сімпатычны, прыгожы, а розум дзіцячы, нямашака сапраўднага розуму. Кідаецца на ўсё, што варушыцца. А навошта? Дзе якасьць дзейства? А хваробы? А СНІД ? Не-е-е, так, брат, не пойдзе...

— А як пойдзе? — ваенрук Алег трымаўся на дзіва спакойна.

— Якасьць жыцьця, брат, — гэта табе не ля – ля — ля... От прызнайся, хто табе, акрамя загадчыцы ФАПа, удавы пані Алесі, яшчэ падабаецца з нашых тутэйшых жанчын ? Хто, так сказаць, хвалюе тваю кроў і можа паклікаць на подзьвіг?

Настаўнік утаропіў настойлівы, пранізьлівы позірк на Алега.

— Ты ўсё піянэрважатую шчыкаеш, неяк несурёзна. Дарослы мужчына.

— Па-праўдзе кажучы, — падпіты Алег уздыхнуў і нечакана прызнаўся, — моцна мне падабаецца, аж далоні пацеюць, наша філёлаг Ала Васільеўна! Ёй бы здаўся зразу, так бы і ўкленчыў, абчапіў рукамі ейныя ногі і страціў рэшту сумленьня.

— Што ? — заггас Савельевіч спалохана азірнуўся па баках габінэта.

— Здурнеў ці што ?

— Голас маджахеда. Дай руку, Алег Пятровіч!

Біёлаг мужна паціснуў руку Алегу. І, ўзяўшы бутэльку, пачаў разьліваць па чарках брэндзі. Ваенрук рыхтаваў лусьцені, наразаючы батон, і працягваў тлумачыць свой сьветапогляд.

— А як вы думалі, любіць, то каралеву, красьці, то мільён!

— Ды вы што? — сцішана перапытаў заггас і трывожна зірнуў на дзьверы габінэта.

— Савельевіч, памаўчы, сам казаў, што тваю каханую зьвёз аграном. А хто такі дырэктар саўгаса, той самы аграном. Прыехаў аднекуль, хрэн ведама адкуль, тыповы азіоп, качэўнік. Кінуў сям'ю з двума дзяцьмі...

— Ты што? Ня можа быць?

— Вось табе і што! Трэба нарэшце, Савельевіч, вучыцца браць у жыцьці рэванш. Гэты феадал кінуў жонку з дзеткамі дзесьці ў Расеі і прыехаў да нас хавацца ад аліментаў. І тутака захапаў дваццаціпяцігадовую прыгажуню. Наставіць яму рогі! Вып'ем за рэванш.

— За рэванш!

Заггас торгнуўся рукой да чаркі, але рука, зрабіўшы плаўны рух уперад, нечакана затрымалася і пачала павольна вяртацца назад, ня ў сілах зрабіць рашучы крок праз нябачную мяжу. Ён пазіраў на паўнюткую чарку з брэндзі і мармытаў ціха, угаворваючы сваё сялянскае сумленне.

— Едзе па дарозе ў горад, нават не гляне. Не, каб падвезьці! Феадоп!..

Біёлаг узяў чарку і ўставіў яе ў руку заггаса.

— Кінь ты свой сумнеў. Глянь на ягонае пуза і на яго твар: не твар, а пыса. А прозьвішча — Бірукоў. Найшоў каго шкадаваць! Ты шляхетнасьць сваю шкадуй, сваю маладосьць шкадуй. Таварыша, сябра, аднавяскоўца свайго шкадуй.

Яны ўзьнялі чаркі, узнёсла чокнуліся.

— За рэванш!

Спажыўшы дзьве бутэлькі сьпіртовых напояў, яны крадком, каб не трапіць на вочы дырэктара, выйшлі чорным ходам з школы і пашыбавалі ў вёску.

Аднекуль зьверху з сьнежна-белай цемры церушыў і церушыў доўгачаканы сьнег. Ён уладарна зьмяніў навакольле. Прынёс надзею аб пераменах. Вечар і надыходзячая ноч усталявалі вакол чорна-белы сусьвет. Сьнег абсыпаў дрэвы, зямлю, хаты, чароўным чынам памяняўшы вясковыя краявіды.

Біёлаг ішоў побач з Савельевічам, ваенрук Алег пабег на рэйсавы арбон — ён жыў у райцэнтры — упарта цьвердзіў:

— А як жа каханьне? Навошта тое жыцьцё, калі няма каханьня, а толькі звычка?

— Мілок, жыцьцё — гэта дызель-цягнік. ...Хочаш ці ня хочаш, а вымушаны падпарадкавацца. Здзейсьніць цыкл – гэта, брат, не абы што.... За гэта трэ даваць ордэн. Думаеш, падняць дзяцей лёгка? Зрабіць лёгка... а ўзгадаваць, выхаваць, а потым адукаваць... потым жаніць і затым дачакацца ўнукаў...го-го-го... браток. Ордэн, можна сьмела даваць ордэн!

— Скажы, Савельевіч, і гэта ўсё?

Пытаньне біёлага, як ні дзіўна, заггас зразумеў зразу. Ён ўздыхаў і маўчаў, зьбіраючыся з сіламі, каб патлумачыць сябру галоўную ісціну быцьця.

— Хата ў цябе ёсьць і някепская. Малайчына, не прапіў, купіў хату. За гэта цябе паважаюць у вёсцы. Цяперака трэба экіпаж на твой карабель. Без каманды скруха з’есьць. Сябры падсалоджваюць існаваньне, але не вырашаюць праблемы. От я зараз пайду дадому, да сваёй маладзіцы. А ты пойдзеш да сваёй пустой хаты. І нічога тутака не прыдумаеш іншага, бо Бог прыдумаў усё за нас...

Прыпыніўшыся перад уласнай хатай, Савельевіч, які нечакана разгаварыўся, працягваў тлумачэньне:

— Можа зойдзем, Віця, да мяне? Яшчэ па чарцы і я табе ўсё растлу-ма-чу!.. У-у! Жызнь – гэта, брат, не ля-ля, тут, браток, трэба быць вёрткім і галавой шурупіць... і хутка, ох і хутка паварочвацца. Браць трэба, што пад рукамі. Дзе знаходзішся, дзе стаіш — там і бяры... Жыццё, брат, такое: не схапіў Жанну — яна ўжо ня твая. Схопіць ваенрук Алег. А там не пасьпееш азірнуцца — ужо сорак, і трэба падсумоўваць вынікі... Зойдзем да мяне і я табе раскажу, як я дзецюком у Мурманску шчасьця шукаў, тры гады на рыбалоўным траўлеры траску лавіў...

Пратаптаўшыся яшчэ хвілін дваццаць, яны нарэшце разьвіталіся. Правёўшы да хаты заггаса, Вітаўт паціху рушыў па замеценай завірухай дарозе, пакідаючы на доўгачаканым сьнезе адзіны на ўсю вёску сьлед. Лёгкі ветрык нёс па вуліцы сьнег з пахам маладой зімы і дымам ад выпаленых на нач печаў у вясковых хатах. Гэтыя пахі вярталі памяць некуды далёка назад, у першыя дзіўныя і чароўныя гады працы вясковым настаўнікам...

Якія былі ночы! А якія сьнягі!... А цяпер толькі чужыя хаты чарнеюць у белай начы... Вітаўт стаяў адзін сярод начной вуліцы. Ня ведаючы, што рабіць далей, ён у роспачы сьпяваў словы некалі ўразіўшай яго песьні:

— …Берега, берега, берег этот и тот,…… Там за быстрой рекой, что течет по судьбе,... своё сердце навек я оставил... !... А на том берегу — звёзд весений салют!... .. Первый раз я любил и от счастья был глуx…в первый раз пригубил дикий мёд твоих губ…Там за быстрой рекой, где черёмухи дым,… и другую найти не пытаюсь…!

Вітаўт скрыгатнуў зубамі, ён адчуваў, што гэтая вясковая штодзёнасьць мацней за яго, што яна нішчыць высокароднае, Боскае і назойліва прапануе зямное, блізкае, спакусліва лёгкае. А можа пайсьці да прыемнай і вабнай пані Алесі, каб інфармаваць яе аб выніках аналізу? Ці ўсё шукаць некалі страчанае шчасьце, праставаць праз зімовы засьнежаны лес да чыгуначнага прыпынку і там сустрэць таемную незнаёмку, якая, магчыма, прыедзе сёння начным дызелем?.. Прыедзе – не прыедзе? Зайсьці – не зайсьці? …Таемную незнаёмку ён даўно ўжо прамінуў і яна засталася далёка-далёка ў мінулым.

Хацелася зьдзейсніць нешта адметнае, нават подзьвіг.... І Вітаўт ужо разумеў, што час ягоных гераічных учынкаў прайшоў і што ніколі ён ужо не сустрэне таемную незнаёмку, непаўторную і чароўную, як гэта першая некалі дзівосная зімовая ноч ... Ісціны не было нідзе. Нават у вялікім горадзе. Была звычка. Людзі жылі звыкла і ў Менску, і ў Беластоку, гэтаксама, як і ў гэтай вёсцы. Між тым ў нечым да ісціны было бліжэй тут, у вёсцы, ноччу…

Сьнег ішоў і йшоў да самай раніцы, і толькі, калі першыя пеўні абвясьцілі аб пачатку новага зімовага дня, прыпыніў сыпаць зь неба. Раніцой заггас Савельевіч, едучы на санях па засьнежанай вёсцы, заўважыў сьвежы сьлед на сьнезе, што йшоў ад хаты пані Алесі. Ён прыпыніўся і пры сьвятле ліхтара пазнаў знаёмы адбітак белвестаўскіх чаравікаў дружбана Вітаўта. Ён толькі пачухаў патыліцу: “Ну, блін, гэты біёлаг!.. Сапраўдны маджахед.’’ Заггас не паленаваўся зьлезьці з саняў і зацерці сьляды сябрука. ‘’Любоў зла, — думаў ён, вяртаючыся ў сані, — узлюбіш і казла’’.

Конь трушком каціў сані па бязлюднай вуліцы. Заггас, захінуўшыся ў кажух, трымаў лейцы адной рукой, паліў папяросу ‘’Беламорканал’’ і, змрочна ўперыўшы позірк у зімовую снежную цемрадзь, крыва ўсьміхаўся. Два пачуцці змагаліся ў ягонай душы. Адно адмоўнае – дружбан перахапіў у яго вабную жанчыну. І другое, рэваншысцкае, і таму прыемнае, яно мацнела і ўрэшце перамагло. «Фершал Алеся – кабета, канечне, сакавітая, але не для цябе, Віця. Табе маладая і адукаваная цёлка патрэбна, а не кабета з прычэпам, якая цябе зараз так зацугляе, што да самай пэнсіі будзеш пад яе хамутом хадзіць. Разумнік ты, а супраць жывой бабы слабак. Слабак ты Віця, ох і слабак!»

 

Жнівень 2004 г. Упершыню надрукавана ў кніжцы ‘’Маўчы і будзь хітрым’’ у2007 г.

 

Ах, белы цеплаход...

 

I

 

Ёсьць такая мэтода дзеяньня: не хавацца, а наадварот вытыкацца з сваім дзействам, гэтак і зрабіў дырэктар кансэрвна-гароднінага камбінату Сердзюкоў, калі ўзяў і падвёз пасьля працоўнага дня тэхноляга свайго заводу Машу Коваль да ёйнага дому. І не проста падвёз, а выйшаў з легкавіка, адчыніў дзьверкі аўдзі, доўга трымаў яе прыгожую руку ў сваёй мужнай, мужчынскай руцэ, тлумачыў ёй нейкія гаспадарчыя праблемы і глядзеў, глядзеў, глядзеў на Машу. Канечне, там і было на каго паглядзець.

“Чароўна створана і файна намаляваная”, – так аднойчы прамовіў пра Машаньку кум Антось, калі ўбачыў яе ўпершыню. Пастава яе была з той хвалюючай аўрай, што прысутнічае ў рэдкіх жанчын, а абрысы былі вымаляваны прыродай з пачуццём бездакорнага густу і меры. Твар нардычны, шырокі, з прамым носам сьведчыў аб моцным фізычным і духоўным здароў'і, каса папяловых валасоў цякла да самых сцёгнаў, і смелы позірк сініх вачэй. Яна стаяла каля веснічак ўласнага дома і глядзела ўсутыч сваім разумным позіркам на Сердзюкова, які ад гэтага розуму, што свяціўся з вачэй і ўсёй сьвежай чароўнай аўры маладой жанчыны, зьбянтэжана спрабаваў казаць нешта значнае, каб неяк захаваць – як яму здавалася – рэшту свайго рэйтынгу.

– Вы падумайце і з сваімі прапановамі прыходзьце да мяне. А мы разгледзім і падтрымаем.

Маша Коваль была маладая жанчына. Але, як кожная прыгожая жанчына, мела жыццёвы досьвед, які дазволіў ёй зразу ўбачыць, што дырэктара шчыра цікавіць яна сама, а ня новыя сучасныя тэхналёгіі па вытворчасьці садавіна-гароднніных вырабаў.

– Да пабачэння, спадар дырэктар, – прамовіла ў адказ прыгажуня ў каляровай ядвабнай сукенцы, што файна аблягала чароўную паставу, у дадатак ад тэмбру ейнага надзвычай прывабнага жвавага голасу ў Алега Дзянісавіча нешта ёкнула знутры ягоных вантробаў і ён з жахам адчуў, што згарэў, як той кацап пад Воршай – канчаткова і без усялякіх магчымых адменьняў.

Дырэктар зь цяжкасьцю ўтаймаваў сваю ўсхваляванасьць і вырашыў покуль заканцаваць з ваяжом, бо па вуліцы пад восеньскім дожджыкам ішлі пад парасонамі і азіраліся на іх тутэйшыя местачковыя людзі, грамадзяне і пралетары...

Быў канец рабочага дня, увесь тыдзень восеньскімі днямі было хмарна, зрэдку ішлі дажджы. Іншы раз паміж бела-шэрымі хмарамі ў нечакана і неверагодна сініх прагалах неба прарэзваўся сонечны промень і асьвечваў зямлю, жоўтае лісьце на дрэвах, у лужынах і на глебе. Потым ізноў набеглыя восеньскія хмары пырскалі дожджыкам. Лета прайшло, пакінуўшы пасьля сябе журбу па прамінулым.

Сердзюкоў стаяў побач з Машай, стрункі, на галаву вышэй за яе, моцны, з крамяным тварам мужчына, што прывык валадарыць жыццём, у светлых летніх штанах і прыемнай крэмавай прыталенай кашулі з чырвоным карватам. Ад яго ішоў водар мужчынскай парфумы. Цёмныя валасы густой кароткай стрыжкай ахіналі галаву.

– Маладыя спэцыялісты заўсёды прыносяць новыя ідэі. Чакаю і ад вас ідэй, – зацвердзіў Сердзюкоў і, разьвітаўшыся, пайшоў да сваіх камбінатаўскіх аўдзі па жоўтай сцяжынцы з жвіру, пераступаючы люстэркі дробных лужын.

“Да дому не запрасіла на гарбату, – думаў ён, падыгрываючы самому сабе і намагаючыся набыць страчаную раўнавагу, зрабіцца адважным і нахабным, – ...а магла. Значыць, разгублена, ня ведае, як сябе паводзіць. Нічога, разьбярэцца, а не дык людзі патлумачаць”. З гэтымі сваімі звыклымі думкамі дырэктар камбінату Сердзюкоў сеў у легкавік, уставіў касэту з модным шлягерам у радыёмагнітафон і пад вясёлую і ўзнёслую песню: “А теплоход по морю плыл. Бежали волны за кормою. И ветер ласково морской, развеселясь, играл с тобой...”, ён газануў і імкліва ад’ехаў.

Тутэйшыя камбінатаўскія пляткаркі, што вельмі чуйныя да ўсяго, што адбываецца на сардэчных абшарах працоўнага калектыву, адразу зразумелі ўтвораны расклад і ў хуткім часе лісьліва завохкалі:“...Ах, ах, якая пара! Яны проста створаныя адзін для аднаго. Як шкада Алега Дзянісавіча, які мужчына! А як дбае пра калектыў...”

 

II

 

Па гарадку хутка пачала рухацца камбінатаўская дзейка, ціхай вужакай яна перапаўзала з аднаго вуха ў другое, покуль не дайшла да кума Антося. Кум быў на крытым рынку і, стоячы ў чарзе за смятанай, сваім дасканалым вухам паляўнічага учуў, як уперадзе яго дзябёлая матрона з літровым пустым слоікам шаптала знакамітай у горадзе шаройцы ў рудой турэцкай скуранцы:

– Чула, наш Дзянісавіч нарэшце паклаў вока на тэхноляга Марыну Коваль.

– Ты што? – зусім натуральна зьдзівілася тая і тут жа з нейкай неўтаймаванай хцівасьцю запытала: – Ну, а яна што?

– Яна як заўсёды. Упарціцца. Падымае сабе кошт. То нашаму Дзянісавічу не ўпершыню. Тыдзень, месяц, а сваё возьме. Спэц, майстар!

У апошніх словах матроны чуць прыкметна калыхнулася захапленне, змешанае з зайздрасьцю і лёгкім сумам. Калісьці, здаецца, зусім нядаўна, яна таксама была аб'ектам палкай увагі для ўплывовых мужчын.

– Але ж Марына не падобна на каханак. І сям’я ў яе дай Бог кожнаму, і муж... – выказала недавер ейная сяброўка.

– Ты, Ніна, мне яшчэ будзеш тлумачыць. Ніхто яшчэ ад сябе не адкінуў, калі само ў рукі плыве. Ведаеш, быў такі пісьменнік Дзюма. Ён заляцаўся да адной тры месяцы! Тры! І сваё ўзяў. Вось гэта мужык. А наш Дзянісавіч яшчэ больш круты, чым той Дзюма, – у голасе жанчыны прагучала нешта, што можна было параўнаць з гонарам за свайго дырэктара.

– Дзюма таленавіты. Мулат, ня піў...

– Наш таксама ня п'е, а таленту ня менш, чым у таго Дзюмы, – пераканана зазначыла матрона, хлябнула з слоіка толькі што налітай смятаны і зачыніла накрыўкай гарлавіну. Уся чарга, даведаўшыся пра чарговае захапленне дырэктара кансервна-пладоваягаднага заводу, паціху рухалася да гандляркі, абмяркоўваючы пачутую навіну.

Кум Антон у вялікім одуме пастаяў, скіраваўшы свой збянтэжаны позірк уверх, дзе марудна плыла шэра-белая вата вераснёўскіх хмар, і, не купіўшы смятаны, пакрочыў да кума Петрака, які быў мужам гэтай самай Машы Коваль. Абодва былі заўзятыя паляўнічыя і зазвычай выязджалі на паляванне Петраковым запарожцам. Таму ён цяпер зажурыўся, бо ведаў сталёвую, як у бульдога, чэпкасьць і неабмежаваныя магчымасьці дырэктара-курвеля, што разбурыў у горадзе ўжо некалькі да гэтага рахманых і як быццам шчасьлівых сем’яў. Спачатку курвелю яшчэ спрабавалі біць пысу, але, як толькі ён стаў дырэктарам, дабрацца да ягонага твару стала няпроста. Ля дзяржаўнага карыта, якім быў завод, сілкаваліся розныя вялікія і маленькія ўплывовыя людзі, у тым ліку і з ахоўных ворганаў, бо ўсе людзі хочуць добра харчавацца. Скаргі ж пралетараў у вышэйшыя ворганы не мелі посьпеху. Акрамя таго гэты самы “Дзюма” быў курвелем таленавітым, нават абаяльным, добрым арганізатарам, увішным і жвавым чалавекам і па некаторых прыкметах меў на тое адметныя якасьці, каб карыстацца цікавасьцю ў жанчын. Шмат хто з мясцовых кабет, па назіраньні Антося, у глыбіні душы былі самі ня супраць пакахацца з мясцовым казановам.

Пятрок з Машай варылі на кухні бруснічнае сочыва і, як заўсёды, ветліва сустрэлі кума Антося. Той хвіліну-другую пасядзеў каля століка, гледзячы, як Маша, стрункая, у ружовым кітайскім халаце, спрытна расстаўляе халодную закусь, розныя там грыбочкі, капустачку, маласольныя гурочкі і як чалавек просты, узяў і секануў:

– “Дзюма” паклаў вока на Машу. Так кажуць у горадзе.

Маша зірнула сінімі вачыма на загарэлы твар кума і чуць прыкметна ўсміхнулася, зразу зразумеўшы, хто такі "Дзюма". Пятрок даволі спакойна без усялякай прыгнечанасьці і страты настрою, як нібы даўно чакаў гэтай навіны, запытаў:

– Яму што, ужо мянушку “Дзюма” прыляпілі?

– Ты ня смейся, – насьцярожаны і нярвовы Антось перакуліў кілішак і, беручы на відэлец марынаваны баравічок, дадаў:

– Ну, Маша, такіх баравічкоў, мусіць, і сам Брэжнеў ня еў.

Сваім выглядам Антось нагадваў Петраку самыя напружаныя моманты паляваньня на дзіка-вепра, якога яны здабылі ўдвох летась.

– Я яшчэ, калі ты ўладкоўваў Машу пасьля заканчэння інстытута на працу на камбінат, быў супраць.

Кум Антось хацеў і дамагаўся справядлівасьці і дабра. Пятрок, дальнабачны і асьцярожны, уважліва паглядаў на сябра. Ён як бы сканіраваў Антося, здымаючы ўсе свядомыя і несвядомыя зьвесткі, якія той меў. Некалькі гадоў таму, 23-гадовым дзецюком, ён вырашыў жаніцца з Машаю. Ягоны дзядзька, бацька Антося, тады папярэдзіў яго аб будучых цяжкасьцях, расчыніўшы вочы на жорсткую рэчаіснасьць быцьця. Цяпер тыя словы дзядзькі ўсплылі ў яго памяці. Між тым Антось запытаў:

– Быў я супраць?

– Быў, — стрымана зазначыў Пятрусь.

– А чаму? – узьняў відэлец з чарговым марынаваным баравічком кум Антось. – Таму што даўно жыву, і не кніжкамі і тэлевізіямі забіваю сабе галаву, а назіраю жывое жыццё. Даўно бачу, як пачаў псавацца народ у горадзе. Розныя казановы і курвелі спаскудзілі моладзь. І я з самага пачатку ведаў, што гэты “Дзюма” пакладзе вока на Машу.

Ад сваіх апошніх словаў Антось сапсаваў сабе самапачуваньне яшчэ больш, быццам Маша ўжо была каханкай дырэктара.

– Ну і няхай кладзе вока, – зьнешне спакойна адгукнуўся Пятрусь. Ён заўсёды стрыманы і сталёва ўпэўнены, у напружаных момантах – як калі яны палявалі на дзіка – дзейнічаў хоць і імкліва, але ўзважана. – Мы прымем супрацьмеры. Спачатку абаронімся. А за тое, што дырэктар шастае вокам не туды, куды трэба, мы пакладзем на яго пакараньне.

Ён зірнуў на ўсхваляванага сябра і з прыхаванай драпежнасьцю запытаў:

– Якое трэба пакласьці на яго пакаранне?

– Здымем з пасады, – грымнуў братан і кум Антось і праглынуў яшчэ адзін баравічок.

– Няма страшнейшай кары для кіраўнічага кола, чым страта пасады. Страціўшы пасаду, былыя дырэктары выглядаюць, як мокрыя куры. Бр-р-р... Страшнае відовішча.

– Слушная думка, – па-філасофску заўважыў Пятрусь.

– Адабраць у яго карыта і пакінуць жыць у горадзе, дзе ён так шмат нашкодзіў народу. Колы легкавіка будуць прапорваць кожны дзень і па пысе перападзе.

– Як ты будзеш абараняцца? – непакоіўся палкі і прудкі Антось, гатовы хоць зараз ісьці бараніць гонар кумы.

– Не дзяры капоты і не забягай наперад. Усё даведаешся ў свой час, – зазначыў Пятрок і папрасіў Машу:

– Падай, Машанька, калі ласка, Антосю гарбату з бруснічным сочывам.

Сам Пятрок піў гарбату, бо прынцыпова не ўжываў спіртовых напояў. Кум Антось вымушаны быў таксама перайсьці да гарбаты. Рассмакаваўшы бруснічнае сочыва, ён зацьвердзіў:

– Дальбог, мусіць і сам Брэжнеў такога ня еў. Ты, Машанька, проста залатая гаспадыня.

Увечары, калі Антось пайшоў дадому, несучы з сабой бляшанку бруснічнага сочыва і баначку марынаваных баравічкоў, Пятрок, парабіўшы свае хатнія справы, выйшаў у сад, каб падыхаць свежым паветрам і асэнсаваць становішча, якое склалася.

Над мястэчкам у верасьнёўскай ночы вісеў дзівосны дыван галактыкі, што зіхацела сваімі мільярдамі зорак, у траве чулася стракатаньне конікаў, дзесьці побач зьвінела заблукаўшая казурка. Водар спелых антонавак аздобіў сваімі пахамі вераснёўскае пасвяжэлае паветра. Пятрок сядзеў на лаве пад яблыняй, лашчыў за вухам Чарныша, што паклаў яму на калені сваю сабачую галаву, і ўспамінаў словы дзядзькі.

 

III

 

– Адважны крок, пляменнік, – казаў дзядзька Зьміцер, седзячы ў сваёй хаце на лаве, хутаючыся ў цёплы плед і пацягваючы з філіжанкі гарачы напой з лекавых траў.

– Давядзецца дзяліцца.

– Што значыць — дзяліцца?

– З іншымі дзяліцца. З начальствам. А ты як думаў, Пятрусь? Навошта ж людзям гарбаціцца дырэктарамі? Каб смачна есьці? Гэтага мала! У начальства большасьць пнецца, каб спажываць жыцьцёвыя дары з дзьвюх рук. А сярод гэтых дароў – прыгожыя жанчыны займаюць ледзь не першае месца!

Пятрок, маладзён з сьветла-русай галавой, у белай кашулі, агламошаны сядзеў на канапе моўчкі, ён у гэты момант адчуў усю жорсткую праўду словаў дзядзькі. Дзядзька пазіраў на Петрака цьвёрдым халодным позіркам кобры, у якім не было аніякага ратунку.

– Пра гэта ніхто нікому не казаў і ніколі не скажа. Але шмат хто ведае. Беручы прынцэсу ў жонкі, трэба разумець, Пеця, што давядзецца ўсё астатняе жыццё служыць ёй і вартаваць яе. Ты ведаеш, што шмат хто з мужыкоў у свой час трапіў на Калыму і Салаўкі толькі таму, што меў прыгожую жонку. Некаторыя ўплывовыя людзі таго часу паклалі на іх жанчын сваё мужчынскае вока. Так вось, браток! Таму прыйдзецца абараняць яе ад чужой хцівасьці. Прыгожая жанчына – аб’ект, яна не можа супрацьстаяць сіле. А ўлада – гэта сіла! Калі – не, то затопчуць, апусьцяць ніжэй ватэрлініі.

Дзядзька памаўчаў, на ягоных залысінах выступілі кроплі поту, з ружовым тварам, разагрэтым напоем, зноў працягваў тлумачыць Петраку будучыя цяжкасьці і магчымасьці іх пераадоленьня.

– Ненатуральна, нават брыдка, калі прыгожая жанчына едзе з крамы на ровары. Ці апранае заношаныя сукенкі, што выйшлі з моды. Замест дублёнкі ходзіць у старым драпавым паліто. Калі прыгажуня ніколі не была ў Ялце, не бачыла мора, не ведае, што такое пасядзець з каханым у сталічным рэстаране. І вось уплывовы чалавек прапануе прыгожай жанчыне кормнае месца: намесьніка дырэктара ці галоўнага тэхнолага. Уласны габінэт, павага, утрая большая зарплата, а прэміі... Гэта адзіны шанец у жыцці для прыгожай жанчыны, асабліва, што жыве ў правінцыі...

Дзядзька гостра зірнуў на збляднелага Петрака і, не шкадуючы ягоных пачуццяў, працягваў далей наганяць жахі.

– А як ты думаў, Пеця! З гэтага і складаецца рэальнае жыццё. На звычайны заробак шараговага чалавека можна жыць толькі шэрым жыццём. Таму і існуе гэткі гандаль: я табе сваё апекаванне – ты мне сваё маладое прыгожае цела і сваю любоў.

У гэты момант Пятрок, разумны, спакойны, памяркоўны дзяцюк, ляцеў з касмічных вышыняў маладых мрояў, як той балід, на цьвёрды і жорсткі грунт рэчаіснасьці. Ён усё адразу і канчаткова зразумеў. Усе палітычныя, ідэалагічныя і класавыя светапогляды занялі патрэбнае месца на разумовай мапе ягонай сьвядомасьці.

– Маша – яна для моцных мужыкоў! Для тых, хто мае сілу ці здолее супрацьстаяць сіле! Магчыма для хітрых, недаверлівых? Ці для маўклівых і небясьпечных? Гэткі чалавек жыве і стварае выгляд небясьпечнага чалавека, так што невядома, што ад яго можна чакаць, ці ён ксіву напіша ў ворганы на цябе, ці нажом разане па чэраве. Жыццё, дружа, яно складанае, адно можна зазначыць, што ў ім трэба быць пільным і насцярожаным. Як разьняволіўся – так чакай у хуткім часе, што і прайграў... І будзеш гадаваць чужых дзяцей, не ведаючы, што яны не твае.

– І што, няма аніякага выйсьця для простага чалавека? – хрыпла запытаў Пятрок, амаль з нянавісьцю гледзячы на дзядзьку, які пераканаўча тлумачыў яму тое, чаго не здолелі патлумачыць бацька і ўся астатняя радня. Дзядзька Зьміцер быў у іхным радаводзе апазыцыянерам, неслухам, спрабаваў нават боркацца з мясцовымі ўладаносьбітамі. Каб у старыя сталінскія часы, то даўно б згінуў бы дзе-небудзь на Салаўках. Але ў Брэжнеўскія часы застою меў толькі розныя дробныя непрыемнасьці, ня рос па службе і таму цяпер працаваў шараговым механікам на маслазаводзе.

– Добрае пытанне, Пятрусь, – чамусьці весела прамовіў дзядзька Зьміцер, паёрзаўшы па зэдлю і тулячыся азадкам да цёплай групкі, і дадаў: – На кожную жыццёвую сілу заўсёды існуе свая супрацілеглая дамінанта. І ў тваім выпадку ты павінен, ведаючы верагодныя разгалінаваньні падзей, распрацаваць сваю якасную жыццёвую праграму. Ажыцьцявіш яе – і ты Пераможца. Не здолееш – значыць слабак.

Яны яшчэ доўга размаўлялі між сабой, і дзядзька Зьміцер, пяшчотна ўсьміхаючыся, казаў яму пра розныя жыццёвыя выпадкі, шматлікія чалавечыя пралікі і рэдкія перамогі. На заканчэнне дзядзька пачаставаў яго лікёрам, ад якога Пятрок рашуча адмовіўся.

– Ну што ж, калі не п'еш гарэлкі, Пеця, то атрымліваеш дадатковы шанец. І моцны, бо свой уласны розум будзеш мець. Так далей і кіруйся жыццёвым лёсам. Каб і свой абавязак несьці самастойна. А наконт парад — заходзь. Я заўсёды рады. Заходзь, Пятрусь!

 

IV

 

Прайшло два месяцы, жыхары горада хто зь цікавасьцю, а хто млява і абыякава назіралі за падзеямі, што пакрысе разгортваліся на іх вачох. Да электарату ўжо дайшлі словы Петрака: "Абаранюся, а потым і здыму з пасады." Грамадзяне недаверліва бурчэлі: "Бачылі мы такіх ‘’герояў—асілкаў’’. Нічога ў яго не атрымаецца".

Першы месяц пасьля таго, як “Дзюма” паклаў вока на Машу, ён быў у Сочы з сваёй старой каханкай Алай. А калі ягоны адпачынак скончыўся, увесь месцячковы бамонд нецярпліва чакаў працягу і абвастрэння падзеяў. Справа ў тым, што Маша была чароўнай маладой жанчынай, якая як той анёл сваім спагадлівымі дачыненнямі з людзьмі, прыгажосьцю і яшчэ няведама чым рабіла жыццё прысутных лепшым. Некаторыя прыстойныя мужыкі і юнакі былі шчасьлівыя толькі ад таго, што яна прыхільна з імі размаўляла. На працы дастаткова было ёй толькі зьвесьці чорныя бровы, як яе апанэнт ці падначалены зразу адчуваў сваю хібу і імкнуўся яе выправіць.

А ейны муж Пятрок працаваў звычайным тэхнікам ў лясгасе і ў вачох грамадзтва не меў таго высокага рэйтынгу, які павінен быў мець муж такой дасканалай прыгажуні, як Маша.

І ў гэты момант адбылося самае нечаканае – Марыя Коваль пачала збірацца ў дэкрэт. Некаторыя жыхары мястэчка задаволена сьмяяліся, – малайчына Пятрок, абараніўся.

Мясцовыя назіральнікі, жыццёведы, заўзятары і плеткары заўважылі і ў адзін голас цьвердзілі, што дырэктар ад злосьці стаў невыносным і з нейкім незразумелым садызмам таўчэ сваіх падначаленых і лёкаяў. Казалі, што ягоны водпуск на моры прайшоў няўдала. Ягоная каханка Ала затраўлена маўчала. Жыхары і грамадзяне, пасьмяяўшыся, адзначылі хітрасьць сям’і Коваль і чакалі далей, як Пятрок будзе здымаць з пасады дырэктара. Гэткая плётка аббегла раённае мястэчка, верагодна, кум Анцік, падпіўшы, нешта балбатнуў сваёй жонцы Шуры.

Скептыкі іранічна пасьмейваліся і цьвердзілі:

– Ад начальніка, як ад кілы, нікуды не дзенешся. Вось прыйдзе з дэкрэту Маша яшчэ прыгажэйшая, тут "Дзюма" ёй і ўлыньдзіць. Гэткія прыгажуні не для аднаго мужа створаныя...

Між тым Пятрок Коваль, здавалася, забыўся пра свае абяцанкі, а ўвесь верасень кожныя выходныя і часьцяком пад вечар у буднія дні на сваім запарожцы ўпарта езьдзіў у лес і зьбіраў дары прыроды, а потым да позняй ночы варыў і марынаваў баравічкі з махавічкамі.

Аднойчы Пятрок заехаў да кума Антося, пашаптаў яму на вуха. Антон зразу не зразумеў, выкаціў на яго свае сінія вочы. Той штосьці дадаў, Антось узрадавана засьмяяўся і кінуў шапку аб зямлю.

– Добра, заўтра прынясу новыя, толькі што надрукаваныя налепкі, – аддыхаўшыся ад сьмеху, сказаў кум Антон, падымаючы шапку з зямлі.

– Вось табе сьпіс, – сувануў яму ў руку Пятрок аркуш паперы.

Праз некалькі дзён позьнім восеньскім вечарам, у цемры каля хаты, дзе жыў старшыня райвыканкаму, прыпыніўся масквіч-каблук, з яго выйшаў шафёр легкавіка і, выцягнуўшы з кодаба скрыню, падыбаў у двор. На званок у дом з дзьвярэй высунулася галава Юрася Міхайлавіча – старшыні мясцовага райвыканкаму.

– Гэта ты, Хведзя? Што прывёз?

– Тутака во дырэктар перадаў пасылку да сьвята.

– Ну давай, давай, Хведзя, нясі сюды.

Кіровец дырэктарскага легкавіка Тодар, сусед і сябар Антося, павалок некалькі скрынак у двор старшыні. Каблук заехаў яшчэ па некалькіх адрасох. Каб не пераблытаць, Тодар падсьвечваў ліхтарыкам на напісаныя на паперыне прозьвішчы, прычэпленыя да скрыняў. Усе скрынкі былі абсалютна ідэнтычныя, хоць некаторыя паперкі на скрынках былі напісаныя іншым почыркам. Але Тодар не зьвярнуў увагі на гэта. Назаўтра трэба было яшчэ ехаць у вобласьць, таму ён сьпяшаўся.

Праз тыдзень, позьнім вечарам, Пятрусь з Антонам пайшоў да сваёй паграбні і, сышоўшы ўніз, любоўна і з задавальненьнем пацёр рукі, азіраючы пустыя паліцы.

– Пара ставіць апошнюю кропку, – зацьвердзіў ён, павярнуўшыся да Антося.

– Гэну скрыню кінь начальніку міліцыі. А гэту, – ён штурхнуў скрынку ўнізе, – дырэктару лясгасу, які будзе кіраваць вялікім паляваньнем у суботу. Скажы, што ад дырэктара. Усёк?

– Усёк, – з сумневам адказаў ашчадны кум Антось.

 

V

 

Паляванне прайшло пасьпяхова. Здабытага лася прывезьлі ўазікам на лясную базу лясніцтва. Каля згружанага на апалай лістоце ляснога волата тоўпіліся з паўтузіна ўзрушаных носьбітаў улады, апранутых як на падбор у чорныя лётчыцкія кажушкі з авечым падпушкам знутры. Жоўтае лісьце на бярозах палымнела ў промнях сонейка. Цёмна-зялёныя яліны цягнуліся ўверх да фіялетавага блакіту кастрычніцкага неба. Ядранае, з маразком, нагрэтае за дзень сонцам восеньскае паветра бадзёрыла.

Абласны ўладаносьбіт, завадатар сёньняшніх паляўнічых мерапрыемстваў Андрэй Іларыёнавіч Гніламёдаў, важка і нетаропка казаў, зьвяртаючыся да прадстаўніка міністэрства Зьвяндосава.

– Някепскі стрэл, вельмі някепскі. Віншую, Аляксандар Віктаравіч. І галоўнае — трапны, па месцы. Не люблю падранкаў, і кідаць нельга, і бывае, што і ўзяць немагчыма.

– Усякую справу трэба рабіць умеючы. Прафэсіяналізм сёньня ў асаблівым попыце, – адказаў Зьвяндосаў з заўсёдным падтэкстам значнасьці, што прысутнічае ў словах тых, хто жыве наверсе. Удзельнікі паляваньня лавілі словы намесьніка міністра з пашанай і звыклай узьнёсласьцю.

– Прашу за стол перакусіць, чым багаты.

Старшыня райвыканкаму Юрась Міхайлавіч Маркоўскі запрасіў прысутных да накрытага пад павеццю драўлянага стала з струганых дошак з лавамі, застаўленага прыгатаванымі стравамі.

Покуль лоўчыя сьвежавалі лася, кіраўніцтва раёну, адказныя асобы з вобласьці і самога цэнтру пад выпітыя чаркі гарэлкі з задавальненнем частаваліся Петраковымі марынаванымі баравічкамі, махавічкамі, апенькамі, з гарачай бульбачкай і квашанай капустай з журавінамі. Потым пілі гарбату з бруснічным сочывам. Вельмі важная асоба з самога Менску круціў у руцэ бляшанкі з прыгожымі налепкамі.

– К-скі кансэрвавы камбінат. Баравічкі, апенькі, рыжыкі, бруснічнае сочыва. Дзівосна. Даўно не сустракаў, каб зьнешняя прыгажосьць адпавядала ўнутранай якасьці. Можам, калі захочам, ня горш чым за бугром.

– Так, баравічкі, я вам скажу, дзіўныя. Надоечы частаваў гасьцей, незвычайная мілата. Малайчына дырэктар, дае магчымасьць прадэгуставаць тутэйшыя дары прыроды, – прагудзеў самавіты і мажны начальнік міліцыі.

У ўладаносьбіта з вобласьці захадзілі жалвакі на сківіцах, ён стрымана зьняў з грудзей белую сурвэтку і ўзьняўся з-за стала.

– Дзякуй гэтаму дому, пойдзем да другога. Што там з ласём?

Ужо позна ўвечары, едучы на заднім сядзеньні мэрсэдэса, Гніламёдаў, павярнуўшы твар да Зьвяндосава, стрымана казаў:

– Я, папраўдзе кажучы, не чакаў, што Вы, Аляксандр Віктаравіч, як заўсёды трапіце ў самую кропку. На месцы ўсё відаць неўзброеным вокам. Жыруе! Корміцца сам і корміць сваіх людзей. Разьвёў на заводзе гарэм, панімаеш.

– Не самае страшнае, не самае, Андрэй Іларыёнавіч. Галоўнае, каб справу рабіў.

Уладаносьбіт з вобласьці асцярожна лабіяваў перад прадстаўніком з міністэрства сваю ўласную добра прыхаваную зацікаўленасьць.

– Не робіць, нягоднік. У мяне тузін скарг на яго… Ну то справу рабі. Гноіць сотні тон бульбы, капусты, буракоў, морквы... Сучаснае сховішча не можа закончыць. Я неяк папрасіў для прадстаўнічых мэт прыслаць лепшыя ўзоры вырабаў камбінату. Прыслалі чорт ведама што. Ні ў якае параўнаньне з тым, чым мы сёння частаваліся. Давялося нядаўна чырванець перад дэлегацыяй з Масквы. А сёньня ж — Вы самі бачылі...

Гніламёдаў скрыгатнуў зубамі пры ўспаміне аб прамінулых зьняважліва-грэблівых усьмешках і кпінах самавітых маскалёў, што разглядалі на прамысловай выставе ў сталіцы лепшыя ўзоры кансэрвава-гароднінных вырабаў камбінату.

– Так, помню тую выставу. Нам тады дасталася ад міністра... Прынамсі, акапаўся Сердзюкоў тутака няблага. Такога нахабства не магу ўспомніць за апошнія дзясяткі гадоў. Гэтым мяне ён моцна-моцна зьдзівіў. Можа, абапіраючыся на мясцовыя ўлады, хоча прыватызаваць завод? Людзі ж ім ужо прыкормленыя, свае ў дошку.

Зьвяндосаў гостра зірнуў на суразмоўцу, імкнучыся разгледзець, магчыма, і ягоную таемную прыналежнасьць да камбінатаўскіх махінатараў. Абодва напружана маўчалі. Гэткі ход падзей бурыў іхныя ўласныя жыцьцёвыя далягляды і дзеяводы. Урэшце Гніламёдаў, адкінуўшыся на сядзенне, рашуча падвёў рысу.

– А што? Могуць і прыватызаваць разам з замежнымі ці расейскімі прадпрымальнікамі. Адзінае, што можа прыпыніць гэты нахабны бандытызм – своечасовая ратацыя. Як заеўся, то адразу трэба ставіць чалавека на рэальны грунт.

– Своечасова ратаваць! Каб не апынуўся за кратамі, – дадаў намесьнік міністра Зьвяндосаў і змрочна змоўк на ўсю астатнюю дарогу. Абодва носьбіты ўлады загрузьлі ў дрыгве сваіх цяжкіх думак пра верагодную будучыню. Складаная рэчаіснасьць прымушала быць заўсёды пільным і жорсткім. У гэты момант лёс тутэйшага дырэктара Сердзюкова быў канчаткова вырашаны.

Восеньскі дождж аднастайна шаргацеў па шклу мэрсэдэса, што імкліва імчаўся ў промнях фар па мокрай і бліскучай шашы ў безнадзейнай цемры лістападаўскай ночы... Па радыёпрыймачу легкавіка вядомы спявак наярваў модны шлягер: “Ах, белый теплаход, гудка тревожный бас, крик чаек за кормой, сиянье синих глаз. Ах белый теплоход, бегущая вода...”

VI

У канцы сьнежня габінэт дырэктара кансэрвава-гароднінага камбінату з раніцы заняў новы кіраўнік, выбойны і малады Раман Быстрыцкі, тэрмінова запрошаны на пасаду з Бабруйску. Гэтая нечаканая навіна з ранку аббегла раённы цэнтар і выклікала варушэньне ў народных масах. Электарат з зьдзіўленьнем шкроб патыліцу і прамаўляў: “Ну, Пятрусь, ну малаток. Заваліў усё ж такі мясцовага аўтарытэта”.

Ранейшы дырэктар Алег Сердзюкоў па тутэйшай мянушцы “Дзюма” ў гэты час разгублена крочыў па пакоі свайго збудаванага побач з камбінатам двухпавярховага катэджу і зьбянтэжана цьвердзіў:

– Не разумею, у чым справа. Стараўся з усіх сіл. Ладзіў усім. Усіх карміў. Нехта недзе падставіў? Хто і чаму? Маё месца спатрэбілася? То яно не мёдам мазана.

Ягоная хударлявая, змучаная жыццём і шалапутным мужам, жонка Зося Тодараўна ўжо пад самы вечар стрымана прамовіла за кавай:

– Гэта цябе Коваль Пятрок зьняў. Увесь горад пра гэта гамоніць. Казаў, што да Новага году здыме з пасады, і зьняў, – зазначыла яна, дадумваючы тое, што не сказала ўслых: “Будзеш ведаць, курвель, як класьці вока на чужых баб”.

– Ня доўжы балбатню чэрні. Ім абы языкамі мянціць. Гэты Коваль – парабак, пралетар! Ён каб і захацеў, нічога ня зробіць. Не яго гэта ўзровень.

Сердзюкоў ледзь не балбатнуў з разгону: “...хоць Машанька Коваль – жанчына самай найвышэйшай якасьці". Былы дырэктар узлаваўся пры ўспаміне пра цяпер ужо недасяжную для яго Машу Коваль і не зьвярнуў патрэбнай увагі на паведамленне даўно абрыдлай спадарожніцы жыцця – жонкі Зосі.

Ён зморана сноўдаўся па кватэры, увесь абуяны роспаччу ад адбыўшагася жыццёвага краху. Дзесьці ў глыбіні душы ён ведаў, што ўсё міне і ён яшчэ ўсплыве на паверхню, але вось такой дзіўнай, чароўнай каханкі, якая магла б быць у яго ў гэтым правінцыйным гарадку, ужо не будзе ніколі. А значыць, не будзе сапраўднага ўласнага шчасьця. “І навошта тады ўсе гэтыя багацці?” – ён раптам адчуў момант ісціны быцця, стоячы каля вакна з пачатай бутэлькай каньяку ў адной руцэ і маленкоўскай шклянкай у другой. “Калі яе не будзе, то не будзе і дзівоснага зорнага вечара, і посвісту ветру ў цёплай вільготнай ночы на палубе белага цеплахода, і воплеску хваляў у сініх водах старажытнага Барысфэна”.

Увечары Алег Дзянісавіч упершыню за апошнія гады мусова пайшоў у краму “Грунвальд”, каб купіць бляшанку кавы і цыгарэт. У краме тоўпіўся народ, кідаў прыхаваныя позіркі на былога дырэктара, грала модная музыка па магнітафоне. Зрабіўшы закуп і стоячы каля касы, ён нечакана праз шкло вітрыны ўбачыў Петрака Коваля, што ішоў з старэйшым трохгадовым сынам Зьміцерам па ходніку. У блакітнай зімовай куртцы, скураной кучме з брылём, з ясным тварам, цьвёрды і зычлівы, пільны, уважлівы і – чамусьці небясьпечны. Былога дырэктара ўразіла, з якой павагай тутэйшыя мінакі віталіся з Ковалем, нібы той зрабіўся старшынёй райвыканкаму ці зьдзейсьніў гераічны ўчынак.

І толькі цяпер ён угледзеў у Петраку прыхаваную і заўсёды прысутную, раней незаўважаную, небясьпечную, як востры нож за пазухай, пагрозу.

З магнітафона неслася няздзейсненая песьня-мара “...Я засмотрелся на тебя. Пошла на палубе в молчаньи, и тихо белый теплоход от шумной пристани отчалил. И закружил меня он вдруг. Меня он закачал...”

Сердзюкоў выйшаў з крамы, нярвова зашпільваючы гузікі на чорным скураным паліто. Нядаўняе мінулае, як жывое, паўставала перад яго ўяўленнем.

 

2004 Г.

 

Хабікусi

Хабікусi1

 

Разгледзець знакі будучай бяды – ня справа простага розуму, гэта

мудрасьць з прыкметамі дзяржаўнага мужа.

Арыстоцель

 

У пятніцу пад вечар намесьнік мэра Вінцук Грыбоўскі, стомлена ідучы сьцяжынкай уздоўж будынку гарвыканкаму па вуліцы Кірава, нечакана прыпыніўся каля вакна бугалтэрыі. Выглядаў намесьнік кепска, з шэрым ацёчным тварам і падпухлай сінявой пад вачыма і, як заўсёды, пасьля абеду ў яго моцна балела галава.

Унізе на бэтонным падмурку з шчыліны паміж бэтонам і шэрым разтрэсканым бярвеннем будынку цяжка дыхала шэрая з доўгім хвосьцікам мышка. Ёй быццам пасьля моцнага бадуна было таксама кепска, яна раскрывала свой мышыны роцік і, задыхаючыся, хапала паветра. Грыбоўскі зрабіў асьцярожны крок, каб разгледзець грызуна, тая хутка вертанулася ў шчыліну. Ён рушыў далей і азірнуўся, мышка ізноў выскачыла на падмурак, ёй было вельмі блага.

Апошнім часам саракагадовы намесьнік мэра Вінцук Грыбоўскі адчуваў сябе як тая мышка, нешта стала не так у ягоным жыцці. Ці то само жыццё не так як трэба, ці то ён сам рухаўся ня той каляёй. Усё звыкла, як быццам зразумела, іншы раз прыемна, а не туды і не так.

У маленькім габінэце настойліва тарабаніў тэлефон, і Грыбоўскі, цяжка сеўшы на стулік, узяў слухаўку.

– Так. Я вас слухаю.

Тэлефанаваў ветэран другой сусьветнай вайны Міхалевіч. Намесьнік важка прамовіў у слухаўку:

– Выселілі. За ордэрам калі? На наступным тыдні будзе паседжаньне выканкаму, там разгледзім вашае пытаньне і прымем пастанову.

Грыбоўскі зморана абпёрся плячыма на спінку стуліка, цярпліва слухаючы пытанні ўзрушанага ветэрана, і нарэшце дадаў:

– Я за вас. Але ня я адзін вырашаю. Каго падключыць? Лепш за ўсё і надзейней – гэта пана Бога. Прабачце, Станіслаў Андрэевіч, я толькі што з высялення, ледзь жывы.

Ён паклаў слухаўку і сядзеў некалькі імгненняў з заплюшчанымі вачыма, зьбіраючы сілы.

З раніцы па пастанове раённай пракуратуры з камісіяй гарвыканкаму, міліцыяй і камунгасам ён займаўся высяленнем самавольна засяліўшайся сям’і, што маланкава захапіла кватэру памерлага сваяка, куляй прымчаўшы з абласнога цэнтру. Гэта чужая, прыпісаная зусім у іншым месцы, сям’я з страшэннай звадай не хацела вызваляць захопленую тэрыторыю. Двухпакаёўку памерлага планавалася вылучыць ветэрану другой сусьветнай вайны Міхалевічу, што з сям’ёй з чатырох дарослых жыў у аднапакаёўцы і даўно замучаў сваімі скаргамі. У сваю чаргу ягоную аднапакаёўку зьбіраліся аддаць па ільготнай чарзе інваліду з дзяцінства Зімніцкай – работніцы камбіната надомнай працы, маладой жанчыне, што гаравала, туляючыся па чужых кватэрах.

Грыбоўскі пасьля змарнаванага дня спустошаны сноўдаў змучаным позіркам па маленькім няўтульным габінэце, ня ведаючы, куды дзець адмоўную напругу. Усё было блага, і высяленьне ён правёў кепска, паддаўся на зламысныя правакацыі нахабных самазахопнікаў, спачатку доўга і цярпліва тлумачыў закон, потым знерваваўся, сарваўся і крычаў.

Яшчэ год назад усё было звыкла, ураўнаважана, стабільна, прадказальна. Усяго за год ягоная нярвовая сыстэма здохла... Спроба ўмацавацца не давала выніку... І таму намесьнік мэра Вінцук Грыбоўскі адчуваў, што нешта пайшло не так у ягоным жыцці.

Цяперака пад вечар ён у сваім габінэце спрабаваў ураўнаважыцца, так сказаць, загаіць атрыманыя раны, і таму піў духмяную гарбату і посна жаваў мяккую булачку з разынкамі, намазаную маслам, што раніцой паклала яму ў тэчку жонка. Ад нярвовага напружання яму не хацелася ні піць, ні есьці.

Жыў ён у невялікім правінцыйным мястэчку, пры савецкім часе восенню і зімой зганяў лішкі энэргіі і назапашанага тлушчу, ганяючыся па лясох і на паплавах за качкамі, зайцамі і дзікамі. Пасьля ўдалага палявання іншы раз з сябрукамі выпіваў, сьвяткуючы трапны стрэл. Гэткім чынам можна было жыць хоць сто гадоў. Але з прыходам да ўлады маладога, жвавага генэральнага сакратара, будучага “Чалавека дзесяцігодзьдзя”, нешта пачало мяняцца ў навакольлі, і абвостраным інстынктам паляўнічага, што дзясяткі гадоў аддаў вандроўкам па паплавах, лясох і палёх пад хмарным небам Айчыны, Вінцук адчуў нейкую яшчэ несьвядомую перамену ў жыццёвым асяродзьдзі. Як быццам час непрыкметна паскорыўся, а ён нечакана пачаў заставацца ззаду. Яно – гэтае сучаснае жыццё – было зусім недалёка, яшчэ і рукой можна было б ухапіць, толькі не было за што зачапіцца. І яно паступова ад яго аддалялася, так што ў хуткім часе ўжо нельга было і рукой дастаць.

Нявызначаны непакой вужакай варушыўся ў ягонай душы і час ад часу гэтая скруха гостра сціскала ягонае сэрца. Тады Вінцук ізноў кусаў лусцень і глыкаў гарбату.

Іншы раз ён кідаў позірк на мапу Эўропы, што нядаўна прычапіў на сьцяну.

Denmark – чытаў ён на мапе і перад ягоным ўяўленьнем паўставала невялікая ўтульная краіна на ўзьбярэжжы Атлантычнага акіяну...

Gispanija – пераводзіў ён позірк на другі канец мапы, і сонечная краіна з чароўнымі, вясёлымі гішпанцамі і гішпанкамі пачынала сьмяяцца і танчыць перад ягонымі вачыма. ...І фіеста, і бой быкоў, і цёплае Міжземнае мора...

– Драндулета... – мармытнуў ён пра сябе, што павінна было вызначаць нявырашанасьць паўсталага перад ім пытаньня. Цень думкі, хутчэй лёгкі пачуццёвы дотык дакрануўся да ягонай сьвядомасьці і слізгануў далей у бясконцасьць прасторы і часу. Чэпкі Вінцук стомлена ўзяў асадку і занатаваў на паперы разам з незвычайным словам гэты пачуццёвы цень незвычайнага дотыку.

Нядаўняе маладое і таму такое шчасьлівае мінулае нечакана з вялізарнай сілай узьнялося ў ягонай сьвядомасьці... І яснае разуменне таго, што гэтае супержыццё незваротна мінула, прымушала Вінцука раз за разам успамінаць яго і шукаць той момант, калі яно – гэтае самае пачуццё – сышло.

Нейкім дзіўным чынам чамусьці адбывалася, што чым больш ён спазнаваў жыццёвы досьвед, тым больш змрочным рабіўся. Народ ператварыўся ў насельніцтва, і як нявыхаваныя і зпеставаныя дзеці – сам ужо нічога не хацеў рабіць дзеля ўласнага выжывання, а начальства, што было шчырым і сумленным, пераўвасобілася ў нянек для гэтага насельніцтва. Прагматычныя ж уладаносьбіты мелі ўласны клопат...

На гэтым месцы думкі намесьніка мэра прыпыніліся, бо нечакана ў прачыненыя дзьверы габінэта прасунулася жаночая галава з рудымі, ускудлачанымі хімзавіўкай, валасамі. Галава пільна зірнула сінімі вачыма на Вінцука і з сумневам запытала:

– Ёсьць тутака хто, ці ўсе ўжо разьбегліся?

Усьлед за галавой у дзьвярную пройму праціснулася ўся раскяпечаная пастава грамадзянкі Валянтовіч у зялёным пашарпаным плашчы, з напакаваным боханамі хлеба хатулём ў руцэ.

– А маю ж хату дажджамі заліло. І ніякай помачы ні ад уласьці, ні ад дэпутатаў. Хоць павесься, хоць забіся. — Лямантуючы апошнія словы, прамовіла Валянтовіч. Яна прыпынілася, на імгненне набіраючы паветра ў ёмкія грудзі і рыхтуючыся загаласіць на ўвесь габінет. Разгублены Вінцук, злоўлены грамадзянкай у самым што ні на ёсьць задумлівым стане самапачування, вымушана прапанаваў.

– Можа прысядзеце? Вып'еце кавы, гарбаты з пернікамі?

Жанчына на адно імгненне прыпыніла сваю звыклую даўно завучаную ролю, выгадваючы, як выгадней ёй дзейнічаць. Паглядаючы на збянтэжанага Вінцука, яна задаволена ўсьміхнулася:

– Хоць адзін начальнік запрасіў простага чалавека выпіць гарбаты.

Яна прысела за стол, не выпускаючы з рукі хатуль з боханамі хлеба. Вінцук пачаў гатаваць гарбату, заліваючы кіпнем заварку ў вялікім кубку. Думка ягоная ў гэты момант ліхаманкава шукала выйсьця. Валянтовіч была вядомая ў райцэнтры зводніца. Імпульсіўная і чэпкая, яна не аднаго мясцовага чыноўніка давяла да гіпертанічнага крызу. Раённае і нават абласное кіраўніцтва, толькі ўчуўшы голас Валянтовіч, пачынала трымцець, вібраваць, затым імгненна шалела, а потым ледзьве не кідала стулікамі ў Вінцука. Лепш за ўсё было б сплавіць яе аддзелу камунальнай гаспадаркі ці сацыяльнай абароны насельніцтва. Але хутчэй за ўсё вестка аб тым, што Валянтовіч ізноў выйшла на сьцяжыну баявых дзеянняў, ужо дайшла да аддзелаў райвыканкаму. Вінцук зірнуў у вакно, дзе ў пацьверджанне ягоных думак мільганулі адзін за другім легкавікі загададзелаў, імкліва выехаўшых з выканкамаўскага двара.

Трэба было нешта рабіць. У гэты момант Валянтовіч дапіла гарачую гарбату, страціўшы не больш за пяць хвілін на гэтую прыемную справу. Яна асцярожна паставіла кубак на стол.

– Дзякуй, таварыш начальнік, за гарбату. Добра вы жывяце, калі п’яце такую гарбату, з такімі пернікамі за народныя грошыкі. Не тое што мы, просты народ, гаруем штодня.

Валянтовіч набірала разгон звыкла і прафесійна, каб выйсьці на ўзровень, дзе лямант, галашэньне і нават праклёны былі натуральна зьмешаны ў адзінае цэлае.

– Якія ў вас цяжкасьці?

– У мяне адно гора: як выжыць? Гэтага вам не зразумець. Страха цячэ, як сіта. Веснавыя воды і дажджы заліваюць двор. У паграбне бульба патанае ў вадзе. А я жыву з аднае бульбы...

...Ведаю, ведаю, ведаю, што вы хочаце сказаць. Усе так кажуць. Што гэта мой уласны клопат. У мяне прыватны дом... я сама адказваю за ягонае становішча. То забярыце мой дом і дайце мне кватэру.

Тутака Валянтовіч перайшла на гаворку прыцішаным голасам, у якім між тым буяла дзікая энэргія асобы з неперапаленымі нервамі.

– ...Бацька мне казаў: адукуйся, адукуйся. Лягчэй жыць будзе. Не дурная галава, пайшла працаваць. Потым замуж выйшла, муж выпіваў. На будоўлі застудзіўся, захварэў, праз нейкі час памёр. А цяпер я нікому не патрэбна. Адзіная дачка жыве са мной. Мне трэ падняць яе на ногі. Памажыце, Богам вас прашу.

– Як?

– У вас уласьць. Вы можаце...

– Як?

– Вы ўласьць! Вы ўсё можаце. Як начальнікі будуюць дачы, дамы, кватэры...?

У гэты момант азваўся тэлефон. Затраўлены Вінцук, як тапелец выратавальнае кола, схапіў слухаўку. Тэлефанаваў старшыня райвыканкаму Тарас Пятровіч, варожы ўсякаму панібрацтву, уладарны, бязлітасны, на словах справядлівы, на справе жорсткі.

– Вы чым займаецеся? З грамадзянкай Валентовіч... Так, разьбярыцеся, што трэба зрабіць, каб памагчы грамадзянцы. Сам і асабіста. Можа ёсьць сэнс разгледзець яе пытанне на паседжанні выканкаму райсавету. Муж яе некалі працаваў у будаўнічых арганізацыях, вось няхай і памогуць. Сустрэньцеся з начальнікам РБУ Здольнікавым і разам падумайце, як памагчы чалавеку. І з сваімі прапановамі да мяне ў панядзелак з ранку.

На гэтым лагодная частка размовы скончылася і далей гаспадар звыкла рыкаў па тэлефоне, як тая драпежная тыгра.

– Так. Што ў вас там з высяленьнем? Так. Выселілі! Так. У мяне ўжо скарга на вас ляжыць. Чаму вы так нахабна і груба сябе паводзіце? І гэта ўжо ня першы раз. Чаму так бессардэчна ставіцеся да людзей? Стаміліся? Нервы не ў парадку? Выпрацавалі свой рэсурс? Тады прасіцеся на прасцейшую і лягчэйшую працу. Так. Каму плануеце вылучыць кватэру? Так. Не спяшайцеся ўводзіць у вушы людзей. Трэба памагчы з кватэрай работнікам пракуратуры.

Нарэшце старшыня райвыканкаму паклаў слухаўку. Зьмінтрэжаны Вінцук перавёў дух, словы гаспадара пра тое, што кватэра будзе вылучана некаму іншаму, а не шматпакутнаму ветерану Міхалевічу, былі апошнім ударам дня, які яго канчаткова прыбіў. Ён не ўяўляў, што скажа і як гляне ў вочы гаротнікам жыцця Міхалевічу і Зімніцкай, бо радасьць гэтых людзей была, як той гаючы бальзам для ягонай душы.

Ён зьбіраўся з сіламі, утаймоўваючы сваё балючае – быццам укушанае разьюшанай гюрзой – сэрца, потым пачаў тэлефанаваць начальніку будаўнічага ўпраўлення Міхасю Здольнікаву. Не даўшы яму сказаць слова, узмоклы Вінцук ціха сказаў у слухаўку:

– Трэба твая дапамога, Міхась. Паглядзець дом грамадзянкі Валянтовіч, што можна зрабіць…

Той, сьціпла і ўраўнаважана хэкнуўшы, з пачуццём добра абароненага адлегласьцю чалавека, звыкла затакаваў у слухаўку:

– Колькі яго можна глядзець? Мы ж з вамі асабіста глядзелі летась. І я па даручэнні старшыні да яе хаты за тры гады ўжо тры разы выяжджаў. Трэба грошы, праектна-каштарысная дакументацыя і ўсе пытанні. Падняць хату, паставіць новы падмурак з блокаў. Зрабіць падсыпку. Перакласьці шыферам дах...

– Твае прапановы.

– У мяне аніякіх прапаноў. Гэта справа бацькоў горада і раёна. Адно скажу, калі зрабіць рамонт хаты Валянтовіч за дзяржаўны кошт, то праз месяц сто чалавек захочуць таго ж самага. А праз год такіх будзе тысяча. Аніякі ні гарадзкі, ні раённы бюджэт ня вытрымае.

– Ну то рыхтуйся, у панядзелак разам пойдзем па гэтым пытанні на дыван да Тараса Пятровіча з нашымі сумеснымі прапановамі. Яе муж, дарэчы, працаваў будаўніком, і будаўнічы калектыў павінен памагчы ягонай удаве.

– Няхай памагае, ён працаваў у МПМК. Дарэчы, смактаў гарэлку на ўсю моц. Таму я яго ў свой час і выпер з РБУ.

– Вось на дыване і патлумачыш свой пункт гледжання.

– На дыван, дак на дыван. Мне не прывыкаць.

Начальнік гарадзкога будаўнічага ўпраўлення паклаў слухаўку. Вінцук прымусіў сябе зьмяніць нярвовы і стомлены выраз твару ўзьнікшы пры тэлефоннай размове, на адказны, дзяржаўны, і павярнуўся да грамадзянкі Валянтовіч.

– Яшчэ гарбаты?

– Не, дзякуй, – нечакана Валянтовіч выказала занепакоенасьць і заёрзала на стуліку.

– Зараз пойдзем. Зірнём на вашую бяду.

– Вы пачакайце. Мне трэба да прыбіральні.

– У нас прыбіральня на рамонце.

– Як на рамонце? А куды ж вы ходзіце пры патрэбе? – Валянтовіч падхапілася зь месца і, забыўшыся пра хатуль з хлебам, пабегла ў дзьверы. Зьдзіўлены Вінцук паціснуў плячыма і пачаў прыбіраць з стала. Узяўшы ў рукі пачку гарбаты, ён раптам зразумеў, чаму Валянтовіч так нечакана зьбегла з габінету. Гарбата была для паляпшэння работы нырак з эфэктам павышэння дыурэзу. Грыбоўскі з непрыхаванай зайздрасьцю зірнуў у бок пабеглай грамадзянкі, што мела ныркі, як у маладога бычка.

Праз гадзіну, ужо пад самы вечар да яго на працу заехалі начальнік рамонтна-будаўнічай арганізацыі Міхась Здольнікаў і Павал Сукачоў, моцны і прысадзісты, як грыб-баравік, здаравяк, што нядаўна прыехаў з Нароўлі і цяпер працаваў дырэктарам саўгаса “Залесьсе” кіляметраў за трыццаць ад гораду. Шчаслівы ад пераезду з зоны, Сукачоў цярпліва і хутка ствараў і ўмацоўваў патрэбныя сувязі. Утрох яны і паехалі на прыроду зьняць назьбіраўшуюся за тыдзень нярвовую напругу.

Прыпыніліся за горадам у невялічкім ляску, на захадзе чырвоны дыск сонца рыхтаваўся даць нырца за абрысы далягляду. На ўсходзе на паплавох Дняпра ляглі даўгія цені дубоў і ялін. Подых травеньскага, ужо па-летняму цёплага і па-веснавому сьвежага вечара засяродзіўся сярод прысутных.

Яны паклалі на капот масквіча газэту, Павал дастаў тэчку з багажніку, спрытна расставіў чаркі, бутэльку клімавіцкай гарэлкі, нарэзаў вяндліны, хлеба, цыбулі, сьвежых гуркоў. Нарэшце пад бадзёры вокліч Павала “каб пілося і ялося, хацелася і маглося” яны дружна кульнулі чаркі і, хэкнуўшы, пачалі закусваць.

Пагаварылі. Пакрытыкавалі Рэйгана і ўвесь амерыканскі імперыялізм. Потым размова непрыкметна перакінулася на жанчын.

Меднатвары ад веснавога загару Павал таямніча, па сакрэту пахваліўся, што завёў шыкоўную выхаваную і адукаваную тутэйшую каханку і атрымоўвае такую асалоду, такую якасьць жыцьця, што прысутным стала зайздросна. Міхасю Здольнікаву таксама захацелася мець такую чароўную каханку, каб падвысіць уласную якасьць жыцьця да сучаснага ўзроўню, і ён на ўзьнёслым падпітку пачаў пытаць падрабязнасьці іхных узаемадачыненняў. Сукачоў весела аднекваўся, намесьнік мэра стомлена слухаў.

Выпівалі ня проста так, выпівалі і вырашалі пытанні. Працоўныя пытанні і нават дзяржаўныя. Вінцуку першая выпітая чарка гарэлкі зьняла цяжар з душы, нібы цяжкая цагліна раптам звалілася з сэрца, ён перад чарговым тостам разважліва зазначыў:

– Усё добра. П'ецца добра. Жывецца добра. Дзякуй уладзе. Кіраўніцтва хоць дзяўбе, але разумнае. Вучуся ў яго... Заманалі скаргі грамадзян. Адна Валянтовіч можа ў дурдом загнаць.

Здольнікаў, бліснуўшы хітраватымі бурштынавымі вачыма, нечакана запытаў:

– Дарэчы, ходзяць чуткі, што сёньня вы ўдала прынялі вядомую ўсім Валянтовіч. Быццам яна вылецела куляй з вашага габінету, нават забыўшыся пра свой хатуль з хлебам, – весела зазначыў Міхась Здольнікаў, з ахвотай спажываючы вяндліну з свежымі гуркамі.

Грыбоўскі змоўчаў. Патлумач, потым не адаб’есься ад плётак. Таму ён зусім натуральна перавёў размову ў іншым кірунку.

– А тут рэканструкцыя парку. Праекту няма. Сродкаў няма. Магчымасьцяў няма. А яны дзяўбуць, дзяўбуць...

Нягледзячы на выпітую гарэлку, на выгляд Вінцук яшчэ не рабіў уражаньне хворага чалавека, але бачна было, што здароўя яна яму не прыбаўляе, а хутчэй кожная чарка забірае гэтае самае здароў’е. Ён нешта адчуваў, углядаўся перад сабой адсутным позіркам чалавека, што шукае нейкага выйсьця. Можа ў яго мроіла патаемная надзея, што вось у такіх кампанейскіх размовах за чаркай з спрытнымі і дасьведчанымі людзьмі знойдзецца нейкае рэалістычнае вырашэнне жыццёвых і нават дзяржаўных цяжкасьцяў.

– Вашую бяду адной рукою разьвяду. Нам якраз не хапае да плану некаторых аб’ёмаў работ па добраўпарадкаванні, – нечакана зацьвердзіў Здольнікаў, выціраючы насавічком успацелыя вусны. – У панядзелак запрашаю на планёрку, там абмяркуем і дамовімся. Дадзім людзей. Патрэбна будзе пастанова мясцовага выканаўчага камітэту.

– Пастанова будзе.

– Лічы, пытанне вырашана.

– Гэта ты за чаркай такі лагодны? – засумняваўся Вінцук.

– Выпіўшы, не выпіўшы, а маё слова, як з крэмню, – сказаў, як адрэзаў начальнік будаўнічага ўпраўлення.

– Тады вып’ем за тых, у каго слова крамяное, – дадаў Грыбоўскі.

Прысутныя дружна, рашуча падхапілі чаркі з капота легкавіка. Ужо пад самае заканчэньне сяброўскай вячэры хітры Здольнікаў нечакана даў такога нырца да самага дна ніжэй ахоўчай агароджы, што прысутнічае ў душы кожнага носьбіта ўлады, і, праслізнуўшы да ўжо неабароненай асобы намесьніка мэра, у меру лісьліва запытаў:

– Тутака вашая парада патрэбна, Віктар Аляксандравіч. Вось Павалу Андрэевічу жыць няма дзе, гаруе з сям’ёй у вёсцы, то ён хацеў бы даведацца, ці магчыма рэальна атрымаць пляц у мястэчку пад будаўніцтва доміка?

Намесьнік старшыні гарвыканкаму спахмурнеў і стаў сумным. Ён зразумеў сэнс гэтай нечакана зваліўшайся выпіўкі за чужы кошт.

– Маленькі, такі маленькі, малюпасенькі домік, – з невядомым яшчэ тады народу ельцынскім сарказмам прамовіў ён, і ў голасе яго прагучала незадаволенасьць. Паколькі пачастунак быў выпіты і зьедзены, трэба было неяк адпрацоўваць спажытую вяндліну.

– А што кажа кіраўніцтва?

– Начальства не супраць. Дзецям патрэбна сучасная гарадзкая адукацыя і музычная школа, – прамовіў абсалютна цьвярозы здаравяк Павал Андрэевіч і, дастаўшы з тэчкі ладны кавалак вэнджанага мяса, бутэльку каньяку і бярэма сьвежых гуркоў, пачаў рэзаць вяндліну. Здольнікаў, адкаркаваўшы каньяк, наліваў чаркі.

Начальства не супраць – гэта нічога ня значыла і не вырашала. Патрэбен быў загад, або яшчэ лепш папера з пячаткамі і подпісамі. Можа яны хацелі дабіць яго трэцяй бутэлькай і верагодна чацьвертай, і вырваць любой цаной ягонае слова, пасьля якога трэба было гэтае слова выконваць. “П’яны – не п’яны, а калі не хочаш, каб казалі потым, намесьнік мудак, абяцаў пляц, біў сябе кулаком у грудзі, я ўсё магу, выжраў палову скрынкі гарэлкі і нічога не зрабіў”.

– Гэта, мужыкі, ужо перабор. – Вінцук хітануў на бутэльку каньяку.

– На пасашок, Віктар Аляксандравіч, – адказаў Здольнікаў.

Намесьнік мэра любіў добры каньяк, у меру выпіты, ён мацаваў яго. Але замест адпачынку ізноў ішла тая самая барацьба за ўласныя жыцьцёвыя інтарэсы. Прыежджы люд быў чэпкім, рухомым і заўсёды знаходзіў такія нечаканыя хады і сувязі, што вымушаў трымацца з ім насьцярожана і ўважліва. Вінцук стомлена азірнуўся на паплавы.

Быў той дзіўны цёплы чароўны веснавы вечар, які так любяць і помняць тыя, каму пашчасьціла нарадзіцца і пражыць дзяцінства і юнацтва ў беларускай вёсцы. Там, дзе былі рака і лес, поле і сенажаць. Хто бачыў Зорны Шлях на паўнеба ў жнівеньскую ноч і стракатаньне конікаў, хто чуў чароўную песьню жаўрука.

– На пасашок, то на пасашок. Можна і трэба вырашаць вашую праблему. Але па-разумнаму і не на п’янае вока, мужыкі. Тут думаць трэба.

Па-дзяржаўнаму цьвёрда зазначыў Вінцук, і ў яго нечакана ўзьнік інтарэс да будаўніцтва ўласнага драўлянага доміку. Ён вырашыў у будучыні высьветліць падрабязнасьці такой забудовы. Гэта быў новы кірунак вырашэння ўзьніклых цяжкасьцяў: зьехаць, збудаваць домік дзе-небудзь ва ўтульным, прывабным і перспэктыўным месцы краіны.

Позна ўвечары, амаль ноччу, Вінцук прывалокся дадому на сваіх нагах, але ў добрым падпітку. Ён узрушана і блытана тлумачыў жонцы, што вырашаў дзяржаўныя пытанні, што так трэба, цалаваў жонцы рукі. Як заўсёды, дзяржаўных пытанняў у жыцьці не менела, а наадварот болела.

Назаўтра выходным суботнім днём Вінцук не пайшоў, як звычайна, на працу. Піў каву, хадзіў апухлы па сваёй кватэры на чацьвёртым паверсе з хворай балючай галавой. Да абеду слухаў кружэлкі з запісамі Высоцкага і дадумваў тое, што не пасьпеў дадумаць учора.

Пасьля абеду ён пайшоў выносіць вядро з сьмеццем да кантэйнэра і ўгледзеў, як каля суседняга ганку на грузавы Маз носіць мэблю з кватэры выяжджаючы ў Расею з сям’ёй механік мясцовай аўтабазы Гаўрыновіч.

– Здароў, Мікола. Зьяжджаеш?

Механік ківануў галавой, аблічча ягонае абсунулася за гэтыя дні. Жонка і двое дзяцей школьнага веку з напружанымі тварамі, за якімі хавалася спалоханасьць перад невядомай будучыняй, маўкліва цягалі хатнія рэчы да машыны.

– Можа і правільна... Жадаю, брат, табе ўдачы, – Вінцук няўдала паспрабаваў падбадзёрыць Гаўрыновіча.

Механік стрымана ківануў галавой у адказ і панёс да фуры стулікі. Ля Маза Міколаў швагер зачыніў металёвы задні борт.

Сям’я Гаўрыновіча стала каля швагерскага масквіча. Мікола на імгненне прыпыніўся, пастаяў на двары, зьняўшы шапку і з хвіліну нешта ўпарта думаючы, потым азірнуўся па бакох і загадаў сям’і сядаць у легкавік. Старэйшая дачка, сямікласніца Іра, вучылася разам з сынам Вінцука, адчувала самоту разьвітання і сумна пайшла за маці да самахода, трэцякласьнік Мішка пабег наперадзе, каб заняць месца побач з шафёрам. Увесь двор – хто з вокнаў, нехта выйшаў на прыступкі ганкаў – маўкліва глядзеў на Міколаў ад'езд.

Вінцук вярнуўся ў кватэру ўзрушаны. Найлепшыя і наймацнейшыя зьяжджалі, робячы спробу ратавання сваіх сем’яў, іншыя – больш асьцярожныя, ці слабейшыя, ці больш дальнабачныя – заставаліся на месцах. Упершыню на Вінцуковай памяці сам чалавек рабіў рашучы жыццёвы крок практычна без удзелу ўлады, і ўпершыню ён адчуў, што тая Вязьма, куды ехаў Гаўрыновіч, – гэта нешта чужое.

Яшчэ нядаўна пераезд некуды на абшары Саюзу быў пераездам хатнім. Нешта нябачна і рашуча зьмянілася ў самым грамадзкім паветры, хоць канструкцыі дзяржаўнага гмаху яшчэ покуль захавалі свой папярэдні зьнешні выгляд.

Ішоў травень 1987 году, і душа Вінцука занепакоілася, быццам невыносна цяжкая вага раптоўна цісканула яго да глебы, ды так, што не выкруціцца і не ўзьняцца. Было адчуванне, што ён нечакана з вясёлага і шчасьлівага травеньскага квітнеючага дня зрабіў крок у восеньскі дажджлівы і безнадзейны лістападаўскі вечар, і ўжо не было аніякай надзеі дачакацца новага шчасьця.

Цяпер ён пільна ўзіраўся ў зусім блізкае ўчарашняе мінулае, спрабаваў зразумець, якім чынам і дзе так нечакана парушыўся грамадзкі лад жыцьця, і гэтаксама нечакана зьнёс ягонае яшчэ нядаўна шчасьлівае жыццеўсьведамленне.

– Драндулета,– мармытаў ён ізноў і нечакана ясна і выразна перад ім паўставаў малюнак безнадзейнай будучыні. Тое, чым ён цяпер займаўся, ня мела аніякага станоўчага працягу. Ён проста разьменьваўся, як пешка на "Валянтовічаў" і "Сукачовых", вырашаў чужыя пытанні і цяжкасьці, марнуючы ўласныя сілы і час.

Позна ўвечары, калі буйныя зоркі зіхацелі на паўнеба, а з паплавоў Дняпра лёгкі рачны брыз даносіў веснавыя крыкі птушынага кірмаша, Грыбоўскі, ідучы з жонкай цёплым травеньскім вечарам ад цесьця з фазэнды ціхімі і цёмнымі вулкамі райцэнтру, у цяжкай задуме, разгублена і адтаго злосна дундзеў сабе пад нос бардаўскі напеў "аблажылі мяне, аблажылі, гоняць весела на нумары..."2

Хуткай чарадой імчалі гады і недзе ўперадзе ляцеў, як вялізарны і сьмертаносны балід-астэроід, трагічны і разбуральны 1991-ы год, як некалі 41-ы, але яшчэ ніхто ня ведаў пра гэта і толькі – раптоўна і нечакана стаміўшыся ад жыцця – намесьнік мэра Вінцук Грыбоўскі сваім абвостраным інстынктам аўтсайдэра адчуў гэтую магутную і сьмяротную небясьпеку...

Магілёў. Упершыню надрукаваны ў часопісе ‘’Гоман’’ №2 за 2006 г

 

1 “Хабікусі” – японскія жыхары, што падвергліся радыеактыўнаму выпраменьванню пад час атамнай бамбардзіроўкі гарадоў Хірасіма і Нагасакі.

2 “…аблажылі мяне, аблажылі..” – песьня У. Высоцкага “Охота на волков

Жыццё паводле Брэга

 

Рана ці позна, хоча чалавек ці не хоча, а будзе вымушаны пачаць жыць паводле Брэга ці Мантыньяка, Нішы або Маі Гагулан. А гэта значыць, каб жыць далей і назіраць вір жыцця, ён, гэты чалавек, павінен перастаць жэрці.

Калі быць дакладным, то ў сапраўднасьці спачатку ён павінен кінуць паліць, затым перастаць піць гарэлку, каньяк, віскі, самагонку, "Санцадары" і процьму розных “Агдамаў” і партвейнаў. Вы помніце дзіўны партвейн пад назвай “Тры сямёркі”? Калі вы помніце гэны дзівосны напой, то можна сьмела зазначыць, што ваша жыццё, дружа, не прапала дарма. Колькі незвычайных імгненняў вы перажылі, спажываючы гэты чароўны нектар, колькі ўзьнёслых мрояў, летуценняў пранеслася ў вашым уяўленні за гады вясны вашага жыцця.

Мой знаёмы лекар, да якога я зьвярнуўся, адчуўшы сябе кепска пасьля бурліва пражытых гадоў, паслухаў грукат майго сэрца, паглядзеў мутныя сцулі, што я прынёс у слоічку з-пад маянэзу, доўга ўглядаўся ў мой язык, мераў ціск, мацаў вантробы, кратаў чэлесы, глядзеў у розныя месцы, дзюркі, адтуліны і нарэшце зацьвердзіў:

— Хочаш жыць, Мікола, — перастань жэрці.

Паколькі паводле ягоных меркаваньняў раней я ўжо кінуў паліць, а затым перастаў і выпіваць, і пасьля ўсяго гэтага ўсё яшчэ заставаўся жыць, то і гэтая незвычайная парада прымусіла мяне яго паслухацца.

— Месяц ня еж, а празь месяц прыйдзеш да мяне, там пабачым, — прамовіў мой знаёмы кардыёлаг, уролаг, практолаг, нарколаг і фельчар Лявон і, крутнуўшыся на крэсьле-круцялі да кампутара, даў нырца ў віртуальную рэчаіснасьць.

З наступнага дня я фактычна перастаў есьці, бо тую траву, розныя напоі, гародніну і садавіну, арэхі і семкі сапраўдны мужчына ежай прызнаць не можа. Пасьля першых дзён галадавання я адчуў лёгкае кружэнне ў рэчаіснасьці. Асяродзьдзе пачало размывацца. Звыклая рэчаіснасьць плыла ў маіх вачох лёгкім хісткім туманам. Розныя маленькія і вялікія думкі, і нават глабальныя стратэгічныя дзяржаўныя меркаванні і распрацоўкі, наконт якіх я нават хацеў па электроннай пошце зьвярнуцца да Ягонай Вялікасьці пана Прэзыдэнта, каб пасобіць яму ў кіраванні дзяржавай, — дык вось, гэныя думкі і меркаванні сплылі некуды ўбок і больш мяне не турбавалі.

Адзіная думка пра ежу цяпер сядзела ў маёй галаве, як жалезны трактар у дрыгве, і не было аніякай магчымасьці ад яе выратавацца. Мары аб розных спажытых мной некалі стравах узьнікалі ў маёй галаве штохвілінна. Я мроіў аб смажаным на патэльні скрылі мяса з сальцам, якое падсмажваецца з абодвух бакоў так, што паміж двума краямі застаецца тая дзівосная пекная скварачка, якая так чароўна растае ў тваім роце, і аб цыбульцы, смажанай разам з скрылёчкамі мяска, і аб бульбачцы ў вялізным рондалі, і аб цэлым слупе пары, якая ўзносіцца да столі. А квашаная капустачка з журавінамі, і ўсё гэта пад чарачку жытнёвай… І размовы, дзіўныя мужчынскія размовы пра розныя гераічныя выпадкі, загадкавае і таемнае каханне, незвычайныя здарэнні, рэдкую ўдачу…

А вось калі яшчэ ўзяць злоўленых узімку шчупачкоў, ды лінёў, ды ёршыкаў, ды ўсё гэта ўмеючы згатаваць у кіпені ў вялікім мэталёвым рондалі, ды некалькі разоў закласьці ў кіпень сьвежых шчупачкоў з лінямі, то выходзіць такая юха, такая юха, якую затым можна сёрбаць драўлянымі лыжкамі, а можна піць малянкоўскімі шкляначкамі ды пад лусту смажанага мяска, ды пад жытнёвую… Ба-ба-ба… "Я люблю тебя, жизнь, и надеюсь, что это взаимно"…

Сучасная яда таксама мроілася ў мяне ўваччу…

У канцы тыдня, выпіўшы травянога напою і заеўшы жменяй семак, я рухаўся па абшарах існавання з вялікай цяжкасьцю. Калі я праходзіў у двары каля кантэйнэра з сьмеццем, мой абвостраны нюх сярод мноства сьмярдзючых пахаў вылушчваў дзівосны пах вэнджанай скумбрыі, падкісьленага чорнага хлеба, непараўнальны да магутнага — аж валіў з ног — пах маянэзу, грудзінкі, сыру і кілбасы. Гэтыя пахі прымусілі мяне насілу амаль на карачках адысьці ад сьметніцы на бясьпечную адлегласьць.

На сваіх родных, калег па працы, знаёмых і незнаёмых людзей, што ўвесь час жэрлі розныя смачныя стравы, я ўжо звыкла пачаў пазіраць, як на сваіх заклятых асабістых ворагаў. Гэта пачуццё неяк нечакана ўзьнялося аднекуль знутры мяне і заняло трывалае месца ў маёй сьвядомасьці. У канцы другога тыдня я ператварыўся ў дзьвюхногага ваўка, небясьпечнага для ўсіх, хто меў нейкае дачыненне да ежы. Хоць знаёмыя, сябры і блізкія ў адзін голас цьвердзілі пра дзівоснае маладзенне майго аблічча, ніхто ня ведаў, што пад гэтым абліччам гадуецца драпежнік.

Харчовыя крамы сталі для мяне тэрыторыямі, да якіх я ня мог нават наблізіцца. Я ўбачыў раптам, што горад перанасычаны харчовымі прадпрыемствамі — крамамі, шапікамі, кавярнямі, дзе людзі толькі і рабілі, што куплялі, елі, жавалі, церабілі, жэрлі ежу. Горад быў перагружаны ежай і людзьмі, якія елі і елі. Разумовае жыццё займала мізэрныя прамежкі часу паміж ядой, гатаваньнем страваў, транспарціроўкай харчоў, вырошчваньнем усяго таго, з чаго гатавалася яда, — усіх гэтых емяў і емін. І яшчэ: рэчаіснасьць была насычаная размовамі пра яду — хто, дзе, калі, учора ці сёньня, у Менску ці ў Вільні, каго з’еў і каго есьць зараз.

На трэцім тыдні мая істота канчаткова пачала ператварацца ў сапраўднага дзьвюхногага ваўка з усімі звычкамі і перакананнямі жыццёвай канцэпты гэтых істот. Я пачаў вучыцца хаваць сваё неўтаймаванае і палкае імкненне да мэты, навучыўся лагодна ўсьміхацца, хаваць драпежны бляск вачэй, быць ветлівым. Усе людзі сталі ўсьведамляцца мной як "яны", якія супрацьстаяць майму аўтаномнаму асабістаму “Я”. Калі нехта пачынаў казаць пра духоўнае, узьнёслае, я ўнутры сябе ўсьміхаўся і ня верыў ніводнаму слову суразмоўніка. Я разумеў, што гэта такі самы, але больш дасканалы і вытанчаны дзьвюхногі ваўчыла.

За тыдзень да заканчэньня тэрміну я зайшоў да знаёмага ўролага, практолага, нарколага, венэролага і акушэра Лявона. Проста так, бо ў ягоных парадах я ўжо не меў патрэбы.

— Прывітанне, Мікола, ты яшчэ не склеіў ласты? Не даў дуба? Малайчына! —закрычаў ён, моцна зьдзіўлены, убачыўшы мяне.

— Скажы ты, стары пярдун, — прамовіў я яму ў адказ, — навошта ты мяне пазбавіў ілюзій наконт чалавецтва? Зьнішчыў веру ў ідэалы, у асьвету, адукацыю, прагрэс чалавецтва, у каханне, у сэнс існавання, у асваенне касьмічнай прасторы?..

— Прыходзь праз тыдзень. Праз ты-дзе-нь! Цыкл яшчэ не скончаны, — Лявон ізноў крутнуўся на крэсьле-круцялі і даў нырца ў віртуальную кампутарную рэчаіснасьць.

Праз тыдзень я нарэшце закончыў цыкл і, сасьпеўшы, ужо не пайшоў да Лявона, бо ператварыўся ў дасканалага і вытанчанага хцівага дзьвюхногага драпежніка. Ежа для мяне перастала быць асноўнай дамінантай жыцьця і страціла нада мной уладу.

Цяпер звыклым дасьведчаным позіркам я пазнаю страваманаў — іх, як заўсёды, большасьць, і, як толькі мне патрэбна іхная прыхільнасьць ці апекаванне, ці нейкая патрэбная мне пастанова, я не шкадую грошай, бо ведаю: яны ў палоне мамоны. І гэтага дастаткова для дасягнення любых маіх драпежных мэтаў.

Дарэчы, знаёмы інтэлектуал нядаўна вярнуўся з Штатаў, дзе праходзіў паскораныя курсы вывучэньня асноў дэмакратыі, лібэралізму і свабоды, — ён умацаваў маё меркаваньне. З разгубленым і зьбянтэжаным выглядам ён шчыра пацьвердзіў маю тэзу тым чыннікам, што Штаты перапоўнены таўстунамі. Народ тамака жарэ яшчэ больш, чым у нас. От вам і ўся іхная хвалёная свабода і дэмакратыя — і ўсё дзеля таго, каб як мага болей есьці.

Быццам цьвік, забіты ў скроню, апошнім часам адна думка турбуе мяне: пры гэткіх апетытах можна ж урэшце зжэрці ўсе планетарныя рэсурсы…

 

2004 г. г.Мінск Друкаваўся ўпершыню ў ‘’Нашай Ніве’’

 

Тост

 

Першая зорка загарэлася на захадзе. Хмаpы гонка iмчалi на ўсход, несучыся на кpылах сьвежага, узрастаючага да моцнага ветpа, якi ўpываўся ў гоpад i пачынаў блукаць у лабірынтах менскiх вулiц.

Казiк Бакунiч сьпяшаўся i таму шпаpка ішоў па Ваpвашэнi.

Рухомы i энэpгiчна-ветлiвы, у сiнiх джынсах, сьветлай кашулi, абуты ў лёгкiя кpасоўкi, ён стваpаў уражаньне зусiм маладога чалавека. Сёньня стаpы сябаp i да таго ж сваяк Алесь запpасiў яго на нейкi свой юбiлей. Па сваёй недасьведчанасьці, якая iшла ад маладосьцi душы, Казiк не любiў юбiлеяў. Калi чалавек дамогся нейкiх вялiкiх асабiстых жыцьцёвых пеpамог, стаў прэзыдэнтам, нобэлеўскім лаўрэатам цi наpадзiў і выхаваў шмат дзяцей, якiя сталi прэзыдэнтамі i нобэлеўскімі лаўрэатамі, тады так, тады можна i тpэба сьвяткаваць юбiлеi. А калi пpоста змаpнаваў жыцьцёвы час, прасоўгаўся ў масоўцы, пpачакаў? Што тады сьвяткаваць? Змаpнаваны час?

У кpаме на рагу Максiма Багдановiча i Ваpвашэнi Казiк купiў бутэльку "Кpыштальнай" i бутэльку шампанскага, кавалак вэнджанага мяса, “Траецкага” хлеба, яшчэ такой-сякой драбязы i хутка накipаваўся да тpамвая. Сябаp жыў на Стаpавiленскім тракце. Едучы ў тpамваi, Казiк дадумаў незакончанае pазважаньне: “Наpод хоча смачна паесьці i добра выпіць, таму i сьвяткуе чужыя юбілеі”.

На парозе свайго дому падпіты Алесь pадасна сустрэў Казiка, пацалаваў у шчаку, павёў знаёміцца з гасьцямі, якія сумавалі за сталом, на якім усё ўжо было выпіта i зьедзена. Казік аддаў торбу Машы, цяперашняй каханцы Алеся, шапнуў на вуха, каб разабралася на кухні з закускай, сам панёс да стала бутэлькі.

Госьці, калегі Алеся па працы, тры жанчыны і два мужыкі, павесялелі. Казiк прынёс з сабой сьвежы водар жыцьця, і ўсе гэта адразу адчулі. Адна з жанчын, яе звалі Наталі, чарнабровая, у зялёнай сукенцы, якая пяшчотна аблягала тугія формы прыгожага цела, ласкава ўсьміхнулася Казіку. Ён памяняў кірунак хады ў патрэбным напрамку і пасьля звычайных словаў знаёмства зусім натуральна сеў побач з прыгажуняй.

Адчуўшы магчымасьць працягу юбілею, госьці ажылі і загаманілі. Маша ўжо несла бутэрброды з мясам, шпротамі, цытрынамі і ківі. Выпілі за юбіляра, за яго шэсьцьдзесят гадоў. Закусілі. Потым пілі за жыцьцё, шчасьце, якое пралятае імкліва, як ластаўка ў небе.

Цёплае плячо Наталі, яе рука, жывая і хвалюючая, тугія формы вабнай паставы, усё гэта ўзбуджала і прыцягвала. Казік з асалодай падумаў, як ён сёньня скарыстае гэтае шыкоўнае цела. Ён быў упэўнены, што скарыстае, у яго было такое радаснае прадчуваньне. Ад таго, што ён даўно не меў стасункаў з незнаёмымі, чужымі жанчынамі, хваляваньне маладзіла і вяртала ў сінюю смугу юнацтва.

Непрыкметна ўзяўшы за цёплую, мяккую ручку Наталі, ён уявіў, як будзе цудоўна з гэтай мілай, прыемнай, з густам, выхаванай і адукаванай жанчынай стасавацца ў незвычайных і адмысловых палкіх любоўных дачыненьнях. Тут хваляваньне Казіка пачало пералівацца цераз край, і ён вярнуў сябе ў рэчаіснасьць.

Гамонка ішла аб жыцьці, аб палітыцы, аб прэзыдэнце, дарагоўлі. Сабраліся добрыя, прыемныя, адукаваныя інтэлігенты, якія на ўсё мелі сваё меркаваньне, свой востры крытычны позірк.

Алесь шчасьліва ўсьміхаўся, папраўляў гальштук, спрабаваў нешта сказаць і змаўкаў. Было дзіўна, дзе ён пасьпеў назюзюкацца. Вечарына, якая так сумна заканчвалася, заpаз нечакана ўзбуяла і зайграла новымі нечаканымі фарбамі. Мужыкі інжынэры Тодаp і Язэп расказалі па анэкдоце. Жанчыны сакаталі ад сьмеху.

Казік зірнуў на стол, бутэрброды былі зьедзеныя. Гарэлкі засталося на адходную. Пачакаўшы хвіліну, Казік разьліў гарэлку па чарках і сказаў:

– Спадарства! Мілыя дамы і дарагія мужыкі! Ёсьць выдатны, сьвежы і выбітны тост. Апошні і самы галоўны.

Усе ўзяліся за чаркі. Казік прыцішыў голас, таямніча і ўрачыста сказаў:

– Вып’ем, паважанае спадарства, за “Жыве Беларусь!”

Мужыкі весела ўзьнялі чаркі. Жанчыны Ніна, Валя і Маша паднялі свае.

– Я не п’ю за гэты тост, – прыгожая рука Наталі адсунула чарку ад сябе.

– Ты што? – зьдзівіўся Казік.

– Не п’ю, – Наталі неяк замбавана ўсьміхнулася і чарку не ўзяла.

– Ну кінь, Наташ, не дуры, – Тодар падкрэсьлена акуратна выпіў сваю.

– Якая Беларусь, яе няма. Проста выдумка бальшавікоў. Чым Менск адрозьніваецца ад Курска, Тулы, Саратава ці Новасібірску. Гэта ж несур’ёзна, – Наталі гаварыла, паблажліва ўсьміхаючыся, як пра нешта канчаткова вырашанае.

– Расейская тэрыторыя, мае нейкія спэцыфічныя адрозьненьні, такіх у Расеі шмат.

Тодар махнуў рукой.

– Ды кінь ты, Наташ, я сам напалову беларус, у мяне маці беларуска. Па пашпарце я рускі. Беларусы цудоўны народ. Памяркоўны.

– Кіньце вы глупствы гаварыць. Вы ж дарослыя людзі. Якая Беларусь? Проста сьмешна.

Наталі ўсьміхалася ўжо з адценьнем грэблівасьці.

Казік узлаваўся. Выхаваны, вясёлы эўрапеец на вачох ператвараўся ў нешта халоднае, злоснае, непахісна-варожае. Страшныя, чорныя, абразьлівыя словы нараджаліся ў душы. Ах ты набрыдзь, ах ты б..б..блін. Жрэш наша сала, спажываеш наша масла... на дурніцу атрымала кватэру як сям’я адстаўнікоў, што прыехала з Улан-Удэ, а тыя, хто захліпаецца ад радыеактыўнага стронцыю і есьць радыеактыўны цэзій у Гомелі... хочаце, каб і далей мы былі белымі мышамі для імперскіх досьледаў...

Але Казік змоўчаў, перасіліў сябе, пераціснуў, перадушыў сваю роспач, сваю злобу, тую пустку, што нараджалася у душы, таго дракона, што злосна заварочаўся ў глыбіні яго.

Ён некалькі імгненьняў глядзеў на Наталі, шкадуючы аб тым, чаго ўжо не будзе, аб адмысловых палкіх любоўных уцехах.

– Ну што ж, – Казік падняўся, выхаваны, мужны эўрапеец, падобны на сталёвы меч, якім продкі ліцьвіны змагаліся з тэўтонамі.

– Тады вып’ем за разьвітаньне з Марай. За тое, што ніколі не будзе ў нас спатканьня з Парыжам, ніколі не ўбачым акіянскай хвалі, ніколі не ўліемся раўнапраўнымі эўрапейцамі ў цывілізаваны Заходні Сьвет. Нам, ліцьвінам, наканаваны лёс халуёў, прыгонных істотаў, якіх некалі сагнулі, і ніяк мы не разагнёмся. Лёс выканаўцаў чужых загадаў i жаданьняў, дзе мы павінны будзем гадаваць сьвіней, захліпацца ад радыяцыі, дзеля таго, каб каланізатары спажывалі нашыя жыцьцёвыя прасторы, нашае неба, нашае сонца, нашую зямлю, нашых жанчын для сваіх абавязкова Вялікіх Патрэб.

Усе прысутныя вытарашчылі вочы і моўчкі пазіралі на Казіка. Наталі з спачуваньнем глядзела на яго. Потым сказала.

– Трызьненьне нейкае. Проста лухта.

Казік паставіў чарку на стол. Ён страціў інтарэс да гасьцей. Не было аніякай розьніцы паміж гэтым шыкоўным целам сьпелай самкі і тым мэтысам, у пашпарце якога было начыркана, што ён рускі. Абое ня мелі Радзімы. Прыляпіўшыся да таго, што здавалася ім вялікім і моцным, яны хацелі ўратаваць сваё камфортнае, спакойнае і нікому не патрэбнае жыцьцё. Яны хацелі есьці, піць, удыхаць і выдыхаць, сэксаваць аж да самага біялагічнага канца. Мінулае іх не цікавіла, таксама як і будучыня. Бо мінулае, як i будучыня, патрабавала намаганьняў, інтэлекту, барацьбы, шматлікіх параз і рэдкіх перамог. Сапраўднае жыцьцё было сынусоідай, роўная лінія сьведчыла аб духоўным заняпадзе.

Казік падняўся з-за стала і, як выхаваны эўрапеец, ветліва разьвітаўся. Яго абразілі нэйтральна-абыякавыя стасункі прысутных да роднай краіны. Ён, Казік, сам быў метысам з заблытаным руска-беларуска-татарскім родаводам. Але сябе ён заўсёды ідэнтыфікаваў, па месцу нараджэньня і жыхарства, як патрыёта і грамадзяніна Беларусі. Грэблівыя стасункі да ўласнай дзяржавы сьведчылі, што некаторыя жыхары не хацелі трымаць адказнасьць за лёс краіны. Гэты шлях вёў грамадства да страшных параз у будучыні...

У асяродзьдзі сьвежы, нарастаючы да моцнага вецер нёс адчайнае і маладое пачуцьцё свабоды. Неба ачысьцілася ад хмараў, і Зорны Шлях ледзь-ледзь праступаў у начным небе, прытушаны штучным гарадзкім сьвятлом.

Казік павольна ў роздуме крочыў па начных вуліцах Менску, і злосны дракон у ім сутаргава і магутна рваўся на волю.

 

г.Менск Апавяданне друкавалася ў ‘’Нашай Ніве’’ у 1999 годзе.

 

Дамінанта

 

Дастаткова сябе трымаць упэўнена – і асоба ўжо абароненая нябачнай сілай. Упэўненасьць сьведчыць аб нечым, што вымагае адэкватнага стаўленьня.

Быў сьветлы, сонечны пачатак нядзельнага дня ў канцы жніўня. Ён стаяў у тралейбусе, каля цэнтральнага выхаду, у файных чорных штанах, у бліскучых модных пантофлях і адпрасаванай цёмна-блакітнай кашулі. Гэткі прысадзісты, ладны, з сівізной, спакойны і ўпэўнены тутэйшы мужык. У наш нярвовы, нестабільны час ён быў асяродкам надзейнасьці, да яго хацелася падысьці бліжэй, каб прытуліцца да гэтай надзейнасьці, і таму сталыя жанчыны, што разумеюць сапраўдныя каштоўнасьці жыцьця, прыпынялі на ім свой позірк.

Раніцой выходнага дня ў тралейбусе людзей было няшмат, і адзінокая постаць зьвяртала на сябе ўвагу. Ён трымаў пад пахай стос патрыятычных газэт і, разгарнуўшы «Пагоню», пільна чытаў.

Вось тут і пад'ехаў да яго каржакаваты, загарэлы здаравячок гадоў пад пяцьдзясят. Ростам ён быў дзесьці пад 168 см, таму не дацягваў да здаравяка.

– Ну, как там дела? – здаравячок кіўнуў галавой і паказаў вачыма на газэты.

– Што вы маеце на ўвазе? – тутэйшы рэагаваў зычліва.

О чем националисты пишут?

– Пра ўсё, што хвалюе сьвядомых. Можаце зірнуць, калі вам цікава.

Тутэйшы ўсё яшчэ не зусім разумеў прычыну звароту да яго незнаёмца і таму трымаўся ўважліва і ветліва. Ён працягнуў здаравячку газэту.

– Я вскоре выхожу. Вот чего им надо? Скажи. Вообще, давай говорить образно, естественным языком.

– Не зразумеў, пра што вы.

– Слушай, ты же умный мужик. По тебе сразу видно.

Незнаёмец ахінуў тутэйшага чэпкім позіркам з галавы да самых шыкоўных пантофляў.

– Тюльку-то гнать не надо. У нас двуязычие. Так что имеем право.

– Натуральна, – абарыген трымаўся па-ранейшаму спакойна і цывілізавана дамінаваў на абмежаванай жыцьцёвай прасторы тралейбуса, што імчаў па вуліцы Максіма Багдановіча.

– Кто как хочет, так и говорит. Тем более, я все понимаю и, кроме того, еще другими владею.

– Разумець — адно, іншая справа — карыстацца. Хто карыстаецца, той удзельнічае, той сьвядомы, а іншыя – цемра.

Тутэйшы пачаў разумець здаравячка і адметным цверджаннем памацаў ягоную базу зьвестак.

Мужык нервова торгнуўся, трымаючыся за металёвы стаяк, але працягваў наступ. Незнаёмца злавала ня толькі тое, што гаварыў тутэйшы ў файных чорных штанах, але і ягоная манера трымацца, спакойна-ўпэўненая, ветлівая і да таго ж — бездакорнае карыстаньне мовай. Тутэйшы дамінаваў, і не было аніякай магчымасьці яго прыпыніць, апусьціць на сваё месца.

Пасажыры тралейбуса абыякава слухалі, большасьць не разумела. Меншасць, у асноўным мясцовыя мужыкі і некаторыя сталыя жанчыны, з цікаўнасьцю прыслухоўваліся.

Тут, на абмежаванай прасторы, на яшчэ нейтральнай жыццёвай тэрыторыі, працягвалася барацьба абарыгена і расейскамоўнага манкурта за дамінанту.

– Моя дочка, кстати, выбрала русский. Права человека. Я так Виктору и сказал, Ивашкевичу.

– Можна пашкадаваць вашага ўнука, яму давядзецца марнаваць сваё жыцьцё, «вызваляючы» Каўказ ад суверэнітэта.

– И твоему тоже.

– Ні ў якім разе, ён будзе сучасным еўрапейцам.

Чамусьці нетутэйшыя заўсёды пачынаюць нервавацца, калі пасьля першых словаў прывітаньня размова ідзе на мове абарыгенаў.

– Заткни рот, хватит, – здаравячок ужо не хаваў злосьці, ён таптаўся перад дзьвярыма тралейбуса, што расчыніліся на прыпынку. Трэба было выходзіць, але ён усё ніяк не мог сысьці з месца змаганьня, згубіўшы чароўнае пачуцьцё дамінанты.

– Будеш вякать и дальше, козлик, получишь неприятности.

Ён спрабаваў вярнуць дамінанту сілавым узьдзеяннем.

Між тым тутэйшы зьдзяйсьняў непахісную ўпэўненасьць і спакой. Ён уважліва агледзеў усю постаць выбойнага пасажыра і з прыхаванай хітрынкай сцвердзіў:

– Хачу папярэдзіць вас, шаноўны, што ў свой час на вайсковай службе ў марской пяхоце тры гады вучыўся рукапашнаму бою.

‘’Савок’’, нярвова падскочыўшы на месцы, рынуўся ў дзьверы, ён і так ужо праехаў свой прыпынак. Абарыген, якога ён так старанна хацеў апусьціць ніжэй сябе, ветліва памахаў рукой неўраўнаважанаму апанэнту. Той, застаўшыся на прыпынку і падняўшы далонь, укручваў яе ў скронь, ледзь стрымліваючы сябе, і бачна было, што яму так і карціць кінуцца назад у тралейбус, моцна і жорстка разабрацца з абарыгенам. Але, як нябачныя путы, трымала яго ўпэўненасьць тутэйшага, і ён зноў і зноў уганяў далонь у скронь і выціскаў з сябе рык раз’юшанага шавініста:

– Казёл гр-р-р-р... бэнээфавец гр-р-р… шызік гр-р-р-р… мудак гр-р-р-р...

Тралейбус зачыніў дзьверы і памчаў далей па вуліцы ў кірунку Нямігі.

– Зусім слабак, а так хацеў паказаць сябе крутым, – крыху зьдзіўлена сказаў сабе тутэйшы. Ніколі ён ня быў марскім пехацінцам і не вучыўся забіваць і калечыць людзей, бо ў свой час праходзіў вайсковую службу сувязістам...

Ён сышоў на прыпынку «вуліца Веры Харужай» і пайшоў да пераходу, упэўнены, ветлівы, прыгожы, у файных чорных штанах і модных бліскучых пантофлях, крыху нахіліўшы долу магутную сівую галаву.

І быў у Менску сонечны жнівеньскі дзень. Дзе-нідзе пасмы жоўтага лісьця ў зялёных шатах ліпаў сьведчылі, што хутка надыдзе восень, што яшчэ адзін год прайшоў, што шчасьце было так блізка... І прыгожыя менскія жанчыны прыпынялі свой позірк на памяркоўным і талерантным мужчыне, што нетаропка крочыў па вуліцы ў кірунку Камароўкі, несучы з сабой уратаваную дамінанту жыцця.

 

Упершыню надрукавана ў ‘’Нашай Ніве’’ №4 за 2001 год.

 

Вокліч

 

I

 

У гэтым вялікім габінэце былі яшчэ дзьве вялікія рэчы: пагоны і галава генерал-лейтэнанта ФСБ Далмата Пятрова, які сядзеў ва ўтульным скураным фатэлі і гаварыў: стрымана, ёміста і насычана. Генерал быў невялікага росту, нядаўна яму дабавілі зорку, і ён ператварыўся ў генерал-лейтэнанта, пасьля чаго неяк усох, здрабнеў, перарабіўся з каржакаватага здаравяка ў мізэрнага сухенькага дзядка ў форме з непамерна вялікімі пагонамі. Магчыма, яго падсьвядомых жыцьцёвых сілаў не хапіла на чын генерал-лейтэнанта. Засталася вялікая галава, здольная ўспрымаць інфармацыю, перапрацоўваць яе і рабіць высновы, выключная памяць, працаздольнасьць і дагматычная вера ў ідэалы расейскай імпэрыі, што дазволіла яму зрабіцца адзіным уладальнікам вялікага габінэта і ўтульнага фатэля Адсюль, з гэтага скуранога, цёплага крэсла генерал-лейтэнант Далмат Пятроў распаўсюджаваў планы і энэргію барацьбы з ворагамі імпэрыі. Сёньня ён сьвідраваў халоднымі, нават злоснымі вачыма палкоўніка ФСБ Фарыда Іванова, які сядзеў насупраць.

— Не давай ім падняцца, адчуць смак перамогі. Аніякага посьпеху яны не павінны дасягаць самастойна. Посьпех у іх сьвядомасьці павінен быць зьвязаны толькі з дзейнасьцю Расеі. Таму ўсё таленавітае, здольнае, ініцыятыўнае, нацыянальнае бязьлітасна затоптвай у першую і другую чаргу. На кіруючыя пасады ў культуры, спорце, тэлебачаньні вылучай ці мясцовых дагматаў, няздараў, тупіцаў, ці расейскіх патрыётаў. Тамтэйшыя прыдуркі добра заціраюць усе мясцовыя таленты і здольнасьці. Акрамя таго, на іх фоне расейцы будуць выглядаць выключна геніяльнымі работнікамі.

Генэрал Пятроў жорстка зірнуў на палкоўніка Іванова, нібы разгледзіў у ім непатрэбную для агента ўплыву мяккасьць і жаласьлівасьць.

— Мы ледзь не празявалі Беларусь. У апошні момант пасьпелі піхнуць на кіраўнічае месца свайго чалавека. Але сытуацыя складаная, няпростая. Там побач — Эўропа. Шмат хто, дыхнуўшы кіслароду ў Варшаве, Празе ды Парыжы, пачаў разумець сэнс жыцьця. Таму аніякай альтэрнатывы, аніякай Эўропы. Таленавітыя і здольныя павіны назаўсёды зразумець, што могуць нечага дасягнуць, зрабіць кар'еру толькі праз Маскву, у Маскве, дзякуючы Маскве, падтрымліваючы Маскву.

Генерал прамаўчаў, адпіў глыток са шклянкі і працягваў:

— Класічны агент уплыву павінен валодаць мовай, гісторыяй тэрыторыі, якую трэба падпарадкаваць. У нашым выпадку ніякай мовы, ніякай гісторыі. Іх гісторыя пачалася ў 17-м годзе, датуль яны не мелі гісторыі.

Генерал Пятроў нешта ўспомніў, спахмурнеў і некалькі доўгіх хвілінаў разглядаў цьвёрды, валявы твар 37-гадовага палкоўніка Іванова.

— Нейкую ілюзію ім ствары, пакінь газэтку на іхняй мове. Але ўсіх здольных журналістаў перакупі ў расейскамоўныя выданьні. Нязломных бязьлітасна ламай. Галоўнае — задушыць веру ў сябе. Не даць ім аніякага посьпеху. Калі хто нечага і дасягне — ані слова, маўчаць, абмежаваць фінансава. Ніякіх перамог! Ніякага сымбалю для аб'яднаньня!

На разьвітаньне генерал-лейтэнант Далмат Пятроў памякчэў, паводле расейскага звычаю набулькаў палкоўніку Фарыду Іванову шклянку добрага армянскага каньяку за ўдалую дзейнасьць у Заходняй правінцыі імпэрыі.

— Дзейнічай, палкоўнік!..

 

II

 

У Менску ўсё зьмяшалася ў рэчаіснасьці. Лета ўвасобіла ў сабе помесь нязвыкла цёплай зімы і халоднай вясны. Было ціха, хранічна дыскамфортна, ураджай рос кепска, будучыня абяцала быць галоднай. Пачуццё чаканьня ўладарыла ў грамадзтве. Постсавецкі народ засынаў, паступова стагнуючы, ён усё хутчэй і хутчэй упадаў у стан анабіёзу. У той дзень на менскім стадыёне «Дынама» сабралася ўсяго некалькі тысячаў заўзятараў. Пасьля першага тайму адборачнай гульні чэмпіянату сьвету зборная Расеі перамагала зборную Беларусі зь лікам 2-0. Заўзятары ў перапынку курылі цыгарэты, пілі піва, лускалі семкі, глядзелі невідушчымі вачыма перад сабой. Надзея на лепшае жыцьцё памірала доўга і пакутліва. Сёньняшняя параза ставіла ганебную кропку ў канцы дзейства, якое зьнішчала гонар, сумленьне і свабоду гэтых людзей. Іх, хто прысутнічаў на стадыёне, прымусілі згадзіцца з тым, што яны — натоўп, ад якога не залежыць нічога, нават вынік футбольнага матча.

Заўзятары ў Кіеве і Львове, Палтаве і Віньніцы, Чаркасах і Запарожжы, па ўсёй вольнай Украіне, назіраючы па тэлевізіі гэты ганебны матч, лаяліся па-мацернаму, абзываючы сваіх братоў сьвінаводамі і бульбаводамі. Зборная Ўкраіны пры перамозе расейцаў займала другое месца ў турніры і не трапляла ў фінал футбольнага першынства сьвету.

Вітаўт спазьніўся на першы тайм і прыйшоў на цэнтральную трыбуну, змрочна балансуючы на мяжы чорнай злобы і адчаю. Ён заняў сваё месца, паглядзеў на табло, на маладых хлопцаў, што сядзелі побач. Міліцыянты ў бронекамізэльках, з гумовымі палкамі напагатове стаялі ў праходах, пільна ўзіраючыся ў шэрагі людзей, вышукваючы бел-чырвона-белыя сьцягі, каб адразу арыштаваць і сьцяг, і сьцяганосца. Пануючы рэжым ажыцьцяўляў планы імперскай Расеі, душыў праявы этнічнай сьвядомасьці народу нават у спорце.

— Чаго так сумна? — Вітаўт зірнуў на маладых.

— Прайграём, — юнак побач пацягнуў з бляшанкі піва і невыразна паглядзеў на Вітаўта. У сініх вачах хлопца ўжо зьзяла абыякавасьць як спроба захаваньня душы ад роспачы.

— Вынік запланаваны ў Маскве, што тут незразумелага? Яны ж ходзяць па полі, аніякай барацьбы, — павярнуўся да Вітаўта ладна зьбіты малады мужчына ў штармоўцы, у вачах яго стаялі дзікая злосьць і роспач.

— Гэта гульня — яшчэ адно пацьверджаньне паслухмянасьці беларусаў, нашай любові да «вялікага расейскага народу». За гэта мы атрымаем газ, электраэнэргію, сыравіну... яшчэ нешта..., — апошнія словы мужчына вымавіў з непрыхаваным раздражненьнем.

— А калі перайначыць гэты вынік? Парушыць планы маскоўскіх стратэгаў? Зьмяніць хаду падзей? Га? - разважыў у голас Вітаўт.

— Думка цікавая, але як? — пахмурна адказаў мужчына сьпераду.

— Можа, здымем порткі, абуем буцы ды на поле? Га? - усьміхнуўся хлопец зьлева. Вітаўт доўга маўчаў. Яны ўсе былі аб'яднаныя жаданьнем свабоды, непераможнасьці Радзімы. Ва ўяўленьні Вітаўта паўсталі героі мінуўшчыны.

— Мужыкі, успомнім старажытных ваяроў: Давіда Гарадзенскага і яго гераічную барацьбу з тэўтонамі, вялікіх князёў Вітаўта і Міндоўга. Тых, хто загінуў пад Грунвальдам. Іх шлях да Грунвальда, іх сумнеў, тугу, невядомасьць, А потым — жорсткую сечу, калі трэба было цярпець, змагацца і гінуць дзеля Перамогі.

Вітаўт гаварыў марудна і ціха. Кожнае слова клалася, як важкі камень у сьцяну абарончага збудаваньня. Ён змоўк і доўга, амаль хвіліну, маўчаў, апусьціўшы сівую галаву долу.

— Перамогі заўсёды патрабавалі магутных намаганьняў, гераізму, — прашаптаў ён.

— Слава Героям, — ціха сказаў ён.

— Слава Героям! - паўтарыў ён ізноў. Суседзі, маладыя хлопцы і мужыкі наперадзе са зьдзіўленьнем і інтарэсам паглядзелі на Вітаўта, яны нібы пачалі прачынацца.

На поле выбеглі футбалісты зборных Расеі і Беларусі.

Вітаўт разагнуў плечы, падняў літую глыбу стрыжанай сівой галавы, быццам неймаверны цяжар.

— Пагоня, — з намаганьнем і адным словам прамовіў Вітаўт.

— Па-го-ня! - энэргічна, рашуча, цьвёрда, непахісна пачаў скандаваць Вітаўт. Ён выпраменьваў упэўненасьць, з ім побач нябачна стаялі ваяры, што палеглі пад Грунвальдам амаль 600 гадоў назад.

— Па-го-ня! Па-го-ня! - спакойна, упэўнена, рашуча, цьвёрда, з унутранай сілай. Моладзь навокал Вітаўта падхапіла вокліч.

— Па-го-ня! Па-го-ня! Па-го-ня! - вокліч панёсься па трыбунах стадыёну. Ужо скандавала некалькі соцень заўзятараў. Яшчэ некалькі імгненьняў, і ў адзіным пачуцьці, шчырым, адчайным жаданьні Перамогі ўсе, хто прысутічаў на стадыёне, усталі. Як быццам сьвежы вецер з акіяну пранёсься над трыбунамі і вырваўся на футбольнае поле.

 

III

 

Палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў, накіраваны ў Менск для ўвасабленьня імпэрскіх планаў Расеі, ажыцьцяўляў кантроль за ходам футбольнага матча зборных Расеі і Беларусі. Утульна ўладкаваўшыся ў крэсьле на трэцім паверсе штаб-кватэры СНГ, налкоўнік назіраў хаду гульні па тэлевізіі і маленькімі глыткамі смакаваў каву. Зрэдку ён паглядаў на сакратарку-рэфэрэнта Аліну Бандарэвіч, прыгажуню з непаўторнай паставай. Ад Аліны ішла хваля такіх моцных флюідаў, што ў 37-гадовага палкоўніка ФСБ ад спакусы пацелі далоні.

— Як Вы думаеце, Фарыд Ахмедавіч, хто сёньня пераможа, вашы ці нашы? — Аліна зірнула на Іванова сваімі чароўнымі цёмна-сінімі вачыма.

— Бульбаводы няздатныя да перамог. Яны ўжо прайгралі ўсё, што можна было прайграць, на сто гадоў наперад.

Палкоўнік выключыў гук у тэлевізары. З футболам ўсё ясна. Можна было пераходзіць да прыемнай падрыхтоўчай працы, зьвязанай з вярбоўкай агента.

— Называй мяне проста Фарыд, — палкоўнік падышоў да Аліны, аблапіў позіркам увесь непаўторны зьбег славутай сінусоіды, стрымаўшы зьвярыны крык жаданьня, пасьля па-партыйнаму моцна, упэўнена ўзяў дзьвюма рукамі за сьцёгны і магутна — не вырвацца і не паварушыцца — прытуліў да сябе.

— Фарыд Ахмедавіч, вы што, з глузду зьехалі? — спалохана закрычала Аліна.

На другім паверсе будынка рэфэрэнт па міжнародных справах СНГ Арсэн Гайдукоў, ён жа сакрэтны агент ФСБ, назіраючы ў маніторы разьвіцьцё падзеяў, уключыў тэлезапіс.

Між тым на футбольным полі адбылося непрыкметнае здарэньне, на замену выйшаў паўабаронца Кастусь Канапелька. Ён выбег, падхоплены магутным жаданьнем тысяч людзей аказаць супраціў, змагацца і перамагчы.

— Па-го-ня, Па-го-ня, Па-го-ня, - стагнаў, енчыў, плакаў, патрабаваў, пагражаў стадыён, і ў гэтым крыку-стогне яны, футбалісты зборнай Беларусі, чулі водгалас усіх тых няшчасьцяў, што выпалі на долю іхнага шматпакутнага народа. Сёньня, праз гады пасьля Чарнобыля, сваякі гэтых людзей валіліся адзін за адным у магілу, пакідаючы безабароннымі сваіх дзяцей, жонак і мужоў у адзіноце перад разрухай, беспрацоўем, голадам... Кастусь праглынуў камяк, змахнуў сьлёзы.

Капітан каманды Алесь Юрэвіч падбег да яго, узрушана запытаў:

— Што?

— Што, - адказаў Кастусь, — не бачыш што! Трэба Перамога.

Алесь узрадавана і адначасова злосна хітануў галавой. У Алеся безнадзейна хворая жонка памірала ў Бараўлянах, і яму не трэба было шмат слоў.

Каманда Беларусі пачала гуляць у зусім іншую гульню, настойлівую, тэхнічную, стваральную. На 61-й хвіліне матча Кастусь Канапелька ў падкаце забраў мяч у цэнтры абароны расейцаў Сяргея Мамедава і, набіраючы хуткасьць, памчаў наперад, на супрацьходзе праскочыў праз расейскую абарону, прайшоў крыху на край, на кут штрафной, магутна паскорыўся і выкаціўся на брамніка расейцаў Руслана Бабіджакава, які маланкай кінуўся ў ногі. Кастусь імгненна катануў мяч уздоўж пустой брамы, і Юрась Старавойтаў з асалодай увагнаў гол у сетку неабароненай брамы зборнай Расеі. Стадыён выбухнуў стогнам радасьці. Цыгарэты, бляшанкі з півам, газэты і часопісы, — усё было імгненна кінута долу.

— Па-го-ня! Па-го-ня! - у адзіным жаданьні тысячы галасоў заўзятараў прасілі працягу.

Пасьля хуткай імклівай перапасоўкі ў цэнтры поля, такой, што нават у заўзятараў закруцілася ў галовах, Кастусь Канапелька атрымаў мяч, паскорыўся, адарваўся ад абаронцаў на нейкія сантыметры і магутна стрэліў па браме нізам. Бабіджакаў тыграм скокнуў у кут, адбіў мяч перад сабою, і цэнтральны нападнік беларусаў Алесь Юрэвіч ластаўкай выскачыў з натоўпу футбалістаў і галавой загнаў мяч пад бэльку. Лік стаў 2:2.

— Па-го-ня! Па-го-ня! Па-го-ня! - скандаваў народ. Здавалася, што дзесьці грозна грымеў гром... Ціхі, памяркоўны дзень некуды зьнік, на зьмену яму прыйшоў суворы, непрадказальны, трывожны час. Час дзеяньня і барацьбы. Міліцыянты разгублена бегалі па трыбунах, не ведаючы, што рабіць. Тэлекамэнтатары, як попкі паўтаралі, што пры ліку 2:2 зборная Расеі ўсё адно абыходзіць зборную Украіны паводле лепшай розьніцы мячоў і займае першае месца ў турніры.

Генерал-лейтэнант Далмат Пятроў з Масквы па вяртушцы шукаў палкоўніка Фарыда Іванова, які ў гэты час вёў актыўную барацьбу за штонікі Аліны, якія ўсё ніяк не здымаліся.

Рэфэрэнт СНГ Арсэн Гайдукоў, ён жа агэнт ФСБ у Менску, паглядаў на тэлеманіторы за няўдалымі патугамі Фарыда і задаволена пасьмейваўся ў а-ля прэзыдэнцкія вусы.

— Па-го-ня! Па-го-ня! Па-го-ня! - стадыён грозна патрабаваў Перамогі.

Расейская зборная рванулася ўперад, але каманда Кастуся Канапелькі гуляла на роўных. Яны ўжо паверылі ў сябе. Гэтая роўнасьць беларусаў, іх халодна-жорсткая прагматычная гульня вымушала расейцаў злаваць, бо роўнасьць учорашніх аўтсайдэраў абражала іхную годнасьць і стварала псыхалагічны дыскамфорт. Супраць расейцаў гуляла тэхнічная, жорсткая, злосная непахісна-валявая каманда, якая ведала нешта, чаго не ведалі яны. На вачах заўзятараў адбываўся дзіўны пералом — нараджэньне каманды пераможцаў.

 

IV

 

Палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў пераўзбудзіўся. Ягонаму целу патрэбна была гэтая ашаламляльная пастава, маладосьць і шчырасьць гэтай жанчыны, яе тэмперамент, яе энэргічныя рухі насустрач. Ён каротка і рэзка, без замаху ўдарыў далоньню па шчацэ Аліны, каб аглушыць яе і выклікаць шок. Потым, схапіўшы за кофтачку, белую з гальштукам і гузікамі, з сілай ірвануў яе ў розныя бакі, так што гузікі кулямі заляскаталі па габінэце. Дзівосныя, рэдкай прыгажосьці грудзі белай жанчыны паўсталі перад вачыма Фарыда. Палкоўнік загырчэў па-тыгрынаму жорстка, бязьлітасна. Зараз ён кінецца, разарве гэтыя прыгожыя штонікі і растопча жыццё прыгажуні. Але ў гэты момант недзе блізка так пагрозьліва і моцна грымнула, нібы лёгкі землятрус прайшоў па пакоі. Захісталіся люстры, зазьвінелі шыбы ў вокнах. Амаль поўны стадыён заўзятараў — за паўгадзіны туды набегла тысяч трыдцаць пяць народу — стоячы вітаў трэці гол зборнай Беларусі, які забіў Кастусь Канапелька. Ад такой жудаснай несправядлівасьці расейская зборная аслупянела і за хвіліну да канца гульні атрымала чацьвёрты гол у сваю браму. Палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў, кінуўшы Аліну і пазіраючы ў экран тэлевізара, ліхаманкава даваў каманду па міні-рацыі сваім агентам, што знаходзіліся на трыбунах стадыёна.

— Я — «Калуга», я - «Калуга», слухайце мяне: «Енісей», «Ангара», «Волга», «Астрахань», «Саратаў», «Волагда», «Іртыш», «Дон» з сваімі групамі дзейнічаць па плану нумар тры. Паўтараю, дзейнічаць па плане нумар тры...

План нумар тры прадугледжваў шырокамаштабную правакацыю. У гэты момант рэфэры матча, судзьдзя міжнароднай катэгорыі з Латвіі падняў рукі ўгору. 4:2 на карысьць зборнай Беларусі. Каманда Украіны выйшла ў фінал чэмпіянату сьвету. На стадыёне заўзятары грымелі дзесяткамі тысячаў галасоў:

— Слава Героям! Слава Героям! Слава Героям!

Алесь Юрэвіч, капітан каманды, плакаў, не саромеючыся, у цэнтры поля і выціраў сьлёзы дзьвюма рукамі. Уся каманда абступіла яго, віншавала з двума галамі, а ён заліваўся сьлязьмі на вачах усёй Эўропы. Ён плакаў аб сваім страчаным жыцьці, аб каханай жанчыне, што пакутліва памірала ў анкалогіі, аб першай Перамозе з вялікай літары.

У Кіеве, на Хрышчаціку дзясяткі тысяч кіеўлянаў скандавалі «Жыве Беларусь!» Усё мужчынскае насельніцтва Украіны выйшла на вуліцы і сьвяткавала Перамогу зборнай Беларусі.

Генерал ФСБ, атрымаўшы праз сакрэтны тэлеканал тэлезапіс, з шалёнай злосьцю назіраў за патугамі палкоўніка Фарыда Іванова.

Савет Бясьпекі Беларусі ў поўным складзе сабраўся ў прэзыдэнцкім палацы і чакаў самога прэзыдэнта, які вёў перамовы з Масквой пра накіраваньне ў Менск часьцей Пскоўскай і Разанскай дывіязіяў парашутна-дэсантных войскаў.

Праз гадзіну палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў панура сядаў у машыну, каб ехаць на аэрадром, на тэрміновы выклік з Масквы. Запруць у Хакасію на 10 гадоў, з жахам думаў Фарыд. Глухі страх перад дзікай, азіяцкай Сібір'ю мядзьведзем варочаўся ў ягонай душы. Праспэкт Скарыны, запоўнены натоўпамі людзей з бел-чырвона-белымі сьцягамі, сьмяяўся, сьпяваў, сьвяткаваў сваю Перамогу. «Вольва» марудна рухалася па праспекце, над пярэднім крылом легкавіка трапятаў дзяржаўны сьцяжок Расеі. Аднекуль з натоўпу вылецела нешта бліскучае і ўрэзалася ў лабавое браняванае шкло самахода, заліўшы фарбай палову паверхні.

— Прыехалі, - кіроўца ўключыў хістачкі дворніка, якія размазалі фарбу па ўсім шкле, і адразу выключыў іх, зразумеўшы сваю памылку.

— Трэба зьняць сьцяжок, а то тут нас і пахаваюць, - прамырмытаў Фарыд Іваноў.

Дывізіі ПДВ Расеі ўпаўзалі ў чорныя пашчы ваенна-транспартных летакоў.

Войскі НАТА, паднятыя па трывозе на ўсім Эўрапейскім кантынэнце, прыводзіліся ў баявую гатоўнасьць.

Гісторыя, нібы прачнуўшыся, хутка імкнулася наперад.

Генерал-лейтенант ФСБ Далмат Пятроў, седзячы ў сваім маскоўскім габінеце, у цёплым скураным крэсьле, стомлена заплюшчыў вочы. Нягледзячы на поўны крах місіі Фарыда Іванова, ён са зьдзіўленьнем адчуў у глыбіні душы задаволенасьць. Здаравяк Фарыд усё ж ня здолеў абламаць беларускую прыгажуню, і гэта было прыемна старому імпатэнту Далмату Пятрову. Не сьпяшаючыся, ён смакаваў усе падрабязнасьці гэтай чужой жыцьцёвай паразы... Няўдача прыгажуна Фарыда пры ўмелай падачы можа спадабацца ўсім вышэйшым кіраўнікам ФСБ, прэм'ер-міністру, і магчыма, самому Прэзыдэнту...

Дзядок задаволена пачомкаў вуснамі, быццам абсмоктваў смажанага ў сьмятане карася.

Параза ў Беларусі, якая чакалася даўно, была стратэгічна абумоўлена, і ўсе лёгка ды задаволена сьпіхнуць яе на палкоўніка-прыгажуна Фарыда Іванова.

Генерал задрамаў, яму сьніўся луг і ён, малады афіцэр КДБ, як жарабок, імчыць па зялёнай траве, хутка наганяючы Аліну Бандарэвіч, якая ўцякае ад яго і спалохана раз-пораз азіраецца. Зараз ён схопіць яе, паваліць у траву, пачне рваць розныя жаночыя адзежкі, дабярэцца да яе дзіўнага цела і пакажа, што значыць сапраўдны расейскі мужык.

Дзядок-генерал сапеў, пускаючы сьліну, і сьніў, сьніў, сьніў тое, чаго так моцна хацеў, жадаў, пра што марыў...

І разам з генералам спала і марыла ў сьне пра сваю вялікасьць уся неабсяжная Расея, гісторыя якой нетаропка рухалася па вытаптаным стагодзьдзямі коле.

 

Упершыню было надрукавана ў ‘’Нашай Ніве’’ у 1997 годзе.

 

Жарт

 

Непаўторны пах лесу зьмяшаўся з водарам туману, што на сьвітанку сышоў з поля і дзе-нідзе затрымаўся сярод дрэў. Драбнюсенькія кропелькі прайшоўшага ноччу дажджу абсыпалі яліны, і пад першымі промнямі сонца, што напрасткі прасьвечвалі лес, цёмна-смарагдавыя дрэвы зьзялі мірыядамі зьнічак. Пругкі мох дываном слаўся пад нагамі.

Стаяла мяккая першабытная цішыня. Казімір Гурскі зрабіў колькі крокаў і спыніўся, узіраючыся ў прыгажосьць восеньскага лесу і слухаючы цішыню. У гэтай незасьмечанай гукавой штодзённасьцю гарадоў цішы прысутнічала вечнасьць. У кроплі часу сустрэліся мінулае і будачае, і той, хто добра ведаў мінулае, ужо разумеў рэчаіснасьць і мог прадбачыць хаду падзей.

Казімір удыхаў настой хваёвага паветра, напружана слухаў, думаў, і так і гэтак зьбіраючы ланцуг будучых грамадскіх пераўтварэнняў, і ўсялякі раз атрымлівалася нядобра, пагрозліва, трывожна. Ноччу лесам прайшоў дзік, там-сям па-гаспадарску калупнуў лычом зямлю, узьвярнуў на срабрысты дыван імху шэра-буры падзол. На імху, пяску і шэрай лясной зямлі засталіся буйныя сляды капытоў ляснога волата. Казімір заўважыў цёмны цыліндрык на вывернутым жоўтым жвіры каля яміны, нагнуўся і ўзяў у рукі маленькі патрон.

Больш паўстагодзя мірнага суіснаваньня сістэм патрон праляжаў у лесе на ўзгорку ля былога акопа, не саржавеў, захаваў усю вонкавую моц. Цяпер ён выпраменьваў жаданьне захавацца як сьведка іншай гістарычнай эпохі, напамін пра час, калі людзі вырашалі ўзніклыя супярэчнасьці з дапамогай гэткіх маленькіх цыліндрыкаў. Казімір патрымаў патрон у руцэ, пакруціў, разглядаючы яго, потым паклаў у кішэню. Патрон, як кропля мінулага, сустрэўся ў кроплі часу з ім, суб'ектыўнай крупкай сучаснасьці. З трох дзейсных сілаў быцьця самым невядомым і незразумелым быў ён, Казімір Гурскі.

У цяжкім задуменьні Казімір рушыў з лесу. У будучыні заўсёды прысутнічала дылема: удзельнічаць ці назіраць за хадой падзей. Спроба застацца ўбаку была толькі марным прывідам. Хто не дзейнічаў, рана ці позна рабіўся ахвярай. Бо хто баіцца ці беспадстаўна мроіць — той ужо прайграў.

Увечары, вяртаючыся цягніком у Менск, ён углядаўся ў чалавечы статак, што ехаў у вагоне побач: рухаўся, дыхаў, размаўляў, чытаў, еў, сьмяяўся, іншы раз спрачаўся, але збольшага маўчаў. Маўчанне было абсалютнай дамінантай існаваньня гэтага, магчыма, нават і не статка, а, хутчэй, біямасы, электарату. У статку ёсьць лідэры, важакі, існуе іерархія, памкненьні, мэта існаваньня. У біямасы адсутнічае іерархія, няма мінулага, яе не цікавіць будучыня. Пэўна, электарат быў глебай, гноем гісторыі...

Да Казіміра зьвярнуўся мужчына ў цёплай вайсковай вятроўцы, на выгляд адстаўнік.

— Не падкажаце, як лепей трапіць на вуліцу Горкага?

Казімір змрочна зірнуў у вочы адстаўніка:

— Такой вуліцы ў Менску няма.

— Кажуць, працяг Нямігі.

— У адзін бок Нямігі ідзе Койданаўская, у другі бок, паўночны, Максіма Багдановіча.

— Наогул, мне патрэбна расейская амбасада.

— На Нямізе сядзеце на 53-ці тралейбус, даедзеце да кадэцкай вучэльні імя Касьцюшкі і там на вуліцы Чэ Гевары, былой Камуністычнай, зьвернеце леваруч на захад і дойдзеце да сваёй расейскай амбасады.

— Дзякуй, дзякуй, — адстаўнік занатаваў пачутае ў нататнік.

— Якая яшчэ Койданаўская, Гевары, Касьцюшкі, што за херня? — незадаволена і гучна запытаў юнак з голенай галавой у чорнай скуранцы з нахабна-злавесным выглядам, што сядзеў з другога боку лаўкі з кампаніяй падпітых сяброў і смактаў піва з бутэлькі.

— Патрыёты перайменавалі вуліцу Камуністычную ў вуліцу Чэ Гевары, — цярпліва патлумачыў Казімір, не зважаючы на некаторае варушэнне электарата, які раптам змоўк.

Юнак злосна зірнуў на яго, хацеў нешта зацьвердзіць, позіркі іх сустрэліся. Маладое ваўчанё, што набірала моц, сустрэла змрочны позірк тыгра і не вытрымала, адвяло вочы ўбок.

Казімір Гурскі жыў у горадзе, дзе вуліцы і плошчы былі носьбітамі знакамітых імён гераічнай мінуўшчыны, і яны, гэтыя назвы-імёны кожны дзень натхнялі яго на зьдзяйсьненне чагосьці важнага і значнага. Ён вырашыў не чакаць, покуль «глеба» дарасьце да грамадзянскай ці нацыянальнай сьвядомасьці, гэтак можна і не дачакацца. І таму пачаў карыстацца знакавымі сымбалямі, якія былі прыемныя яго сэрцу. Вуліцу Дзяржынскага перайменаваў у Койданаўскую, Камуністычную ў Чэ Гевары, парк Горкага — у парк Еўфрасіньні Полацкай, Кастрычніцкую — у плошчу Караля Вітаўта, парк Чалюскінцаў — у парк Давыда Гарадзенскага. Меўся яшчэ шэраг назоваў, якімі карыстаўся Казік. У ягоным горадзе быў праспект Адама Міцкевіча і бульвар Кастуся Астрожскага, Грунвальдзкая плошча і пляц 53 Памёрлых Нявінна, Мемарыял Ахвяраў Чарнобыля і праспэкт Агінскага...

Казімір Гурскі, шляхціч некалі магутнага шляхецкага роду, стварыў і ўявіў сабе свой горад і ўтульна ў ім жыў, у той час як прыхадні выдумалі горад з вуліцамі герояў-прывідаў, якія былі ўтопіямі імпэрскага часу і ўсё яшчэ працягвалі мроіць...

Прайшло колькі дзён. Аднойчы раніцой Казімір, як заўсёды, займаўся фізычнымі практыкаваньнямі пад песьні Цоя і Шалкевіча. У спартовых блакітных штанах, зебраўцы, шырокі ў касьці і хударлявы, пругкі, ён упарта мацаваў сваё сэрца, цягліцы, дых, позірк і падсьвядомасьць. Ужо змоклы ад затрачаных высілкаў, Казімір паменшыў тэмп выкананьня і перайшоў у мяккі рытм заканчэньня. Раз-пораз ён пазіраў на пісьмовы стол, дзе блішчэў знойдзены ў лесе патрон.

З усіх шматлікіх рэчаў, што меліся ў пакоі, патрон апошнім часам часьцей за іншыя трапляў на вочы, ён проста прымусова прыцягваў увагу.

Патрон стаяў на пісьмовым стале сярод газэт, кніжак, алоўкаў і розных набытых у вандроўках сувеніраў. Сёньня ён вылучаў спакой, нават задаволенасьць тым, што не згніў там, у лесе, у былым акопе, які стаў проста ямінай, захаваўся, не ператварыўся ў зьедзенае іржой нішто.

Казімір уважліва разглядаў яго, дзівячыся, як патрон зьмяняе сваю існасьць, кожны новы дзень ён вылучаў розную аўру, якая залежала ад існуючых у гэты момант абставінаў.

Патрон належаў да гістарычнай эпохі, дзе ўсё было іншым. Дзе пытаньні жыцьця і сьмерці, праўды і няпраўды, справядлівасьці вырашаліся людзьмі звыклымі да канкрэтных дзеяньняў. Перажыўшы эпоху, патрон захаваў яе дух, яе паветра, яе дзейснасьць і выніковасьць. Тым часам, новая гістарычная рэчаіснасьць набывала некаторыя прыкметы той, былой ваяўнічай эпохі і таму патрон зьмяняўся і аджываў. Эпоха вярталася і стварала магчымасьць ня толькі прысутнічаць, але і ўдзельнічаць, і нават зьдзейсьніцца.

Казімір кожную раніцу спачатку задумліва, а празь нейкі час ужо занепакоена пазіраў на гэты маленькі, шэры цыліндрык з кругленькай бліскучай галоўкай, утопленай у гільзе. Будучы часьцінкай рэчаіснасьці, кропляй быцьця, патрон нейкім чынам адлюстроўваў усе тыя падзеі, якія адбываліся ў вялікім, бясконцым акіяне жыцьця, што бушаваў за вокнамі кватэры Казіміра Гурскага. Цяпер патрон вылучаў жаданьне апынуцца там, дзе віруюць падзеі, трапіць у рукі майстра, таго, хто ўмее і любіць карыстаца галоўным аргумэнтам любой спрэчкі. Вяртаўся час, калі ён, патрон, ізноў рабіўся носьбітам моцы і меў непасрэднае дачыненьне да ўлады. Ён мацаваў уладу, зьнішчаў хісткасьць, ствараў цьвёрдасьць меркаванняў…

Патрон меў кулю. Той самы кавалачак металёвай абалонкі і свінца, якога так баяліся ўсе. Куля была альфай і амегай патрона, яго каштоўнасьцю, галоўным сэнсам патрона. Куля, яго куля, ставіла апошнюю кропку на патыліцы ці ілбе тых, хто ставаў перашкодай на шляху да цьвёрдага жыцьця, цьвёрдай улады.

У канцы сьнежня ўлада наладзіла ўрачыстае сьвяткаваньне сустрэчы новага тысячагодзьдзя. На сьвята запрасілі прадстаўнікоў братняга народу і вылучэнцаў працоўных калектываў краіны. Казімір як адзін з лепшых ІТР заводу рухавікоў, атрымаў запрашэньне на вечарыну з наказам — быць добра апранутым, паголеным, вясёлым, памяркоўным і сур'ёзным. Прафсаюзны лідэр Алесь Бахановіч, даючы запрашальны квіток на вечарыну, шапнуў на вуха Казіміру: «Табе пашанцавала, магчыма, будзе сам ГнУ1

У суботу надвячоркам Казімір, зьбіраючыся на сьвяткаваньне, змрочна апрануў белую кашулю, прычапіў гальштук, і тут позірк яго сутыкнуўся з патронам, які выпраменьваў магутнае жаданьне ўдзельнічаць. Казік узяў патрон у руку, пакруціў, падкінуў уверх, злавіў і нечакана ўсьміхнуўся. Ён рушыў на кухню, паставіў на камфорку рондаль, наліў вады, запаліў агонь і, дачакаўшы, калі вада закіпіць, кінуў у кіпень патрон.

— Крышку паварыся, аргумент, - задумліва прамармытаў Казік і пайшоў у пакой надзяваць штаны.

За квартал да дому афіцэраў, дзе павіна была адбыцца вечарына, стаялі ланцугі міліцыянтаў, АМАПа і яшчэ хрэн ведама каго, у плямістых штанах і куртках. Гэткія здаравеныя дзецюкі ў пунсовых, чорных, блакітных барэтах, наеўшыя на дзяржаўных харчах таўсьценыя фэйсы.

На ўваходзе ў дом афіцэраў Казіміра ветліва абмацалі, правялі нейкай электроннай штуковінай па плячах і сьцёгнах. Патрон быў запхнуты пад мэталёвую спражку дзягі. Пад уважлівымі позіркамі людзей у цывільным, што стаялі ў кутах фае, Казімір разам з натоўпам запрошаных пайшоў у партэр да свайго месца. У праходзе ён паправіў дзягу і непрыкметна ціскануў пальцам вараны ў кіпені патрон уніз, на імгненьне сагнуўшы нагу, так што мэталёвы цыліндрык, даляцеўшы да калена, затрымаўся ў калашыне і, калі Казімір выпрастаў нагу, ён ціхенька выкаціўся на дывановы ходнік.

Ніхто і не заўважыў маленькі цыліндрык, бо ўсе, хто ішлі побач, узіраліся ў квіткі, шукаючы месца, ці пазіралі ўперад, выглядаючы носьбітаў улады. Прагучаў апошні званок. Госьці паселі на свае месцы. Пачалася ўрачыстая вечарына, прысьвечаная сьвяткаваньню сустрэчы новага тысячагодзьдзя.

Маёр службы бясьпекі ў цывільным, які сядзеў збоку, прафесійны, выдрэсіраваны імпэрскі дог першым убачыў маленькі цёмны цыліндрык, што лагодна ляжаў на чырвоным дыване ходніка. Ён аж падскочыў у крэсле, імкліва схіліў галаву да каўняра і, прыкрыўшыся даланёй, пачаў хутка шэптам дакладаць аб здарэньні начальніку бясьпекі Урсану Джахоеву. Праз некалькі секунд у зале пачуўся сігнал трывогі, Галоўнага носьбіта Ўлады абкружылі некалькі ланцугоў аховы, як жанчын, так і мужчын, усе ў цывільнай вопратцы. Адзін ланцуг - вонкавы, увесь другі шэраг, устаў, павярнуўся тварам да залы, пільна сачыў за кожным рухам гасьцей, трымаючы правыя, некаторыя левыя рукі пад пільчакамі. Першы шэраг, імгненна ўзьняўшыся з месцаў, утварыў унутранае кола вакол Галоўнага носьбіта Ўлады, які ў атачэньні аховы трушком пабег да выйсьця. Аднекуль зьверху прагучаў уладарны загад:

— Усім заставаца на месцах.

Па дывановай сьцежцы ўжо беглі экспэрты спецслужбаў. Патрон спачатку пачалі фатаграфаваць, потым пінцэтам перанесьлі на спецыяльную талерачку, далі панюхаць нейкаму незвычайнаму невялічкаму сабачку, які ўважліва і старанна абнюхваў цыліндрык сваім доўгім, бліскучым носам, усё ўдыхаў і ўдыхаў паветра, якое абкружала патрон. Потым шчанюк зморшчыўся і нечакана чхнуў, ізноў зморшчыўся і зноў гучна чхнуў. Нехта ў зале, з тых, хто знаходзіўся паблізу і бачыў усё маляўнічае дзейства спецслужб, не вытрымаў і засьмяяўся. У тое ж імгненьне агенты спецслужбаў, што былі побач - іх у зале, як выявілася, было прыкладна каля траціны - падхапілі гумарыста пад пахі і павялі ў дзьверы, дзе ўжо, не хаваючы свайго злавеснага намеру, заламалі яму рукі за сьпіну так, што небарака толькі гучна хекнуў і застагнаў-заенчаў.

Гэты чалавек у шыкоўным строі, з гальштукам і ў белай кашулі, са значком выдатніка дзяжаўнай службы хвіліну назад належаў да ўладнага кола, меў павагу, карыстаўся ўсімі льготамі і радасьцямі свайго становішча. Але ўсё гэта было дзесяць, двацаць, пяцьдзесят секунд назад, зараз улада ў асобе сваіх ахоўнікаў-янычараў зьмяніла яго статус, перавёўшы з стану носьбітаў улады ў стан ахвяры. Так жвавы, вясёлы ваяр спецназа, хвіліну назад папаўшы пад трапны стрэл чачэнскага паўстанца-снайпера, нечакана для сяброў ператвараеца ў цела забітага.

Самае дзіўнае, што ўсе, хто знаходзіўся ў залі, адразу прынялі ягоны статус ахвяры і нават сам ён, былы чыноўнік, таксама амаль імгненна пагадзіўся з гэтым унутраным станам ахвяры. Напяты твар яго ад страху зьбялеў, позірк спалохана забегаў па зале, шукаючы некага, хто дапаможа, заступіцца, але людзі адварочваліся і не глядзелі на яго, і ён пакорліва схіліў галаву долу. Ён, гэты чалавек-чыноўнік, не зьдзейсніў аніякага супраціву, унутраны голас-здраднік шапнуў яму, што так будзе лепш, бо ён залішне не ўзлуе ахоўнікаў-янычараў, а там, каму трэба, высьветляць, што ён не вінаваты. У глыбіні сьвядомасьці гэтага чалавека заўсёды жыла ахвяра. За сваё доўгае біялягічнае жыцьцё ён так і не ўзгадаваў у сабе барацьбіта, змагара за ўнутраную свабоду, за лепшую долю для сябе, для сваіх дзяцей, для свайго радавода. Ён, як і большасьць у зале, некалі лёгка выракся матчынай мовы, сымбаляў дзяржавы, Канстытуцыі, а потым і Незалежнасьці як непатрэбных атрыбутаў жыцьця. І зараз без усялякага супраціву, без пратэсту біямаса здавала сваю асабістую свабоду і само жыцьцё.

Казімір непрыкметна перавёў дух і пахваліў сябе, што ў апошні момант абсыпаў патрон чырвоным перцам, ягоны жарт мог лёгка пацягнуць гадоў на дзесяць турмы.

Усіх, хто знаходзіўся ў залі, увесь час здымалі на відэакамеры. Потым па адным прысутных пачалі запрашаць да выхаду, дзе абшуквалі, фатаграфавалі, бралі адбіткі пальцаў, запісвалі сьведчаньні, зьвесткі аб месцы працы і жыхарства. Тых, хто не меў пры сабе пашпартаў, везьлі дадому за дакументамі. Апрацоўка 800 чалавек гасьцей вялася да самай раніцы і ўсю першую палову наступнага дня. Паводле адной з версій сьледчых, кілер, дасылаючы патрон у патроннік, ад хвалявання зрабіў гэта двойчы і згубіў першы патрон.

Раніцай навіны радыёстанцый «Бі-Бі-Сі», «Голас Амэрыкі», Радыё «Свабода» ў Празе, «Балтыйскія Хвалі» і НТБ паведамілі аб спробе замаху на жыцьцё ўладаносца і арышце дзясяткаў падазроных.

Наступным днём патрон ужо стаяў на талерачцы ў следчага па асабліва важкіх справах, капітана ФСБ Арсэна Громава, тэрмінова прысланага з Масквы з брыгадай крыміналістаў. Нарэшце яны сустрэліся. Баявы патрон эпохі, калі людзі дзейнічалі рашуча і вынікова, умелі пазнаваць сваіх ворагаў у твар, не баяліся ненавідзець іх і змагацца з імі. І капітан ФСБ Арсэн Громаў, які ўсё гэта ўмеў. Нездарма ўжо колькі гадоў ён займаўся дыверсійна-вышуковай дзейнасьцю супраць паўстанцаў-сепаратыстаў на поўдні Імперыі, ў каўкаскім рэгіёне. Ён быў майстрам сваёй справы, любіў зброю, умеў ёй карыстацца, іншы раз ласкава перабіраў у кішэні жоўтыя жалуды патронаў. Кожны дзень Арсэн Громаў з паўгадзіны практыкаваўся ў габінеце з пісталетам Сьцечкіна, імкліва цэлячыся ў розныя нечаканыя рэчы, постаці мінакоў у вакне.

Увечары капітан Арсэн Громаў у вылучаным для працы габінэце ў будынку на Камсамольскай пасля вывучэння матэрыялаў справы «Аб спробе замаху на жыцьце ГнУ» на экспрэс-паседжаньні падвёў рысу і паставіў мэту супрацоўнікам сваёй аператыўна-сьледчай групы.

— ...Кантроль за ўсімі васьмю сотнямі гасьцей і запрошаных. Нехта з падазорных ня вытрымае праверак, кінецца наўцёкі, вось тут мы іх і схопім. Наогул, не істотна, хто зрабіў гэты так званы замах на жыцьцё Галоўнага носьбіта Ўлады, — падкрэсьліў ён, паглядаючы на ўважлівыя твары супрацоўнікаў.

— Незадаволеных, агентаў уплыву, неадданых людзей, «дзярмакратаў» усё яшчэ дастаткова і на дзяржаўнай службе. Вось мы і зробім іх праполку. Акарамя таго...

Капітан прайшоў па габінэце — высокі, стройны, у парадным мундуры расейскага афіцэра з фанабэрыстымі нашыўкамі, узнагародамі, гузікамі і шэўронамі — ён выглядаў пераканаўча.

— ...Проста цікава знайсьці гэтага жартаўніка. А паколькі ў нас ёсьць яшчэ час, мы яго будзем шукаць. А як толькі там уверсе, — ён тыцнуў пальцам у столь, — вызначаць час «ікс», вось тады мы і пачнём рабіць зачыстку. І тады пад граблі забяром усіх, хто перашкаджае будаваць Імперыю.

У Арсэна Громава заўжды быў добры настрой, і гэтым ён падабаўся калегам па працы.

— Прыйдзе час ікс, і мы будзем мачыць іх усюды, зловім у сартыры, будзем мачыць і ў сартыры, ха-ха-ха, — шчасьліва рагатнуў кароткай чаргой капітан ФСБ Арсэн Громаў. Ён любіў зброю і калекцыянаваў яе, і ня проста зброю, а баявую, тую, што ўдзельнічала ў зачыстках, тую, што забівала. Пасьля заканчэньня экспрэс-паседжаньня Арсэн Громаў пахваліўся новым здабыткам.

— Вось сёньня прыйшоў старэнькі дзядок, былы калега, прайшоў службу ад званка да званка, яшчэ з часоў даваенных. Прынёс наган…

Капітан дастаў з стала аблуплены, выцерты да натуральнага сталёвага бляску наган.

— Выдатная, я вам скажу, машынка. Як падумаеш, колькі паклала ворагаў у магілу, жуць бярэ. Дзьве гадзіны зь дзедам размаўлялі, вялікі спэцыяліст у нашай справе. Заслужаны чалавек. Дзяліўся досьведам, паказаў некалькі сакрэтаў дасьледчай працы, допытаў. Падарыў мне на памяць.

Наган пайшоў па руках супрацоўнікаў сьледчай групы КДБ. На сталёвай пласьціне рукаяткі было выгравіравана «Заслужанаму чэкісту. 1939 год».

— Дарэчы, вось гэты патрон, - капітан узяў яго з талерачкі, — якраз ад нагана.

Арсэн Громаў уставіў патрон у барабан, крутануў яго і прыцэліўся ў аднаго з супрацоўнікаў, маёра КДБ Глеба Калугіна.

— Но-но, Арсэн Іванавіч, вы ж ведаеце, што і кій страляе адзін раз у жыцьці.

Твар капітана стаў сур'ёзным, ён імкліва кінуў наган у кішэню.

— Тады па конях. За справу.

На працягу месяца Казімір Гурскі штотыдзень запрашаўся ў сьледчыя ворганы, дзе па шмат гадзін з ім вёўся допыт. Яго пыталі, хто з ім сядзёў праваруч, а хто леваруч, каго ён запомніў уперадзе, як ён ішоў на вечарыну, якім ходнікам і з кім. Усё, аб чым вялася размова, пратакалявалася, і на кожнай старонцы Казімір павінен быў паставіць свой подпіс. Аднойчы на допыце прысутнічаў сам Арсэн Громаў. Ён быў у цывільным і маўкліва назіраў за размовай. Маёр Кулагін насядаў на Казіміра.

— Мы ўсё ведаем, шаноўны спадар Казімір. Вось сьведчаньне суседзяў, вось фота вашага ўдзелу ў так званых мітынгах. Вось вы з бел-чырвона-белым сьцягам, вось ведзяце шкодную антысаюзную агітацыю...

— У рамках Канстытуцыі... — спрабаваў бараніцца Казімір.

— Напісаную і прынятую ворагамі Саюза. Вось зірніце, ваша сям'я, вашы дзеткі, вось ваша жонка на прэстыжнай працы... Мы ўсё ведаем. Мы хочам пагаварыць, паслухаць вашы меркаваньні, вы паслухаеце нашы меркаваньні.

— Прабачце, як сьведка я ўжо выканаў свой грамадзянскі абавязак, расказаў, хто сядзеў леваруч і хто сядзеў праваруч, і да таго ж усё падпісаў. Што вы маеце да мяне канкрэтна? Давайце дзейнічаць у межах закону...

Яго спрабавалі разгаварыць, частавалі кавай, вялі гамонку на самыя розныя тэмы: пра жанчын, пра футбол, палітыку, надвор'е, пра працу, заробкі.

Перад Казімірам ад самага пачатку паўстала пытаньне: якой мовай карыстаца,

роднай ці каланіяльнай? Карыстаючыся каланіяльнай, можна было прыкінуца авечкай, і паспрабуй адшукаць гэтую авечку сярод 800 гасцей. Ці ўзяць на ўзбраеньне родную мову і як адзіны карыстальнік, да таго ж прынцыповы, адразу пазначыць сябе як верагоднага змоўшчыка? Пасьля роздумаў Казімір прыйшоў да высновы, што ўлада карыстаецца яшчэ адной магчымасьцю запалохаць грамадства, зламаць волю, жаданьне да вольнага жыцьця і таму насуперак здароваму сэнсу ён з першага допыта пачаў размаўляць роднай мовай. На допытах трымаўся спакойна, ветліва, на ясныя пытаньні адказваў таксама адназначна і тактоўна, на палітычныя развагі не ішоў, ці прасіў правакацыйныя і двухсэнсоўныя пытаньні занесьці ў пратакол.

На допытах маёр КДБ Кулагін трымаў сябе разьняволена, гаварыў шмат, сыпаў анекдотамі, шчыра ўсьміхаўся. Цяжкасьці ў яго ўзьнікалі, калі пачынаў адказваць Казімір, які карыстаўся мовай, і маёр, як тыповы постсавецкі чалавек, адразу страчваў плынь, рытм і тэмп допыту. Выклікаць перакладчыка ён не хацеў, бо тым самым ён выявіў бы свой непрафэсіяналізм.

— Ха-ха-ха, жарт. Ха-ха-ха, жарт... гэта быў жарт. Усё зразумела цяпер. Гэта жарт! Ха-ха-ха, — шчыра сьмяяўся маёр Кулагін, зразумеўшы сэнс слова жарт толькі пасьля прачытаньня апазыцыйных газэт з артыкулам «Жарт над Уладай». Казімір адказаў сур'ёзна, не дазваляючы сабе разьняволенасьці.

— Не разумею, што вы маеце на ўвазе, — мова моцна нервавала маёра, ён кідаў позірк на капітана Громава, але стрымліваў сябе і, дачакаўшыся, калі Казімір скончыў свой адказ, ізноў пачаў гаварыць тое, што заўсёды казаў дзесяткам затрыманых.

— Ну, не трэба гаспадзін Гурскі. Мы зачыняем справу, дастаткова вам засьведчыць, што гэта быў жарт, і мы ставім кропку ў надакучыўшай усім валтузьні і адпраўляем яе ў архіў.

— Стамілі вы мяне, пане маёр, сваёй фантазіяй. Вам бы раманы пісаць. Прыдумляеце розныя фокусы проста на хаду. Так нельга. Ваша праца аналітычная, дзяржаўная, пад электронным мікраскопам, як у вучоных фізыкаў. Зараз не 37 год.

Капітан Громаў ледзь прыкметна ўсьміхнуўся і адвярнуў твар да вакна, хаваючы ўсьмешку.

— Учора вы пераконвалі, што справа вельмі складаная, цягне на цяжкую меру пакараньня, сёньня зусім процілеглае гаворыце. Давайце, пане маёр, працаваць па пратаколе, інакш заблытаемся.

Капітан Громаў, беручы ініцыятыву ў свае рукі, падняў слухаўку і нешта загадаў. Празь некалькі хвілінаў падцягнуты афіцэр прынёс стос паперчын, пратакол сёньняшняга допыту, які ён і пачаў уважліва вывучаць.

У прыродзе рэчаў і зьяваў існуе адна асаблівасьць, сутнасьць якой у тым, што захаваць таемнасьць зьдзяйсьненьня немагчыма нават калі аб гэтым нічога нікому не казаць. Хаўрусьнікі дамаўляюцца аб здрадзе і нечакана тыя, каго гэта датычыць, пачынаюць ведаць усё, як быццам ім нехта аб гэтым даклаў, хаця ніхто не дакладаў.

Казімір Гурскі, шляхціч старажытнага ліцьвінскага роду, спакойна і ўважліва, зьнешне абыякава пазіраючы на гэты маленькі мікракосмас пакоя, на прысутных сьледчых па асоба важных справах капітана Громава і маёра Кулагіна, нечакана дакрануўся да таго патаемнага струменя іхняга жыцьця і дзейнасьці і пачаў разумець плынь руху, што бруіла побач, разгортвалася на ягонных вачах. Словы абазначаюць падзеі, рэчы, зьявы, уяўленьні, перадаюць інфармацыю, але, назіраючы самыя падзеі, намаганьні, пачуцьці і тую энэргію, што затрачваецца на дасягненьне мэты, можна, углядаючыся ў людзей, вызначыць іх таемныя думкі і сапраўдныя памкненьні.

«Чаму яны так упарта жуюць гэтую справу. Ну, маёр, зразумела, выслужваецца перад начальствам. А капітан? Ды і ня цягне ён на капітана. Жывы палкоўнік. Але навошта ён тут? Палкоўнік ФСБ займацца хернёй не павінен. Але займаецца. Чаму?

Калі Маскве стаў не патрэбны Шушкеня, яны яго лёгка і проста скінулі. Цяпер, калі нават Крэмль і дамовіўся з ГнУ, то ёсьць лабісты, незадзейнічаныя палкоўнікі, тыя, хто не дапушчаны да кормных месцаў, хто таксама марыць насіць штаны з лампасамі, мець акцыі Газпрама, хто хоча гуляць у свае гульні... Мы заменім тутэйшых носьбітаў улады з тых, што падтрымліваюць Маскву і Расею, на этнічных расейцаў, расейцаў па месцы нараджэньня...

Крамлю патрэбны помнік герою... Ім не патрэбны сам герой... Да помніка можна ўскладаць кветкі, што ў традыцыі братніх народаў... Маёр? Тутэйшы падсобнік... Нешта адчувае і не больш за тое. Ловіць мух...»

Плынь думак прыпыніў капітан Громаў, які адклаў паперы ў бок і задаволена выпрастаўся ў фатэлі.

— Скажыце, гаспадзін Гурскі, чаму вы адмовіліся здаваць аналізы крыві?

Выслухаўшы адказ, ён зазначыў:

— Зразумела, баяліся заразіцца СНІДам, так і запішам. Дарэчы, чаму вы абразілі медыцынскіх работнікаў МУС, сказаўшы ім, што можаце ім насікаць і накакаць...

— Якая ж гэта абраза, я запытаўся, можа трэба яшчэ нейкія аналізы здаваць, то каб не хадзіць сто разоў, я б мог зразу здаць сцулі і кал.

— Я б хацеў вас папярэдзіць, шаноўны гаспадзін Гурскі, што вы трымаеце сябе вельмі неабачліва. Вы бацька дваіх дзяцей, маеце прыгожую жонку, жывяце ў сталіцы.

Капітан Громаў адкінуўся на сьпінку скуранога фатэля і жорстка зірнуў на Казіміра, але гаварыць працягваў лагодна.

— Сёньня ідзе жорсткая барацьба дзьвюх сыстэм існаваньня за выжываньне. Хто вас пашкадуе, калі вы апынецеся пад катком ворганаў улады. Усе гэтыя апазыцыянэры — паслугачы, агенты ўплыву заходняга сьвету. Ім плацяць, абяцаюць дах над галавой, вось яны і шукаюць дурняў. Навумчыкі, Пазьнякі, Шарэцкія – усе за бугром. А вы куды падзенецеся, пашкадуйце сямью, дзяцей. Далей, наконт мовы. Ёсьць адзіны расейскі народ. І ніхто не дазволіць яго расьцягваць на плямёны, ствараць на роўным месцы праблемы. Можна яшчэ зразумець чачэнаў, сапраўды іншароднае цела, а сярод расейцаў якія яшчэ могуць быць маларосы, беларосы? Ідзіце і помніце, што мы вас шкадуем. Улада ў асобе Гарбачова і ягонай кампаніі сама шмат наблытала... Да заўтра, гаспадзін Гурскі. Мы вас больш не затрымліваем.

Арсэн Громаў потым доўга сядзеў у габінэце, паліў цыгарэты, цяжка думаў, покуль сказаў маёру Кулагіну:

— Здаецца, гэта сапраўдная рыбіна, якраз тое, што нам і трэба, не спускай з яго вачэй. Замацуй двух-трох чалавек з групы Дэльта на выпадак уцёкаў. Распрацуй сапраўдны міт, як на кіраўніка бандыцкай групоўкі. Можна справакаваць яго ўцёкі, потым прайсьці па сьледзе. Даць інфармацыю ў газэтах, на радыё і тэлебачаньні, і ледзь схаваецца ў нару — схапіць, лепш па даносе тутэйшага жыхара-патрыёта.

Прайшоў па габінэце, запаліў цыгарэту.

— Някепска было б зьвязаць з шматлікімі нацыяналістычнымі групоўкамі, з Вызвольным Рухам, справа вельмі перспэктыўная. Можна атрымаць і ўзнагароду, і павышэнне ў чынах. Пара табе ўжо стаць палкоўнікам, а мне маёрам.

— Генэрал-маёрам, — хітра зірнуў на капітана маёр Кулагін.

Ён таксама адчуваў, што сапраўдны чын Арсэна Громава — не менш як палкоўнік ФСБ. Той змоўчаў. Яны разумелі адзін аднаго. Вінаваты, невінаваты... Пярэчыць, трымаецца за свой варожы сьветапогляд, значыць, ужо патэнцыйны вораг і раней ці пазьней мусіць быць зьнішчаны. А зьнішчэньне патэнцыйных ворагаў, будучых тэрарыстаў, бандытаў — і ёсьць галоўная мэта працы органаў бясьпекі.

Праз тыдзень Казік прачытаў у газэтах, што арыштаваны сусед зьлева, Станіслаў Каляда, абвінавачваецца ва ўдзеле ў змове з мэтай замаху на жыцьцё ГнУ. Затрыманы ў залі гумарыст, што засьмяяўся над чыхам шчанюка, Алесь Андрусевіч, ужо прызнаўся ў саўдзеле. Адзін з лідараў аб'яднанай апазыцыі, што стала знаходзіўся ў Вільні, зрабіў заяву ў апазіцыйных газэтах і па эўрапэйскім тэлебачаньні з патрабаваньнем свабоды Алесю Андрусевічу: «... Паколькі пісталет не знойдзены, то размова можа ісьці толькі аб патроне, які нехта страціў ці наўмысна падкінуў у залю. Тады гэта толькі жарт, спроба пасьмяяцца з улады, якая сваю асабістую абарону ўзводзіць у абсалют. Гэта сымбаль і не больш за тое. Абвінавачваньне Андрусевіча ў тэрарызьме безпадстаўнае і не толькі юрыдычна нікчэмнае, але па здаровым сэнсе, па лёгіцы жыцьця несумяшчальнае з прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці. Разьдзіманьне справы, сьведчаньне фанатычнай прагі ўлады ГнУ назаўсёды, на ўсё жыцьцё...»

Казімір, прачытаўшы ў газэтах гэты і іншыя матэрыялы, толькі чухаў патыліцу і пасьмейваўся. З маленькага жарту атрымаўся такі вялікі вэрхал.

Сьмех сьмехам, але ж арыштаваным грамадзянам было зусім не сьмешна, і Казімір доўга, да глыбокай ночы, хадзіў па пакоі, думаў, аналізаваў словы, выраз твару, нават хаду і сьмех, жарты маёра Кулагіна, драпежна-злавеснае папярэджаньне капітана Громава. Пасьля пэўнага роздуму ён падрыхтаваў друкаванку аб жарце з патронам, дзе ўсё падрабязна патлумачыў. Даўшы назву паведамленьню «Жарт. Як гэта было...», Казімір таксама зрабіў некалькі тэкстаў для сродкаў масавай інфармацыі аб сакрэтнай місіі таямнічага палкоўніка ФСБ, які пад прыкрыцьцём выдуманай справы «Аб замаху на жыцьцё ГнУ» вядзе падрыўную і антыканстытуцыйную дзейнасьць па зьмене «носьбіта» на пасадзе ГнУ. У тэксьце ён прывёў шмат характэрных асаблівасьцяў палкоўніка, ягоных слоў, выказваньняў, дадаў чытаныя ў газэтах меркаваньні, палітычныя гіпотэзы, усё гэта закруціў у такі кактэйль, што раніцой, на сьвежую галаву перачытаўшы прыгатаваную паперыну, сам канчаткова пераканаўся ў слушнасьці свайго аналізу. Перадаўшы дыскету знаёмаму патрыёту, які часта выязджаў у Вільню, ён папрасіў яго з усімі патрэбнымі перасьцярогамі, ананімна, праз электронную пошту даслаць лісты ў апазыцыйныя і замежныя сродкі масавай інфармацыі...

Між тым у Менску эўрапейскі бамонд наладзіў фэст мастацтва і кіно эўрапэйскіх краін. На другі дзень фэст ашчасьлівіў сваёй прысутнасьцю адзін з «Набліжаных да Носьбіта Ўлады».

Дзейства фэстывалю ішло згодна з запланаваным, як раптам ахоўнік, які сядзеў збоку, заўважыў на падлозе вельмі падобны да патрона муляж. Да яго пабеглі адразу некалькі чалавек з аховы. Па дарозе заўважылі яшчэ адзін муляж і яшчэ, праз хвіліну ўся ахова, сутаргава сагнуўшыся, зьбірала муляжы патронаў, раскіданых у залі. Якіх толькі тут не было падробак, ад звычайных малакуляк, да падробак патронаў другой сусьветнай вайны, нехта дзеля сьмеху зрабіў драўляны патрон да буйнакалібэрнага кулямёта, нехта кінуў на падлогу сапраўдны латунны патрон ад паляўнічай стрэльбы.

Тысячы людзей падняліся з крэслаў і воплескамі ўсхвалілі таго, першага жартаўніка, што здолеў пасьмяяцца над уладаносьбітамі, «якія пераблыталі сваё асабістае маленькае і дробнае «я» зь дзяржавай», жартаўніка, што зараз захліпаўся ад недахопу паветра і сардэчнай недастатковасьці ў цагельнай каморы жодзінскай турмы.

«Свабоду Алесю Андрусевічу», — гучна крыкнуў нехта зьверху і ўся зала, усе прадстаўнікі эўрапейскай цывілізацыі падхапілі вокліч. «Набліжаны да Носьбіта Ўлады» сядзеў на гаўбцы для ганаровых гасьцей, абліты негатыўнай увагай прысутных.

«Ха-ха-ха», — нечакана засьмяяўся «Набліжаны да Носьбіта» ў глыбіні гаўбца. Прыпыніўся, змоўк і зноў кароткай чаргой сьмеху агучыў залю. «Ха-ха-ха», — цяпер ён сьмяяўся адзін. Уся заля з тысячамі прысутных змоўкла. Ён сьмяяўся з усяго гэтага ўпэўненага, шчасьлівага, наіўнага і самаўлюбёнага эўрапейскага бамонду.

Ён шчыра рагатаў з самаўпэўненага немца, з польскага пасла, які нечакана страціў рэальнае разуменьне рэчаіснасьці, з гэтых мурашыных, маленькіх, але поўных самапавагі жамойцкіх, латыскіх і эстонцкіх прадстаўнікоў дыпламатычных эліт. Яны паверылі ў роўнасьць, забыліся, што ў сусьвеце галоўны закон - закон гіерархіі. Моцны ніколі ня будзе мурашом, а мураш ніколі не стане магутным.

Яны хацелі зьняважыць Уладу патронам! Патрон — прывід мінулага. Сёньня на змену патрону прыйшлі новыя сродкі моцы: пускавая «гуза»2 ракетных комплексаў, усёабдымныя сродкі масавай інфармацыі, падкантрольная выбарчая сыстэма. Так ён ім і паверыў — эўрапейскім гаўнюкам. Нядаўні досьвед Сербіі паказаў усім, што значыць быць слабым, не мець моцных сяброў, не мець свайго даміноўнага аргумэнта...

Ён ізноў рагатнуў, ужо караценька, як чаргой з кулямёта на тры патроны і ў атачэньні аховы,упэўнены і важкі, рушыў з залы Палацу Рэспублікі.

На працягу тыдня ўсе затрыманыя па справе замаху на жыццё ГнУ вярнуліся дадому. Уперадзе павіны былі адбыцца ўрачыстыя сьвяткаваньні шэрагу міжнародных сьвятаў і ўлада не магла дазволіць, каб з яе сьмяяліся ў Эўропе.

У канцы месяца Казімір Гурскі быў запрошаны для судова-мэдычнай экспэртызы ў крыміналістычную лябараторыю МУС, дзе ў яго былі дадаткова ўзятыя ўзоры скуры і сьліны для біягенэтычнага аналізу... Упартыя нашчадкі Лаўрэнція Паўлавіча настойліва раскручвалі справу па стварэнні «...надзвычай разгалінаванай і глыбока закансьпіраванай нацыяналістычнай групоўкі, што ўзяла на ўзбраеньне мэтады тэрарызму...» У гэтай высмактанай з пальца справе Казіміру адводзілася роля аднаго з кіраўнікоў групоўкі. Капітаны, маёры, палкоўнікі - гэтыя чарговыя прэтэндэнты на штаны з лампасамі, ужо скампанавалі будучае па сваіх імпэрскіх лякалах...

Вяртаючыся з біягенэтычнага дасьледаваньня, Казімір прыпыніўся на Нямізе, на Пляцы 53 Памерлых Нявінна і доўга стаяў, узіраючыся ў гістарычныя навакольлі.

Ён, шляхціч старажытнага ліцьвінскага роду, ніякім чынам не мог згадзіцца на другасную жыцьцёвую ролю і даўным даўно зразумеў: хто не дзейнічае — таго няма! Не было! І не будзе!

На Нямізе церушыў дождж, веснавы дробны дожджык, які бывае ў канцы сакавіка, калі сьнег ужо сышоў і адтаялая зямля, забруджаная сьмецьцем і гнільлём, што засталося ад мінулага стагодзьдзя, яшчэ толькі зьбірала сілы, каб заквітнець травеньскім бэзам і чаромхай...

 

Упершыню друкавалася ў скароце ў ‘’НН’’ у чэрвені 2001 года.

 

1 ГнУ - Галоўны носьбіт Улады.

2 Гуза - кнопка (наватвор).

Памылка

 

‘’Гэта не злачынства, а значна горш.

Гэта памылка.’’

Шарль-Морыс Талейран1

 

1 Шарль Талейран – адзін з самых знакамітых французскіх дыпламатаў, майстар тонкай дыпламатчнай інтрыгі, хітры і безпрынцыпны палітык. Пасля ягонай смерці ў 1838 годзе ў Парыжы гаварылі: ‘’Няўжо князь Талейран памёр? Цікава даведацца, навошта гэта цяпер яму спатрэбілася!’’

I

 

Рабочы-будаўнік Стах Кудрыцкі апошнім з брыгады зайшоў у бытоўку і стомлена рушыў да сваёй шафкі. Крыху вышэй сярэдняга памеру, з чорнай шчэцьцю на верхняй губе, ён рухаўся па вагончыку цяжкім рабочым крокам зморанага чалавека. Зьняўшы замурзаную куфайку, запэцканыя цэмэнтным растворам шэрыя штаны, ён узамен апрануў чыстую вопратку. Пераабуўся, скінуўшы нядаўна купленыя керзачы і насунуў белвестаўскія чаравікі. Потым запаволена і адзервянела падышоў да вакенца.

Знадворку валадарылі імгненьні прыцемку. Мокры асфальт нядаўна пакладзенай вуліцы блішчэў промнямі сьвету ад фар ехаўшага ў далечыні легкавіка. Вецер аднекуль прыносіў буйныя кроплі прайшоўшага восеньскага дажджу і кідаў іх на шыбы вакна.

Тыдзень назад, у нядзелю, Стах пайшоў на мясцовы рынак прыдбаць рабочы абутак. Старыя працоўныя чаравікі на растворна-бетонных работах разбурыліся проста на вачох. Пахадзіўшы, купіў керзавыя боты і пацягнуўся да выйсьця з рынку. І тут твар у твар сутыкнуўся з Тамарай, даўняй знаёмай, якую не бачыў некалькі гадоў. Яны пагаманілі аб тым, аб гэтым, прыемна было размаўляць з прыгожай жанчынай, разумнай і з густам, з якой у юнацтве адгулялі не адну летнюю ночку аж да самых першых пеўняў. І вось цяпер, ужо на адыходзе, яна сказала мімаходзь, неяк задумліва тыя самыя словы.

– Я думала, ты далёка пакрочыш.

Так, як можа ўзьдзейнічаць на мужыка прыгожая жанчына, не здолее паўплываць ніхто, нават самы грозны і ўладарны прараб. Словы Томы ўразілі Стаха. “Ах Томачка-Тамара, а ён ужо як быццам звыкся з сваім шараговым жыцьцёвым статусам”.

…Стах з скрухай глядзеў у вакно, дзе ў сутоньні набеглага вечара вецер гойдаў кучаравыя ад зялёнай лістоты шаты дрэў. Той самы вецер, што быў у дзяцінстве, калі ў ягоным жыцьці яшчэ не было будоўлі, жанчын, бытовак, грашовых знакаў, нічога не было. Сталага, саракагадовага пралетара непакоіў усталяваўшыся жыцьцёвы заняпад. Пражытыя гады вымушалі шукаць нешта важкае, чым ён меў, нейкага больш якаснага існаваньня.

За кожным імгненьнем жыцьцёвага змроку маглі хавацца перамены, часьцяком нечаканыя для непадрыхтаваных істот. Стах шукаў тыя сьцежкі, таемныя знакі, што маглі памагчы дасканаламу чалавеку памяняць кірунак як быццам зацьверджанай хады.

Яшчэ будучы юнаком, Стах усьвядоміў, што ўсё залежыць ад розуму. Калі інтэлект дробны, то ад жыцьця немагчыма чакаць ўзьнёслага і якаснага існавання. Варушыцца чалавек у сваім маленькім абмежаваным коле, нешта робіць, жэніцца, займаецца паляваньнем ці пчалярствам, гадуе дзяцей і ўсё. І кропка!

Упершыню Стах заўважыў у сабе праявы стратэгічнага розуму, калі навучаўся ў школе. У той дзень ён асэнсоўваў міждзяржаўныя зрухі, тады якраз іхны Ніксан прыпыніў вайну ў Віетнаме, і ён, сваім яшчэ дзіцячым розумам, упінаўся ў гістарычную падзею. Вярнуўся Стах у рэчаіснасьць, як прачнуўся, ад таго што настаўнік грозна гэтак ужо стаяў побач і пытаўся пра табліцу памнажэньня.

– Дзевяць на восем колькі будзе, я цябе пытаю, – і дыхнуў вясковы недарэка–настаўнік часночным дыхам, бо зжуваў зубок земляплода дзеля антыгрыпознага лекаваньня. Сапраўдны допыт, як той сьледчы МУС, рабіў гэны бяскрылы, дробны чалавек з нуднай штодзённасьці.

З таго часу і не ўзлюбіў Стах занятак рознымі дробнымі дзействамі. Зразумеў, што некаму трэба займацца і велічнымі зьдзяйсьненьнямі.

Ужо ў сталым ўзросьце, стомлена ідучы з штодзённай працы, разам з пляшкай напою ён купляў газэту і, давалокшыся дадому і ўключыўшы тэлепрыймач, чытаў сьвежую прэсу, слухаў радыё Свабоду, усмоктваў інфармацыю з усяго сусьвету ўперамешку з півам і аналізаваў, абагульняў, прадбачыў. За гэтулькі гадоў жыцьця Стах так наблатыкаўся ў палітычных пытаньнях, што, калі знаёміўся з прыгажуняй, заўсёды гэтак ветліва інфармаваў, што сапраўдны ягоны жыцьцёвы занятак: паліталогія і рэчаіснасьць, і таму ён чалавек адказнай разумовай працы. Потым канечне заслужана карыстаўся пашанай, цеплынёй і пяшчотай жаночай паловы чалавецтва. Да нядаўняга часу гэтага хапала для ягонага задавальненьня пачуцьця самарэалізацыі.

Зусім нядаўна, яшчэ да сустрэчы з Томай, сябры і калегі па будаўнічай брыгадзе, паслухаўшы ягоныя трапныя заўвагі на розныя палітычныя падзеі ў дзяржаве, выказалі меркаваньне.

– Мусіць, пара, брат, цябе вылучаць у парламэнт?

Неяк увечары, атрымаўшы аванс, Стах сядзеў з сваёй брыгадай у кавярні за келіхам лідзкага піва, і, увесь апошні час помнячы незабыўныя словы Тамары, разважаў услых.

– Канечне, хлопцы, дэпутатам быць някепска. Але мне ўсё ж даспадобы пасада дарадца прэзыдэнта. Парады даваць самаму прэзыдэнту. Круціцца ў самым віры палітычных падзеяў і ў той жа час як быццам збоку і зьверху назіраць...

– А заробак у дарадцаў які? Відаць, саўсім слабенькі? Парады даваць не цэглу цягаць, – выказаў сумнеў дружбан Мікола, пераводзячы дых і ловячы чароўнае пачуцьцё імпэту ад засваеньня піўнога напою. Стах зірнуў на яго дасьведчаным позіркам сталага палітыка.

– Дзівак, сам падумай, паспрабуй прэзыдэнт даць дарадцу маленькі аклад, то дарадца ў сваю чаргу такую параду дасьць у адказ, што зразу захістаецца кіраўнічае крэсла.

Уся брыгада пагадзілася з такой лагічнай высновай Стаха. Ён жа, як крумкач, што з бязьмежнай вышыні сіняга неба кідаецца на жаўтаротае кураня, працягваў дзяўбсьці дружбана, удасканальваючы свой гостры палітычны розум. Зьдзіўляла ягоных калег па брыгадзе, што памяркоўны, мяккі, нават добры і справядлівы Стах у палітычных пытаньнях выказваў нязвыклую непахіснасьць і нават жорсткасьць. Вось і цяперака Стах з зьдзіўляючай настойлівасьцю тлумачыў свой пункт гледжаньня.

– Іхнаму першаму прэзыдэнту колькі неразумных парад панадавалі розныя бурбулісы, гайдары, шахраі, і вынікі, самі бачыце, самыя нэгатыўныя для іхнага прэзыдэнта і для іхнай краіны, – зазначыў Стах, трымаючы куфаль з некранутым напоем і цьвёрда гледзячы некуды ў далечыню, як быццам ён ужо тады бачыў шляхі, што адчыніць перад ім лёс.

– Вельмі, вельмі шкадую, што я не дарадца прэзыдэнта, што не маю права на вуха прэзыдэнта, бо шмат, шмат мог бы даць карысных парад… – ціха прамовіў ён і толькі адзін малады цясьляр Міхась Грыбоўскі зьвярнуў ўвагу на ягоныя словы.

Увесь час крыху бянтэжыла Стаха адна акалічнасьць: як гэта дзяржаўныя дзеячы, і нашыя і іхныя, усё хваліліся, што шмат працуюць і па 14 гадзін у суткі, а потым ужо і па 16 гадзін укалваюць і без выходных. Некаторыя ўжо пачалі казаць, што працуюць і па 18 гадзін, а іншы раз і па 20 гадзін у суткі. Тут ён моцна зажурыўся, данялі яго гэныя спрытныя і цягавітыя палітолагі, кангрэсмэны і сэнатары. На сваёй асноўнай працы яму даводзілася працаваць і па 12 гадзін, і ён ведаў, як гэта нялёгка, ды яшчэ без выходных. І ён ледзь не адмовіўся ад сваёй чароўнай мары займацца ўлюбёнай разумовай працай.

Але аднойчы, прыхапіўшы з сабой газэты, ён, седзячы ў прыбіральні, прабачце, на ўнітазе, і выконваючы, так сказаць, свой фізіялагічны абавязак, паралельна разважаў над рознымі дзяржаўнымі праблемамі. І ў гэты самы інтымны жыцьцёвы момант, калі Стах напружыўся, зрабіў магутнае фізіялягічнае намаганьне, каб пераадолець тое нэгатыўнае ўзьдзеяньне, што ўтварылася ў ягоным воргане ад таго, што ён тры дні запар спажываў рысавы курыны бульён, і вось у гэты момант фізіялагічнай перамогі грунтоўнае пытаньне, над якім Стах ламаў галаву не адзін год, таксама нарэшце скранулася з месца пад узьдзеяньнем ягоных разумовых намаганьняў. Вось тутака ён раптам і зразумеў, што разумовай працай можна займацца ўсюды і што зараз ён таксама, каб быў дарадцам прэзыдэнта, то лічыўся б на дзяржаўнай службе, бо колькі думаеш, столькі і працуеш, нягледзячы на выкананьне фізіялягічных патрэб.

Вельмі ўзрадавала яго гэнае ўсьведамленьне, быццам цяжкая цагліна звалілася з душы. Стах заўсёды, усё жыцьцё, колькі сябе помніў, думаў і разважаў. Іншым разам ляжыць пад цёплым бокам жонкі, не сьпіцца, а дзяржаўныя думкі сьвідруюць і сьвідруюць сьвядомасьць. Так паступова ён і дарос да ўсьведамленьня, што ўжо з дзяцінства фармаваўся як дзяржаўны дзеяч.

 

II

 

Трэба было неяк пачынаць сваю палітычную хаду. Пачынаў Стах Кудрыцкі сваю дзейнасьць палітолага як аматар. Узяўшы для пачатку тэму “Аб’яднаньне двух братніх народаў”, ён зразу зьвярнуў увагу на слабую распрацаванасьць найважнейшай палітычнай тэзы, на тое, колькі маецца заблытаных сьвядомасьцяў, колькі дэмагогаў, балбатуноў, розных імітатараў і прыдуркаў, дэрмакратаў і маніпулятараў, палітычных курдупеляў і аўтсайдэраў дагэтуль пасьвіцца ў гэтым найскладанейшым палітычным топасе. Тутака сапраўды дзяржаўнаму кіраўніцтву было не да сьвінагадоўлі і бульбаводзтва.

Чальцам будаўнічай брыгады ён увесь час даводзіў хібы прафэсійных палітолагаў.

– Аб’яднаньне братніх народаў – гэта толькі палова справы, – тлумачыў ён азы дзяржаўнага будаўніцтва, пераапранаючыся раніцой у бытоўцы.

– Паралельна працэсу аб’яднаньня трэба пільна назіраць за ворагамі і весьці з імі цывілізаваную барацьбу, – казаў ён у абед, з ахвотай цярэбячы падрыхтаваныя жонкай лусьцені.

– Каб я быў дарадцам прэзыдэнта, то настойліва параіў бы спачатку аб’яднацца з Украінай, а потым з Нямеччынай ці з Ангельшчынай, – вяртаючыся з працы, бянтэжыў ён нечаканымі палітычнымі канцэптамі слухачоў у грамадзкім транспарце.

– ...Праз трыццаць-пяцьдзясят гадоў сусьветны акіян падымецца на 5 мэтраў, – цьвердзіў ён жонцы ўвечары, мыючы посуд пасьля сямейнай вячэры, – значыць Ангельшчына, Нідэрланды і некаторыя іншыя эўрапейскія дзяржавы апынуцца пад вадой.

– Яны, гэныя ангельцы і галандцы, вымушаны будуць шукаць прытулку на нейкіх іншых жыцьцёвых абшарах, – тлумачыў ён жонцы ўвечары кладучыся спаць.

У суботу, перакопваючы на цесьцевым гародзе глебу і ўзьбіваючы грады пад восеньскі пасеў морквы, ён з ахвотай дзяліўся напрацаванымі думкамі з цесьцем-пэнсіянэрам, які з задавальненьнем слухаў свайго разумнага, а можа нават геніальнага зяця.

– Мы сёньня павінны вызначыць, з кім аб’яднацца нам лепш: з ангельцамі ці галандцамі. Сусьвет у ХХI стагодзьдзі ахоплівае працэс глабальнага аб’яднаньня. Аб’яднацца з Брытаніяй – гэта значыць зрабіць вельмі моцны супэрход!

– А калі не падымецца сусьветны акіян на пяць мэтраў, што тады? – зацікаўлена пытаўся асьцярожны і памяркоўны Юры Казіміравіч у зяця.

– Якое гэта мае значэньне. Галоўнае – ангельцы ці галандцы дапамогуць нам падвысіць прамысловы, тэхналагічны, і значыць наш жыцьцёвы ўзровень.

Ад такога нечаканага палітычнага кроку ў цесьця разяўляўся рот і ён з радасным зьдзіўленьнем, зьмешаным з улюбёнасьцю, усхвалявана хэкаў і пачынаў паліць чарговую цыгарэту.

У хуткім часе будаўнічая брыгада пачала ператварацца ў аўтаномную палітычную адзінку, узброеную самай сучаснай палітычнай тэорыяй, і ў адзін голас кожны дзень цьвердзілі Стаху.

– Самы час, брат, вылучаць цябе ў парламэнт!

Увосень у доме культуры будаўнікоў адбылося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага Сходу. Будаўнічая брыгада ў поўным складзе на чале з брыгадзірам Міхасём Уласёнкам прыйшла на сход.

Заля была запоўненая пралетарамі і жыхарамі прылягаючага мікрараёну. У прэзыдыуме сядзелі мясцовыя, раённыя і абласныя ўладныя асобы з заклапочаным і нават пахмурным выглядам на тварах ад цяжкіх дзяржаўных клопатаў і думак. Прыежджы, з Смаленску, кандыдат у дэпутаты Селядцоў выступіў з накідамі сваёй будучай дзейнасьці. Ён абяцаў адчыніць краму, вырашыць цяжкасьці па добраўпарадкаваньні, адрамантаваць грамадзкую лазьню...

Прысутныя ў залі пачалі падкідваць пытаньні. Да гукаўзмацняльніка пасунуўся вядомы тутэйшы дэмакрат Супрункевіч і, косячы пад простага чалавека, пачаў уздымаць і распальваць народную незадаволенасьць. Рабіў ён гэта даволі спрытна.

– Нам вашыя грошы непатрэбны. І інвэстыцыі вашыя не трэба. Адкажыце, чаму вялізарныя сродкі ідуць на ўмацаваньне ўнутранога войска. Міліцыя і АМАП ужо дасягнулі і перасягнулі колькасьць войска міністэрства абароны. З кім ваяваць зьбіраецца ўлада? З народам? Чаму замест укладаньня грошай у прыбытковыя прадпрыемствы марнуем грошы на лядовыя палацы? Чаму вы, шаноўны спадар Сьляпцоў, не выбіраецеся ў сваім Смаленску, а лезеце да нас? Мы вас знаць не знаем, бачыць не бачылі? Хто вы і адкуль? З аблічча вы, прабачце, выліты крымінал. Потым, прыкрываючыся дэпутацкім імунітэтам пачнеце распаўсюджваць у нас наркату, рабіць звышпрыбытак і адсьлюмачваць нашым дырэктарам і старшыням…

Заля загула. Прэзыдыюм незадаволена надзьмуўся, старшынствуючы намесьнік старшыні раённага выканкаму Заблытыцкі вынес папярэджаньне прамоўцу за абразу кандыдата, які мацуе сяброўства братніх народаў.

Кандыдат у дэпутаты Селядцоў, гладкі і ўкормлены мужык з паголеным чэрапам, у шэрым пільчаку з сінім карватам нярвова затросься і нешта спуджана і блытана пачаў мармытаць у мікрафон.

Супрункевіча нярвовасьць апанэнта наадварот заспакоіла і ўмацавала і ён ужо ўпарта і нават грозна працягваў сваю філіпіку.

– Хто мне адкажа, чаму дзяржаўныя грошы выкідваюцца на вецер?

У ягоным пытаньні гучалі злавесныя інтанацыі генэральнага пракурора краіны. У прэзыдыуме нярвова заёрзала кіраўнічае кола. Начальнік раённага РАУС Дубавецкі рыхтаваўся выйсьці на дапамогу Селядцову, у душы мацюгаючы тых, хто вылучае непадрыхтаваных кандыдатаў.

І вось у гэты момант Станіслаў Кудрыцкі падняўся ва ўвесь свой немалы пралетарскі рост і прамовіў:

– Я адкажу!

І ён пайшоў цьвёрдай упэўненай хадой да трыбуны, каб авалодаць мікрафонам і ўвагай прысутных. І прэзыдыум пабаяўся не даць яму слова, надта ўпэўнена ён ішоў і надта ўважліва глядзеў пралетар на ягоную хаду. Стах узышоў на трыбуну, адпіў з шклянкі гарбаты, што прынесла прыгожая панна Яніна ў нацыянальнай адзежы, кашлянуў, памацаў гарляк і сказаў сваю першую прамову, з якой пачалася ягоная імклівая палітычная кар'ера.

– Яшчэ пазаўчора я таксама думаў, як апанэнт шаноўнага кандыдата таварыша Сьляпцова. На кожным кроку ў горадзе, куды не кінь вокам, маладыя дзецюкі у форме з гумовымі "дэмакратызатарамі" ходзюць па вуліцах. А калі прыгледзеўся, то толькі і ўбачыў міліцэйска-амонаўскую варту і памяркоўных грамадзян. Злачынных складнікаў не відаць. Ходзячы па вуліцах, сучаснага злодзея не зловіш. Сапраўдная акула крыміналу не папрэ крадзенае народнае дабро па вуліцы насустрач дзяржаўнай варце.

Кудрыцкі ізноў адпіў гарбаты з шклянкі, прамываючы горла і, як прыродны прамоўца, прыпыніўся, каб узмацніць інтарэс слухачоў.

– Нядаўна я зразумеў тое, што не могуць зразумець памяркоўныя грамадзяне. Унутраное войска патрэбна дзеля змаганьня з унутраным ворагам!

Прэзыдыум напружана маўчаў, народ ў залі зацікаўлена слухаў. Абодва бакі думалі, куды паверне Стах.

– Складанасьць сучаснага моманту ў адшуканьні ўнутранога ворага. Бо ўнутраны вораг, як тая шкодная сьпірахета ці інфузорыя, нішчыць здароў'е нашых дзяржаўных вантробаў знутры. Як толькі прыпынілі ў былым СССР змаганьне з гэтымі ворагамі, так вялікая краіна і ляснула на радасьць шкодным інфузорыям і сьпірахетам.

Станіслаў ізноў зрабіў перапынак, зірнуў у залю і грозна запытаў.

– Каму ад гэтага стала лепш? Табе, простаму чалавеку? Працаўніку, калгасьніку, рабочаму, будаўніку, каму? Унутраны вораг страшны тым, што напусьціць такога славеснага туману, гэтулькі муці падыме, што і не разьбярэш, хто свой, а хто ўнутраны вораг. Шмат трэба папацець, каб разблытаць сьвядома заблытанае.

Стах моцна ўзяўся дзьвюма вялікімі рабочымі рукамі за верх трыбуны і шчыра, нават з душэўным болем, працягваў прамову зацікаўленай залі, якая індыфэрэнтна разглядала прамоўцу.

– Тут самае галоўнае вызначыць. Гаворачы па-навуковаму – ід-эн-ты-фікаваць гэтую шкодную сьпірахету. На выгляд яна можа быць звычайным чалавекам. Студэнтам ці настаўнікам. Ці сьлесарам. Хоць рабочы чалавек, пралетар, наш просты бедалага выпіць гарэлкі вып'е, які-небудзь дзяржаўны кран на працы возьме, а шкоднай сьпірахетай не будзе. Вось інтэлігенты, розныя кандыдаты. Палітолагі. Журналюгі. Звычайна барадатыя і валасатыя асобы. Таксама лысыя. Сярод гэтых шмат водзіцца шкоднікаў.

Заля, а таксама прэзыдыум, весела загула, паглядаючы на барадатага і лысаватага зьверху і з патламі на скронях дэмакрата Супрункевіча.

– Але ж на ілбе ў яго не напісана, што ён унутраны шкодны мікроб.

Палова залі і ўвесь прэзыдыум – ляглі ад сьмеху. Дэмакрат за сьпіной Стаха разгублена лыпаў вачыма.

– Па пашпарце ён Багданоўскі, ці Шушкеня, ці Хадыкін – грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Недатыкальная асоба. Патрэбны факты яго, грамадзяніна, шкоднай дзейнасьці. Сьледчая праца. Рашэньне суду... якая цягамоціна. Непатрэбная валакіта.

Прамоўца скрывіўся, быццам укусіў нясьпелую дзічку, і разам з ім скрывілася палова залі і некаторыя з прэзыдыуму.

– От расказаў чалавек анэкдот пра вышэйшую дзяржаўную асобу. Хто гэта? Унутраная шкодная сьпірахета ці проста балбатун? Трэба прыцягваць да адказнасьці ці не? Пытаньне да сёньняшняй пары не вызначанае. У другім выпадку стаіць як быццам памяркоўны грамадзянін у чарзе за кілбасой, нэгатыўна ўплывае. Крытыкуе ўладу. Пастановы прэзыдэнта. Падбухторвае пралетараў да мітынгаў і галадовак. Ізноў пытаньне? Як быццам наш чалавек? Аблічча наша, а размовы і дзейства шкодныя. Тут трэба паглядзець? Хочаш галадаць, зачыніся ў хаце ці кватэры ды і галадай, не заблытвай людзям сьвядомасьць.

Адчуўшы, што заля пачала стамляцца, Стах перайшоў да прапановы.

– “Патрэбен закон аб і-дэ-нты-фі-кац-ыі-і”. Не можа ўлада эфэктыўна дзейнічаць. Рабіць нейкія пераўтварэньні, калі ў краіне існуюць шкодныя людзішкі, гэткія злосныя мурашы. У дзяржаве прыпыняецца прамысловасьць. У сельскай гаспадарцы заняпад. Крывая злачыннасьці імчыць уверх. Узровень жыцьця коціцца ўніз. Сьмяротнасьць расьце. Нараджальнасьць дзяцей імкнецца да нулявой адзнакі. Хто вінаваты?

– Вось калі запытаць вас, шаноўны таварыш ці пан дэмакрат? Што вы адкажаце? – зірнуў прамоўца на лыса-барадатага з патламі нацдэма Супрункевіча. Той рашуча пасунуўся да мікрафона, але Стах рэзка махнуў рукой, як бы адсякаючы яму шлях.

– Ды ведаем мы наперад, што вы хочаце нам сказаць. Што трэба уводзіць рынкавыя дачыненьні. Што трэба раздаць зямлю. Што трэба замежныя інвэстыцыі... Ну раздалі зямлю. А далей што? Рыдлёўкай 10 гектараў не апрацуеш. Неабходны вялізарныя ўкладаньні ў сельскую гаспадарку. Патрэбны адзіны эканамічны арганізм, а гэта можа зрабіць толькі дзяржава.

Начальніку раённага аддзелу ўнутраных справаў палкоўніку Дубавіцкаму лягла занатоўка ад намесьніка старшыні аблвыканкаму – "Прыродны рэаліст і добра выкладае жыцьцёвую праўду. Высьветліць хто такі". Палкоўнік напісаў на паперыне рэзалюцыю "Тэрмінова для выкананьня!" і перадаў свайму намесьніку падпалкоўніку Хамяковічу. Той заклапочана рушыў з прэзыдыюму выконваць даручэньне.

Між тым Стах працягваў удумліва і шчыра падымаць балючыя пытаньні, што як пустазельле густа нарасьлі ў краіне.

– Самы просты прыклад – нараджальнасьць...

Вось гэткім чынам у выніку пралетарскага палітычнага наступу, а самае галоўнае дзякуючы прысутнасьці ў Стаха стратэгічнага інтэлекту, і адбылося вылучэньне, а потым і выбраньне рабочага-будаўніка Стаха Кудрыцкага дэпутатам Нацыянальнага Сходу.

У той гістарычны момант, калі вырашылі вылучыць Стаха кандыдатам у дэпутаты, ні ў залі, ні тым больш у прэзыдыюме ніхто не адчуў і не зразумеў велічнасьці падзеі, што адбылася на іх вачах. Можа, толькі адзін Лявон Захарэвіч – яшчэ адзін прэтэндэнт на другое дэпутацкае месца – дасьведчаны, хітры зямляк адчуў нейкі незвычайны зрух унутры сваіх вантробаў і пільна зірнуў на Стаха сваім гострым вокам. Усе астатнія – не усьвядомілі, не адчулі, не зразумелі – бо стратэгічны розум бывае рэдка.

Нават не тое, што рэдка – адзін раз у сто гадоў на цэлую краіну, і то не кожную.

 

III

 

Нялёгка простаму чалавеку ад зямлі дасягнуць жыцьцёвых вышыняў. Яшчэ складаней замацавацца ў тым дасягнутым якасным жыцьцёвым асяродку, зрабіцца сваім у чужым для цябе герархічным кодле, знайсьці і заняць патрэбнае месца.

Стаўшы дэпутатам Нацыянальнага Сходу, рабочы-будаўнік Стах Кудрыцкі ў першыя імгненьні і дні адчуваў сябе як небажыцель. Толькі шматгадовая пралетарская звычка прымусіла яго займацца штодзённымі пытаньнямі. Ён зрабіў неабходную рэгістрацыю, атрымаў пасьведчаньне і падрыхтаваў на ўсялякі выпадак некалькі заблытаных і супярэчных эканамічных і сацыяльных пытаньняў. Высьветліў некаторыя асаблівасьці і звычкі вядомых дзяржаўных дзеячоў і паехаў у Менск знаёміцца з кіраўніцтвам Нацыянальнага Сходу і ягоным былым і верагодна будучым спікерам спадаром Толбікавым У.Р. Ён вырашыў забегчы ўперад асноўнай суполкі дэпутатаў, што цяпер сьвяткуе свае перамогі і, ачуняўшы праз тыдзень, рынецца па кіраўнічых габінэтах торыць сабе сьцежкі-дарожкі.

Урсул Раманавіч Толбікаў – лысы, дасьведчаны і ўпарты артадокс – карыстаўся вялікім даверам кіраўніцтва, а таксама шматлікіх зацікаўленых колаў і груповак, што хацелі ад вялікага і тлустага пірага інтэграцыі адкрэмзаць і свой уласны кавалак. У той дзень Урсул Раманавіч сядзеў у сваім габінэце старшыні палаты Нацыянальнага Сходу РБ і паціху, не сьпяшаючыся, з асалодай піў каву з макавай булачкай, намазанай маслам і прыціснутай ладнай лустай швейцарскага сыру.

У вольны час Толбікаў любіў паразважаць у адзіноце ў сваім габінэце за кубачкам кавы над мінулым, зазірнуць у будучыню. Зараз ён успамінаў усе хітрапляценьні вакол драматычнага лёсу амбітнага палітычнага дзеяча Шмалевіча. Гэны дзяржаўны чыноўнік у час лёсавызначальных дзяржаўных перамоваў пачаставаўся гарбатай супрацьлеглага боку і ў напружаны момант падпісаньня найважнейшых міждзяржаўных пагадненьняў не здолеў заўважыць некаторых як быццам дробных адхіленьняў у раней абмеркаванай міжурадавай дамовы. Такая няўвага з яго боку была выкліканая тым, што ў гэты момант ён, старшыня ўрадавай дэлегацыі спадар Шмалевіч, моцна, проста страшна моцна хацеў, прабачце, сікаць.

Потым ва ўрадавых кулуарах, закуткох, а таксама ў падсобках дзяржаўнага будынку так і казалі.

– Шмалевіч прасцаў дзяржаўны газавы трубацяг на 100 мільёнаў даляраў.

Казалі і яшчэ розныя іншыя меркаваньні і здагадкі, быццам ён паклаў у сваю ўласную кішэнь акцыяў на пару мільёнаў даляраў. А ўсікаўся ён потым ад радасьці за атрыманы капітал і таксама ад пякучага і ліпкага страху.

Старшыня Сойму толькі цяпер канчаткова ўсьвядоміў, што спадар Шмалевіч абуў іх усіх, стварыўшы сабе першапачатковы капітал за дзяржаўныя сродкі і нядаўна па некаторых зьвестках КДБ адчыніў на свайго сына прыватную фірму ў Цюмені. Ад гэтага набытага разуменьня ў Урсула Раманавіча рашуча сапсаваўся настрой.

І вось у гэты момант дэпутат Нацыянальнага Сходу Стах Кудрыцкі з разгону сувануўся ў габінэт да старшыні. Дзіўнай дагледжанасьці сакратарка Гражына прыпыніла ягоную хаду, не пусьціўшы да старшыні, ўпэўнена і рашуча зацьвердзіўшы:

– Не сьпяшайцеся, шаноўны. Цяпер перапынак. Старшыня палуднуе.

У дэпутата Стаха Кудрыцкага ёкнула сэрца ад чароўнай прыгажосьці панны Гражыны, гнуткай, з вытачанай таліяй і спакусьліва-прыцягальнай кубатурай, апранутай у цёмна-блакітную сукенку. Вочы колеру чарнаморскай хвалі пазіралі з нязвыклай энэргіяй, цеплынёй і бясконцасьцю... Яна глядзела з пыхай сталічнай каралевы, якая ўбачыла заімшэлага местачковага пралетара. Стах прыпыніў сваю імклівую хаду, зьбіраючыся перавесьці энэргію наступу ў знаёмства з паннай Гражынай. Ён толькі хацеў пачаць гэтае знаёмства, як у праём дзьвярэй прасунуўся сам старшыня сходу.

– Што тутака за шум?

– Дэпутат Стах Кудрыцкі. Хацеў зайсьці...

– Заходзь.

Ён павярнуўся да сакратаркі:

– Панна Гражына, яшчэ дзьве кавы з булачкамі.

Яны селі паабапал стала. Урсул Раманавіч, утаропіўшы позірк, разглядаў Стаха. Той адчуваў сябе няёмка, але трымаўся, пазіраючы ў сваю чаргу на старшыню.

– Стах Кудрыцкі. Помню, помню. Хочаш займацца разумовай працай? Чаму?

– Цікава!

– Цікава панну Гражыну казытаць. І мусіць прыемна. А палітыкай займацца цяжка. Неверагодна цяжка. Усе пруцца, лічаць, што тут мёдам намазана. Хутка пачнуць ісьці да мяне за кватэрамі. А самі ў большасьці прафэсійна непрыдатныя. Як авечкі. Нічога не разумеюць. Іншы раз трэба памагчы кіраўніцтву, нешта сказаць супрацьлеглае, а нашыя ўсё ў рот глядзяць.

Старшыня сходу не хаваў сваёй незадаволенасьці. Успаміны пра ўплывовага палітычнага дзеяча Шмалевіча перанесьлі ягонае ўсьведамленьне ў межы адмоўнага ўспрыманьня рэчаіснасьці. Будучы чальцом былой савецкай герархіі, ён тужліва ўспамінаў мінулыя часы, калі існавала сыстэмнасьць кіраўніцтва і кожны чалавек займаўся сваёй справай.

– Скажы мне, што такое сёньня сапраўдны сучасны палітык?

Пытаньне было нечаканым.

– Прыродны рэаліст і прагматык, – асьцярожна адказаў Стах.

– Сёньня ўсе грукочуць сябе кулакамі ў грудзі, талдычуць: я рэаліст, я прагматык!.. – старшыня казаў гэта з невыразным тварам стомленага чалавека і гострым позіркам сталёвых вачэй сучаснага ўладаносьбіта…

– На самой справе яны пердуны, – пераканана, па-дзіцячаму зацьвердзіў Кудрыцкі, гледзячы ў вочы старшыні, і дадаў:

– Мелі ўладу і ўсё прапярдзелі.

– Хто ж тады рэаліст і прагматык?

Стах зразумеў, што цяпер ідзе ягоны іспыт, тэставаньне, пракачка ягоных здольнасьцяў, ведаў, рэфлексаў.

– Рэаліст той, хто ведае, што булкі з макам з неба валіцца не будуць. За ўсё трэба нечым плаціць. Прагматык слухае свой розум, а не пачуцьці.

– І пачуцьці таксама. Як Вы думаеце, якая мэта жыцьця палітыка?

– Улада! Нічога акрамя ўлады.

– Някепска. – Апошні адказ зьдзівіў Урсула Раманавіча сваёй шчырасьцю. Звычайна дэпутаты цьвердзілі пра свой непадзельны клопат аб народзе.

– Як Вы ставіцеся да апазыцыі?

– Яна індуцыруе ідэі і зьвяртае ўвагу грамадзтва... Псэўдаапазыцыя марнуе час.

– А ў чым небясьпека апазыцыі?

– Адным фактам свайго існаваньня яна падрывае манапо...

– Так. То патрэбна апазыцыя ці гэта непатрэбнае ўтварэньне?

– Складанае пытаньне...

– Раскажы пра складанае.

– Я мяркую, што апазыцыя, сапраўдная апазыцыя існуе як цень, як левая рука... Апазыцыя змагаецца за больш эфэктыўнае палітычнае і эканамічнае разьвіцьцё краіны. Яе існаваньне дазваляе спакойна перадаваць уладу ў рукі прафэсійна падрыхтаваных палітыкаў. Пры зьмене ўлады не адбываецца аніякіх рэвалюцый, вэрхалаў, бязладзьдзя і нават без біцьця твараў і пыс.

– Безь біцьця твараў і пыс... – дадаў старшыня, смакуючы гэтае чамусьці цяпер прыемнае яму меркаваньне і ўзіраючыся ўважліва-задуменным позіркам сталёвых вачэй у твар дэпутата. Стах мужна трымаў цяжар гэтага позірку. Старшыня адсунуў кубачак з кавай і, падняўшыся з крэсла, пайшоў па габінэце, стрымліваючы назапашаную з раніцы нярвовасьць і разьмінаючы зьнямелыя за паўдня ступакі. Час ад часу ён паглядаў на дэпутата, узважваючы ягоны палітычна-грамадзкі патэнцыял і магчымасьць карыстаньня гэнай палітычнай пешкай у будучай палітычнай гульні.

Ягоны маналёг складаўся з дзьвюх частак: унутранога, дзе ён думаў без усялякага абмежаваньня, і вонкавага, дзе ён казаў толькі патрэбнае. Здольнасьць нязвыклая большасьці местачковых людзей з вёскі, што кажуць усё, што думаюць, і ганарацца сваім праўдалюбствам. Ідучы ад вакна да стала, дзе сядзеў дэпутат, Урсул Раманавіч стрымана тлумачыў:

– ...Дэпутат разумее цяжкасьці, што існуюць у кожнага грамадзкага кола... прыслухоўваецца да іхных меркаваньняў.... сыстэматызуе іхныя парады і прапановы. Так дэпутат ператвараецца ў палітыка. З цягам часу можа прыйсьці да стану лідэра. Кожнай палітычнай плыні патрэбен свой чабан. Без лідэра партыі ператвараюцца ў натоўп, дзе валадарыць не сыстэма, а вэрхал і нават ворагі дзяржавы...

– Вы думаеце, што легальныя партыі пры некаторых умовах могуць быць адстойнікам і пітомнікам шкоднікаў краіны? – зацікаўлена перапытаў Стах, пераводзячы рух думак старшыні ў патрэбным для сябе кірунку, дзе ён меў уласныя, добра асэнсаваныя разумовыя напрацоўкі.

– Інкубатарам шкоднікаў! Хто плоціць грошы – той заказвае палітыку. А нашы дзермакраты цалкам існуюць на замежныя гранты.

Урсул Раманавіч прыпыніўся, зірнуў на натапырыўшага вушы ўважлівага Стаха. Памаўчаў, вагаючыся, ці трэба казаць далей. Чамусьці цяпер думкі яго лёгка струменілі ў патрэбным кірунку.

– Сёньня кандыдатаў у фюрэры процьма, усе з пыхай непрызнаных геніяў. Балбатуны і дэмагогі, якія не хочуць трымаць аніякай адказнасьці за свае словы і дзеяньні. Адзін такі шызік-рэфарматар малаціў языком некалькі гадоў пра перабудову, а ў выніку разбурыў вялікую дзяржаву. І ніякай адказнасьці. Балбатун, якога скарысталі як пешку. Як аднаразовы прэзэрватыў. Балда! Бал-да-вешка! Гандон!! Да сёньняшняга часу лічыць, што ён лідэр, гістарычная асоба, што ашчасьлівіў народ...

Цяжкія дзяржаўныя думкі і непакой за лёс грамадзтва і дзяржавы церабілі сьвядомасьць старшыні, ён стомлена блукаў па габінэце, панурыўшы галаву. Пасьля некаторага, магчыма доўгага, маўчаньня Урсул Раманавіч цяжка сеў у крэсла, зірнуў на гадзіньнік, потым ізноў узважана ўтаропіў гостры позірк на Стаха.

“Можа і гэты таксама трэцца да карыта. Начытаўся газэт і хоча пакіраваць. Не каб рабіць тое, на што вучыўся…”

Стаху старшыня Нацыянальнага Сходу сказаў іншыя словы, якія між тым прагучалі для ягонай дэпутацкай сьвядомасьці на самай мяжы цяперашняга палітычнага ўяўленьня.

– За ўсё трэба несьці адказнасьць, за кожнае слова і дзеяньне. Нават апазыцыянэру трэба валодаць пачуцьцём адказнасьці. Сёньня грамадзтву і ўладзе патрэбны дасьведчаны, сыстэмны лідэр апазыцыі. Ва ўладзе не ўсе гэта ўсьведамляюць. Дарэмна! Даюць ворагам шанец карыстацца нашымі нескарыстанымі магчымасьцямі. Патрэбен Лідэр апазыцыі. Гаворачы аб памылках, ён павінен разам з тым мацаваць уладу. Іншы раз рэзаць праўду-матку там, дзе ўладзе няёмка гэта казаць. Так робяць у суседняй дзяржаве Пулікоўскі і Яблонскі...

Размова доўжылася даволі доўга. На разьвітаньне цьвёрда паціскаючы руку дэпутату, Урсул Раманавіч папярэдзіў.

– Гэта паміж намі. Не для распаўсюду.

Моцна ўражаны і ўсхваляваны аўдыенцыяй Стах Кудрыцкі пайшоў з габінэту, разважаючы над пачутым. Ён адчуваў сябе далучаным да істотных стратэгічных дзяржаўных пытаньняў. Вось пра гэткі ўзровень самавызначэньня ён несьвядома пачуваў і мроіў яшчэ ў дзяцінстве.

З гэтага моманту Стах Кудрыцкі цалкам усьвядоміў мэты ўлады і стаў трымацца за дзяржаўнае крэсла нязломна і цьвёрда. Выконваў загады ўлады, і ў першую чаргу даручэньні старшыні Нацыянальнага Сойму цягавіта і ўпарта, як ганчак кідаецца за падранкам. Валодаў талентам рабіць нечаканыя, бакавыя хады – удары, якія часьцяком бянтэжылі палітычных суразмоўцаў. Спалучаў упэўненасьць расейцаў з асьцярожнасьцю тутэйшага абарыгена. Прынамсі даверлівы ад прыроды, Стах іншы раз верыў шаптунам і маніпулятарам і не верыў мясцовым кіраўнікам. Тутэйшыя былі навідавоку, любілі выпіць і добра закусіць, памацаць мясцовых кабет і дзевак, на цёплыя месцы і сінякуры ставілі сваіх людзей і сваякоў. Чужыя, малазнаёмыя палітыкі будучы невядомымі і непразрыстымі, ўважлівымі і стрыманымі, і іхныя лісьлівыя одумы іншы раз клаліся як бальзам на балючае месца.

Неяк на паседжаньні, дзе галава дзяржавы, як заўсёды, нястомна і таленавіта інфармаваў заканадаўчую ўладу, Станіслаў не адрываў позірку ад гаспадара, еў яго вачыма і пасьпяваў занатаваць ягоную прамову і тым зьвярнуў на сябе ўвагу. Ён здолеў адзін з усіх прысутных замовіць пытаньне гаспадару краіны. Стах, узьняўшыся з месца, запытаў.

– Да мэты можна і трэба рухацца напрасткі, а можна і кружалістым манэўрам, яшчэ хутчэй.

І тут ён махнуў рукой, паказваючы бакавы правы джэб. І так удала, спрытна і ёмка ў яго атрымалася, што ў залі сярод прысутных прашапацеў лёгкі сьмяшок.

Гарант Канстытуцыі таксама засьмяяўся:

– Мы павінны ісьці і напрасткі, а калі гэта дасьць патрэбны вынік, то і гэтак, – і гаспадар прадубляваў ягоны бакавы, але ўжо левы джэб і ён таксама атрымаўся спрытна, ёмка і ўдала. Прысутныя шчыра заплёскалі ў ладкі Гаранту Канстытуцыі.

З гэтага ўсё і пачалося. Хто б мог прадбачыць, што гэты бакавы левы паставіць інтэграцыю дзьвюх братніх краін і народаў на мяжу разбурэньня.

 

IV

 

Аднойчы, у звычайны дажджлівы восеньскі дзень, калі за вокнамі будынку парламэнту валадарыла непагадзь і знадворку рэдкія мінакі бараніліся ад нябеснай вільгаці з дапамогай парасонаў, дэпутат Нацыянальнага Сходу Стах Кудрыцкі з самай раніцы сядзеў у сваім утульным і цёплым рабочым габінэце. Ён нетаропка, з асалодай піў каву, уважліва і цярпліва вывучаў канчатковы праект інтэграцыі дзьвюх братніх дзяржаваў і потым прыйшоў на нараду аб’яднанай камісіі з моцна пачырканым і густа падкрэсьленым статутам.

Cусед па месцы седжаньня, зямляк і адстаўнік з Старога Быхава Лявон Захарэвіч, зірнуўшы ў ягоны нататнік, нічога не зразумеў. Станіслаў пачаў карыстацца пры напісаньні мовай, да таго ж лацінскім альфабэтам. Дзіўна, але тутэйшы па нараджэньні Захарэвіч у мове нічога не разумеў, блытаў сэнс словаў: жарт, жах, жвір, і звычайна ў сваім асяродку казаў.

– Пайшлі яны з сваім грэбаным дыялектам у дупу.

І гучна рагатаў на ўсю саўну. Як спадкаемца вялікіх савецкіх гераічных пачуцьцяў і настальгіяў, у душы часьцяком падпітага Лявона іншы раз пачыналі гучаць ваяўнічыя, выбойныя мэлодыі: схапіць шаблю і бегчы бараніць сьвятарныя межы вялікай дзяржавы ці проста рабіць нешта глабальнае, пракладаць чыгунку ў Антарктыдзе да Паўднёвага полюсу, тым самым праз пакуту і самаахвярнасьць самавызначацца, ці сьвідраваць адтуліну ў Зямлі аж да самага цэнтру, браць выкапні і мацаваць жыцьцёвы ўзровень тутэйшага людзтва.

Спадар Станіслаў, паслухаўшы ягоныя абмежаваныя і іншы раз шавіністычныя меркаваньні пра сучаснасьць і абвінавачваньні ў нацыяналізьме, неяк сказаў:

– Шаноўны Лявон, трэба глядзець далей. Далей! Далей!

Стах панібрацкі ўшчыкнуў Лявона за клуб, той ад нечаканага стрэсу падскочыў і гучна выгукнуў на ўсю залу:

– Ну ты, дружа, і шчыкаеш. Я ледзь не ўсцаўся.

У той дзень дэпутат Стах Кудрыцкі нарэшце ўпершыню выступіў, і бліскуча, перад дэпутатамі Нацыянальнай Рады. Тэма выступу была некалькі эклектычная, нядаўна вычытаная ў кніжках, але глыбока асэнсаваная.

– Шаноўнае спадарства. Грэцкі філосаф Арыстоцель некалі распрацаваў схему лагічнага мысьленьня, даўшы назву гэтай мэтодзе: “энты-мэ-мы1”. Згодна гэтай парадыгме, спачатку рух думкі ідзе ад “першапачатковых зьвестак” праз “гарантыю” да “высновы”. “Падмацунак” сілкуе “гарантыю”, “кваліфікацыя” зьяўляецца “мерай высновы”, “дадатак” акрэсьлівае “варункі”, пры якіх гэтая “энты-мэ-ма” слушная.

Казаў ён свае думкі прыцішаным, нават знарок нуднаватым голасам, на тутэйшай мове. Увесь час прасіў прабачэньня і падкрэсьліваў, што гэта ягонае асабістае меркаваньне і, магчыма, ён памыляецца. Ужо праз некалькі хвілін дэпутаты, пабраўшы газэты, перасталі слухаць Стаха Кудрыцкага. Гэта яго моцна абразіла. Стах прывык, што ягоныя думкі і словы заўсёды старанна ловяць. І таму ён, каб пераламаць адмоўнае ўражаньне ад ягонага выступу, нечакана рашуча, гучна, сталёвым голасам секануў:

– То я вас хачу запытаць, а дзе “гарантыі”!?

Дэпутаты, а таксама спікер у прэзыдыюме адарвалі вочы ад газэт і папер і навастрылі вушы. Справа ў тым, што які-небудзь выказьнік заўсёды можа агучыць такое лухтаватае пытаньне, што найважнейшая дзяржаўна распрацаваная стратэгма можа скалупнуцца з палітычных рэек у нябыт. За што прэзыдыум можа атрымаць ад кіраўнічага кола па лабешніку. Акрамя таго, суток “гарантый” вельмі вярэдзіў мясцовых дэпутатаў. Яны не хацелі прадавацца танна, за так.

– Дык якія могуць быць “энці тэмы”, калі пытаньне “падмацунку” не агучана, не вызначана і замоўчана. І “гарантый” аніякіх.

Дэпутаты, гарадзкія і вясковыя, адсунулі газэты і часопісы ўбок. Пачалі вачыма жэрці правінцыйнага дэпутата і лавіць ягоныя словы і думкі. Менавіта Стах закрануў жыцьце- і лёсавызначальнае пакручастае сутво для прысутных, якое іншыя баяліся зачапіць, каб не выклікаць незадаволенасьці ўладаносьбітаў.

У выніку пытаньне зьяднаньня абмяркоўвалі да самага вечара і адклалі да наступнага паседжаньня, якое мелася адбыцца толькі ў наступным годзе. Апазыцыя і некаторыя іншыя таемныя палітычныя сілы задаволена паціралі рукі. Яны малымі сіламі павалілі вялікае пытаньне. Старшыня Нацыянальнай Рады спадар Толбікаў незадаволена зьбіраў паперы за сталом прэзыдыуму, расчаравана варушыў бровы.

Невядомы дагэтуль шырокім грамадзкім колам дэпутат Стах Кудрыцкі зрабіўся героем палітычнага тыдня і ледзь пасьпяваў даваць інтэрвію тэле- і радыёрэпарцёрам. У гэтых інтэрвію нечакана высьветлілася, што правінцыйны дэпутат добра разьбіраецца ў замежнай і ўнутраной палітыцы, гнутка і тактоўна адказвае на самыя хітрыя і закручаныя пытаньні. Мае добрыя нэрвы і жалезную вытрымку. Некаторыя палітолагі і аналітыкі пачалі выказваць асьцярожную думку аб зьяўленьні на палітычным ландшафце краіны новага лідэра апазыцыі. Уладнае кола ўсьвядоміла нарэшце неабходнасьць асэнсаванай дальнабачнай нацыянальнай палітыкі, пакрысе разважала над прапановай старшыні Нацыянальнага Сходу Урсула Раманавіча Толбікава: аб стварэньні дзяржаўнай сыстэмнай апазыцыі.

Праз тыдзень, пад вечар у пятніцу, пасьля заканчэньня чарговага паседжаньня, Стах Кудрыцкі зайшоў павячэраць у дэпутацкую кавярню ды выпіць кубачак кавы. Ён заказаў салянку, аўсяныя шматкі з курагой, разынкамі і чарнасьлівам, каву з малаком і, дачакаўшыся першай стравы, з пралетарскай ахвотай пачаў спажываць салянку. Стах ужо заканчваў вячэру дабраўшыся да кавы, як да яго століка нечакана падышоў з двума кухлямі піва Лявон Захарэвіч. Ён быў адзін і, як заўсёды, у невялікім падпітку. Лявон засяроджана зьдзьмуў белапенную шапку з келіха і, наталяючы набытую на паседжаньні смагу, засмактаў палову кухля бачкавога чароўна-бурштынавага колеру лідзкага напою, потым, перавёўшы дых, ён нечакана сур’ёзна і адначасова памяркоўна зазначыў:

– Некаторыя думаюць, што пункт гледжаньня залежыць ад розуму і атрыманай адукацыі?

Ён ізноў з асалодай глынуў напою з келіха і чамусьці сумна дадаў.

– Лухта! Не мае рацыі гэткае меркаваньне.

Стах зірнуў на калегу, падцягнуў дзягу на чэраве і нічога не адказаў яму. Зь Лявонам трэба было трымаць вуха гостра і мала размаўляць. За ім адчувалася нейкая ўплывовая палітычная моц, што дазваляла Лявону трымацца нахабна і разьняволена.

– Не хапайцеся так за пістолю, шаноўны саксуп2. Гэта не пістоля? А што тады тырчыць з-пад дзягі? Чэлес?!

Лявон гнаў хвалю спрытна, нават прафэсійна, і Стаху нечакана падумалася, што ягоная прымітыўна-разьняволеная манера заўсёдных паводзін на самай справе ўсяго толькі макіяж.

– Не чырванейце, саксуп. Усе прысутныя ў бары маюць уласныя чэлесы, праўда не такія ўнушальныя.

– Чаму саксуп? – пытаньнем адказаў Стах Лявону.

– Саксуп? Тутака палову саксупаў. Адна гаворыць, а другая палова занатоўвае і дакладае. Мясцовыя саксупы і той, хто імі кіруе, – гаўнюкі і дармаеды. Праваронілі дзяржаву, а цяперака робяць выгляд, што яны патрыёты.

У апошніх словах Захарэвіча прагучала непрыхаваная прыкрасьць. Ён яшчэ добра пацягнуў з кухля і, паставіўшы яго пустым на столік, працягваў.

– Як толькі ты схапіўся за кабур, я зразу ўсёк, што ты саксуп. Звычка ў цябе такая выпрацавана. Зразу за кабур бярэсься, як чуеш словы з лексыкону фашысцка-тэрарыстычных груповак. Тутэйшай мовай мабыць не валодаеш, а яшчэ выдаеш сябе за мясцовага. Пры слове ‘’рацыя’’ так таргануўся, быцам у матне ў цябе яшчур у засідку сеў.

Стах не мог зразумець, куды рулюе Лявон і таму маўчаў, піў каву, змрочна паглядаў на калегу. Той таксама пазіраў на яго, потым глядзеў у залю, затым вяртаў позірк і казаў далей.

– Запомні, саксуп, пункт гледжаньня залежыць ад месца седжаньня. А гледжаньне на падзеі рознае ў розных людзей: пілота і дэпутата, злодзея і бізнэсоўца, каханкі і саксупа. Вызначы, дзе сядзіць чалавек, і будзеш мець уяўленьне пра ягоны пункт гледжаньня. Ведаючы ягонае гледжаньне, будзеш ведаць, пра што казаць. Што яго цікавіць. Чалавека заўсёды цікавіць ён сам. Ягоная якасьць жыцьця. Астатняе – мімікрыя, каму-фля-жжж..жж!

Ён шчыра ўсьміхаўся ў твар Стаху, і таму нечакана стала сорамна за сваю інфантыльнасьць. Як ён апошнім часам спрабаваў сябе паказаць перад грамадзтвам гэткім дасьведчаным дзяржаўным дзеячом. Лявон узяўся за другі кухаль і, паспытаўшы піва, паставіў келіх на стол, зірнуў на пачырванеўшага Стаха.

– Саксупы бываюць розныя: інфарматары і прагматыкі. Інфарматары – зьбіраюць плёткі, дакладаюць начальству. Іншая справа – прагматычныя саксупы. Гэныя мужыкі напята шчэмяцца да ўладных крэслаў і дзеля гэтага самі шырока карыстаюцца начальнікамі саксупаў і іхнай базай зьвестак.

– Хочаце сказаць, шаноўны Лявон, што працуюць толькі на сябе. Як гэта ў іх атрымоўваецца?

– Як гэта робіцца? От твой кіраўнік на працы ідзе на пэнсію. Ты ж адчуваеш, што табе ўжо 25 гадоў і ты гатовы паруляваць дзяржаўнай службай. Дакладаеш кіраўніку саксупаў, што першы кандыдат на месца Ян Сымонавіч Зімоўскі – злосны нацдэм, да таго ж хітры і таму небясьпечны. Выпісвае “Нашу Ніву”. Сам можаш таемна яму выпісаць. Бывае на мітынгах апазыцыі. Успамінаеш, як ён на вечарыне тры гады назад прылюдна чытаў нацыяналістычны верш Янкі Купалы, а год назад сьпяваў "Зорку Венэру".

Так, лічы што першы прэтэндэнт ужо сьпёкся. Другога кандыдата, Цепляковіча, траві нечым іншым. Чым? Трэба добра ведаць людзей, іхную біяграфію, розныя выпадкі з іхнага жыцьця. Дзеля гэтага трэба ўмець слухаць, калі людзі пачынаюць гаварыць пра сябе. Непрыкметна пытаньні ім падкідваць, падхвальваць, зьдзіўляцца іхнаму спрыту, уменьню, розуму. Ён і пачне кукарэкаць. Выкажы меркаваньне начальніку саксупаў, што Цепляковіч – балбатун, якіх сьвет ня бачыў. Любіць гаварыць пра сакрэты сваіх начальнікаў. І прыклады, прыклады...

Трэцяга прэтэндэнта зьнішчы іншым абвінавачваньнем: мае схільнасьць да злоўжываньня службовым становішчам. Таемна вывучае польскую мову. А навошта і чаму таемна? І так да таго моманту, покуль не дойдзе да тваёй асобы. Тут уздыхні на поўныя грудзі, схілі галаву долу і рапартуй кіраўніцтву: “Прыкладу ўсю моцу, каб апраўдаць высокі давер”.

Яны дапілі свае напоі і цяпер сядзелі, уважліва пазіраючы адзін на аднаго. Потым па прапанове Стаха, падняўшыся, пайшлі да выйсьця з кавярні. Вечар быў золкі, у паветры вісела імжа, і яны паехалі ў гатэль “Грунвальд”, дзе часова жыў Стах.

Прысеўшы ў нумары за стол, Лявон дастаў з дыпламата пачатую бутэльку арманьяку, паставіў чарачкі, паклаў на сподак парэзаны цытрын і некалькі цукерак грыльяжу. Утаропіўшы позірк у Стаха, больш сталы, дасьведчаны і мяты жыцьцём былы адстаўнік Лявон Захарэвіч вярнуўся да недагаворанай тэмы.

– Бывае, што прысылаюць на пасаду некага з іншых месцаў. Тут трэба другі падыход. Тут служы пільна, уцірайся ў давер, слугуй усе патрэбы. Знай усё пра свайго начальніка, з кім сьпіць, з кім п'е, з кім сябруе, з кім хацеў бы спаць. І чакай моманту, малады ды маладасьведчаны рана ці позна пасьлізьнецца. От тут і можна давесьці да ведама кіраўніцтва пра хібы кіраўнічай асобы. Нават выкажы спачуваньне, што вось нядаўна пасьля вечарыны дырэктар, добра выпіўшы, настойліва заляцаўся да супрацоўніцы аддзелу Марыны, прымушаў да інтымнага сужыцьця, і нарэшце дамогся эратычнага дзейства з замужняй жанчынай у гвалтоўна-вычварным выглядзе. Не кажы, як даведаўся, што назіраў праз фортку, хаваўся ў шафе ці пад канапай. Кажы – па аператыўных зьвестках…

– Вы быццам мне інструкцыю даяце?

– Вучу жыць. Каб не быў дурнем. Каб ведаў пра сілы, што пануюць у грамадзтве. Каб менш займаўся балбатунізмам, а больш слухаў ды запамінаў. Каб вучыўся думаць наперад.

Ён змоўк і пачаў засяроджана разгортваць цукерку грыльяжу дрыготкімі рукамі гіпэртоніка, дыханьне ягонае было цяжкім, выглядаў ён зблізку хваравітым і моцна стомленым. Стах нечакана ўбачыў Лявона сталым, дарослым чалавекам з нялёгка пражытым жыцьцём.

– Мне ўжо ўсё роўна. А ты малады і здольны. Да таго ж зямляк. Можа дарасьцеш да сапраўднага ўзроўню жыцьця. Я згарэў ведаеш як? Не ведаеш. І не трэба ведаць.

Успаміны аб нечым непрыемным зрабілі твар Лявона Захарэвіча суворым. Ён доўга маўчаў, па кроплі смакуючы каньяк. Потым, загнаўшы непрыемныя ўспаміны ў кут, працягваў:

– Самае галоўнае не згарэць на сваіх. Гэта калі пачнеш закладваць такіх жа саксупаў, як і ты. Тут трэба па некаторых непрыкметных адметнасьцях пазнаць свайго. Свой дзейнічае гэтаксама, як і ты. Тымі ж мэтадамі. Першая адметная рыса, што чалавек дасьведчаны, – калі не баіцца. Другая: стрыманы ў дзеяньнях і ў размовах. Тое, што табе не трэба ведаць, ты ведаць і не будзеш. Дарэчы, помні: педзікі, што займаюць пасады, спрэс усе зьяўляюцца саксупамі.

– Цікавыя рэчы вы кажаце, шаноўны Лявон. Ніколі б не здагадаўся, што, як вы кажаце, саксупы могуць так скарыстаць службовае становішча на карысьць сабе. Гэтак жа можна дарасьці да самага верху.

– А як ты думаў. Так і дарасьлі, савбуры3. Але ж яны самі нічога не могуць. Яны ж не валодаюць здольнасьцю прымаць адказныя рашэньні, не могуць вызначыць сапраўднае становішча справаў... Савбуры толькі выканаўцы... Залежаць цалкам ад заказчыкаў, якія і прымаюць рашэньні... Гаўнюкі, такія гаўнюкі савбуры і кампрадоры.

Лявон змоўк, потым з сілай пацёр твар яшчэ моцнай зарослай густой поўсьцю рукой. Пасьля працяглага маўчаньня зноў працягваў размову.

– Партыі, шырокія народныя масы, ці дэмакратыя, ха-ха-ха, дэмакратыі.... Усе партыі створаны саксупамі! І ўсе гэтыя таемныя ўтварэньні прахіндэяў вядуць барацьбу між сабой за ўладу па ўсім сьвеце. Навошта войны паміж народамі? Дастаткова зьнішчыць, а яшчэ эфэктыўней перакупіць лідэраў і зьмяніць кірунак хады разьвіцьця народаў і краін. Памяняць сучасную гісторыю. Камуністы-бальшавікі проста дзеці супраць іх. Яны аб сваіх мэтах крычалі на ўвесь белы сьвет. Цяперашнія ўладары гавораць адно, робяць другое...

Яны паціху пілі каньяк, якога менела ў бутэльцы, але ён ствараў тую непаўторную эйфарыю ўзаемастасункаў, што дазваляе спазнаць многае, іншы раз усё… Стаху было цікава, і ён уважліва слухаў. Між тым Лявон стомлена і пранікнёна казаў рэдкія па шчырасьці словы, адчыніўшы перад маладым дэпутатам невядомыя спружыны дзяржаўнага жыцьця.

– Ты яшчэ малады, саксуп. Пэўна падымесься ўгору? Зробіш нешта карыснае для дзяржавы, для народу. Сам разумееш, дзяржава ў нас адна: Савецкі Саюз. Запомні, ніхто сам па сабе да ўлады не прыходзіць! Кожны хацеў бы есьці сёмгу ды асятрыну... Ты любіш жанчын? Не цёлак, а пекных і цікавых жанчын, з тых, што ствараюць узьнёсласьць. Дарэчы, ведаеш Гражыну? Мог бы кахацца з гэткай дзіўнай прыгажуняй. Вышэйшая адукацыя, інтэлект, густ, выхаваньне, маладосьць. А пастава!.. Які дзіўны зьбег па лініях сьцёгнаў! А-бал-дзець можна ад такой паставы! Але Гражына абы з кім і размаўляць не будзе. Ты мог бы, калі хапіла розуму... Шмат хто хацеў бы валадарыць у жыцьці. Не кожнаму дадзена лёсам! Толькі патрэбным і адэкватным. Не трапіш у прывілеяваную эліту, тады застаецца роля прыслугі. Завязі, прывязі, падай, адвязі, вазьмі на сябе... Слугаваньне чужых патрэбаў.

Позна ўвечары, амаль ноччу Лявон Захарэвіч зазьбіраўся дадому, ён жыў на Паўднёвым Захадзе. Стах пайшоў яго праводзіць. Ідучы па начных вуліцах Менску, Захарэвіч ужо больш не вяртаўся да гаворанай тэмы. На пытаньне Стаха, чаму Лявон гэта ўсё яму тлумачыў, той загадкава ўсьміхнуўся, моцна паціснуў яму руку і пайшоў у адчыненую дзьверку пад’ехаўшага тралейбуса.

Пасьля гэтага вечара стасункі паміж двума дэпутатамі і землякамі сталі больш шчырымі і сяброўскімі. Стах пачаў пазіраць на Лявона з павагай, адпавядаючай ягонаму ўзросту. Сам жа Лявон нечакана стаў сур’ёзным, на паседжаньнях трымаўся як дзяржаўны дзеяч самага найвышэйшага гатунку.

У канцы кастрычніка Лявон Захарэвіч, каб падмацаваць здароў’е, як заўсёды рабіў увосень і ўвесну, лёг у лякарню для дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Даведаўшыся пра гэта, Стах закупіў цытрынаў, ківі, розных іншых прысмакаў, прыхапіў бутэлечку арманьяку і паехаў у шпіталь наведаць калегу.

Суботнім восеньскім ранкам дэпутат Нацыянальнага Сходу Лявон Захарэвіч, апрануты ў шэры бальнічны халат, стаяў у калідоры ля шпітальнага вакна, задумліва пазіраў у зьнешняе асяродзьдзе, дзе ізноў ішоў дождж.

Зірнуўшы на пасьвяжэлы ружовы твар Лявона, Стах зразу ўсьвядоміў каштоўнасьць рэгулярнага прафілактычнага лекаваньня. Сам Лявон выглядаў спакойным, трымаўся задаволена і ўпэўнена. Жартаваў з мэдпэрсаналам, пяшчотна абдымаў мэдсёстраў за плечы. Стаху ён ціха казаў, седзячы ў крэсьле ў холе:

– Каньячку б цяпер... ты прынёс, малайчына... ціхенька налі ў чарачку... выдатна… арманьяк – гэта кроў сапраўднага мужчыны, ваяра... рана ці позна мне, як і кожнаму, усё роўна гамон, але я ўсё ж добра пратрымаўся. Якіх жанчын меў, і скажу табе, усім ім было добра са мной. Я быў вясёлы і шчодра частаваў, вазіў на мора... хадзіў у тэатры... можна напісаць цэлы раман... канечне было б някепска яшчэ пажыць… але, хоць здароў'е яшчэ трохі ёсьць... ужо чамусьці нецікава! Скажу табе шчыра – жыцьцё стала нецікавым! І за дзяржаву крыўдна! Думаеш, Сталін быў такі людажэр, якім яго паказваюць… ён быў “Правадыр” і ўсё рабіў для народу... ты быў на Днепрагэсе?... гэта, дружа – Вынік! Рэпрэсіі? Рэпрэсіі.... на маёй памяці ўжо больш за 40 гадоў аніякіх рэпрэсій не было!.. А цяпер канечне без дыктатуры ўсё адно ўжо нічога не атрымаецца. Гэтыя савбуры прафукалі ўсе нашыя заваёвы. Курвы, каб я меў уладу, то ўсіх цяперашніх нэпмэнаў саслаў белых мядзьведзяў пасьвіць... Раней я ганарыўся дасягненьнямі маёй дзяржавы... а цяпер чым жыць? Колькі народ сіл паклаў, каб зрабіць індустрыю... і ўсё кату пад хвост...

Ён стомлена паглядаў перад сабой расчараваным позіркам чалавека, які дайшоў да заканчэньня жыцьцёвага шляху і не ўбачыў у канцы таго, на што спадзяваўся ўсё жыцьцё.

– Ліні каньячку армянскага па кроплі... а потым можна і паміраць. Ты мужык нічога... разумны… але даверлівы і наіўны... нікому не вер. Я ад цябе не чакаў, што прыйдзеш... бачыш, ніхто не прыйшоў... Калі-небудзь памру... будуць прамовы казаць, усё ж дэпутат... а ты ў душы тады ўсьміхніся... над савбурамі... казлы яны... усё, усё прахаўкалі…

Ён сядзеў у крэсьле, маўчаў, потым нечакана добра пастаўленым голасам мужна і пранікнена прасьпяваў на ўвесь хол.

– ...Наконец-то нам дали прриказ наступать, отбиррать наши пяди и кррохи! Но мы помним, как Сонце отпрравилось вспять и едва не зашло на Востоке!..

Лявон пазіраў у вакно, дзе палымнелі густой кастрычніцкай чырваньню клёны і бярозы. Па шыбах вокнаў марудна барабаніў дробны восеньскі дожджык. Было добра сядзець у цёплым холе бальніцы і паглядаць на заканчэньне прабеглага году.

– Ішеміческій больной, на процедуры.

Пачуўшы словы прывабнай мэдсястры Ніны, што ішла па калідоры ў белым халаце, які спакусьліва ахінаў ейны стрункі стан, Захарэвіч узьняўся, каб ісьці, і ўзважана прамовіў:

– Цябе бадай могуць падвысіць і моцна. Скарыстай свой шанец. Рабі роздум кожнага кроку. Будзь хітрэйшы за ўсіх. Будзь хітрэйшы двойчы, тройчы. Памнож свой розум на патрэбную лічбу і стань такім, як трэба. А местачковы патрыятызм адкінь. Трымайся за савецкіх людзей. Сярод іх захаваліся сапраўдныя патрыёты. Рана ці позна, але ж нарэшце павінен прыйсьці “Загад Наступаць”. Вось тады прыйдзе наш час, і твой таксама. Рыхтуйся да яго.

Ужо ідучы ў расчыненыя дзьверы працэдурнай, ён шапнуў на разьвітаньне апошнія словы, чутыя Стахам.

– Не вер нікому. Усе саксупы.

 

1 – “энтымэма” – у традыцыйнай фармальнай лёгіцы дэдуктыўная разумовая выснова.

2 Саксуп – сакрэтны супрацоўнік (новатвор)

3 – савбуры – савецкая буржуазія.

V

 

...Позьняй вясной, калі жаўрукі над ральлёй сьпявалі свой гімн жыцьцю, ужо як слынны і ўплывовы дэпутат краіны, Стах Кудрыцкі разам з чальцамі міждзяржаўнай камісіі ехаў у Маскву.

Хуткі цягнік Менск–Масква імчаў на ўсход. Стах сядзеў у плацкартным вагоне за столікам, чытаў газэты і пакутліва імкнуўся знайсьці цьвёрды разумовы грунт сваёй будучай дзейнасьці.

Ва ўласным уяўленьні Стах усё часьцей пачуваў сябе звычайным пралетарам. Калі ён выконваў ролю выбойнага дэпутата, ён быў на месцы. Ён агучваў пачуцьці тых бедакоў, што выбралі яго дэпутатам. Гэта агучваньне нічога не мяняла ў дзяржаўнай палітыцы, самае большае –стварала ўражаньне барацьбы за справядлівасьць, нейкім чынам выпускала назапашаную грамадзкую пару і тым самым задавальняла да нейкага моманту як уладу, так і самога Стаха... Падзеі між тым разгортваліся так, што ўзьнікала магчымасьць заняць месца нефармальнага лідэра апазыцыі. Але роля ўплывовага народнага выбраньніка ўжо паказала яму ягоную недастатковую падрыхтаванасьць да палітычнай дзейнасьці на вышэйшым міждзяржаўным узроўні. Недахоп ведаў, абмежаваны агульнапалітычны сьветапогляд прымушаў шукаць дарадцаў і рабіцца паплечнікам тых, хто саступаў яму ў прынцыповасьці, шчырасьці, даверы з боку працоўных мас...

Стах глядзеў з вакна вагона на імкліва бягучыя пералескі, асьвечаныя ўзьняўшайся над лесам поўняй, цьмяныя цені дрэваў у халодным нежывым сьвятле месяца. Таемная рэчаіснасьць ночы, радыкальна зьмяніўшы аблічча асяродзьдзя, нейкім чынам як бы падказвала яму аб тых незнаёмых і магутных цьмяных сілах, што валадарылі на постсавецкай прасторы. Гэтыя таемныя сілы невядомым яму чынам уплывалі і на палітычную сучаснасьць.

...Празь некалькі дзён сумесная саюзная камісія бадзёра дакладала сойму міждзяржаўнага хаўрусу дробныя моманты: пра месца знаходжаньня СМХ, пра паўнамоцтвы, пра бюджэт – пасьля чаго слова ўзяў дэпутат Станіслаў Кудрыцкі.

Ён ішоў да трыбуны цяжкай хадой дзяржаўнага дзеяча, не зьвяртаючы ўвагі на няўважліва-вясёлы настрой расейскіх дэпутатаў і разгублены выгляд некаторых беларускіх дзеячоў хаўрусу.

Стах паклаў таўшчэзны стос пастановаў, рэзалюцый, статутаў, канстытуцый перад сабой, учапіўся дзьвюма моцнымі пралетарскімі рукамі за верх трыбуны і зірнуў у залю цяжка, стомлена і чамусьці грозна. Ён стаяў, глядзеў, і пад гэтым цяжкім позіркам змоўклі ў залі вясёлыя дэпутаты, толькі адзін расейскі балбатун і саксуп Пулікоўскі лапатаў нешта з сваім суседам.

Нарэшце і ён павярнуўся тварам да Стаха і гучна выгукнуў.

– Аб чым тут гаварыць, усё і так ясна. Трэба наліваць шампаньскае.

– Памыляесься, сябра, – нечакана мякка адказаў Стах Кудрыцкі. – Як заўсёды, замест таго, каб рабіць справу, – мы робім крок і пачынаем разьліваць шампаньскае.

Ён змоўк, даючы дэпутатам магчымасьць асэнсаваць чутае. Некаторыя прысутныя думалі гэтаксама і моўчкі пагадзіліся з ім, іншыя ўсьміхнуліся ягонай шчырасьці, але паколькі памяркоўныя і талерантныя браты заўсёды адрозьніваліся рэдкай дэбільнасьцю, ніхто не адчуў занепакоенасьці. Няхай палапоча, усё роўна шампаньскае сёньня будуць піць.

– ...Між тым становішча народаў постсавецкай прасторы жахлівае. Нашых савецкіх людзей... Расея робіць крокі, пасьля якіх яна страчвае апошняга самага шчырага сябра і адпіхвае народы былога Савецкага Саюзу сваім патэнцыйным супернікам і верагодным ворагам.

Стах Кудрыцкі не глядзеў у паперы, кідаў у залю цяжкія камяні думак, высноваў і абагульненьняў. Паступова вясёлы настрой прысутных пачаў зьмяняцца.

– Трэба зірнуць на пяць-дзесяць гадоў, што будзем мець ад гэтага кроку. Страцім яшчэ адну частку краіны, дзе існаваў парадак. Ідзе страшэнны наступ на ўсю постсавецкую прастору. Вайна ідэалягічная, фінансавая, інфармацыйная, тэхналагічная ...Барацьба за рэсурсы. Праз 10 гадоў постсавецкая прастора, у тым ліку і Расея, будзе адсунутая ў стан слабаразьвітых краін. Сёньня мы закладваем цагліну гэтага каляніяльнага статусу. То за што мы зьбіраемся піць шампаньскае?

– Ты нас не пужай, стратэг, – панібрацкі і нават нахабна з месца гучна заявіў Пулікоўскі.

Стах выразна і цяжка паглядзеў на яго з трыбуны, хацеў сказаць нешта абразьлівае, але стрымаўся. Апэратар тэлебачаньня вельмі ўдала паказаў напружаны твар дэпутата Сойму МХ Стаха Кудрыцкага.

– ...Неабходна крок за крокам умацоўваць часткі, калі немагчыма ўмацавацца зразу і ўсім. Тэхналагічна перабудаваная, дынамічная, эўрапейская, сувэрэнная і незалежная краіна, як суб’ект міжнароднага права толькі ўмацуе і постсавецкую прастору, і нашу альмаматэр Расею. Сёньня дачыненьне з Беларусьсю – гэта лакмусавая паперына ўзаемастасункаў на ўсёй постсавецкай прасторы, і не толькі постсавецкай. Патрэбны Саюз дзьвух дзяржаў, а не саюзная дзяржава ... Бо Саюз можа быць і трох , і чатырох і пяці дзяржаў. Няўжо гэта некаму яшчэ незразумела? Хаўрус дзьвух дзяржаў дазваляе вельмі гнутка падысьці да зьяднаньня не толькі постсавецкай, але і постэўрапейскай прасторы. Але аніякага шавінізму, ніякага зьняважлівага стаўленьня да сувэрэнітэту. Інакш Расея застанецца адна...

Ён сышоў з трыбуны і той жа цяжкай, адказнай хадой дзяржаўнага дзеяча пайшоў да свайго месца. Мінаючы Пулікоўскага, ён прыпыніўся, нахіліўшы галаву, цярпліва выслухаў ягоныя заўвагі і меркаваньні. Потым, падняўшы цяжкую галаву, Стах ціха сказаў Пулікоўскаму.

– Не сьпяшайся, сябра. Не дзяры капоты і не псуй гонты.

Ён павярнуўся, каб ісьці, але нястрыманы і ўражлівы Пулікоўскі, зразумеўшы ягоныя словы як абразу, умысна лінуў яму ў твар шклянку чырвонага напою і нечакана – нават для сябе – скокнуў назад. Тэлеапэратары з усіх бакоў здымалі падзею, што разгортвалася на вачох. Стах з аблітым тварам, кашуляй і пільчаком памяркоўна разьвёў рукамі, паказваючы ўсяму гаспадарству і тэлегледачам сваю зьдзіўленасьць гэткай мэтодай парлямэнцкіх дыскусій.

У момант, калі з усіх бакоў на яго ўжо навальваліся саюзныя дэпутаты, каб папярэдзіць ягоны магчымы помсьлівы адказ, Стах нечакана трапна і магутна даў левым бакавым джэбам у вока наблізіўшагася да яго з прабачэньнем Пулікоўскага. Той паляцеў у абдымкі сваіх хаўрусьнікаў. Нехта з саюзных дэпутатаў здуру заламаў руку Стаху, ён наліты сілай рабочага-будаўніка кінуў небараку на крэслы, той, ламаючы свае рэбры і мэблю, зваліўся на падлогу. Не разабраўшыся, адны дэпутаты спрабавалі мірыць саюзьнікаў, другія, атрымаўшы па пысе, узрушана палезьлі ў натоўп, каб узяць рэванш. Пачалася зацятая бойка. Тэлежурналісты напружана здымалі недарэчнае відовішча. Для іх гэта быў жыг ісьціны, імгненьні відэазапісу каштавалі неверагодна вялізныя грошы, а пры забароне іх паказу па расейскім тэлебачаньні, кошт падымаўся яшчэ вышэй.

Хоць бойка цягнулася блізу хвіліны, вынікі яе былі ўражальныя. Перш за ўсё частка дэпутатаў атрымалі бачныя на твары сьляды ўдзелу ў бойцы. Адбылося разбурэньне дэпутацкага сходу на дзьве ці тры варожыя групоўкі. Але самае галоўнае, ганебны факт імгненна пахаваў мрою ідэалістаў-летуценьнікаў, пенсіянэраў і палітычных курдупеляў аб вяртаньні ў мінулае.

Пулікоўскі з вялізным сіне-фіялетавым фінгалам разьюшана лямантаваў у мікрафоны тэлежурналістаў.

– ...Перакрыць! Адназначна перакрыць газ. Няхай купляюць па сусьветных цэнах. Адназначна! Нечага абіраць расейскі народ. І прыватызаваць іхныя заводы за даўгі, адназначна...

Уплывовы маскоўскі палітычны аглядальнік Малкаў выказаў сваё меркаваньне ў начным тэлеэтэры.

– Бойка пачалася пасьля таго, як Кудрыцкі сказаў нешта, верагодна вельмі абразьлівае, Пулікоўскаму. Гэта правакацыя з боку лідэра апазыцыі Стаха Кудрыцкага дзеля пахаваньня ідэі сяброўства і інтэграцыі двух братніх народаў у адну дзяржаву.

Меркаваньне палітоляга стала афіцыйным. Так Стах Кудрыцкі стаў лідэрам апазыцыі.

За дзень да ад’езду ўвечары ён доўга крочыў па шыкоўным пакоі маскоўскага гатэля “Мэтропаль”, робячы роздум бягучых падзей. Побач не было асьцярожнага і ўдумлівага Лявона Захарэвіча, а дасьведчаны і хітры Урсул Раманавіч Толбікаў апынуўся на другім баку барыкад. Нечакана для сябе зрабіўшыся лідэрам апазыцыйнай думкі, Стах ізноў адчуў сваю непадрыхтаванасьць весьці сыстэмны дыялог з уладай.

Трэба было нешта рабіць, але Стах не ведаў, як і што, і хоць пачуцьцё небясьпекі скаланала яго, ён вымушаны быў пусьціць усё на самацёк. Да таго ж установачная сэсія павінна была заўтра скончыцца, а там ён што-небудзь прыдумае... Кудрыцкі павольна і задумліва пераапрануўся ў спартовы сіні строй з лямпасамі і засяроджана паклаўся ў крэсла...

У пакоі цяклі таемныя імгненьні вечара, у якім сутонне сьвятла і цемры дазвалялі ўбачыць сцень наканаванасьці. За ёй можна было назіраць, наканаванасьць ішла аднекуль з невядомай будучыні ў сучаснасьць і далей, спачатку ў блізкае, а потым у таямніча далёкае мінулае. І ў ім заўсёды можна было знайсьці адказы на жыцьцёвыя пытаньні, бо ў мінулым ужо ўсё адбылося...

...Нязвыклы холад ахінаў яго, новае няведамае жыцьцё мроіла перад ім...

...Ён вярнуўся у рэчаіснасьць ад тэлефоннай гудзёлкі. Тэлефанаваў мясцовы сябар усіх дэпутатаў Лёня Кулакоўскі.

– Стах, давайце апранайцеся, зараз паедзем да артыстаў тэатра і кіно... Алё… алё... Стах... Вы што, сьпіцё? Кажу, давайце апранайцеся ды і паедзем на сустрэчу з дзеячамі мастацтва.

– Можа не трэба? Хто там павінен быць?

– Ну не кажыце, Стах, там будуць такія зоркі, такія кралі, што Вам і не сьнілася. Апранайцеся. Каб праз гадзіну былі гатовы.

– Ўжо зьяжджаеце, Станіслаў Пятровіч? – ветліва і з пашанай запытала парцье гатэлю, калі Стах здаваў ключы ад нумару. Пасьля бойкі з Пулікоўскім Стах набыў неверагодную вядомасьць у шараговых людзей імпэрыі, а таксама нацыянальнай інтэлігенцыі і сумленных людзей.

– Так. Заўтра, шаноўная спадарыня Зіна. Тутака прыедуць да мяне. Скажыце Лёню Кулакоўскаму, што буду чакаць на месцы. А зараз прайдуся па крамах.

– Шчасьлівай Вам дарогі, Станіслаў Пятровіч.

Ідучы да станцыі метро, ён нечакана ўспомніў бессьмяротныя словы Лявона Захарэвіча: “Нікому не вер. Усе саксупы...” Кудрыцкі нават прыпыніўся і хацеў вярнуцца ў гатэль і зачыніцца ў сваім нумары. Падумаўшы і павагаўшыся, ён пайшоў далей. Хавацца было бессэнсоўна, калі захочуць, дастануць і ў нумары...

Засяроджаны і пільны Стах Кудрыцкі крочыў па вечаровых вуліцах чамусьці ўжо чужой Масквы. Нягледзячы на свае здольнасьці і нават талент, яму было неверагодна цяжка. Ён быў адзін.

 

VI

 

...Стах ачуняў ад таго, што яму зрабілася млосна ад сонечнага прамня, што казытаў ягоны твар. Ён адчуваў нейкі дыскамфорт, лежачы на шыкоўным ложку ў маскоўскім гатэлі. Чамусьці ўзьнікла адчуваньне, быццам ён сьпіць на лаве ў пралетарскім гуртжытку з адчыненымі вокнамі, так што гарадзкое жыцьцё напрасткі ўплывае на ягоныя пачуцьці і стварае гэтае кепскае самапачуваньне.

Учора, у сувязі з заканчэньнем першай сэсіі сойму міждзяржаўнага хаўрусу, яны пайшлі швэндацца з расейскімі выбраньнікамі-калегамі па Маскве, удзельнічалі ва ўрачыстай прэзэнтацыі новага піўнога рэстарану “Балтыйскія хвалі”, паспыталі піва – выключная дрэнь у параўнаньні з лідзкім, – але ўсё было так нечакана ўзьнёсла і таму прыемна. Некалькі маскоўскіх аднадумцаў пахвалілі яго за рашучыя дзеяньні ў дачыненьні да балбатуна і шпега Пулікоўскага, але большасьць чамусьці шматзначна змоўчалі, і ён зьвярнуў на гэта ўвагу.

Потым паехалі на джыпе Лёні Кулакоўскага на сустрэчу з маскоўскімі артыстамі і артысткамі тэатра і кіно... пілі шампаньскае. Затым ізноў некуды ехалі па Садовым коле з артысткамі, побач з ім сьмяялася вядомая акторка МХАТу Анжэла Харэўская ў ядвабнай зелянкава-блакітнай сукенцы. Калі легкавік нечакана гумаваў ці крута паварочваў у лябірынтах вечаровых вуліц акторка сваім вытачаным станам дакраналася да яго і Кудрыцкага працінаў малады драпежны юр.

Што было далей, ён не помніў.

Стах з зьдзіўленьнем пачухаў твар, акрамя піва і шампаньскага, ён практычна больш нічога не піў. І заўжды валодаў жыцьцёвымі абставінамі і добра помніў назаўтра ўсё, што адбылося. Ды і піва ён піў няшмат. Стах, не адчыніўшы вачэй, мяккім дотыкам рукі дакрануўся да сваёй галавы і сабраўся нарэшце расплюшчыць адно вока, каб зірнуць на гадзіньнік. У той момант, калі ён мацаў твар, ягонае зьдзіўленьне ўзрасло, бо на твары буяла двухдзённая шчэць, акрамя таго, чамусьці зьніклі ягоныя шыкоўныя чорныя вусы.

“Накапалі ў піва клафеліну, каб зганьбіць самага моцнага, самага разумнага, самага таленавітага беларускага дэпутата і палітычнага дзеяча...” – мільганула думка ў галаве Стаха, і ён рашуча расплюшчыў вока, зразу зірнуўшы на гадзіньнік, каб засьведчыць час.

Але гадзіньнік быў не яго! Замест шыкоўнага менскага "Праменя", што паказваў год, месяц, дзень, гадзіны і хвіліны, на руцэ боўтаўся на скураным шкураціку задрыпаны незнаёмы і чужы "Палёт". Што ўразіла Стаха, валасатая рука, на якой целяпаўся гэны чужы гадзіньнік, таксама была не яго. На левай руцэ па ўсім перадплеччы цягнулася тулава таўшчэзнай блакітна-фіялетавай зьмяюгі, якая разяўляла чырвоную пашчу на самай далоні, пунсовы язык-джала раздвойваўся і ішоў да пястука і ківуна. Ён узіраўся на руку, што падпарадкоўвалася ягоным загадам, але цяпер размаляваная татуіроўкай, мела нязвыклы і нават чужы варожы выгляд.

Стах спуджана падхапіўся і сеў аглядаючыся па бакох і разгублена ціскаючы чужую руку сваёй правай рукой. Ён, Стах Кудрыцкі, – народны выбраньнік Нацыянальнага Сойму РБ, дэпутат Сойму Міждзяржаўнага Хаўрусу Беларусі і Расеі – сядзеў на лаўцы ў нейкім занядбаным зарослым дрэвамі і хмызьняком местачковым парку. Галава гудзела, а душа трымцела, быццам пасьля магутнага бадуна. Стах, стрымліваючы жах, агледзеў сябе. На нагах сядзелі стаптаныя, даўно не бачыўшыя гуталіну пантофлі, зношаныя, некалі чорныя, а цяпер брудныя шэрыя порткі, куртаты мяты руды пільчак, блакітная запэцканая і сьмярдзючая кашуля.

Побач загумаваў міліцэйскі ўазік з расейскімі нумарамі, з яго выйшаў расейскі міліцыянт і з пыхай амерыканскага паліцыянта пайшоў да Стаха.

– Лейтенант Званкоў. Прошу вашы докумэнты.

Кудрыцкі сутаргава і разгублена абмацаў вопратку, выцягнуў з унутраной кішэні партманэ, выняў пашпарт і працягнуў яго міліцыянту. Той, пералапаціўшы ўвесь дакумэнт, пачаў пільна разглядваць фота ў пашпарце, потым уважліва ўзіраўся ў твар Стаха. Нарэшце, вяртаючы дакумэнт, ён сказаў:

– Мікалай Сьцяпанавіч, згодна з заканадаўствам вам у вечарова-начны час неабходна знаходзіцца дома па месцы прыпіскі. У выпадку злоснага парушэньня правілаў, умоўнае пакараньне можа быць зьменена на яго адбыцьцё.

Міліцыянт прыклаў руку да брыля, сеў у легкавік і зьехаў.

Уражаны Стах пачаў вывучаць зьмесьціва партманэ. Ад выдадзеных 30 тысяч расейскіх рублёў засталося толькі 700. Узяўшы ў рукі незнаёмы пашпарт, ён усхвалявана разгарнуў дакумэнт. Ягоны твар без вусоў на фота ў расейскім пашпарце сьведчыў, што ён – Мікалай Сьцяпанавіч Гніламёдаў, 1963 году нараджэньня. Прыпісаны па вул. Лазо, дом 13-47, гораду Ш. Іркуцкай вобласьці. Думкі пульсавалі ў галаве Кудрыцкага.

“Свалата, отбавілі 6 гадкоў. Цяперака лішнія гады давядзецца да пэнсіі... Цьфу. Якая да д'яблу пэнсія."

Пасьля пільнага агляду сябе, Стах зразумеў, што нехта зрабіў жорсткі жарт і, каб разблытацца з яго наступствамі, трэба прыкласьці вялізарныя разумовыя намаганьні і мабыць незвычайныя дзеяньні. Тулава было яго і нават ягоны цудоўны чэлес, які прынёс яму столькі радасьці ў жыцьці, быў уласным. Зьніклі толькі шыкоўныя чорныя вусы.

Чужымі былі: вопратка, дакументы, татуіроўка на ягонай руцэ і мясцовасьць, дзе ён знаходзіўся.

Як ён мог трапіць з Масквы, з урачыстага паседжаньня СМХ (сойму міждзяржаўнага хаўрусу), з шыкоўнага гатэлю ў гэны запусьцелы парк? Па некаторых прыкметах, у самы далёкі і занядбаны кут Сібіры. Стах узьняўся з чорнай лавы і зноў зьнямогла сеў, трэба было моцна падумаць і асэнсаваць, што рабіць далей. Ён перашкаджаў новай сучаснай герархіі, і яго проста перамясьцілі ў іншую жыцьцёвую нішу. Нават не забілі. Проста паставілі на сваё месца, на самае дно існаваньня.

Ён з журбой апусьціў вочы долу, мінулае шыкоўнае жыцьцё імкліва праносілася ў ягоным у’яўленьні.

 

VII

 

У хутка набеглым дні Стах Кудрыцкі ўжо як Мікала Гніламёдаў стаяў на беразе незнаёмай магутнай ракі, што рабіла на ўскрайку лесу паварот, несучы ў сваім рэчышчы нязвыкла вялізную масу цёмнай бурлівай вады. Яшчэ вільготная адзежа халадзіла стомленае цела. Стах купіў у шапіку каля рума на рэшту грошай крыху ежы і мыйныя сродкі і потым дзьве гадзіны ўпарта мыў у празрыстых і халодных водах сібірскай ракі брудную і сьмярдзючую вопратку.

Чужое навакольле ўвесь час утварала пачуцьцё дыскамфорту, духоўную адзіноту і мярзотнае разуменьне сваёй матэрыяльнай неабароненасьці. Ён з цяжкасьцю адарваў позірк ад вірлівай цёмна-сталёвай вады і марудна рушыў да абгароджанай плотам новабудоўлі, дзе былі чуваць людзкія галасы.

Людзі сучаснай пароды імкнуліся да жыцьця высокай якасьці і ў мядзьведжых кутох Сібіры. Дасьведчаным позіркам Стах яшчэ ўдзень заўважыў некаторыя хібы будоўлі і ейны размах. Цяпер, каб быць абароненым і выжыць, заставалася прапанаваць свой прафэсіяналізм будаўніка, тым, хто валодаў грашыма і трымаў тут уладу.

Ён зьвярнуўся да вартаўніка ў камуфляжы, што стаяў ля брамы з помпавай стрэльбай. Дбалы і негаваркі, той некуды патэлефанаваў, запытаўся і, учуўшы адказ, адчыніў дзьверы прахадной. Стах пайшоў да бытоўкі шукаць кіраўніка будаўніцтва. У прарабскім вагончыку было чыста і ўтульна. За сталом, п’ючы гарбату з паўлітровых філіжанак і пазіраючы на тэлеэкран, сядзелі двое: ахайны прараб у кашулі пры гальштуку і другі, мардаты з тварам бандыта, у чыстай сіняй куфайцы.

– Прабачце, можа ёсьць у Вас свободнае месца рабочага-будаўніка?

Мардаты, верагодна майстар будоўлі, каршаком зірнуў на Стаха.

А што ты можаш?

– Магу быть мулярам, цесьляром, бэтоншчыкам, зваршчыкам.

– Дакумэнтаў канечне аніякіх?

– Пашпарт.

– Давай пашпарт.

Мардаты ўзяў пашпарт і, не зірнуўшы ў яго, паклаў у свой кішэнь.

Добра, ідзі покуль папрацуй з Міхайлавічам на кладцы. А там паглядзім.

Выходзячы з бытоўкі, Стах прыпыніўся, прыслухаўшыся да тэленавін. Дыктар тэлебачаньня пранікнёным голасам, у якім гучала жалоба і смутак, казаў.

– Сёньня адбылося апошняе разьвітаньне з нябожчыкам дэпутатам Нацыянальнага Сходу Беларусі, дэпутатам аб’яднанага Саюзнага Веча Саюзнай дзяржавы Станіславам Пятровічам Кудрыцкім, які трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе два дні таму. Ягоныя калегі па Саюзным Вечы дэпутаты Пулікоўскі, Яблонскі, дэпутат з Беларусі Захарэвіч і старшыня Нацыянальнага Сходу Беларусі Толбікаў прамовілі памінальныя словы жалобы аб заўчаснай сьмерці таленавітага народнага выбраньніка, добрага і шчырага сябра Расеі. Дэлегацыя расейскіх дэпутатаў усклала кветкі да труны нябожчыка. Пахаваньне адбудзецца заўтра ў Менску, куды труна будзе адпраўлена самалётам. Як ужо інфармавалася, дэпутат загінуў пад час аўтамабільнай катастрофы на МКАД разам з вядомай акторкай МХАТу Анжэлай Харэўскай і вядомым мэцэнатам Кулікоўскім...

Стах бы працяты маланкай аслупянеў на ганку. Прараб у вагончыку гучна з сытай самасьцю запатрабаванага чалавека камэнтаваў апошнія тэленавіны.

– Казалі мне тыдзень таму ў Маскве пра гэтага чудзілу Кудрыцкага. Мужык дастаў усіх у Маскве, як тая кіла між ног. Просты, як лапаць, усё праўду-матку сёк. Вось яго нарэшце і замачылі… Колькі можна было трываць. Розуму няма, а ён усё з сваёй праўдай вочы еў ініцыятыўным людзям. Няўжо не зразумела, хто перамог? Сядзі, не рыпайся, жуй някепскую пайку дэпутата і дзякуй, што не чапаюць.

– Дурань... – азваўся мардаты майстар.

– Дурняў вучыць трэба. З-за дурня люді загінулі. А дурняў вучаць-вучаць і ўсё іх не менее… Дарэчы, колькі табе рабсілы необходна, каб паскорыць працу.

– Покуль хапае. Але калі ў дзьве зьмены, то яшэ з тузін галоў.

– Грошы не патрабуюць за працу?

– Ды не, яны ўжо зразумелі, што грошы псуюць людзей. Тым, хто не зразумеў, я здолею патлумачыць. Для пралетараў дастаткова добрага харчаваньня і сьвежага паветра. Чым не курорт?

Уражаны Стах пайшоў да Міхайлавіча. Той, высокі, змрочны, у чорнай запэцканай цэмэнтам ватоўцы і керзавых ботах, стаяў на падмосьцях і выкладаў раствор шуфлем з скрыні на сьцяну. Выслухаўшы Стаха, ён стомлена буркнуў.

Падавай раствор і цэглу.

Яны працавалі да самага вечара. Потым, ідучы да бытоўкі, Міхайлавіч гэтак жа змрочна спытаў.

Пашпарт забралі?

Кудрыцкі сьцьвярджальна хітануў галавой. Ужо ў бытоўцы, распрануўшыся і сядаючы за стол з струганых дошак, Міхайлавіч стрымана дадаў:

Ну і дурак. Цяпер будзеш працаваць на хлеб ды яшчэ на гарэлку.

– Што ён першы. Накапай чалавеку гарэлкі. Авансам, – прамовіў з-за стала мужык у цельніку з зарослым чорнай шчэцьцю тварам. На стале стаялі місы з варанымі мясам і груцай, салёныя гуркі з квашанай капустай. Яму набулькалі шклянку гарэлкі. Чалавек сем тручаных жыцьцём мужчын, некаторыя з цікавасьцю, паглядалі з-за стала. Стах разумеў, што зараз ён, Мікалай Гніламёдаў, павінен выпіць, нават калі і не хоча. Трэба было і нешта сказаць. Ён падняў шклянку перад сабой і рашуча зацьвердзіў.

– Мір гэтаму дому.

Ён адным духам пацягнуў пякучую вадкасьць з паўнюткай малянкоўскай шклянкі.

– Наш чалавек, – задаволена зазначыў мужык у цельніку. Яны, усе хто прысутнічаў у бытоўцы, шмат елі, пілі менш, штодзённая праца без выходных патрабавала фізычнай сілы і цягавітасьці. Сталыя і траўленыя жыцьцём будаўнікі больш маўчалі, усьведамляючы, што чалавечая частка іхнага жыцьця прайшла, надышоў змрочны конскі этап. Прыгнечана маўчаў і Мікола Гніламёдаў, цяперашняя рэчаіснасьць была ім ужо некалі пражыта, але тады ён быў малады і мог мроіць. Цяперака ён адчуваў сябе кінутым на самае дно існаваньня, якое не мела для яго аніякай цікавасьці і сэнсу.

...Дзікім вар'яцкім позіркам, узрушаны нечаканай пераменай лёсу, Мікола Гніламёдаў напята ўглядаўся праз вакно вагончыка туды, дзе ў сутоньні вечара вецер гойдаў галіны лістоўніц. Той самы вецер, што быў некалі ў дзяцінстве, калі ў ягоным жыцьці яшчэ не было палітыкі, жанчын, габінэтаў, грашовых знакаў, нічога не было. Былі толькі маладыя бацька і маці, пакой, дзе яны жылі, і незнаёмае, чужое, нават варожае паваеннае мястэчка на Віленшчыне, і тады ў вакне таксама цёмным халодным вечарам вецер гойдаў галіны дрэў... Суворы час пасля страшнай вайны, просты, як луста хлеба, дзе рэчы, людзі, жыцьцёвыя чыньнікі былі канчаткова вызначанымі і не мелі аніякіх іншых адгалінаваньняў...

...Яны пакінулі яму жыцьцё – забраўшы ўсё нажытае: імя, сям’ю, мінулае, кар'еру, Бацькаўшчыну... У супярэчны час прамільгнуўшай буржуазнай рэвалюцыі – гэта быў вялікі прывілей.

Ён выйшаў на двор, ціха зачыніўшы за сабой дзьверы вагончыка. Знадворку ішоў мокры сьнег, аднекуль з боку незнаёмай і чужой ракі дзьмуў золкі, пранізьлівы вятрыска. Ля прахадной вецер калыхаў ліхтар і разам з ім калыхалася адзіная ва ўсім навакольлі пляма сьвятла. Стах агледзеў чорную цемрадзь глухой безнадзейнай сібірскай ночы і злосна, зьдзічэла, па-зьвярынаму вылаяўся.

– Куррвы...

...Трэба было пачынаць усё спачатку.

 

Друкаваўся ў кніжцы ‘’Маўчы і будзь хітрым’’ у 2007 г.

 

Швэдры і пчаліная атрута

 

З ранку ў офісе ТАА “Нёман” зьбіраліся ўсе супрацоўнікі і, усталяваўшы чэргі да тэлефонаў, “алёкалі” на ўвесь яшчэ савецкі абшар. Умоўныя адзінкі ў той чароўны час рабіліся з паветра, тым самым крэсьлячы асноўны закон сусьвету аб захаваньні масы і энэргіі, сфармуляваны яшчэ да нашай эры. Вялікі расейскі вучоны апошнім зрабіў чарговае вынаходзтва гэтага закону і, як паказала сучаснасьць, таксама памыліўся. Грошы – эквівалент як масы, так і энэргіі – рабіліся сьвядомымі мысьлярамі і дзейнымі людзьмі папросту з нічога, з паветра.

Супрацоўнікі таварыства адчувалі пах вялікіх грошай, але, будучы чальцамі канаючай савецкай рэчаіснасьці, больш надзімалі шчокі, трагічна не разумеючы неабходнасьці ўтварэньня ўласнага прыватнага капіталу.

Стах Гарбацэвіч, рамантычная асоба сталага веку, сядзеў за сталом каля вакна. Ён толькі патэлефанаваў у Душанбэ і канчаткова дамовіўся аб умовах продажу пчалінай атруты за цьвёрдыя ўмоўныя адзінкі. Пчалінай атруты ў яго не было, ён нават не ўяўляў сабе вартасьці гэтага тавару, але жаданьне хутчэй зарабіць шмат грошай перамагло ўсе іншыя пачуцьці, меркаваньні і нават нажыты досьвед. І Стах узрушана набіраў нумар за нумарам, тэлефануючы ў розныя куткі краіны і шукаючы патрэбную яму пчаліную атруту.

Насупраць сядзеў Алесь Каляда і гаманіў у слухаўку наконт продажу партыі гомельскіх шпалераў. Шпалеры былі кепскія, але танныя, і смаленскія гандляры хацелі прыдбаць хадавы тавар у Алеся.

Яшчэ далей за чатырма сталамі на трох тэлефонах сядзелі іншыя мэнэджары фірмы – прадавалі і куплялі кампутары, лядоўні, калькулятары, мэблю, піва ў бляшанках...

Сымон Штукмайстар, лысы, разумны, прафэсійны, вярнуўся з двухдзённай камандзіроўкі з Горадні, далажыўся шэфу і цяперака азірнуў сваім разумным габрэйскім позіркам гандлёвы абсяг таварыства. Ён пайшоў да Міколы Казлоўскага, сівога, ураўнаважанага і дасьведчанага мэнэджара фірмы, які штотыдзень кляпаў свае сто даляраў да заробку, прадаючы муку вышэйшага, першага, а таксама і другога гатункаў.

Сымон з Міколам аб нечым пашапталіся, а потым хутка выйшлі з офісу. Астатнія мэнэджары зьвярнулі на іх увагу, але працягвалі сваю нястомную і несьвядомую працу па разбурэньні сацыялістычнага рынку і ягонай замене на драпежны і свабодны рынак моцных і хітрых.

Стах, перагаварыўшы па тэлефоне з гандлярамі з Баранавічаў, паімчаў да шэфа прасіцца ў камандзіроўку, каб закупіць пчаліную атруту – кліент ужо вылецеў з Душанбэ ў Менск, і трэба яму хуценька загнаць гэты лекава-атрутны прэпарат за 20 тысяч баксаў.

О, баксы! Якія сьветлыя надзеі яны нарадзілі ў тысячаў і нават мільёнаў савецкіх недарэкаў у той чароўны момант, калі асноўны закон сусьвету часова прыпыніў сваю дзейнасьць. Стах Гарбацэвіч увесь аж трымцеў ад гандлёвага юру, гатовы кінуцца ў вір будучага гешэфту.

Дырэктар, сам недасьведчаны ў гандлёвых справах – раней працаваў у аддзеле прапаганды Ленінскага райкаму партыі, – але асьцярожны і недаверлівы, сказаў Стаху:

– Будзь пільным. А наогул заняўся б мукой. Дапамог бы Казлоўскаму прадаць 40 тон мукі найвышэйшага гатунку, што завісьлі на складзе.

Баксы. Пяць тысяч баксаў, якія Стах у думках ужо паклаў у сваю асабістую кішэнь і цяпер амаль фізычна адчуваў іх прыемную і тугую моц, у гэты момант зрабілі віртуальны фінт і ператварыліся ў мрою. Дырэктар зірнуў на ягоны скрыўлены твар і буркнуў:

– Добра. Едзь. Толькі без авантур і гераізму.

Гарбацэвіч скокнуў з габінэту і, у свае 45 гадоў, – куляй, птушкай, імклівай ластаўкай паляцеў у камандзіроўку.

У дзьвярох Стах разьмінуўся з Міколам Казлоўскім, які ўваходзіў у офіс у новым швэдры, трымаючы яшчэ адзін, такі самы, у руцэ.

– Купіў, хлопцы, два – па 1000 рублёў кожны, – сказаў ён мэнэджарам, што падышлі і пачалі мацаць абноўку. Швэдры былі сумнеўнай якасьці – цяжкія, шчыльныя і непрыгожыя, але імідж Міколы Казлоўскага, ягоны камэрцыйны рэйтынг, у дадатак ягоная зычлівасьць і добрыя чалавечыя якасьці разам з сівой галавой пераканалі калег. Акрамя таго, і красамоўства Сымона зрабіла сваю справу. Як заўсёды, упэўненых людзей шмат, дасьведчаных надзіва мала.

У калідоры пачаўся імклівы гандаль швэдрамі. Сымон не пасьпяваў вымаць іх з вялізнага меха і лічыць грошы. Пад вечар народ да яго пацёк з усіх трох паверхаў будынку. Сымон атабарыўся на лесьвічнай пляцоўцы чорнага ходу і прадаваў там швэдры тры дні, забясьпечыўшы імі ўрэшце не толькі ўсіх супрацоўнікаў, але і безьліч іхных сваякоў і знаёмых. Яшчэ праз дзень народ пайшоў браць швэдры па другім і трэцім разе. Гэта быў той самы чароўны жыцьцёвы час, калі грошы рабіліся з паветра. Колькі швэдраў прадаў Сымон і колькі наварыў на кожным, было вядома толькі яму.

Праз два дні ўранку на працу зьявіўся Стах Гарбацэвіч. Хмуры, шэры, з дрыготкімі рукамі і мутным спыненым позіркам, ён цягнуўся па калідоры, як трус паўзе ў разяўленую пашчу ўдава. Аўра бяды цягнулася разам з ім, і ўсе ў офісе раптам змоўклі. Сакратарка Аніта расчыніла перад Стахам дзьверы габінэту дырэктара. Камэрсанты ў офісе сьціхлі, спыніўшы тэлефонныя перамовы, дзьверы зачыніліся.

З габінэту пачулася нейкае мармытаньне, потым енк і скавытаньне, якое нечакана прыпыніў грамавы рык дырэктара.

– Блін недапечаны! Хто табе сказаў, што гэта пчаліная атрута? Гэта ж каніфоль!

З габінэту ў прачыненыя дзьверы неслася нешта неверагоднае – такога ніколі раней не чулі. Камэрсанты ўгнулі галовы ў плечы. Сакратарка Аніта спалатнела ад жаху.

– ...Мне начхаць на твае праблемы! Прадавай кватэру! Жонку аддай у пракат! (У Стаха была мілая, прыгожая жонка). Хто тут два дні таму бажыўся, што ўсё чын-чынам. Вон з габінэту і з фірмы!

У габінэце скавытаньне ператварылася ў выцьцё. Праз парог перапаўзла істота, у якой цяжка было пазнаць вясёлага і шчырага Стаха Гарбацэвіча...

Так пачынаўся пераход ад агульнанароднай маёмасьці да прыватнай. І як у кожнай рэвалюцыі, мусілі быць свае ахвяры, тыя, хто трапіў пад колы гістарычнага руху.

Праз тыдзень Мікола Казлоўскі паехаў у Полацак па гандлёвых справах і ўбачыў такія самыя швэдры, што прадавалі ў крамах па 750 рублёў. Мікола пляваўся, але нічога нікому не казаў. Яшчэ праз тыдзень гэтую вестку ў фірму прынесьлі кіроўцы цяжкавозаў. Усе пакупнікі швэдраў чухалі патыліцы.

– Ну Сымон, ну і гандляр, майстар штукі выкідваць.

Парагаталі, пасьмяяліся над сабой – гэтым справа і скончылася. Што ты з габрэя возьмеш, калі ён самой прыродай такім зроблены. Сымон паставіў мужыкам тры бутэлькі армянскага каньяку, і ўвечары пасьля працы гандлёвая суполка фірмы паціху гудзела, папіваючы Сымонаў каньяк.

Стах Гарбацэвіч увесь тыдзень хадзіў на працу, панура сядзеў за сваім сталом, схуднелы, з чорна-фіялетавымі сінякамі пад вачыма, некуды тэлефанаваў, нешта пісаў. Камэрсанты з ім трымаліся на адлегласьці, як з заразным хворым.

Цяпер Сымон, уважліва зірнуўшы ў ягоны бок, паклікаў Стаха да кампаніі.

– Не бяры ў галаву, Стах. Я сёньня размаўляў з шэфам, тваю пчаліную атруту аддалі на сэртыфікацыю. Атрымаем аналізы і адмовімся ад куплі, вернем атруту баранавіцкім гандлярам. Да таго ж, самае галоўнае, у нас маецца дамова…

– Пашпарт забралі. Тэлефануюць дадому… Пагражаюць, – змучана адказаў Гарбацэвіч.

– Плюнь. Палохаюць. Падключым ворганы ўнутраных справаў, ёсьць знаёмыя сьледчыя. За шантаж можна і сесьці. Так што гэтыя гандляры адразу накладуць поўныя штонікі. Самі прыедуць і пашпарт вернуць. А з цябе –пару пляшак каньяку.

Стах пасьвятлеў тварам. Яму падсунулі шклянку з напоям. Сымон Штукмайстар падняў чарку і сказаў слова:

– Вып’ем за тое, каб кожны займаўся сваёй справай. Той справай, што добра ведае: мукой, бульбай, лесам, тэлефонамі, півам...

– І швэдрамі, – дадаў Алесь Каляда. Мэнэджары засьмяяліся.

– І швэдрамі, – зусім сур’ёзна пацьвердзіў лысы і дасьведчаны Сымон.

– Нам не трэба лезьці ў вялікую палітыку, дзе нафта, газ, наркотыкі, сьпірт, люмін і медзь. Не трэба таксама займацца тым, у чым мы нічога не разумеем, – чырвонай ртуцьцю і пчалінай атрутай. Нам хопіць звычайных справаў, каб зарабіць на хлеб сабе і сваім дзеткам, ды на масла, ды на скрылёк сёмгі і лыжачку ікоркі...

За гэта ўсе камэрсанты выпілі дружна і з імпэтам.

Які быў дзіўны, неверагодны і незразумелы для пралетарскай бальшыні гістарычны час, калі асноўны закон сусьвету часова прыпыніў сваю дзейнасьць і прыватны капітал рабіўся ўвішнымі людзьмі проста з паветра...

 

г.Магілёў 2001 г. Упершыню надрукаваны ў альманаху ‘’Панядзелак’’ у 2006 г.

 

Імітатар

 

Неяк увесну суботнім ранкам Базыль Савіцкі, ураўнаважаны і законапаслухмяны тутэйшы жыхар, таропка крочыў па Даўгабродзкай, той частцы вуліцы, што знаходзіцца каля Вайсковых могілак, дзе пахаваны паэты-песьняры, і якую некалі перайменавалі імем партыйна-дзяржаўнага дзеяча.

Дзіўная рэч: калі чалавек малады, ёмкі, поўны жвавасьці і моцы, тады ён вясёлы і жыцьцяздольны і будучыня мроіцца ў прыгожым блакітна-зьмястоўным даляглядзе. Але як толькі праляціць нейкіх 15 гадоў, пераваліць за 40, і гэта зусім нядаўна вясёлая асоба іншым разам пачынае пераўвасабляцца ў змрочную, зацёртую істоту, якая бачыць у далечыні толькі чорную, непрыдатную для жыцьця пустэльню.

Да ўчарашняга вечара Базыль Уладзіміравіч, негледзячы на свае хутка набягаючыя пяцьдзясят і на некаторыя матэрыяльныя абмежаваньні, пазіраў у будучыню з надзеяй, бачыў у ёй узьнёсла-верагодныя магчымасьці, адчуваў у сабе выбойны інтэлектуальна-духоўны падмурак, які павінен быў трымаць яго на жыцьцёвай паверхні.

Калі ж учора позна ўвечары ён вярнуўся з чарговага паседжаньня раённага сойму сваёй палітычнай партыі, ягоная жонка Ала Макараўна, масквічка па нараджэньні і выхаваньні, нечакана абрынула на яго цэлы вадаспад супярэчнасьцяў, запытаньняў і матэрыяльных запатрабаваньняў.

– Ты ж рамантык, – казала яна ўвечары, пазіраючы сваім чэпкім і дасьведчаным позіркам масквічкі, якая добра ведае сабе кошт. У свае 45 гадоў яна захавала прывабнасьць і магчымасьць барацьбы за лепшую будучыню. – Верыш, што нехта цябе будзе дарам карміць, а ты будзеш лясы тачыць. Сьвістун! Прасьвістаў свой жыцьцёвы час і нічога не маеш. І мне мазгі заплёў. Ля-ля, ля-ля, а вынікаў аніякіх. Людзі мільянерамі парабіліся. Банкірамі. Маюць свае фірмы, езьдзюць за мяжу.

Каб жа яна крычала! Не, яна казала страшныя словы роўным голасам выхаванай разумнай цьвёрдай жанчыны, за што ён яе, дарэчы, заўсёды і кахаў. Яна казала, быццам ужо ўсё вырашыла, а цяпер толькі рэзала тыя ніці і струны, што зьвязвалі іх.

– Рамантыкі тыя ж абібокі. Прыдумалі казкі пра сацыялізм. Зараз дураць галовы, што капіталізм зробіць усіх шчасьлівымі. Усе не могуць быць багатымі. Жыць на пэнсію, на 130 ці 140 даляраў? Табе і да пэнсіі яшчэ 10 гадоў, а ўлада абяцае падвысіць пэнсійны ўзрост да 65 гадоў.

– Пайду працаваць у прыватную фірму, – упершыню за вечар змрочна прамовіў слова Базыль Уладзіміравіч.

– У прыватную? Хто цябе возьме? Што ты ўмееш рабіць? Вы ж у сваіх райкамах вучылі жыць, а працаваць вы не ўмееце. Кім ты будзеш працаваць? Вартаўніком? Экспэдытарам? За грашы?

– Ну а ты што прапануеш?

– Не ведаю, як ты, а я з дачкой еду дадому, у Маскву. Анжэлу трэба аддаць замуж за надзейнага чалавека. Даўно трэба было гэта зрабіць, але ўсё спадзявалася на цябе. Дарэмна. А ты як хочаш, так і жыві.

– Балівар не вытрымае дзьвух, – з разуменьнем спустошана зазначыў Базыль Уладзіміравіч.

– Які Балівар? Ніякіх Балівараў няма. Я сама праб'ю сабе дарогу. І сваякі дапамогуць.

На гэтым і скончылася размова, ад якой у Базыля Уладзімеравіча засталося пачуцьцё ўласнага банкруцтва.

Нават сёньня, з ранку, Базыль Уладзіміравіч з грэблівасьцю адчуў гідасьць у роце і на хаду дробна папляваў у бок, адначасова адмахваючыся рукой, быццам жонка Ала Макараўна і цяпер працягвала свой ліпучы ўедліва-агрэсіўны наступ.

Жонка пахіснула ягоную веру ў сябе. Базыль Уладзіміравіч, былы партыйны функцыянэр раённага узроўню, часьцяком любіў на раённых і абласных партыйных седжаньнях, палітычных спрэчках з апазыцыяй, нават аднойчы ў часе выступу па тэлебачаньні, з гонарам і адначасова жорстка казаць: “Я прагматык, рэаліст...” Гэта рабіла ўражаньне і пераконвала людзей, стварала ўяўленьне, што ён ведае нешта вельмі важкае і ўмее рабіць значныя для грамадзтва справы, чаго не ведаюць і не ўмеюць шматлікія гаваруны-імітатары. Ён і сам верыў у свае словы, што ён ‘’рэаліст і прагматык’’.

Свой піянэрскі, а затым увесь камсамольска-студэнцкі жыцьцёвы час ён усмоктваў, а потым вылучаў прыгожыя і фантастычныя летуценьні рамантычнай эпохі разьвітога сацыялізму. Ён так моцна набрыняў ідэямі роўнасьці, брацтва і непахіснага сяброўства, што ўжо ў даволі сталым узросьце зьдзіўляў асяродзьдзе інфантыльнасьцю сваіх разваг. І толькі родная жонка Ала Макараўна, робячы ўчора ўвечары жорсткую трэпанацыю матэрыяльна-фінансавага сямейнага становішча, урэшце зразумела ягоны дзіцячы, непрыдатны для сучаснага жыцьця стан сьвядомасьці. Для абодвух гэта было, як гром з яснага неба.

Цяпер Базыль Уладзіміравіч, ходка ідучы ўперад па Даўгабродзкай, імкнуўся адрамантаваць той крыштальны гмах мроі, які так моцна пашкодзіла ягоная жонка, бо праз гэтыя пашкоджаньні жывое жыцьцё ўжо пачало ўлівацца ў ягоную сьвядомасьць і выклікаць мацнеючае пачуцьцё непакою.

“І навошта было жаніцца з масквічкай, – з спазьненьнем на 25 гадоў падумаў Базыль Уладзіміравіч, – тутэйшыя жанчыны прыгажэй і дабрэй, больш памяркоўныя і цягавітыя”.

У гэты момант ён адчуў, быццам нехта дзёўбнуў яго ў цемя. Ён падняў позірк уверх да неба і, нічога не ўбачыўшы там, працягваў хаду далей. “Здалося”, – падумаў ён. Але праз нейкае імгненьне ён ізноў выразна адчуў, як нехта ці нешта дзёўбнула ягоную галаву. Ён імкліва ўзьняў вочы і убачыў, як па вэртыкалі крута ўверх, быццам найсучасьнейшы зьнішчальнік вайскова-паветраных сіл, уздымаецца крумкач.

– От курва... – Базыль Уладзіміравіч зразу зразумеў сытуацыю, бо некалькі гадоў таму ўжо меў такі самы прэцэдэнт, ён ухапіў тэчку для папераў, што вісела на доўгай дзяжцы на ягоным сьцягне, і, прыкрыўшы цемя тэчкай, стаў уцякаць з небясьпечнага месца.

Адбегшыся, ён прыпыніўся, каб папярэдзіць мінакоў, што рушылі ходнікам насустрач і за ім сьледам, але крумкач больш не рабіў свой напад. Прайшло некалькі жанчын, сьледам прайшоў дзядок, крумкач сядзеў на электрычным слупе і больш нікога не чапаў.

“Адганяе толькі тых, каго лічыць небясьпечным, моцных мужчын, варожых і актыўных самцоў”, – здагадаўся Базыль Уладзіміравіч і працягваў назіраць далей. Як назло ішлі адны жанчыны або падлеткі. На ўзбочыну, дзе прыпыніўся фольксваген, выйшлі двое паўднёвых людзей і пакрочылі па ходніку, крумкач ігнараваў і іхную прысутнасьць...

Усьведамленьне, што ён пасіянарны мужчына, з актыўнай аўрай, моцнымі біятокамі, вельмі ўсьцешыла Базыля Ўладзіміравіча і ён рушыў на чарговае паседжаньне сацыялістычнай партыі ўжо з сваёй заўсёднай камуністычнай упэўненасьцю.

Сёньняшняе седжаньне палітычных гаваруноў павінна было адбыцца ў доме культуры МТЗ і БУ (Базыль Уладзіміравіч) прыйшоў якраз у самы патрэбны час, калі перад будынкам, на прыступках і ў вэстыбюлі сабралася дастатковая колькасьць чальцоў суполкі. БУ пайшоў па коле здароўкацца з знаёмымі і незнаёмымі партыйнымі таварышамі. Існаваў рытуал сустрэчы партыйцаў, выпрацаваны за шмат гадоў улады: вітаючыся, кожны пазіраў з асаблівай цьвёрдасьцю проста ў вочы свайму візаві, зычліва ўсьміхаўся, выказваючы павагу да далонепаціскальніка. Усё гэта трэба было рабіць упэўнена, мужнае далонепацісканьне сьведчыла пра добры стан ягоных справаў.

Некаторыя прыходзілі з заклапочанымі тварамі, некага шукалі позіркамі, знайшоўшы гэтага некага – звычайна партыйнага функцыянэра, – адыходзілі з ім у бок і з імпэтам, заўзята нешта цьвердзілі. Але такія выбранцы лёсу былі ў значнай меншасьць. Іхная заклапочанасьць выклікала павагу і зайздрасьць астатніх.

Драматызм становішча большасьці партыйных таварышоў быў у тым, што яны былі незапатрабаваныя цяперашнім палітычным жыцьцём. Правядзеньне гэтых частых паседжаньняў, сэмінараў, прэзыдыумаў, сустрэч з брацкімі партыямі рэгіёнаў і краін было чарговым напамінам грамадзтву пра сваё існаваньне, а таксама настойлівай спробай пераканаць, найперш цяперашнюю ўладу, у сваёй неабходнасьці. На марнатраўства гістарычнага часу запрашаліся прадстаўнікі ўладных колаў, журналісты ўрадавых сродкаў масавай інфармацыі, дзе партыйцы апантана патрабавалі ад улады як мага хутчэй рабіць тое, што яна заўсёды дарэчы і рабіла. Звычайна кляймілі апазыцыю, патрабавалі пакараньня ейных чальцоў, як яны казалі: “носьбітаў нацыянал-фашысцкага сьветапогляду”. Выпусьціўшы жоўць на праклятых нацыяналістаў, іншых ворагаў краіны і брацкага народу, яны звычайна пачыналі прасіць уладу. Прасілі фінансавай падтрымкі, датацыяў, пэнсій, сродкаў на сустрэчы, сымпозіумы, выбары...

– Хто гэта, – пачуў БУ, адыходзячы ад чарговай купкі і прыпыняючы хаду, каб пасьпець пачуць адказ.

– О, гэта здольны аратар, імітатар і... інтрыган, – у голасе казаўшага чулася пашана і таму БУ, негледзячы на некаторую адмоўнасьць вызначэньня – акрамя таго не пачуўшы апошняга, выказанага прыцішаным голасам, слова, – пайшоў да паклікаўшага яго тэхнічнага сакратара іхнай раённай партыйнай суполкі Тарэса Квізіевіча Круглікава, з упэўненым выглядам запатрабаванага. У партыйных колах было меркаваньне, што БУ бізнэсоўца, ён тусаваўся ў прыватнай фірме, звыкла імітаваў нейкую карысную дзейнасьць і паводле некаторых назіраньняў партыйных аналітыкаў, якія склаліся на аснове ягоных цьмяных адказаў, быў адным з заснавальнікаў фірмы.

Тарэс Квізіевіч з гарбатым носам, рабы, чорнавалосы, з жаўтаватым тварам качэўніка, за сучаснымі цывілізаванымі паводзінамі хаваў звышнахабную дзелавую манэру дзейства. Тыцнуўшы асадкам у нататнік, ён заклапочана прамовіў:

– Так, Базыль Уладзіміравіч, сёньня будзе ганаровы прэзыдыум, табе слова для прапановы членаў прэзыдыуму, вось сьпіс.

Ён працягнуў яму сьпіс і паставіў крыжык у нататніку насупраць прозьвішча БУ.

– Дарэчы, твайго выступу хутчэй за ўсё не будзе. Шмат прамоўцаў з расейскай дэлегацыі, да таго ж будзе сам старшыня райвыканкаму, таму твой выступ здымаецца. Так, – ён зірнуў у нататнік, потым перагарнуў старонку і паставіў асадкам яшчэ адзін крыжык.

– Далей. Будзе банкет. Частуюць расейскія таварышы за свой кошт. Твой столік нумар 12.

Тарэс Квізіевіч, пагартаўшы свой нататнік, паставіў чарговы крыжык і агучыў ягоную сутнасьць:

– Я дам знак. Глядзі на мяне ўвесь час. Як толькі скажуць: “у каго якія прапановы?”, тады агучыш вось гэта, – ён працягнуў БУ новую паперку.

– Так, зараз пайшлі, прэзэнтую цябе як прадпрымальніка расейскім дзелавым колам, што цікавяцца нашымі дзелавымі коламі.

Ён павёў яго за сабой у вэстыбюль. Падымаючыся па прыступках, БУ адчуў гострыя ўважлівыя позіркі тых, хто кучкаваўся ўнізе. Тарэс Квізіевіч падвёў яго да купкі, дзе стаяў намесьнік старшыні райвыканкаму Геракт Іванавіч Качараў – нядаўна вылучаны на пасаду тульскі адстаўнік, побач стаялі: Руслан Іванавіч Пашаеў – начальнік раённага камітэту па барацьбе з злачыннасьцю і цэлы гурт незнаёмых, упэўненых мужыкоў, што ўважліва слухалі высокага ў шыкоўным пільчаку расейскага бізнэсоўца Генадзя Андрэевіча Бязьменава.

– Паклікалі, значыць, анёлы Беразоўскага і папярэджваюць, што ягоны візыт да Бога толькі 10 хвілін. Праходзіць паўгадзіны, гадзіна, тры гадзіны. Потым выходзяць абодва і Бог зьбянтэжана так кажа: “З усім згодзен, але чаму я віцэ-прэзыдэнт?”

Увесь гурт дружна засьмяяўся, гэта быў сьмех упэўненых драпежнікаў з добра ўладкаванымі ўласнымі справамі. І хоць БУ таксама ўсьміхнуўся, але яму чамусьці было нявесела.

Тарэс Квазіевіч пазнаёміў прысутных расейцаў з БУ, той па чарзе ціснуў цьвёрдыя моцныя далоні расейскіх прадпрымальнікаў: Генадзь Бязьменаў, Джахар Іванавіч Пашаеў, Алдан Іванавіч Качараў, Андрэй Квізіевіч Круглікаў.

Паседжаньне прайшло, як заўсёды, плаўна і лёгка. БУ быў незадаволены, бо нідзе не вызначыўся, не трапіў у спіс дэлегацыі на выезд для сустрэчы з брацкай палітычнай партыяй у горадзе Тула. І, відаць па ўсім, не трапляў у спіс кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага Сходу. На банкеце, седзячы ў самым куце залі, ён слухаў, як за іхным столікам адзін з такіх жа незадаволеных, упэўненым голасам добра падпітага расіяніна, цьвердзіў:

– Я баявы афіцэр, лётчык і мне плоцяць 150 даляраў пэнсіі ў месяц. Маразм!

БУ звыкла паспрабаваў пусьціць вожыка ў штонікі прысутных, каб прамацаць палітычна-псыхалягічнае надвор'е, асьцярожна сказаўшы:

– Прыемна, што рускія браты-бізнэсмэны і на самой справе браты ўладзе.

Адзін з расейскіх прадпрымальнікаў, той, што расказаў анэкдот і цяпер сядзеў за суседнім столікам побач, бокам да БУ, зірнуў уважліва, насьцярожана і змоўчаў. Змоўчалі і партыйцы. Маўчаньне было аргумэнтам моцных. Шмат гаварылі пра вядомае, але замоўчвалі істотнае. БУ адчуў сваю чарговую хібу.

У гэты момант падпіты пілот падняўся з месца і ўзьюшана загарлаў на ўсю залю, трымаючы ў руцэ шклянку з гарэлкай:

– Вып'ем за Единство. За единый руский народ!

– За адзіны народ, – зараўла зала. Да былога пілота пацягнулася чарга падпітых партыйцаў і расейскіх бізнэсоўцаў з абдымкамі і пацалункамі. БУ нечакана падумаў, што на самой справе пілот піў за сваю будучую расейскую пэнсію, гэта думка яго рассьмяшыла і нейкім чынам паставіла на цьвёрды грунт рэчаіснасьці.

БУ пайшоў з сустрэчы ў страшэнным духоўным дыскамфорце, бо так і ня вырашыў уласнага пытаньня па ўваходзе ў кіраўнічы ворган партыі. “Ну і хрэн з вамі... – думаў ён. Усё адно гэтая балбатня служыла для асабістай патрэбы некалькіх кіраўнікоў партыі, з якімі ўлада вымушана была дзяліцца дзяржаўным пірагом. Шараговыя члены партыі, як заўсёды, былі толькі статыстамі, існавалі дзеля масоўкі”.

БУ сьпяшаўся, бо а 17-й на Кальварыйскай у офісе фірмы мелася адбыцца важнейшая сустрэча па стварэньні сумеснай беларуска-расейскай фірмы СП “Волат” на грунце мясцовага экспэрымэнтальнага заводу аўтаматычных ліній, дзе, як ён спадзяваўся, яму пашэньціць стаць адным з заснавальнікаў. У далейшым узьнікала магчымасьць з дапамогай расейскіх калег узяць удзел у прыватызацыі самога заводу... Вось тады ён маральна расквітаецца і з сваёй жонкай Алай Макараўнай, і з некаторымі партыйнымі гаўнюкамі. БУ прысьпешыў хаду, каб пасьпець на пад’яжджаючы тралейбус, спазьняцца ні ў якім разе было нельга… Ён адчуваў сябе не вельмі ўпэўнена, а папраўдзе зусім неўпэўнена, ідучы на гэтую самую сустрэчу. Прысутнасьць сярод расейскіх прадпрымальнікаў сваякоў тутэйшых уладаносьбітаў Пашаева, Круглікава, Качарава сьведчыла, што дзейства знаходзіцца пад наглядам расейскіх алігархічных колаў.

Але гэта быў нейкі жыцьцёвы шанец, хутчэй усё тая ж рамантычная мроя. У яго не было, як у таго лётчыка, пэнсіі, і ён, былы партыйны правінцыйны функцыянэр, не меў тут, у сталіцы, аніякай грунтоўнай пратэкцыі і нават простай зачэпкі, дзеля таго каб трымацца на паверхні жыцьця.

...Прадстаўнік расейскіх дзелавых колаў Бязьменаў, у расхінутым доўгім чорным шыкоўным паліто, па-гаспадарску хадзіў па офісе, гаварыў энэргічна і рашуча, выглядаў сучасным бізнэсмэнам. На гэтай другой сустрэчы за дзень, стомлены БУ, разумеючы, што па вызначэньні дамінанта дзейства аніяк не можа належыць яму, сядзеў ціха, рахмана, спадзеючыся крадком, за кошт аўтарытэту, сувязяў з уладнымі коламі прасьлізнуць у заснавальнікі.

…Бязьменаў віртуозна, з неймавернымі загагулінамі і кудзелькамі расьпісаўся, але само напісаньне прозьвішча было рэзкім, нават жорсткім, спрэсаваным, як меч у руцэ вершніка на выяве Пагоні.

– Вось так, кантракт гатовы, – амаль весела зазначыў ён і, дастаўшы з дыпламата пячатку, з імпэтам трэснуў яе на абодвух экзэмплярах дамовы. – Цяпер трэба дамовіцца пра першы ўнёсак.

Дачакаўшыся нарэшце маскоўскага бізнэсмэна, менскія прадпрымальнікі, яшчэ ўчора дробныя спэкулянты і фарцоўшчыкі, маўчалі, звыкаючыся з нечаканай неабходнасьцю аддачы сваіх кроўных з цяжкасьцю заробленых грошай.

– Хто колькі кладзе? Я для пачатку даю 100 тысяч баксаў.

Трое мясцовых пераглянуліся, адступаць не было куды, і пасьля кароткага маўчаньня Стах, керхнуўшы ў далонь, асьцярожна сказаў:

– Мы з свайго боку кладзем 90 тысяч.

– Хто мы?.. Давайце ўдакладнім. Хто канкрэтна?

– Я асабіста, – Стах ужо цьвёрдым голасам дадаў, – кладу 40 тысяч баксаў.

– Я даю 30 тысяч, – Казімір трымаў сябе мужна, як сапраўдны мацёры прадпрымальнік.

– Так, – Андрэй Генадзевіч зірнуў на Стаха.

– Далей хто... покуль што атрымліваецца 70 тысяч. А казалі, мы – 90 тысяч. Дзе 20 тысяч?..

– Я так думаю, што Павал дасьць 15 тысяч, – ужо спакойна адказаў Стах.

– Думаць не трэба, трэба ведаць.

– Ён зараз пад'едзе…

– А гаспадзін?.. – Бязьменаў паглядзеў на Базыля Ўладзіміравіча, што сядзеў за сталом каля вакна ў некалі файным ношаным пільчаку, белай кашулі з гальштукам. Той няёмка паварушыўся і таксама кашлянуў у расчынены кулак.

– Я цяпер... не маю... свабодных сродкаў.

Бязьменаў імкліва пайшоў па офісе.

– Спадарове, мы ж дамаўляліся, што нам дарадцы непатрэбны. Заснавальнікам будзе толькі той, хто ўкладзе грошы. Гэта ж несур’ёзна. Чалавек не мае грошай, не ведае, як яны зарабляюцца, і нешта будзе там вырашаць, даваць парады. Вы што?

Бязьменаў з зьдзіўленьнем паглядзеў на Стаха і Казіміра сваімі жорсткімі жоўтымі вачыма азіяцкага катка. Тыя няёмка маўчалі, ні ведаючы, што адказаць.

– Калі вы ўклалі свае грошы ў фірму, вы свае яйцы паклалі на патэльню! Цяпер будзеце не спаць ноччу, сто разоў пралічваць, сто разоў адмерваць, сьцерагчы свой і заадно мой капітал. Сёньня адзін раз страціш і ўжо больш не падымесься. Ні-ко-лі! Вы што! Хочаце свой капітал даручыць чалавеку, які не здолеў яго зарабіць? І зараз ён будзе вучыцца зарабляць на маіх і вашых грашах?!

Ён ужо не сьпяшаючыся, нават стомлена прайшоў па офісе, потым прысеў у крэсла. Запаліў цыгарэту.

– Я не рамантык. Я прагматык, рэаліст. Каб пачаць сваю справу, спачатку прадаў кватэру ў Маскве, прадаў лецішча, заняў грошы. Пяць гадоў здымаў аднапакаёўку. Круціўся дзень і ноч. Ведаю, як цяжка зарабляць грошы, і ведаю, як лёгка іх страціць.

Ён паліў, асьцярожна страсаючы попел у бляшанку з-пад фанты, і цьвердзіў лагодна і памяркоўна, але за ягонымі словамі чулася жорсткая бязьлітасная праўда новага гістарычнага часу.

– Сёньня я толькі свісну, умомант зьбяжыцца процьма сваякоў, ці сяброў-інтэлектуалаў, шыкоўных знаёмых і таксама захочуць на дурнічку стаць заснавальнікамі. Затым гэтак жа імгненна ператвораць у пыл мае грошы. Галоўнае, потым з некага будзе спытаць. Імітатараў, балбатуноў, “харошых людзей” – мора-акіян. Тых, хто ўмее рабіць справу, зарабляць грошы, ператвараць іх у капітал, – адзінкі з тысяч. Прабачце, панове, я ўжо ў такія гульні не гуляю.

Усе працягвалі маўчаць, паглядаючы на БУ. Базыль Уладзіміравіч таксама сядзеў, думаў, потым марудна падняўся і, абмінаючы позіркам прысутных, цяжка пайшоў у дзьверы. Прысутныя ў габінэце моўчкі глядзелі ўсьлед ягонай згорбленай постаці.

Ідучы з офісу, БУ сувануў руку ў кішэню за насавічком, каб выцерці ўзмакрэлы твар, і намацаў нейкі шматок паперы, выцягнуўшы яго, гэта была прапанова да прэзыдыуму палітычнай партыі, ён мэханічна прачытаў тэкст, загатаваны Тарэсам Квазіевічам: «Прапаную распрацаваць і ўнесьці праект пастановы ў Нацыянальны Сход “Аб стварэньні аб’яднанай алімпійскай каманды дзьвюх брацкіх краін на будучых Алімпійскіх гульнях”». Ён нярвова скамячыў паперыну і злосна кінуў яе ў сьметніцу.

Напачатку тыдня ў пакойчык, дзе туляўся Базыль Уладзімеравіч, прыйшоў вартаўнік і сказаў, што Стах просіць Базыля зайсьці ў офіс.

У габінэце фірмы СП “Волат” знаходзіліся ўсе заснавальнікі: Стах, Казік, Павал і Бязьменаў.

– Мне тут казалі, што ты добры спэцыяліст па ўліку? – Генадзь Андрэевіч напята кіраваў, не зьвяртаючы ўвагі, што знаходзіцца яшчэ на чужой жыцьцёвай тэрыторыі.

– Як генэральны дырэктар, я паважаю, Уладзіміравіч, твае заслугі. Магу прапанаваць табе месца загадчыка сьвірна. Другіх вольных месцаў у фірме няма.

Базыль зьбянтэжана зірнуў у жоўтыя вочы маскоўца, нечакана ён адчуў сваю бездапаможнасьць і залежнасьць перад гэтай новай пародай людзей. Гістарычная сучаснасьць бязлітасна ставіла кожнага на сваё сапраўднае месца.

 

Чэрвень 2001 г. г.Магілёў

 

Ваганосы з Койданаўскай пусткі

 

Другі цяжкавоз скончылі загружаць пад вечар. Зьміцеру Сасьніцкаму дастаўся апошні мех, які ён скінуў з белага, запэцканага мукой пляча ў закладзены да адказу кодаб Маза, і адышоў у бок. Аддыхаўшыся, ён старана вытрас працоўную вопратку, і стомлена, цяжкай маруднай хадой зьедзенага невыноснай працай чалавека, пацягнуўся ў распранальню.

Калегі па працы сядзелі ўтрох на лаве, нешта тлумачылі адзін аднаму і ўбачыўшы Зьміцера змоўклі. Нейкі час палілі цыгарэты і паціху зноў спрабавалі разгаварыцца. Невысокі, зусім зьнясілеўшы Глеб зьняў абутак, каб вытрасьці трапіўшую туды муку, і адначасова незадаволена мармытнуў:

– Я раней думаў, што красьці нядобра. А сёньня зразумеў, што гэта далёка ня так.

Іван сядзеў на лаве, абапёршыся локцямі на калені, трымаў у сіняй ад татуіроўкі руцэ цыгарэту і пры словах Глеба чамусьці жвава, з усьмешкай зірнуў на яго.

– Што так?

– Сам падумай.

Глеб вытрас муку з чаравікаў і са злосьцю шпурнуў абутак аб падлогу.

– Куды дзецца простаму чалавеку? Куды прыткнуцца, каб зарабляць сапраўдныя грошы і не цягаць гэтыя дзесяткі тон на сваім гарбу? Ну аніякі арганізм не вытрымае. Пасьля такіх мяхоў і жанчына непатрэбна. Куды? Ні ў парламэнт, ні ў бізнэс, ні ў партыйныя лідэры – толькі быць рабочым быдлам. І таму застаецца што?

– Што? – нягледзячы на стомленасьць, ваганосы захавалі цікавасьць да развагаў калегі: мабыць, ім здалося, што Глеб адшукаў тую чароўную рыбку, якая дапаможа выйсьці з цяжкога становішча. Лягчэй за усё загнаныя ў кут людзі вераць у цуд, як апошняю магчымасьць выратаваньня.

– Застаецца красьці! Раней кралі ў дзяржавы. А цяперака можна красьці ў тых, хто сам украў у дзяржавы, у народа, у дзяцей. Красьці ў злодзеяў справядліва і нават пачэсна! Так ?

– А калі зловяць? – нечакана ўмяшаўся ў размову маўклівы Стах, па мянушцы: ''Кош", што яму клалі ў сьвядомасьць, тым потым і карысталіся.

– То пасадзяць, – рагатнуў Іван, ягоны дружбак.

– Як я мяркую, – Глеб не сьпяшаючы, павольна завязваў чорныя шнуркі на чорных зношаных чаравіках, – красьці не толькі можна, але нават неабходна. Да таго ж красьці цікава. Мне аднойчы прыйшлося на калгасным полі кукурузных пачаткаў для трусоў "нарыхтаваць". Першы раз узяў няшмат, толькі сумку. Другім заходам набіў цэлы мех. Паглядзеўшы, як жаруць трусы кіёўкі, наступным разам налаташыў ужо тры мяхі кіёвак – кіль па пяцьдзесят кожны. Чуць дапёр да легкавіка. Пот цёк з мяне цурком. А я хапаў, хапаў і хапаў з шалёнай хуткасьцю, палахліва азіраючыся па баках...О-о, красьці цікава. Адрэналін так і віруе ў крыві.

– І галоўнае – адразу атрымліваеш сто адсоткаў чыстага прыбытку. Нічога не меў – і раптам разбагацеў, – таямніча пасьміхнуўся Іван.

Зьміцер не стрымаўся:

– Як быццам усё так, – падтрымаў ён Глеба пераапранаючыся ў чыстую вопратку.

– Быў момант, калі красьці можна было ў дзяржавы. Для тых, хто меў доступ да матэрыяльных каштоўнасьцяў: нафты, газа, нікеля, люмінія, каляровых мэталаў..., – ён не сьпяшаючы ўсьцягваў джынсы.

–... А наагул колькі табе трэба грошай для поўнага шчасьця? У месяц? – нечакана запытаў ён Глеба зірнуўшы яму у твар.

– Ва ўмоўных адзінках, то долараў гэтак 500!

– 500 баксаў. Значыць трэба ўкрасьці за год дванаццаць разоў па 500 баксаў ці шэсьць разоў, але ўжо па тысячы на нос. Нерэальна. Скажы мне, дзе ты можаш сёньня сьцібрыць такія грошы?

– Людзі крадуць. Вунь, Пал Палыч хапнуў. А розныя Маўродзі, Гусінскія, Березоўскія, Мордабітавы...

– Ха, параўнаў. То людзі сыстэмныя. У іх – сыстэма. Створаны статуты пад іх дзейнасьць, такіх голымі рукамі не возьмеш. А цябе, калі нават дзе і сьцягнеш на сотню – другую баксаў, тут жа і заканапацяць гадоў на пяць. А за пяцігодку і я, і ты спакойна заробім гэтыя пяць тысяч, што ты мяркуеш украсьці. Так?

Словы Зьміцера зьбянтэжылі ваганосаў – за 150 баксаў ісьці за краты на пяць год нікому не хацелася.

– Канешне, раней злодзей быў горшай часткай грамадзтва. А цяперака злодзеямі хочуць быць усе. Вазьмі Пал Палыча... На якую жыцьцёвую вышыню ўзьняўся чалавек, але ён, па сутнасьці, звычайны злодзей. Хаця толькі амэрыканцы і здолелі яго цапнуць. А кілеры? Героі нашага часу!

– Наконт Пал Палыча, то я ўсьцешаны, што яго цапнулі за бугром. – Глеб па-ранейшаму вылучаў агрэсію, негледзячы на генэтычную хітраватасьць: сучаснае жыцьцё яго даняло.

–... Няхай пасядзіць. Чэ -с -ны ...Знайшоў дурняў.. Так яму і паверыў... Я толькі пасьля ягонага затрыманьня і пачаў па-сапраўднаму паважаць Пуціна.

Іван задаволена і чамусьці загадкава, як быццам нешта ведаў такое, чаго не ведалі астатнія, запаліў чарговую цыгарэту. Глеб упарта ўдакладняў нечакана агучаную жыцьцёвую супярэчнасьць.

– Хапнуў курва і шмат ...

–Але ў дзяржавы! Да таго ж хапнуў шмат... Значыць, ёсьць чым адкупіцца, – завастрыў ягоную ўвагу Зьміцер.

Плынь думак у асноўным віравала паміж імі двума. Іван і Стах палілі цыгарэты і ўважліва слухалі.

– Пытаньне ў тым: ці можна красьці ў тых, хто сам украў? – зірнуў на Зьміцера Глеб.

– Жыцьцёвы досьвед сьведчыць, што красьці немагчыма, – астудзіў Зьміцер спацелага ваганоса. – Нават калі і украдзеш, то неўзабаве цябе кілер-найміт і дастане... Страляніна, што не змаўкае ў Расеі, гэта знак таго, што некаторыя спрабуюць украсьці ў сучасных багацеяў. А ў злодзеяў красьці небясьпечна.

– То дзе ж тады справядлівасьць? – у голасе Глеба гучаў роспач.

– Ім што, можна?…. Гэтыя мудакі абулі нас усіх...

– Зянон даўно пра гэта казаў. Лаціна-амэрыканскі варыянт разьвіцьця: тры адсоткі багатых, астатнія – жабракі.

– Ты толькі Зянона сюды не прымешвай, і без яго тошна. Што ён ад нас, рускіх, хоча?

– Дзівак, – лагодна тлумачыў Зьміцер, – сыстэмнае жульлё знарок цкуе людзей адзін на аднаго – адводзіць ўвагу ад таго як нас рабуюць: здымуць з цябе нагавіцы: а ты і не заўважыш. Заўжды было так. А калі нехта пачне казаць праўду: запусьцяць плётку, што ён блакітны, што масон, ці жыд, альбо вар'ят, лячыўся ў псыхушцы, што не служыў у войску, бо сцыцца па начох. Пусьцяць зьвягу пра праўданосьбіта, і потым той няхай адмываецца, ханурык.

– Як жа тады жыць? Зарабляць сумленна няма дзе. Красьці нельга. – Глеб з журбой схіліў галаву долу.

Зьміцер разьвёў рукамі, склаў працоўную вопратку ў тэчку і рушыў да прадпрымальніка Стаса ў сьвіран за разьлікам. Яго не цікавілі кульгавыя, ці іншы раз, дзіцячыя ўяўленьні пралетарыяў. Сам ён нядаўна ўсьвядоміў, што каб нечага дасягнуць, трэба спадзявацца толькі на сябе. Красьці ў прыватных асоб было марнай мрояй, гэта значыць – аб'яўляць вайну тым, хто стаў гаспадаром жыцьця. Красьці трэба было тады, калі ўсе кралі ў дзяржавы. Глеб ужо дасьпеў да адмысловых думак аб пераглядзе вынікаў прыватызацыі, зрабіўся нэасацыялістам, і гэныя думкі вытлумачвалі яго сёньняшні нізкі рэйтынг, ягоны адмоўны жыцьцёвы статус. Таму Глеб быў як бы порахам гістарычнай сучаснасьці, іншы раз – порахам мокрым, іншы раз – сухім, у залежнасьці ад жыцьцёвых стасункаў.

Стас, наймальнік цяжкавозаў, у скуранцы, з завушніцай у вуху і доўгім хвастом валасоў, сьцягнутых гумкай, стаяў у сьвірне з вусатым кіроўцам цяжкавоза Тодарам і нешта настойліва тлумачыў. Убачыўшы Зьміцера, ён змоўк, выслухаў яго пытаньне аб разьліку, ветліва, але ўладарна і напята, зазначыў:

– Пачакай... Усе разам атрымаеце разьлік. Не хадзіце па аднаму – бачыш, спраў па горла.

– Дамаўляліся на адзін, загрузілі – два. Да таго ж, я спазьняюся, а хлопцы яшчэ доўга корпацца будуць, – націскаў Зьміцер.

– Можа, яшчэ прыйдзецца адзін "Маз" разгрузіць.

Зьміцер пільна зірнуў у насьцярожаныя цьмяныя вочы Стаха. Яны яму не падабаліся.

– Прабач, Стас, тваіх спраў і за тыдзень не перарабіць, а мне трэба бегчы па сваіх патрэбах. Давай разьлічымся.

Зьміцер трымаўся лагодна, але ўпарта. Побач стаяў з усьмешкай на вуснах кіроўца і маўчаў. За дзьвярыма чуліся галасы ваганосаў, якія, набраўшы гарачага кіпню ў посуд, ішлі на панадворак мыцца. Стас спачатку незадаволена рушыў рукой у кішэню, каб дастаць партманэ, і тут жа задумліва зірнуў на Зьміцера, нешта ўзважваючы.

Атрымаўшы разьлік, Зьміцер, каржакаваты, сярэдняга памеру, з сівізной мужык, ураўнаважаны, апошнім часам малагаваркі, пільна пералічыў атрыманыя грошы, паклаў іх у кішэню, крыху пашарпанай, блакітнай зімовай вятроўкі. Ён стомлена пакрочыў да прыпынку тралейбуса. Па дарозе зайшоў у піўную, што на Койданаўскай, адстаяў у караценькай чарзе, потым адышоў у бок і з асалодай, амаль не пераводзячы дых, засмактаў палову куфля бурштынавага напою, наталяючы набытую за пражыты дзень смагу.

Быў пачатак зімы. Ноччу першы сьнег белай прасьціной накрыў зямлю і, раскоўзаны за дзень чалавечымі нагамі і коламі самаходаў, увечары не здолеў схаваць запэцканы, руды бруд глебы. Было зімна і чамусьці сумна, нават самотна. Наведнікі, шэрыя і стомленыя пралетары, кучкаваліся каля крамы, смакталі піва, расьцягваючы задавальненьне і ловячы дробныя імгненьні станоўчых пачуцьцяў. Нехта далдоніў пра тое, якога ён у мінулую суботу на ачысных налавіў дзіўнага матыля. Мужыкі слухалі няўважліва, прагна сьлюмачылі рэбры сушаных плотак.

Зьміцер, гледзячы перад сабой цяжкім позіркам чалавека, які трапіў у нерухомасьць стаячага балота, дапіў піва, дачакаўся калі прыемная хваля разьнеслася па ўсёй нярвовай сыстэме. Хацелася выпіць яшчэ адзін куфаль. Напой валодаў чароўнай магчымасьцю вырашаць усе супярэчнасьці жыцьця, ствараць на пяць-дзесяць хвілін узьнёслы стан душы. Зьміцер пакратаў рукой грошы ў кішэні і на імгненьне заплюшчыў вочы, каб пазьбегнуць увесь гэты шэры і чужы для яго абсяг, што мацаваўся вакол піўной. Ён уявіў сябе ідучым па беразе старажытнай ракі....

Цёмныя воды Дняпра нястомна бруілі ў магутным рэчышчы. У стылым зімнім вечары ішоў рэдкі сьнег. На сьнежным абшары, дзе хутка гусьцела цемра, цягнуўся ягоны сьлед...

Ён расплюшчыў вочы – і піўная з піваманамі і піўной спакусай зноў абрынулася на яго. Зьміцер нанава ператасаваў стос сваіх жаданьняў, ўздыхнуў на ўсю грудную скрынку і, пусьціў доўгі струмень пару ў зімняя стылае паветра. Ён засунуў застыглыя рукі глыбей у кішэні – пакрочыў да прыпынку, каб ехаць на праспэкт Адама Міцкевіча.

Ён прайшоў з дзесятак крокаў і заўважыў, што шэры, сьмярдзючы, разбураны сусьвет пачаў зьнікаць. Наперадзе, усяго за колькі крокаў, на Койданаўскім тракце, праляталі імклівыя легкавікі і цяжкавагавыя самаходы. Вуліца была падобна на рэчышча старажытнай ракі, яна таксама зьдзяйсьняла рух.

Зьміцер прыпыніўся, пастаяў нешта асэнсоўваючы, павярнуўся, і гледзячы сабе пад ногі, марудна пайшоў назад да піўной. Праз колькі крокаў на яго зноў насунулася неўпарадкаваная, смуродная рэчаіснасьць. Скрозь цягнуліся паламаныя платы прыватных сядзіб са старымі перарослымі яблынямі, нейкі хмызьняк, засохлы дзядоўнік, прысыпаныя першым сьнегам гурбы сьмецьця. Далей гэтая пустка разбурэньня і энтропіі мацавалася, і ён зірнуўшы за кут убачыў на сьнезе пісагі піваманаў і чалавечы экскрэмэнты. Прастора ў гэтым месцы вылучала ўжо не толькі бруд, яна несла пагрозу разбурэньня і несьвядомай злабы да жыцьця.

– Што шукаеш, братэлла. Учарашні дзень? Пачаставаў бы, зямеля, піўком, – весела запытаў адзін піваман-нэндза, трымаючы ў руцэ слоік з амаль дапітым напоем. Змарнаваны твар, але позірк спрактыкаваны, чэпкі, даўжэзныя, моцныя абцугі рук …

Не знайшоўшы свайго месца ў жыцьці, найбольш выбойныя з нэндзаў, стварылі сабе закуток на мяжы выжываньня. Раней, яшчэ дваццаць гадоў назад, яны выклікалі спачуваньня, але, перажыўшы гэтыя дзесяцігодзьдзі, эвалюцыянавалі, умацаваліся і ператварыліся ў пачварную дамінанту, яшчэ не асэнсаваную як сьлед грамадзтвам і сучаснай ўладай. Дзікуны, здольныя толькі разбураць, ламаць, нішчыць, атрымліваць асалоду ад чужых пакут, гвалтаваньня, сьмердзючыя аскепкі грамадзтва, яны выжывалі толькі дзякуючы цярпліваму чаканьню будучыні. Той будучыні, калі яны будуць запатрабаваны самім жыцьцём, заблытаўшымся грамадзтвам, якому спатрэбіцца іхняя невуцтва, здольнасьць нікога ні шкадаваць і ўсё нішчыць. Варожасьць – асноўнае пачуцьцё галоты. Мацнейшыя з іх – куля рэчаіснасьці. І яны гэта адчувалі, таму цярпліва чакалі тога гістарычнага часу, калі гэтая куля спатрэбіцца ...

Зьміцер змоўчаў піваману і, вяртаючыся, амаль дайшоў да прыпынку, калі ўбачыў, як праз пешаходны ходнік, наўскасяк, подбегам весела несьліся ягоныя калегі-ваганосы.

Убачыўшы Зьміцера, узрушаны гурт імкліва павярнуў да яго.

– Ты грошы атрымаў? – не пераводзячы дыху ад хуткай хады, зразу і нечакана змрочна запытаўся Іван.

– А што? – насьцярожыўся Зьміцер.

– А тое, што Стас – казёл, – раптам узлавана закрычаў нярвовы і ўзбуджаны Глеб. Левы рукаў ягонай амаль новай вятроўкі быў запэцканы сьвежай пасмай белае мукі.

– Сказаў, потрах, каб з паўгадзіны пачакалі "Маз", маўляў, зараз прыедзе, а сам сеў у легкавік і зьліняў, – аж закалаціўся ад злосьці Іван.

– Загадчык сьвірна пачаў зачыняць браму на панадворку. Мы – да яго ...будзем загружаць "Маз" кажам...А ён: які "Маз"? У сьвірне мукі ўсяго тры тоны.

– То вы б да кіроўцаў зьвярнуліся б, можа, што ведаюць. – Зьміцер вылучаў спакой.

– Мы так і зрабілі. А яны кажуць:"Хлопцы, Стасам за работы 75 млн. сплочана. Так што, мы тут ні пры чым." Паселі ў цяжкавозы, ды і паехалі. Абдурыў, гад. Так прымітыўна абуў ... – Іван ад невыноснай злосьці нярвова затупаў нагамі на месцы, быццам у ягонай матне сядзеў злосны яшчар, ці ўчэпісты васьміног і бязьлітасным поедам жэр ягоныя вантробы.

Яны тапталіся ўчацьвярох каля прыпынку, шукаючы выйсьця, каторы раз у жыцьці пакрыўджаныя і зьняважаныя, покуль Іван ня ўспомніў, дзеля чаго яны імчалі бегма.

– Карацей, ты грошы атрымаў. Давай, дзялі на чацьвярых.

– Якія грошы, хлопцы?.. Гэта – сьлёзы, а не грошы, – запярэчыў Зьміцер. Але высокі, плячысты Іван злавесна пайшоў на яго бульдозэрам. З бакоў падпіралі, каржакаваты, злосны і коўзкі Глеб і маўклівы, фізычна моцны Стах. Яны адціскалі яго да піўной, і толькі, зрабіўшы колькі крокаў назад у гэтую койданаўскую пустку, Зьміцер нечакана зразумеў, што апынуўся ў даволі складаным становішчы, якое вымагала ад яго ўзважаных дзеяньняў і трапных слоў. Разьюшанасьць і нярвовасьць трох затуканых жыцьцём мужыкоў, у гэтым абмежаваным кутку, дзе памнажалася чалавечае зло, маглі выбухнуць самым непрадказальным чынам.

– Хаця, па справядлівасьці, – на піва трэба даць, – уздагон выпраўляючы становішча, рахмана дадаў Зьміцер.

– На піва, – нярвова і злосна перапытаў Глеб.

– Ці не на пару ты працаваў з Стасам? Можа, ты ўсе мільёнчыкі загэмзаў? – Іван, як уджалены гадзюкай, аж падскочыў на месцы.

Нэндза, з учэпістымі рукамі і вачыма забойцы, стаяў вобак з цыгарэтай у зубах і пасьмейваўся.

– Што, мужыкі, абуў вас у лапці дружбан ваш. Тота ж ён выхваляўся, выцягваў пачкі грошай, магу ўсіх пачаставаць півам.

– Пачаставаў? – перапытаў яго Іван і зірнуў з усьмешкай на Зьміцера.

– Хлопцы, разьбярэмся самі, без чужых, – Зьміцер рашуча ўмацаваў свой унутраны стан, бо зразумеў, што не павінен рабіць памылкі.

– Адыдзем, вунь, пад бярозу.

Ён паволі пайшоў у бок, да перакрыжаваньні вуліц. Тут, на рагу, дзе ўзьдзеяньне пусткі было нязначным, Зьміцер перастаў хвалявацца зусім. Падумаў: "Няхай хвалюецца той, хто ўкраў грошы. А можа, іх ніхто і не краў..."

Іван і Стах таксама заспакоіліся, толькі Глеб па-ранейшаму вылучаў незразумелую выбойнасьць.

Двое ў рудых дублёнках – адзін са скураной тэчкай для папер – прайшлі побач, нясучы з сабой уладарную ўпэўненасьць гаспадароў жыцьця. Зьміцер зірнуў на аднаго з іх і кіўнуў галавой, той паглядзеў уважліва, адказаў на прывітаньне, перавёў позірк на стаяўшых побач ваганосаў і пашыбаваў далей, да бара.

Зьміцер выняў меншую частку грошай, тую што адклаў для сваіх патрэб і адлічыўшы мільён, працягнуў іх Івану.

– У мяне на гэтыя грошы меўся свой разьлік, таму не магу дзяліць на ўсіх.

– Зьняўшы галаву, па валасах не плачуць. – Іван махнуў сіняй ад татуіроўкі рукой і перадаў грошы Глебу, які стаяў побач у новай рудай асеньняй вятроўцы з запэцканым мукой левым рукавом .

– Ідзі вазьмі піва покуль бар не зачынілі. Мы зараз падыдзем.

Чыста паголены, стомлены, з сінечай пад вачыма, Глеб весела бліснуў усьмешкай, узяў грошы і хітануў галавой Стаху. Удвух яны пасунуліся да піўной .

Зьміцер нешта падумаў, потым сказаў Івану:

– Калі мяне Стас разьлічваў, то чамусьці сказаў, каб не хадзілі па аднаму, і потым дадаў, што прыйдзецца, магчыма, яшчэ адзін цяжкавоз разгрузіць...

– Разьбярэмся . – Іван непрыкметна пачынаў ачольваць іхні гурт, і зараз Зьміцер як бы рабіў справаздачу перад ім.

– Ты адкуль ведаеш Максімавіча?

– Хто гэта?

– Той, што з табой зараз прывітаўся.

– Дзесьці сустракаўся... Можа, на якой вечарыне.

– Дошлы ты мужык... Давай па келіху піўка, га?

– Ні ў якім выпадку, – рашуча адмовіўся Зьміцер і дадаў: – Мне штосьці не верыцца, што Стас, прадпрымальнік, варочае тысячамі даляраў, і за нейкіх сотню баксаў будзе пэцкацца...

– Разьбярэмся. Лепш падкінь яшчэ на пляшку белай, ды хадзем з намі...Ты – мужык не скупы, кампанейскі. Мы тут ужо ўзялі ліверкі ды хлеба.

– А грошы адкуль?

– То ж мы пажартавалі... Як было цябе разьняволіць на бутэльку?.. Ха –ха ...Да таго ж, калымнулі...Пайшлі. Пагамонім аб нашых справах... Ты сэнсоўна гамоніш. Хаця і не разумееш некаторыя моманты жыцьця.

– Кшталту ?

– Цягаючы мяхі, на шчасьце не заробіш. Трэба лавіць момант. Мець дасьведчаных уплывовых сяброў, што памогуць стварыць справу. Дапамогуць грашыма.

Па старой звычцы Зьміцера надзіла ў гурт з яго сяброўскімі размовамі. Іван – біты жыцьцём чалавек і, відаць, зрабіў ходку за краты. Абмяняцца жыцьцёвым досьведам ... Ды яны ўсе, і Зьміцер таксама, мелі патрэбу ў нейкай калектыўнай думцы, якая чароўным чынам растлумачыла б і зьмяніла жыцьцёвае становішча. Іхні ўласны розум, як і большасьці калектыўнага грамадзтва, быў абмежаваны і няздольны на патрэбныя абагульненьні. Але ў новых незразумелых і не вывучаных гістарычных варунках ніхто з людзей не скардзіўся на недахоп ведаў ці розуму. Розуму ўсім, як быццам хапала...Але чамусьці бракавала грошай, матэрыяльных здабыткаў ...

Зьміцер адхіліў спакусьлівае і марнае жаданьне вярнуцца назад, у зусім нядаўняе п’янае мінулае, дзе ўсё было раскладзена па паліцах. Гурок таму робіцца салёным, што яго змясьцілі ў салёны расол. І якім бы сьвежым, чыстым, некранутым не быў гурок, толькі што ўзяты з гароду, але чужое асяродзьдзе заўсёды перамагае.

Глеб ужо махаў рукой ад бара, трымаючы ў руцэ слоік з півам.

– Дзякуй, мужыкі... Прыемна было з вамі працаваць, але справы не дазваляюць мне бавіць час з прыемнымі і вясёлымі людзьмі. – Зьміцер працягнуў руку Івану, той на разьвітаньне зазначыў:

– Ну, глядзі сам. Як спатрэбімся – заходзь. Мы тут часьцяком піва смокчам. З табой цікава. Добра тлумачыш. Ты як той пістон: даеш патрэбную іскру.

Яны разышліся ў розныя бакі: Іван падаўся да бара, дзе чакаў яго Глеб з Стахам, а Зьміцер да дарогі, што зьдзяйсьняла рух, а потым па ходніку – да прыпынку. Яму хацелася сысьці далей ад гэтага месца, якое нараджала несьвядомую самоту і непакой.

Сонца чырвоным ядром завісла над самым абрысам небасхілу і доўгія пробліскі промняў паклаліся праз усю вуліцу. Дыхнула нечым вясновым і адначасова зімнім. Нейкія даўно ўжо зьніклыя ўспаміны і пачуцьці абрынуліся на Зьміцера. Якое некалі было жыцьцё, якія вёсны. А пачатак зімы! ..Які пах сьнегу ў маладосьці сінімі зімовымі вечарамі, калі сьняжынкі плылі ў вясковым марозным паветры і сьнег рыпеў пад ягонымі бадзёра-усхваляванымі крокамі, калі ён імкліва рухаўся глытаючы зімняю сьцюжу на спатканьня з настаўніцай хіміі Гражынай Іванаўнай. Тыя вечары і дні спатканьняў былі ў ягоным жыцьці вокам тайфуна, дзе панаваў спакой, гармонія і абсалютная ісьціна.

Цяперашняе сучаснасьць знаходзілася за межамі тога часу і было эрзацжыцьцём. Яно скінула яго да ўзроўню змаганьня за ўласнае фізычнае выжываньне.

Ён нават прыпыніўся, успамінаючы такі самы зімні дзень на пачатку зімы, дваццаць гадоў назад, там дзе ён некалі жыў якасным чалавечым жыцьцём. У глыбіні душы Зьміцер не любіў вялікія гарады, сапраўднае жыцьцё было некалі толькі на вёсцы. Горад дасягнуўшы шмат, страціў нешта грунтоўнае.

Нечакана побач загумаваў легкавік. За стырнам самахода сядзеў Стас і махаў рукой, запрашаючы Зьміцера ў кабіну.

– Слухай Зьміцер, дзе твае сябры?

– Ды вунь...П’юць каля піўной.

– От лайдакі... Добра, давай залазь у самаход.

– Навошта?

– Ёсьць справа. Трэба тры цяжкавозы цукрам загрузіць.

– Я ўжо наеўся сёньня гэтых тона-кілямэтраў.

– Ды не, я ваганосаў знайшоў. Мне трэба экспэдытар, надзейны і пільны, каб палічыць ды пракантраляваць. Я табе заплачу добра – 50 баксаў.

Зьміцер хацеў адмовіцца, але 50 "баксераў" – гэта былі грошы, і ён сеў побач з Стасам.

Разумееш, кроў з носу – трэба сёньня вагон вызваліць ад тавару, інакш – штрафныя санкцыі. Няма каму даручыць лічыць. А калі не лічыць, то украдуць і шмат.

Яны паехалі на чыгуначную таварную станцыю ў Калодзішчах, дзе Стас працяглы час раскрыдытоўваў вагон. І потым Зьміцер да глыбокай ночы, праклінаючы сябе, лічыў і лічыў гэтыя праклятыя мяхі, ставіў кропкі, злучаў іх крыжыкамі, перакрэсьлены чатырохкутнік азначаў дзесятку. 20 мяхоў – была тона ( два перакрэсьленыя чатырохкутнікі). 60 тон – 1200 мяхоў...

Сёньня ўдзень Зьміцеру давялося назіраць працу загадчыка сьвірна, і зараз ён карыстаўся чужым досьведам. Стас, пабачыўшы, як ён гэта робіць, заспакоена пахітаў галавой.

Пад канец стомленыя ваганосы спрабавалі махляваць: наўмысна пачалі кідаць у кодаб Маза мяхі навалам. Зьміцер успомніў запэцканы ў муку левы рукаў новай вятроўкі Глеба і толькі зараз уцяміў сэнс гэтай блытаніны. Ён адразу прадухіліў злачыннае дзейства ваганосаў:

– Навалам складзем – будзем перакладаць зноўку.

Апоўначы прыехаў Стас, прывёз тавара-транспартныя накладныя кіроўцам цяжкавозаў, разьлічыўся з ваганосамі і Зьміцерам. Потым давёз яго да праспэкту Адама Міцкевіча, дзе здымаў кватэру Зьміцер .

– Што заўтра робіш ? – пацікавіўся Стас.

– А што?

– Заўтра ў мяне – два вагоны цукру.

– Кошт працы?

– Як і сёньня. Недастачы ў цябе не было. Так што ты мне падыходзіш.

Яны дамовіліся сустрэцца раніцой у 8 гадзін каля метро. Моцна стомлены, на апухлых нагах, Зьміцер ледзь дайшоў да кватэры на чацьвёртым паверсе і, хуценька павячэраўшы, паваліўся на канапэ. Раніцой ён здолеў сябе падняць толькі таму, што зноў хацеў атрымаць 50 праклятых баксаў, якія былі страшэнна патрэбны для ўмацаваньня схуднелага сямейнага бюджэту.

Зьміцер сам сабе нагадваў згаладнелага карася, што тоіцца сярод рачных водарасьляў і цярпліва чакае свайго шанца, калі чарвяк ці конік апынецца побач, каб ён мог пасьнедаць. І ён карыстаўся гэтым спрыяльным момантам, рабіў маленькі крок уверх у жыцьцёвай хадзе ад ваганоса да экспэдытара. Спрактыкаваным вокам ён бачыў, як людзі спакваля мянялі сваю мэнтальнасьць, замест шчырасьці, добразычлівасьці і сумленнасьці нараджаўся індывідуалізм і прага грошай. Насамрэч грошай хацелі ўжо ўсе: і тыя хто іх меў, і тыя хто іх не меў. Усё залежала ад моцы жаданьня і хцівасьці.

Маючы вялікую патрэбу ў грашах, Зьміцер пасьля некаторых роздумаў над ідэяй некалі агучанай Глебам, прыйшоў да высновы, што трэба быць альбо экспэдытарам, або злодзеем. Кожны занятак патрабаваў прафэсіяналізму.

Дылетанты заўсёды карысталіся прымітыўнымі чужымі лякаламі і таму іхні шлях складаўся цяжка і кепска... Дасьведчаныя і надзейныя выканаўцы-прафэсіяналы мелі вялікі кошт у вачах тых хто ўжо меў грошы. Зьміцер зразумеў сучасную плынь часу і імкнуўся чэпка трымацца на жыцьцёвых драбінах.

Неўзабаве Зьміцер выпадкова апынуўся каля піўной на Койданаўскай. Падзеі позьняй восені сьцерліся і ператварыліся ў дробны жыцьцёвы штрых. Ён уважліва прыслухваючыся ішоў знаёмай сьцежкай да піўбара. Вакол было прыбрана, сьцежка ачышчана ад сьнегу. Між тым прастора па ранейшаму выпраменьвала ціхую непрыкметную пустэчу, прыхаваную варожасьць.

Каля піўной тоўкся народ, корпаліся міліцыянты, побач стаяў самаход хуткай дапамогі.

– Што здарылася, – запытаў Зьміцер у аднаго з назіраючых грамадзян..

– Сёньня, тутэйшыя мужыкі не падзялілі чаргу з ''новымі рускімі'', што надта захацелі сьвежага піўка. Адбылася бойка, і ''Кош '' некага перацягнуў куфлям па галаве.

Ад сьметніка да машыны міліцыянты вялі затрыманага Стаха.

— Вунь ''Кош'', той што зьлева і гэхнуў маладзёна шкляным куфлем, а гэны бамжыла ўмысна першым пачаў зваду.

Піваман-нэндза крочыў з засяроджаным выглядам, як быццам ён спрычыніўся да галоўнай справы свайго жыцьця. Зьміцер, зірнуўшы на ягоны важны і нават узьнёслы твар, зразумеў, што нэндза стаміўся чакаць будучае і таму рушыў насустрач яму, наблізіў тое будучае, якім ён уяўляў яго. Ён адпомсьціў за свой уласны не спраўджаны лёс.... Скалечыў юнацкае жыцьцё, якое ўжо не працягне радавод, не створыць нешта новае ці таленавітае, не ашчасьлівіць сваю сям’ю.. Нэндза адчуваў сваю значнасьць, ўвагу прысутных, і як не дзіўна – іх маўклівую падтрымку.

Стах ішоў паныла-самотны, нават абыякавы. Яму было ўсё роўна. Ён быў толькі выканаўцам, куляй, што ляцела ў запланаваным іншымі кірунку.

– Піва ён таннага захацеў без чаргі, – гучна цьвердзіў піваман-нэндза, – едзь на бровар, на Ракаўскую і смакчы сваё, дарагое.

Чалавек з падпухлым тварам півамана, што стаяў побач з Зьміцерам, з смакам зяхнуў у далонь.

– Відаць, зачыняць бар, а шкада.

Усьлед затрыманым санітары панесьлі на драгах накрытага прасьціной зьбітага, беспрытомнага юнака. Побач ішло некалькі агламошаных ягоных сяброў, багата апранутыя дзяўчына і маладыя людзі з зьніклымі і разгубленымі тварамі ад нечакана зваліўшагася на іх няшчасьця. У вачах дзяўчыны былі сьлёзы, яна казала тым хто ішоў побач з ёй.

– За что, не понимаю? Савелий, он такой чистый, открытый, поэтическая душа. Говорит, давайте ребята попробуем обыкновеного пива из кружки, как простой народ. Он ведь хотел пообщаться с простыми людьми, как Гиляровский.

Зьміцер угледзеў у натоўпе знаёмыя сінія джынсы і рудую вятроўку Глеба. Разам з ім трымаўся Іван, які прывітальна памахаў Зьміцеру рукой.

Некалькі міліцыянтаў прайшлі побач, старэйшы з іх даваў на хаду загад.

– Сёньня ж няхай Максімовіч падрыхтуе рапарт у гарвыканком на знос гэтай чортавай піўной. Яна нам усю статыстыку псуе.

Зьміцер закінуў тэчку за плячо, цвыркнуў сьлінай на раскоўзаны мінакамі сьнег і крыху нахіліўшыся ўперад таропка пакрочыў да прыпынку грамадзкага транспарту. ''Некалі і мы былі ў цэнтры жыцьця, а цяпер на ўзбочыне і нічога з гэтага зрабіць ужо немагчыма'', – думаў ён седзячы ў арбоне і пазіраючы на няспынны рух легкавікоў і цяжкавозаў па Койданаўскай.

Рака часу бясконца каціла свае хвіліны і дні, гады і стагодзьдзі наперад, да сваёй невядомай мэты. Жыцьцё было рухам уперад. Тога хто прыпыняўся, гэты рух вымушаў заставацца ззаду ў сьмярдзючым і засраным закутку.

Мінаў час. Усё часьцей, то тут то там, Зьміцер пачаў заўважаць – у розных кутах горада, а бываючы ў камандзіроўках, і ў розных кутках краіны – злавесныя рысы Койданаўскай пусткі.

 

Магілёў 2000 год. Упершыню надрукавана ў часопісе ‘’Гоман’’ №13 у 2007 годзе.

 

Рыскі духмяны

 

Мір бывае там, дзе няма ні волі, ні ўяўленьня, дзе ж гэтыя двое

ёсьць, там міру не бывае, там барацьба ўяўленьняў.

Казімір Малевіч

 

Павал Усьціновіч, экспэдытар дробнай менскай фірмы, цяжка крочыў між прыватных шапікаў на Кіеўскім вакзале, ушчэнт стомлены ад беганіны па вялікім горадзе, мноства людзей, паветра, забруджанага выкідамі легкавікоў, і летняй гарачыні.

Пах духмяных каўкаскіх страваў казытаў ягоныя ноздры. Ён марыў давалачыся да кватэры на Мажайскай, зьесьці набытых памідораў з кракаўскай кілбасой і рыскім хлебам, усё гэта запіць ражанкай і заесьці мяккай маскоўскай булачкай з разынкамі. А потым адпачыць на ложку ў цішыні і абароненасьці зьнятае кватэры.

Ён выйшаў на прыпынак па Кутузаўскім праспэкце, дачакаўся пад сьпякотным сонцам аўтобуса, сеў у арбон і паехаў, паглядаючы па баках. Масква была запалоненая легкавікамі. Па Кутузаўскім праспэкце і па Мажайскай шашы ў восем палос валам упрытык імчала рака “аўдзі”, “фольксвагэнаў”, “мэрсэдэсаў”… “Мэрсэдэсы”… “мэрсы”… “мэссэры”, “мэссэрршмітты...” – дзівіўся Павал падабенству словаў.

Ён сышоў з арбона на Рабінавай, схадзіў у гастраном “Мажайскі”, купіў сваю ўлюблёную ражанку, булачку з разынкамі, кракаўскай кілбасы і рыскага хлеба, які цяпер чамусьці пачаў звацца “Рыскі духмяны”, і пацягнуўся да кватэры па вул. Грышына. Ён адчыніў дзьверы, уставіўшы даўжэзны ключ у адтуліну дзьвярнога замка і павярнуўшы яго тройчы. У кватэры нікога не было, і ён не сьпяшаючыся памыўся, змываючы нярвовасьць і сьпякоту дня, пераапрануўся ў спартовыя порткі, намыў і парэзаў памідоры, і, прысеўшы за стол, з сялянскай ахвотай простага чалавека стаў вячэраць. Цэлы дзень напружанага клопату наклалі свой адбітак на ягоны твар.

Моцна пасівелыя за апошнія гады валасы ў спалучэньні з памяркоўным, крыху патухлым тварам сталага чалавека сьведчылі аб страчаных ілюзіях і парушаных ідэалах.

Нядаўна ён усьвядоміў, што, каб выжыць і не патануць ў цяперашнія часы, – трэба тэрмінова рабіцца рэалістам. Адмовіцца ад мрой калектывісцкага грамадзтва, калі на цябе працаваў нехта іншы, і зразумець: уласнае выжываньне залежыць толькі ад уласных намаганьняў.

Мэгаполіс стаміў. Увесь час даводзілася мець справу з незнаёмымі людзьмі, якія не даравалі ніводнай не тое што памылкі, а нават немачы ў характары – мяккасьці ці шчырасьці, даверлівасьці ці ляноты. Масква не дазваляла разьняволіцца, вялізны горад зразу караў за кожную недарэчнасьць.

Сёньня ён як быццам не зрабіў ніводнай хібы. Пасьпяхова разгрузіў фуру і здаў прывезены тавар. Своечасова атрымаў разьлік у расейскіх грашовых адзінках. Вось тут ён зрабіў благі крок. Зямляк з Геранён Міхась Янушка пераканаў яго пасядзець па-братэрску ў амбасадзе, а потым яны ўдвох сходзяць у абменьнік і памяняюць грошы. Так і зрабілі. Але гэта было памылкай! Той самай памылкай, што горш за злачынства. Павал зморшчыўся, успомніўшы, як ён падпіты блытаўся ў абменьніку, лічыў і пералічваў грошы. Дзякуй Богу, усё абышлося. Але надалей так працаваць нельга.

Ён прылёг на ложак і, ужо засынаючы, пацешыў сябе думкай, што прымусіць сябе не рабіць памылак у гэтым населеным мільёнамі людзей горадзе-мэгаполісе, дзе ўнутрывідавая барацьба абвострана як нідзе.

Ён спаў, бо ягонае зморанае цела пяцідзесяцігадовага мужыка хутка стамлялася. Затомленае цела мроіла аб доме, аб спакоі роднай хаты над Сожам, дзе бруіла лагоднасьць, шчырасьць і давер. Ягоны мужчынскі дух валадарыў над зьнявечаным целам, вымушаў весьці безнадзейнае спаборніцтва з хцівымі, драпежнымі абарыгенамі мэгаполісу...

Прачнуўся Павал ад бразгату ключа ў замку. У кватэру ўваходзіла сям'я паўднёвых людзей каўкаскай нацыянальнасьці. Ён хутка сеў на ложку, спусьціўшы ногі долу, зразу прачнуўшыся і імгненна ўзгадаўшы, як маўклівы фірмач Зьміцер у Менску, накіроўваючы яго ў гэтую вандроўку, прамовіў.

– Кватэру ў Маскве мы ўжо не здымаем, так што начлег шукай пры патрэбе ў іншым месцы. Напрыклад, у Глодышкевіча.

Сказаў, а ключ не забраў. Ды і зазначыў неяк мімаходзь, без напругі. Проста мякка папярэдзіў, што прыйдзецца застацца ў Маскве на наступны дзень, ведаючы ягоную, Паўлаву, застарэлую нелюбоў да мэгаполісу. Пяцідзесяцігадовы Павал пусьціў словы Зьміцера пра кватэру між вушэй, засяродзіўшы сваю ўвагу на неабходнасьці застацца яшчэ на дзень у гэтым небясьпечным горадзе.

Між тым у кватэру ўвайшлі: мажная паўднёвая маладая жанчына ў каляровай кофце і доўгай чорнай спадніцы, чорнавалосая і чарнавокая, яна трымала за руку маленькую чорнагаловую дзяўчынку, дзесяцігадовы чорнагаловы хлопчык насьцярожана ўглядаўся збоку яе. Убачыўшы Павала, жанчына зрабіла крок назад да дзьвярэй і спалохана прамовіла:

Вах, хто вы? Што вы тут робіце?

Павал спакойна, але не трацячы тэмпу, зычліва ўсьміхнуўшыся, зрабіў асьцярожны крок у кірунку кабеты і сказаў:

– Прабачце, мы паўгоду здымалі гэтую кватэру. А наш дырэктар з Менску накіраваў мяне ў камандзіроўку і не папярэдзіў, што тут іншыя жыхары. Мабыць, вы новыя кватэранаймальнікі?

Дзесяцігадовы хлопчык хутка рушыў у другі пакой. Жанчына нешта сказала яму ўсьлед па-каўкаску. Потым, вярнуўшы позірк чорных вачэй да Паўла, насьцярожана запытала:

Як вы сюды трапілі? Адкуль у вас ключ?

Жанчына прыпынілася ў дзьвярох, трымаючы дзяўчынку за руку, яна вылучала насьцярогу і падазронасьць.

– Разумееце, мы здымалі раней кватэру і ў мяне застаўся ключ, а наш фірмач Зьміцер мяне не папярэдзіў. Вы прабачце, не бойцеся, заходзьце ў кватэру, я вам усе спакойна растлумачу.

Задумлівы Павал цяпер дзейнічаў узважана і ветліва, нічым не выказваў свайго непакою. Між тым абставіны складаліся вельмі кепска. Дастаткова было суседзям па ганку ўбачыць ці ўчуць узьнікшы канфлікт і выклікаць міліцыю, як ягонае становішча значна пагаршалася і ён мог лёгка трапіць за краты. Галоўная хіба цяперашняй сытуацыі была ў тым, што ў ягонай кішэні ляжалі 9500 амэрыканскіх даляраў. А даляры для тамтэйшых міліцыянтаў былі – як тлусты карась для згаладнелага шчупака…

З другога пакою хутка выйшаў хлопчык і, абмяняўшыся позіркам з маці, нешта супакоена сказаў. Павал зразумеў сэнс выказаных па-каўкаску слоў і ў сваю чаргу дадаў:

– Праходзьце, калі ласка, у кватэру. Не бойцеся, я ня злодзей, я камэрсант з Менску.

Жанчына зрабіла маленькі крок з дзьвярной проймы у кватэру. Хлопчык выйшаў уперад маці і, паглядаючы ўсытыч на Павала насьцярожаным чарнавокім позіркам, запытаў.

Как ты сюда папал?

– Разумееш, мы гэтую кватэру здымаем з паўгоду. Апошнім разам наш начальнік не папярэдзіў, што тут іншыя жыхары. Акрамя таго, тут застаўся наш тэлефон. Таму я і зайшоў па старой памяці на кватэру.

Так, харашо. Адкуда ў тэбе ключ? – Хлопчык не зводзіў з Павала чарнавокага позірку і вылучаў непераможную перакананасьць дарослага мужчыны.

– Паколькі раз у месяц мы прыяжджаем па тавар у Маскву, то ў мяне заўсёды ёсьць гэты ключ, бо раней мы здымалі гэтую кватэру. Прабачце, вядома, мяне. Можа, вы пройдзеце ў пакой, а то неяк няёмка перад суседзямі?

Апошнія словы Павал прамовіў зьвяртаючыся да жанчыны. Хлопчык у адказ рушыў да тэлефона. Жанчына з дзяўчынкай гадоў пяці зрабіла яшчэ крок наперад і прычыніла дзьверы, але не да канца. Павал сеў на ложак. Каўкаскі хлопчык, на выгляд яму было гадоў 11, узяў тэлефонную слухаўку і зноўку запытаў:

Харашо. Скажі, как ты сюда папал?

Слухаючы Паўлаў адказ, падлетак набіраў нумар. Павал хутка думаў, што рабіць далей? Можна было, аддаўшы ключ каўкаскай сям’і, проста пайсьці з кватэры. Гэта было тое лёгкае выйсьце, якое магло яго ідэнтыфікаваць як злодзея. А калі жанчына пачне лямантаваць? Калі хлопчык пабяжыць ззаду яго з крыкам: “Трымайце злодзея!”? Першы ж мент і арыштуе яго. А потым не адбрыкаешся. Вінаваты, не вінаваты, а маскоўская міліцыя – гэта машына, ланцуг, канвэер. Злавіўся, сядзі за кратамі і не рыпайся, не перашкаджай працаваць. У лепшым выпадку можа ён здолее адкупіцца за 9500 даляраў Зьміцера, што ляжаць у ягонай кішэні...

Нумар, па якім тэлефанаваў каўкаскі хлопчык, быў заняты, і ён, выслухаўшы Паўлаў адказ, чарговы раз пачаў яго набіраць, ізноў запытаўшы:

Ты скажі, адкуда ў тэбя ключ?

Павал адказваў і сам прапрацоўваў варыянты. Калі прыедзе гаспадар – каўказец з сябрамі – і выверне ягоныя кішэні, то гэта не самае лепшае выйсьце. Могуць балюча набіць твар… адным словам, лепш пазьбегнуць гэтай сустрэчы з каўкаскім кодлам.

Нарэшце хлопчык датэлефанаваўся да бацькі і пачаў хутка казаць па-каўкаску ў слухаўку. Ён гаварыў, слухаў, потым ізноў адказваў, пэўна, на пытаньні. Потым ён аддаў слухаўку Павалу, сказаўшы, што бацька хоча з ім пагаварыць.

– Добры дзень, – прывітаўся ў слухаўку Павал.

Как ты папал в чужой квартір? – учуў ён каляны мужчынскі голас без усялякіх сантымэнтаў. Павал у каторы раз патлумачыў.

Харашо, аткуда ў тэбя ключ?

Усьціновіч цярпліва казаў пра ключ.

Харашо. Жды меня, нікуда нэ ходы. Я скора прыеду. Обязатэльно жды.

Павал паклаў слухаўку і з прыкрасьцю сядзеў нерухома з хвіліну. Потым спакойна і ветліва сказаў каўкаскай маладой жанчыне:

– Ужо вечарэе. А мне яшчэ няведама, дзе начаваць. З вашага дазволу я патэлефаную знаёмым.

Ён патэлефанаваў Глодышкевічу, той сказаў, што ў яго сваякі з Новасібірску і ён ня можа прыняць Паўла. Давялося, ўзяўшы ў яго нумар тэлефона, патэлефанаваць Міхасю Янушку, няштатнаму супрацоўніку беларускай амбасады ў Маскве. Ён хутка абмаляваў Міхасю сваё становішча. Той сказаў яму адрас і патлумачыў, як даехаць да яго. Павал пісаў у нататнік усё, што дыктаваў яму па тэлефоне Янушка. Ён паклаў слухаўку ўжо амаль супакоены.

Павал ведаў Маскву, каб праехаць з аднаго канца гораду ў другі – патрэбны час, гаспадар каўкаскай сям’і будзе ехаць да кватэры не менш як гадзіну. Яму ж трэба сысьці з гэтай кватэры на працягу дзесяці хвілін.

– Прабачце, мне трэба ехаць, – сказаў ён, зьвяртаючыся да маладой каўкаскай жанчыны, лагодна мацаючы яе мажную паставу ласкавым позіркам цывілізаванага мужчыны.

– Я сабе пакіну ключ, бо наш тэлефон прапаў. Няхай гаспадар кватэры верне апарат.

Нэт, ключ аддай, – насьцярожыліся каўкаскі хлопчык і жанчына. Павал яшчэ для выгляду паўпарціўся і як бы нехаця нарэшце аддаў ключ жанчыне. Ён хутка пераапрануўся, склаў свае рэчы ў кайстру, разьвітаўся і, зірнуўшы яшчэ раз на адважнага каўкаскага хлопчыка з насьцярожаным позіркам дарослага, рушыў з кватэры.

Трэба было ехаць арбонам да станцыі мэтро “Кунцава” ці да “Кіеўскай”, потым, дабраўшыся па кальцавой да “Барыкаднай”, перайсьці на станцыю “Чырвонапрэсенскую” і адтуль праехаць тры прыпынкі да “Палежаеўскай”. Калі ён дабраўся, было ўжо цёмна. На прылеглых вуліцах стаяў густы прыцемак, у якім хутка рухаліся постаці-здані. Блукаючы ў сутоньні вуліц, Павал дзякуючы запісам у нататніку даволі хутка знайшоў патрэбны дом, а потым і кватэру.

Янушка сустрэў яго ў дзьвярох як добры знаёмы, запрасіў на кухню павячэраць, яны выпілі па кубачку зялёнай гарбаты. Міхась Ціханавіч, паслухаўшы ягоную гісторыю, маўчаў і потым, хвілін праз 10, зьдзіўлена пахітаў галавой.

– Пашанцавала табе, дружа, і моцна.

Больш ён нічога не патлумачыў яму. Гэта было меркаваньне месьціча, былога раённага пракурора, што даўно жыў у Маскве і ведаў тутэйшыя варункі. Паўла працяў запозьнены жах, які дагэтуль глыбока схаваны туліўся ў самай глыбіні душы.

Пасьля другога кубачка гарбаты Міхась спакойна прамовіў:

– Ці ведаеш, дружа, найгоршую нашую хібу? У Маскве ёсьць усе мафіі: грузінская, сібірская, казанская, армянская, асэтынская, уральская, прыбалтыйская, габрайская… і не толькі мафіі, але і іхныя лабісты. Няма толькі беларускага кодла. Мы безабаронныя. Надышоў новы час, з іншымі людзьмі, новымі стасункамі. А мы ўсё з сваёй памяркоўнасьцю…

Міхась Ціханавіч быў ужо на пэнсіі, шанаваў здароў’е, і таму свае меркаваньні выказваў сьціпла, без маркоты. Здавалася, каб назаўтра вайскоўцы НАТА зранку пачалі шпацыраваць па вуліцах мэгаполісу, то і тады б ён застаўся гэткім жа лагодным. Ужо за трэцяй філіжанкай гарбаты Міхась крышку адчыніў засоўку душы і выказаў думкі, што калечылі ягоную сьвядомасьць усе гэтыя гады.

– Заваёва сёньня ажыцьцяўляецца праз перасяленьне актыўнага насельніцтва на чужыя абшары. У мяне ўражаньне, што турэцкія азербайджане пад выглядам былых савецкіх азераў доўжаць экспансію і засвойваюць маскоўскія і расейскія тэрыторыі… Дарэчы, вы зьвярнулі ўвагу, як апанавалі каўкаскія прадпрымальнікі памяшканьні нашай беларускай амбасады? Гэта ж трэба – здаць свабодныя пакоі н нашым беларускім прадпрымальнікам пад офісы, а паўднёвым людзям. Даляры, дружа, перамаглі і танкавыя арміі, і ваенна-паветраныя сілы, і стратэгічныя войскі, і контрвыведку. Слаўную грозную контрвыведку, гераічную, так, дружа, гераічную! Францыя не здолела супрацьстаяць абверу і лягла пад Нямеччыну за два тыдні...

Міхась доўга маўчаў, у скрусе зьвесіўшы галаву долу, і нарэшце дадаў, – курвы!

І ў гэтых спакойна выказаных словах дасьведчаны Павал учуў тую прыхаваную маркоту, якую выказваюць людзі хваравітыя, можа нават перанёсшыя інфаркт і таму вымушаныя сьцерагчыся адмоўных хваляваньняў.

– У нашых дзяржаўных абармотаў Ідэі няма. Набілі кішэні мільярдамі і ў горшым выпадку зьбягуць – вось і ўся іхная філязофія. А мы, дружа, як той Хазанаў, вярнуўшыся з Ізраілю, зазначыў у інтэрвію: “прасралі сваю Айчыну”. Самае галоўнае – прахаўкалі, і цяпер, дружа, у нас няма шанцаў...

Яны яшчэ крыху пагаманілі – сівыя, раптам састарэўшыя мужыкі, што страцілі падмурак і сэнс у жыцьці, і нарэшце апоўначы разышліся па пакоях на адпачынак. Павал, кладучыся спаць на канапцы ў гасьцёўні, доўга варочаўся, думаючы аб прабеглым дні, аб словах, выказаных былым пракурорам Міхасём Янушкам, і, ужо засынаючы, даў сабе слова надалей не рабіць памылак у гэтым хцівым і выбойным горадзе…

Наступным днём, загрузіўшы фуру таварам, ён доўга і старанна рыхтаваў тавара-транспартныя дакумэнты, накладныя, дамовы, зьбіраў сэртыфікаты, ліцэнзіі, дазволы і пад самы вечар выехаў з цяжкагружаным мазам у Менск. Па дарозе Павал заскочыў на Варшаўскі рынак, набыў кракаўскай кілбасы, памідораў, некалькі бляшанак шпротаў і сардын, а таксама сваю ўлюбёную ражанку і рыскага хлеба, які з гэтага дня пачаў называцца "Духмяны". Усьціновіч падзівіўся прынцыповасьці і ўедлівасьці тамтэйшых тубыльцаў, што так упарта змагаліся за выжываньне, мяняючы на свой капыл тапаніміку жыцьцёвых абшараў. Увечары яны ўрэшце выехалі за межы Масквы, пераехаўшы МКАД, і толькі тады Павал уздыхнуў на поўныя грудзі, зьбіраючыся з смакам павячэраць.

– Ну слава Богу, едзьма дадому.

Маркотны і маўклівы, са шкіперскай бародкай, кіровец Маза Анатоль коса зірнуў на экспэдытара і змрочна зазначыў:

– Не кажы “гоп”. Яшчэ ўперадзе вагі каля Гагарына. Могуць секануць на сотню баксаў за перагруз пярэдняй восі.

Потым запаліў чарговую цыгарэту і папярэдзіў:

– Я плаціць за перагруз не буду.

Усьціновіч згас – трэба было ізноў напружвацца ды браць адказнасьць на сябе. Па прыродзе сам Павал быў чалавек вясёлы, зычлівы і адчынены і не любіў змрочных дундукоў.

– Не сцы ў брэдзень, дружа. Трэба пастарацца прасьлізнуць цішком.

Ён ужо наперад ведаў, што зараз Анатоль пачне прасаваць яго, вымагаючы нейкай матэрыяльнай прыплаты за дадатковыя намаганьні. Таму ён да самага Гагарына напята маўчаў, трываў усе цяжкасьці руху па зямлі некалі сваёй Радзімы. Толькі пасьля Гагарына, вымушаны заплаціць на вагах пяцьдзясят даляраў хабару за перагруз восі маза, ён нарэшце маўкліва павячэраў.

Наступным днём МАЗ прыехаў у Менск. Кіровец Анатоль паставіў фуру пад разгрузку на склад у Шабанах і паехаў дадому. А Павал застаўся здаваць прывезены тавар і накладныя, ліцэнзіі і сэртыфікаты. Толькі пад вечар, забраўшы кайстру, пацягнуўся да прыпынку грамадзкага транспарту...

Дома, у двухпакаёвай кватэрцы, на першым паверсе ў блочнай пяціпавярхоўцы, былі госьці. Сястра Ніна прыехала з Чавусаў з 16-гадовым сынам Валерыкам і прыпынілася ў іх на некалькі дзён. Убачыўшы Паўла, яна радасна зашчабятала, вывальваючы ўсе свае месцяковыя пачуцьці і думкі.

– Прывітаньне, Павал! Як там Масква? Якія вы шчасьлівыя, што пераехалі ў сталіцу. Мне тут так падабаецца!

Павал стрымана паклаў кайстру у кут, прывітаўся і рушыў у ванну мыць твар і рукі. Пераапрануўшыся, ён вярнуўся ў залю, што адначасова была іхнай з жонкай спальняй. У меншым пакоі тулілася малодшая дачка Юля з мужам Арцёмам і ўнукам Казімірам.

Ён піў гарбату і моўчкі стомлена слухаў Ніну.

– А ў нас жа ў Чавусах рабіць няма дзе. Беспрацоўе. А начальнікі пашалелі, прымушаюць усім прадпрыемствам падмятаць ды прыбіраць тэрыторыю гораду. А калі не падабаецца, дык зразу і кажуць: “Нікога не трымаем. Хто не хоча, то звальняйся”.

І без усялякага пераходу яна зразу перайшла да асноўнай мэты свайго прыезду.

– Прабач мяне, Паўлік, я да цябе з просьбай. Хочам купіць сучасны кампутар сыну. Каб не цягаўся па завугольлях. Дык грошай, сам ведаеш, дзе ў тых Чавусах заробіш. Пазыч, калі ласка.

– Колькі? – прамовіў Павал, якога гэтая сумесь бязглуздай лухтаватасьці тубыльцаў пачынала моцна нярваваць. Інфантыльны пляменьнік Валерык з доўгімі валасамі, з бляшкай у падбародзьдзі і жалезнай заколкай у вуху індыфэрэнтна сядзеў на канапцы ў падрапаных неахайных джынсах.

– Хацела б, каб даляраў 700, ну, хоць бы 500. Сучасны кампутар, кажуць, можна купіць за гэткую суму.

– Навошта яму сучасны? Можна бэушны.

– Ну ты ж ведаеш, цяпер модна ў Інтэрнэт выйсьці, туды-сюды.

– А мэталёвы болт у барадзе навошта?

– Ну, Паўлік, ты ж павінен разумець. Зусім яшчэ дзіцё. Гэта ж модна.

Павал, сталы мужык сярэдняга росту з сівой галавой і хранічна шэрым тварам хворага на ішэмію чалавека, змрочна сказаў.

– Як толькі сюрык пачынае рваць гузікі на шырынцы, то ўжо не дзіцё, а мужык...

– Усё, усё, не трэба. Не трэба... Не хочаш даць, то так і кажы. А вучыць не трэба. Самі не дурныя...

Павал індыфэрэнтна дадаў.

– Параіцца трэба з гаспадыняй. Можа, што і знойдзем...

Ён не пасьпеў скончыць думку.

– Алёна згодна! Яна прызналася, што грошы ёсьцяка і яна не супраць. Дзякуй, Паўлік. Дзякуй, я папраўдзе, не чакала. Помню, тата заўсёды казаў, што, прабач, што Паўлік наш ашчадны. Дзякуй, дзякуй...

Сястра Ніна прыклала хустачку да вачэй і ўсхліпнула. Павал коса зірнуў на жонку, што сядзела за сталом з вінаватым выглядам.

– Эт, якая ты шустрая, як той венік. Не ведаю, што табе Алёна патлумачыла, а я скажу, што калі і пазычу, то не больш за 50 даляраў.

Ніна вытарашчыла вочы ад нечаканасьці, сьлёзы імгненна высахлі на твары.

– Ты што, здурнеў, Павал? Які ж кампутар за 50 даляраў? А дзе ж я астатнія знайду? Ты так не жартуй. Мне падачкі твае не патрэбны. Алёна казала, што можаце пазычыць, што грошы маеце. А я аддам. Не хвалюйся, назьбіраю і пад Новы Год аддам.

Павал падняўся і, не ўступаючы ў спрэчку (жонка Алёна цішком зрабіла знак ягонай сястры, каб тая памаўчала), апрануў унука Казіка і пайшоў на прагулянку, пакінуўшы жанчын разьбірацца з складанасьцямі жыцьця.

Не дзеля таго ён ірваў вантробы ў камандзіроўках, каб марнаваць грошы на цацкі для ёлупаў. Яго зьдзіўляла недаравальная здольнасьць сястры вырашаць свае мроі, не пытаючы пра ягоныя планы. "І калі ўжо вас жыцьцё навучыць? Як вы зьбіраецеся выжываць? Усё роўна ж рана ці позна прыйдзе драпежны прыватны капітал. Навошта табе той Інтэрнэт. Лепш выдаткуй грошы сыну на рэпэтытара па матэматыцы. Зарабі і выдаткуй…"

Сам Павал зьбіраў грошы на першы ўзнос за кватэру для дачкі. Марнеў над кожнай тысячай рублёў, еў усухамятку у камандзіроўках, тыднямі начаваў у кабінах МАЗаў, зімой мёрз, летам душыўся ад сьпякоты. Апранаў, што засталося ад савецкіх часоў. У вандроўках па постсавецкіх абшарах зразумеў, што багатым яму ўжо не быць, а ў драпежных прыватных варунках выжывуць не ўсе.

Насьпеў новы час, што прыносіў аднекуль, з нейкіх невядомых спратаў незнаёмых людзей. Гэтыя людзі нараджаліся кожны дзень, рабіліся нечымі дзецьмі, потым расьлі, вучыліся, прыстасоўваліся да асяродзьдзя і прыносілі з сабой нязвыклыя дачыненьні. Пакрысе ў 17, у 20 ці 25 гадоў злучыўшыся ў новае пакаленьне, яны пачыналі адваёўваць у старэйшых спачатку свае правы, затым жанчын, потым дамінавальнае становішча і нарэшце ўладу…

Двухгадовы ўнук у блакітных шорціках і белай кашулі бегаў па дзіцячай пляцоўцы. Павал пагушкаў яго на арэлях. Ізноў бегучы па сьцежцы, унучак зачапіўся за корань дрэва і балюча саўгануўся аб глебу. Казік крывіўся, пазіраў на дзеда, але яшчэ ня плакаў.

– Ну што ты разьлёгся, Казік? Падымайся, гэта табе не ложак. Ты мужчына. Ты дужы. Ты не будзеш плакаць…

Маленькі русавалосы сінявокі хлопчык паслухмяна падняўся і пабег далей, сьмешна цьвердзячы дзедавы словы.

– Падымася... не лозяк... музік... падымася Каська... падымася...

Павал прысеў на лаву, скамянела і з журбой неяк па-новаму зірнуў на зялёнае навакольле. Быў той цёплы летні жнівеньскі вечар, калі яшчэ буяла лета, незнаёмае, з іншай аўрай і таму ўжо чужое. Рэдкія першыя жоўтыя лісця ў зялёных шатах ліп сьведчылі пра немінучасьць восеньскіх халадоў, доўгія вечары з бясконцымі дажджамі, лістападаўскай самотай і памяцьцю аб маладым шчасьці, што некалі прамільгнула імклівай ластаўкай...

 

Магілёў. Упершыню надрукавана пад назвай ‘’Нявыкрутка’’ у 2005 годзе ў ‘’Нашай Ніве’’.

 

Маўчы і будзь хітрым

 

У абедзенны перапынак сядзелі мы ўдвох: Андрусь Міхеня і я, Зьміцер Станкевіч, у мэнэджарскім аддзеле, палуднавалі, пілі гарбату і паціху абмяркоўвалі стракатыя навіны і размаітыя падзеі, што паўставалі на постпрасторы.

Андрусь чалавек сьціплы, ужо ў гадох, разьняволена зьняў пільчак, застаўшыся ў блакітнай кашулі з сіне-чырвоным карватам, нетаропка піў зялёную гарбату, пацеў, бо знадворку буяла паўднёвая сьпякота, і ўважліва слухаў мае трапныя і гострыя развагі, думкі і меркаваньні.

У цяперашнім часе шараговы тубылец прагне пачуцьця ўласнай вартасьці, і дасягнуць гэтага можна, пазьдзекаваўшыся над асобай, што карыстаецца посьпехам: сучасным палітыкам, алігархам ці ўладаносьбітам. І вось я, задавальняючы неспатоленую патрэбу, бэсьціў гэткага выбітнага тутэйшага чубайса1 і адчуваў, як уласны рэйтынг імкліва ўздымаўся ў маіх уласных вачох, вачах калегі і ад гэтага атрымліваў маральную асалоду. Адначасова я зазямляў адмоўныя пачуцьці, што назьбіраў за апошні час. Зрэшты крытыкаваць тутэйшых уладаносьбітаў заўжды рызыкоўна і шкодна для ўласнага становішча дробнага чалавека. Але ж узьніклую нярвовасьць і назапашаную жоўць трэба было некуды дзець, таму суседніх алігархаў і тых замежных палітыкаў, хто сядзелі далёка і высока, о, гэтых я часьцяком пляжыў уздоўж і ўпоперак.

Быў у суседнім аддзеле супрацоўнік, стрыманы, нават рахманы маладзён Яўген Дайнэка з замежнай мянушкай Юджын. Заходзіў іншы раз паслухаць разумных людзей, ды і падкідваў розныя пакручастыя пытаньні. А потым сам пільна так глядзеў на сталых людзей, вывучаў. Вось і сёньня зайшоў, зірнуў сваімі бурштынавымі вачыма, палашчыў чырвоны харват на сіняй кашулі ды і запытаў.

– Вы чулі што-небудзь пра гэткую навуку – гермэнэўтыку?

І глянуў, хітраван, з нейкай падкавыркай. Андрусь гэтак лагодна адказаў маладзёну.

– Ну, не чулі. І што далей?

Юджын чалавек местачковы, звычайна дбайны і быццам шчыры. Нарадзіўся ў мястэчку і рупліва дамагаўся ўзьняць свой IQ да гарадзкога разумовага ўзроўню. Іншы раз сілкаваў свае глузды рознымі кніжкамі. І вось сёньня прывалок ён ксёнжку Кара-Мурзы “Маніпуляцыя сьвядомасьцю”. І зараз прачытаў Юджын напрасткі з кніжкі мудрагелістыя выказваньні пра гэную невядомую нам навуку.

– Гермэнэўтыка – навука аб тлумачэньні тэкстаў, “выяўленьні схаванага сэнсу ў сэнсе відавочным", калі чалавек, асоба ці грамадзянін, гаворыць, піша, сьцьвярджае адно меркаваньне, а кантэкст ягоных прамаўленьняў зусім іншы – супрацьлеглы выказанаму.

– Найшоў сякеру пад лаўкай, – суцішыў яго я, і думка мая шпарка памчала па закутках памяці. І згадаў я аб даўнейшым народным умельстве разумець сапраўдны стан рэчаў і стасункаў. І ў беларускай вёсцы, адкуль усе мы родам, заўсёды былі майстры гэнай навукі. У мінуўшчыне селянін глядзеў у самы корань падзеі ці чалавека, таму яго ашукаць было немагчыма. Звычайна прывязуць чарговага новага старшыню калгаса – ці, як у вёсцы казалі цёткі, “пана-пшыседацеля” ( і таму казалі, што здавалася, што перад “пшыседацелем” трэ было прысядаць, выказваючы павагу) – а мужыкі і жанкі назьбіраюцца ў клуб, паслухаюць іманэнтных уладных мрояў і лёзунгаў, а потым, ідучы па хатах, зробяць няўрокам ірацыянальны роздум “чарговага кіруючага пшыседацеля” і трапна вызначаць ягонае сутво.

Тут і Андрусь нагадаў, як у тыя, ужо старадаўнія гады, чалавек ад зямлі рэдка памыляўся ў сваіх меркаваньнях. Да прыкладу самы вядомы гістарычны факт, як толькі савецкі ўрад высунуўся з вядомым “Заявлением ТАСС” у траўні 1941 году, дзе закляйміў варожыя зьвягі аб хуткай вайне СССР з Нямеччынай, то шараговыя грамадзяне ды сяляне па вёсках пачалі прадбачліва на апошнія грошы закупляць соль, запалкі і мыла, мацаваць свой матэрыяльны падмурак. Улада ў самым версе, у сталіцы не разумела, што будзе? І вайскоўцы не ведалі, нават НКУС і сам Цанава не знаў, а вясковы селянін, у тыя часы без радыёпрыймача, газэт, тэлебачаньня і нават без інтэрнэту адчуваў: будзе вайна і прымаў неабходныя дзействы.

Пры канцы я гэтак задумліва падкрэсьліў.

– А сёньня селянін, чалавек ад плуга, з натуральным розумам і пільным вокам зрабіўся рэдкім. Хоць ты яго ў Чырвоную Кнігу занатуй. І таму цяперашні тутэйшы люд парабіўся надта даверлівым.

Тутака скончыўся абед, зайшоў наш галоўны мэнэджар, гостра зірнуў на нас і мы разышліся па сваіх працоўных месцах.

Але думка захавалася. Сапраўды, ўсё жыцьцё я, ды і ўсе мы, былі надта даверлівымі. Лавіліся на слова, як той шчупак на блясну. Маўклівыя хітруны мелі перавагу. Покуль гаваруны такавалі словамі на сваіх такавішчах, маўчуны карысталіся жыцьцём: рабілі кар’еру і кахалі чужых жанчын, мацавалі ўласны матэрыяльны дабрабыт... Мяне нават у чырвань кінула ад гэтых думак, што сьнежнай гурбой абрынуліся ў маёй памяці. Я ўспомніў сярод мноства жыцьцёвых гаворак: недвухсэнсоўныя позіркі, прамаўчанкі, нэйтральныя словы з падтэкстам. Уніклівыя маўчуны, тыя, хто напоўніцу сілкаваўся стракатым жыцьцём, разумелі адзін аднаго без слоў...

Накапаў я сабе карвалолу ў шклянку з вадой і нярвова выпіў. Думкі далей імчалі, як гружаная фура па шашы. Што тут казаць, калі нават уверсе шмат непрадбачлівых кіраўнікоў-прасьцякоў, што захаваліся ад савецкага часу...

Паразважаўшы крыху, я выпрасіў у Юджына кніжку гэнага мурзы-курзы і гэтак шчыльна і грунтоўна яе пералапаціў. Пасьля чаго, узброены сучаснымі ведамі, пачаў уважліва вывучаць асяродзьдзе і тутэйшыя варункі.

Якраз вярнуўся наш дырэктар прадпрыемства Шчаглоў з водпуску ці то з Канар, ці то Турэччыны, зьявіўся такі загарэлы і прудкі на працу і ўвесь калектыў супрацоўнікаў гэтак звыкла прагнуўся і так лагодна навыперадкі пачаў вітацца, так шчыра, нават пяшчотна ўсьміхацца яму і прамаўляць.

– Як адпачывалася Вам, шаноўны Якаў Пятровіч? Вы так добра выглядаеце! Мы так рады, так рады бачыць Вас на працы!

Узьнёслыя словы казаў увесь калектыў, а на справе большасьць думала зусім іншае. У курылцы супрацоўнік мэнэджарскага аддзелу гандлю Міхал Давідовіч казаў нашаму супрацоўніку мэнэджарскага аддзелу сыравіны Андрусю Міхеню.

– Халера, як хутка водпуск праляцеў у шаноўнага. Не, каб затрымацца на тыдзень-другі.

– Так на тры дні раней “шаноўнага” тэрмінова выклікалі на працу.

– Можна падумаць, мы тут без яго не ўправімся? Цяпер пачне ізноў піць нашу кроў.

– Пэўна так. Але кажуць, кампэтэнтныя ворганы нешта вынюхалі, то “шаноўнаму” цяпер не да нас з табой.

Юджын у гэты час якраз наведаў сябра-мэнэджара Балдзілава, што толькі вярнуўся з адпачынку, і з скрухай на твары суцешыў яго.

– Выказваю Вам, дружа, сваё спачуваньне.

– Што так? – зьдзіўлена і нават спалохана зірнуў экспэдытар Рыгор Балдзілаў, сівы, гаваркі, вясёлы і лагодны. Ён з пэўных крыніц заўсёды меў самыя сьвежыя навіны.

– ...з заканчэньнем вакацыяў.

– Ха-ха-ха.. гэта ты, Юджын, трапна зазначыў. Ха-ха-ха... Чуў навіну? Наш начальнічак ізноў лухтануўся. Сямёнаў, малады намесьнік галоўнага канструктара скрэпераў, зьбег у Расею прыхапіўшы на дыскетах усю сучасную тэхнічную дакумэнтацыю. Іхныя прадстаўнікі, што былі на нашай выставе, кажуць, таемна перакупілі Сямёнава за 2000 даляраў у месяц.

– Здраднік ці шпіён? – стрымана і ветліва ідэнтыфікаваў Дайнэка, але мне здалося, што ён трошкі напружыўся і неяк мэханічна пашкроб патыліцу.

– Сучасны чалавек! І кватэру далі. Ён і зьліняў. Ха-ха-ха... Цяперака нашаму прадпрыемству давядзецца ліцэнзію на сваю ўласную распрацоўку купляць. Яны ж пасьпелі ўжо і запатэнтаваць наш новы скрэпэр. От такое яно, брат, сучаснае жыцьцё. “Хома хомені лупус!..2” Заходзь, Юджын, пад вечар адзначым заканчэньне вакацыяў.

Мяне гэтая навіна моцна ўразіла. Бо меў я зусім іншае выхаваньне, каб за Радзіму, за Айчыну жыцьцё пакласьці... А ў цяперашніх варунках няма за што і за каго гэтае сваё жыцьцё аддаць... Пэўна цяпер яно і непатрэбнае нікому, акрамя мяне самаго? Моцна бянтэжыла гэта думка. Я нават пачаў думаць: а ці патрэбна мне маё ўласнае жыцьцё? Па ўсім атрымлівалася, што яно мне не надта і трэба... І так занурыўся я ў свае думкі, што прыцягнуў увагу нашага маладога суседа, што з спачуваньнем запытаў.

– Што Вы так засумавалі?

Уважліва, так пяшчотна запытаў. А глядзіць пільна, як сьвярдзёлкамі ў ва мне дзюркі сьвідруе. Хоча даведацца пра мае патаемныя роздумы і меркаваньні? Ну-ну глядзі, сьвярдзёлак.

Пачаў я ўзірацца ў сучаснае жыцьцё і вучыцца маўчаць.

Усё цяперака канечне памянялася. Двухпалярны сусьвет з дабром і злом ператварыўся ў шматпалярны, і незразумела: дзе тое дабро і дзе тое зло? Нават сталыя людзі разгубіліся, хоць яшчэ і трымаюцца за мінулыя звычкі. А голапупая моладзь гандлюе ўжо не толькі прамысловымі сакрэтамі ды каляровымі мэталамі, але бывае і ўласнымі ныркамі. Усе хочуць мець шмат грошай. Яшчэ нядаўна з-за даляраў маглі пазадушвацца. Зараз спакайней пачаў народ ставіцца да замежных грошай, хоць даляры ды эўра любяць па-ранейшаму. Нашых “зайцоў” прызнаюць, але моўчкі.

Неяк аднойчы, стоячы ў чарзе каля абменнага шапіку на чыгуначнай станцыі ў Магілёве, я ў адказ на пытаньне, – што вы купляеце? – гэтак рахмана зацьвердзіў, – беларускія рублі.

Уся чарга тады з зьдзіўленьнем вылупіла зенкі на мяне, бо такая пабудова пытаньня для ўсяго людзтва было нечаканым і дзіўным. “Куплялі даляры”, а валюту проста разьменьвалі на “зайцоў”.

А ў цяперашні час тубылец колькі ні заробіць – і ўсё яму мала, бо тавараў, паслуг, хаценьняў ды і хцівасьці зашмат. Некаторыя пенсіянэры па чутках на чатырох-пяці месцах працуюць і ўсё не хапае грошай. І шмат хто незадаволены ўладай, бо ў Амэрыцы заробкі большыя і значна.

Адзін такі маргінал, я яго "фінбергам" празваў, бо ягоны сын працаваў музыкам у аркестры Фінберга. То прыехалі бразыльцы, яны там у Бразыліі збудавалі аграмадны опэрны тэатар, а музыкаў сваіх няма. Вось яны і прыімчалі да нас у Менск, паслухалі нашые маладые таленты, пазаключалі кантракты і зьвезьлі нашых "рыхтараў" ды "растраповічаў " да сябе ў Бразылію. Хоць і сталы быў гэны чалавек "фінберг", але і яму гэныя замежныя даляры ды заморскія крузэйра глузды павыкручвалі. Хваліўся, што ягоны сын (на маю думку – бядак!) ужо і жаніўся там на іхнай бразыльскай мулатцы. І ўжо так добра яму, так добра, што лепш і не бывае. А ў канцы сваёй хвальбы зазначыў, як у душу плюнуў.

– Не тое што ў нас, у Беларусі. І грошай плоцяць мала і ўсе пад абцасам.

Тутака мяне ізноў узяла крыўда за Айчыну, за Бацькаўшчыну. Сталы чалавек, лічы жыцьцё пражыў, а ў гермэнэўтыцы ні бум-бум. Ну хто, зрабіўшы такі лёсавызначальны крок, хоць і родны сын, скажа праўду, што там яму блага. Канечне добра! А ты, бацька, слухай ды ўглядайся, як сын стаіць, што прамаўляе, што кранае, да чаго датыкаецца ў час казаньня.

Даверлівыя і лухтаватыя месьцічы гэтага не разумеюць і зазвычай пазіраючы на экран тэлебача, нярвуюць і злуюць ад выказваньняў выбітных дзяржаўных асобаў, якога-небудзь міністра, дырэктара саўгасу ці камунгасу і нават шчырых Бацькавых прамоваў. А вось дасьведчаныя і разваротлівыя хітравокія сучасныя чубайсы пільна слухаюць і ўзіраюцца ў твары і постаці нашых галоўных канструктараў, дырэктараў, міністраў ды ўрадавых асоб. Што сказаў, як сказаў, куды і чым дакрануўся.

Згодна з навуковымі ведамі, калі прамоўца кажа, што “справы ў краіне нечакана склаліся вельмі напружана і ўрад прымае жорсткія пастановы па ўмацаваньні фінансава-эканамічных стасункаў” і ў гэты момант дакранаецца ківуном да ўласных вусоў (калі вусоў няма, то да вуснаў, вейка, носа), – гэта абазначае, што ён уводзіць слухачоў у зман. Зразумела, што замежныя спэцслужбы валодаюць гэткімі ведамі, павінна ведаць і тутэйшая дзяржаўная асоба і менавіта таму дакранаецца ківуном, каб заблытаць хітравокіх чубайсаў і спэцагентаў усяго вонкавага сьвету.

Свой сэнс маюць і іншыя дакрананьні: калі асоба чэша патыліцу – ашуканства; бярэцца за сківіцу – момант прыняцьця рашэньня; хмурыць бровы – злоснасьць; шчыкае кабету за бок – сэксуальная ўзрушанасьць; трымае рукі накрыж на геніталіях – скептычная абарончая ўстаноўка; трымае рукі за сьпіной – пачуцьцё ўпэўненасьці.

І вось, як потым мы даведаліся мэнэджарскім аддзелам, аднойчы Яўген Дайнэка, той самы "Юджын" – заўсёды ўважлівы, стрыманы і чэпкі – перад знакамітым дэфолтам пільна глядзеў тэленавіны па расейскім тэлебачаньні, дзе выступаў у тую хвіліну іхны міністар па мянушцы “кіндэр-сюрпрыз” і нешта тлумачыў "аб стабільнасьці і фінансавай раўнавазе" і ў гэты момант дакрануўся-пашкроб свой твар, крануў нос, пацёр вейка. Юджын ад нечаканасьці аж падскочыў на канапэ і, дагледзеўшы навіны, у моцнай задуме пачаў шпарка рухацца па сваім пакоі. Потым увечары яшчэ некалькі разоў удумліва перагледзеў запісаны на відаку выступ іхнага прэм’ера па НТБ.

У той жа вечар на хуткім цягніку Юджын рынуўся ў Маскву і за тыдзень (за тыдзень!) да дэфолту пасьпеў выхапіць свае ўласныя невялікія ўкладаньні ў рускіх рублях з іхных банкаў і, бегаючы цэлы дзень па маскоўскіх абменных шапіках, мяняў іх на замежныя – даляры.

Затым, перасядаючы ў Вязьме і Смаленску з электрычкі на электрычку, з абшарпаным заплечнікам, паўнюткім амэрыканскіх даляраў, ён імчаў да дзяржаўнай мяжы, выдаючы сябе за простага чалавека, ледзь не бамжа і замятаючы сьлед ў Магілёве сеў на арбон да Менску, і толькі тады перавёў дух і прыняў сваё сапраўднае аблічча памяркоўнага і выхаванага менчука.

А праз тыдзень, крыху знэрваваны неабходнасьцю некуды ўладкаваць заморскія даляры, Яўген Дайнэка з ранку на працы піў каву з Балдзілавым, асьцярожна казаў нам пра гермэнэўтыку, пра свае прыгоды ў Маскве і цяперашнюю ягоную скруху. І ў гэтую хвіліну прыімчала вестка аб дэфолце, што зразу ўлагодзіла Юджына, і што для большасьці грамадзян было як гром з яснага неба і бы сярпом па яйцах.. Самі гэныя грамадзяне і вінны, бо не вывучалі гермэнэўтыку, не глядзелі ўважліва тэлебач, калі выступаюць урадавыя асобы, не слухалі, як кажуць і што ўтвараюць выбітныя людзі на твары, да чаго дакранаюцца, каго лашчуць і шчыкаюць.

Тутака мы канечне ўсім аддзелам грымнулі, – Хэя! Хэя! – вокліч швэдзкіх заўзятараў. Задаволены мы былі ўсе за калегу, што здолеў падаіць сучасных чубайсаў. Шчырыя, мілыя, даверлівыя гома саветыкусы, мы ўжо адчувалі сваю гістарычную непатрэбнасьць і ўсё неяк спрабавалі зачапіцца за сучаснае жыцьцё.

Увечары пасьля працы расьпіваючы пляшку тутэйшага жытнёвага віскі, што паставіў нам Дайнэка, мы ўсе хвалілі ягоны фінансавы спрыт. Падпіўшы, Андрусь Міхеня напрасткі выклаў пытаньне, што высьпела ў глыбіні душы кожнага мэнэджара.

– Скажы, Юджын, а дзе ты назьбіраў даляраў, што паклаў потым у расейскую піраміду пад шалёныя адсоткі.

Балдзілаў, што да гэтага казаў беззаганныя словы, сыпаў анэкдотамі, быў душой гурту, зараз засьмяяўся і вымавіў сваё улюбёнае выслоў’е.

– Маўчы – будзь хітрым Юджын! Андрусь хоча даведацца, дзе знаходзіцца ключык ад твайго дзедаўскага куфра, – і зарагатаў сваім дробненькім на дзіва прывабным сьмехам... Дайнэка лагодна зірнуў на мэнэджараў, на Міхеню і пяшчотна зазначыў.

– Як усё геніяльнае, усё проста. Пазычыў у дзядзькаў, цётак, дзядоў і бабуль, сяброў, калег, потым перавёў ва ўмоўныя адзінкі і ўклаў у фінансавую піраміду. З тэорыі вядома, што выйграюць першыя фундатары, аўтсайдэры прайграюць. Галоўнае своечасова саскочыць з піраміды.

– То ты, брат, ужо тады тэорыяй валодаў? – з сьмехам запытаўся Балдзілаў у Юджына.

– Ну а як жа без тэорыі, – шчыра прызнаўся Дайнэка.

Мяне пасьля гэтых Юджынскіх прамаўленьняў працягвала cьвідраваць тая самая недаверлівая пякучая думка: “...дзе ён усё ж, гад печаны, так насшыбаў даляраў, што цэлы заплечнік аж угінаючыся прыпёр з тае Расеі? Гэта ж не грыбы, што растуць у лесе. Пэўна з канструктарам Сямёнавым зьнюхаўся і на пару працуе, гандлюе нашымі прамысловымі сакрэтамі!”

Жнівеньскім вечарам едучы на перапоўненым грамадзянамі арбоне на Паўднёвы Захад ў двухпакаёвую шпакоўню на дзявятым паверсе да сваёй маладзіцы і недаверліва разважаючы над падзеямі дня і сяброўскай вячэры, я ўсё пытаўся ў самаго сябе: “А чаму Юджын нам расказаў пра свае прыгоды ў Маскве? Якая ў гэтым была патрэба для яго? Ён жа маўчун, чалавек, што карыстаецца жыцьцём, а не гаворыць пра яго”.

Назаўтра на сьвежую галаву я выбудаваў вэрсію гэнай загадкі. “Мабыць, Юджын хоча купіць кватэру, ці легкавік, а мо жаніцца, або прыдбаць гандлёвае памяшканьне і адчыніць ўласную прыватную краму. І, расказаўшы байку пра маскоўскія прыгоды, ён патлумачыў усім нам паходжаньне сваіх капіталаў, акрамя таго за тры пастаўленыя пляшкі жытнёвай ён нэйтралізаваў нашу назапашаную жоўць і зайздросны патэнцыял”.

З гэтага часу я пачаў непрыкметна і ўважліва назіраць за Юджынам. Раз ён такі спрытны і гермэнэўтыку ведае, то ў яго прысутнасьці я зрабіўся маўклівым, перастаў расчыняць рот без патрэбы, а дакумэнты фірмы пачаў хаваць пад ключ.

 

Менск 2005 г.

 

1 * – “чубайс” – гэта слова адпавядае панятку, што ўзьнікла на постсавецкай прасторы, якое ўвасабляе рашучасьць, мэтанакіраванасьць, гнуткасьць, выбойнасьць, лібэралізм асобы.

2 * – “Хома хомені лупус”, – чалавек чалавеку воўк.

Зьбег спрыяльных абставіна0ў

 

I

 

Сёньня раніцой Мікола Маркоўскі атрымаў кепскую навіну: пралетар Васіль, у якога ён кватараваў ужо трэці месяц, хаваючы вочы долу, зазначыў, што не мае больш магчымасьці трымаць яго ў сваёй трохпакаёўцы. Маркоўскі прадчуваў гэтую размову ўвесь апошні месяц і таму хутка склаў у валізу свае рэчы, падзякаваў за гасподу пралетару і сабраўся ісьці на вакзал, каб здаць рэчы ў камэру захоўваньня.

Ён няблага варушыўся апошнім часам, але так і не здолеў ушчаміцца ў кола запатрабаваных людзей і таму трэба было зьбірацца ды ехаць дадому ў сваё роднае Тайменава, на дняпроўскія абшары, бо грошы скончыліся і ён два дні жыў на адной гарбаце. Яшчэ б трохі, і Мікола ўціснуўся б у якую-небудзь уплывовую фірму з добрым акладам, габінэтам і даўганогімі вытанчанымі сакратаркамі. Але, відаць, гэта быў не ягоны лёс. Менск не прыняў яго. Не спатрэбіліся ні веданьне мовы, ні гісторыі Вялікага Княства, ні ягоныя камунікабэльнасьць і працавітасьць... Тутэйшае кодла жыло па нейкіх сваіх, невядомых яму, законах і нікога чужога ў сваё кола не прымала.

Маркоўскі апусьціў кранутую лёгкай сівізной галаву, не ўяўляючы, што ён будзе рабіць у Тайменаве і што скажа жонцы. І вось у гэты самы драматычны момант раптам трэнькнуў тэлефон і, ўзяўшы з моцнай таўсматай рукі пралетара Васіля слухаўку, Мікола пачуў, што ягоны нядаўні добры знаёмы, аташэ адной толькі што ўтворанай амбасады незалежнай сярэднеазіяцкай дзяржавы Руслан Магамедавіч, запрашае яго сёньня на сустрэчу, на якой яму хочуць зрабіць цікавую прапанову... Маркоўскі ўзрушана і беражліва паклаў слухаўку і пераможна зірнуў на стаяўшага ў вітальні ў сінім спартовым трыко пралетара. У вачох Міколы палаў агмень удачы.

– Не сцы, Базыль. Галоўнае – дачакацца спрыяльных абставінаў, зачапіцца, а там Маркоўскі пра цябе не забудзецца.

Мікола прудка ўхапіў з падлогі набітую рэчамі валізу і рушыў назад у пакой. Ягонае ўзбуджанае ўяўленьне малявала зусім блізкую чароўную будучыню. Гэта быў шанец. Шанец, Божа мой, той самы доўгачаканы шанец.

Мікола быў тутэйшым, надзвычай асьцярожным чалавекам, і таму за сваё жыцьцё прафукаў нямала магчымасьцяў. Шанец быў зьбегам спрыяльных абставінаў у жыцьцёвай прасторы і часе. Любы, а тым больш, сапраўдны шанец у жыцьці ніколі не паўтараўся. Вось, да прыкладу, тыя, хто некалі трымалі бронекамізэльку на знакамітым маскоўскім мітынгу1 і скарысталі непаўторны гістарычны зьбег спрыяльных варункаў, які бывае, можа, толькі адзін раз у жыцьці. Мікола Маркоўскі тады хуткім цягніком рынуўся ў сталіцу Зьвязу і ўсё ж спазьніўся, бо там ужо было не прапіхнуцца ад ахвотнікаў не тое што патрымаць бронекамізэльку, а проста пастаяць побач, сфатаграфавацца з тымі, хто яе трымаў. Прабег Мікола туды-сюды, пашукаў іншыя шанцы, напрыклад, панасіць портхвель за лідэрам, але на дурнічку ўжо было не прарвацца, такіх спрытнюгаў, што соўгаліся вакол, было процьма.

Там Мікола і ўсьвядоміў, што ён спазьніўся і не скарыстаў чарговы шанец жыцьця.

Таму, каб не марнаваць час дарма і не трапіць у гераічныя ахвяры, – была як раз патрэба ў “гераічных ахвярах” – ён паехаў дадому з іхнай сталіцы ў сваю тутэйшую. Едучы ў хуткім цягніку Масква-Брэст у пляцкартным вагоне, саракапяцігадовы лысаваты Мікола сёрбаў гарбату і, паглядаючы ў вакно на пралятаючыя краявіды, рабіў роздум адбыўшыхся неверагодных і дзівосных падзей.. Канешне, ніхто забіваць “таго, хто хаваў тулава за бронекамізэлькай”, не зьбіраўся, гэта было стварэньне ўсеагульнага ўражаньня, патрэбнай грамадзкай думкі. Свае роздумы Мікола давёў да канчатку і ва ўласную сталіцу прыехаў узброены самым найлепшым на той гістарычны момант разумовым одумам.

Цёплымі жнівеньскімі днямі ў Менску шматтысячныя натоўпы электарату сноўдаліся па вуліцах і праспэктах, як здавалася Міколу, у пошуках хоць нейкіх шанцаў. На плошчы Незалежнасьці тоўпіліся, спрачаліся пралетары, грамадзяне і інтэлігенты. Памяркоўны тубылец, гадоў пяцідзесяці на выгляд, лагодна цьвердзіў назапашаны за пражытыя гады ўласны досьвед.

– Мужыкі! Людзі! Грамадзяне! Чаму такі вэрхал? Чалавеку для шчасьця няшмат трэба! Мне, да прыкладу, дастаткова сотачку белай і кавалачак сьвежай ліверкі.

І ён паказаў у паветры палову пядзі, велічыню таго самага кавалачку.

– А вэнджанай куркі не хочаш? – спакушаў яго пасіянарны мужык у пільчаку з узрушаным выглядам, быццам спадзяваўся хутка разбагацець, мо знайсьці мех з далярамі, ці заснаваць фірму па замежным гандлі тутэйшай дзяржаўнай маёмасьцю.

– Да вэнджанай куркі трэба ўжо тры соткі белай. А гэта будзе цяжка для ўласнага бюджэту і для вантробаў. Мне для шчасьця дастаткова сотку белай і...

Палкі мужык, што, верагодна, моцна недабраў у папярэднім жыцьці, зьнішчальна зірнуў на памяркоўнага тубыльца.

– ...і кавалачак сьвежай ліверкі. А мне, дружа, трэба кватэра ў Менску. А потым – грошы, каб даць вышэйшую адукацыю дзецям, а затым дачок замуж паадаваць, ды кватэры ім пакупляць. Далей хачу легкавік прыдбаць. Усёк? І гэта не ўсё, а па сьвеце пашвэндацца. Вустрыцу паспытаць у Парыжы, Калізей у Рыме паглядзець. У цёплы акіян нырца даць. Ты, прабач, мацаў мулатак? І я не мацаў. А быў ты ў Ялце з файнай жанчынай, ад якой у цябе кроў кіпіць? Якасьць жыцьця, дружа! У гэтым увесь сэнс! Палічы, колькі грошай трэба мець? А ты – сотка белай, кавалачак ліверкі...

Людзкі натоўп, што сабраўся вакол, уважліва слухаў дыскутантаў, маўкліва перажоўваў іхныя думкі, не хілячыся ні да якога боку.

– Чэсна такія грошы не заробіш, – хітаў галавой памяркоўны. Ягоны твар пралетара вылучаў роздум:

– Акрамя таго, пры гэткіх запатрабаваньнях аніякі дзяржаўны бюджэт не вытрымае. Прахаўкаеце вы, браток, дзяржаву, а потым усё і лясьне. А без сваёй дзяржавы прападзем. Усім нам будзе хандзец! – пераканана зазначыў памяркоўны, сталы і траўлены жыцьцём тутэйшы.

На плошчах і праспэктах Маркоўскі шанцаў не ўгледзеў і таму перанёс свае пошукі ў дзяржаўныя габінэты. З ранку Мікола купляў стос палітычных, эканамічных і рэкламных газэтаў і вывучаў, усмоктваў інфармацыю. Першую палову дня ён тэлефанаваў па розных міністэрствах, фірмах, карпарацыях ды холдынгах. За колькі месяцаў тусоўкі і напружаных тэлефонных перамоваў Маркоўскі зрабіўся вядомым у кіраўнічых колах сталіцы. Адны прымалі яго за буйнога вылучэнца маскоўскага бізнэсу, другія лічылі супрацоўнікам расейскіх спэцслужбаў.

Іншы раз з ранку ён тэлефанаваў, да прыкладу, у дэпартамэнт па зьнешнім гандлі і прамаўляў.

– Добры дзень, шаноўная пані Людміла. Скажыце, Арсэн Арманьякавіч у сябе?

– Так. Але цяпер у яго паседжаньне.

– Патурбуйце яго, калі ласка.

– Вам, Арсэн Арманьякавіч, тэлефануе Мікалай Маркоўскі. Я толькі што з Масквы, так сказаць, яшчэ не астыг ад падзей.

– Так, так, дарэчы, Вам прывет ад Рафіка Галюкаевіча Алібукі, ён, калі даведаўся, што буду ў Менску, прасіў перадаць ад яго Вам шчырае прывітаньне.

Далей размова бруіла ў заўсёдным чалавечым і бюракратычным рэчышчы. Канчатак размовы працякаў звычайна наступным чынам:

– Дыпламатычны раўт з прэс-канфэрэнцыяй? Буду. Дзякуй, Арсэн Арманьякавіч. Абавязкова буду.

Кіруючыся плыньню часу, ён заказаў сабе файныя візытоўкі двух тыпаў, на адной было надрукавана: “Мікола Маркоўскі – прадстаўнік фірмы “Саюзагратэхсбыт”, г. Масква. Кандыдат эканамічных навук”. На другой можна было прачытаць, што “Мікола Маркоўскі – мэнэджар і дылер “Белтэхаграсбыт”, г. Менск. Кандыдат эканамічных навук”. Менчукам ён даваў маскоўскую візытоўку, а маскоўцам – візытоўку менскую.

У тыя, без перабольшваньня, гістарычныя часы слова “мэнэджар” рабіла незвычайнае ўражаньне на суразмоўцаў, і калі не даводзіла да экстазу, то ва ўсялякім выпадку значна падымала над звычайным узроўнем штодзённасьці. Зусім незнаёмае слова “дылер” узносіла перагаворшчыкаў зусім ужо блізка да аргазму.

Мікола стэлефанаваўся з маскоўскімі фірмамі, карпарацыямі і міністэрствамі, рэдакцыямі ўплывовых газэтаў і прапанаваў свае паслугі агента, пасрэдніка і аналітыка-аглядальніка на абшарах тутэйшай дзяржавы. Ідучы на прэс-канфэрэнцыю, прэзэнтацыю ці сустрэчу гаспадарчага актыву з якім-небудзь намесьнікам міністра, ці загадчыкам глаўку, ён ужо валодаў частковай інфармацыяй па гаспадарчых пытаньнях, што патрабавалі вырашэньня і над якімі білася процьма дзяржаўных асобаў у розных краінах СНД. Перамовы звычайна датычылі паставак зерня, бульбы, трактароў, станкоў, сельскагаспадарчай тэхнікі ўзамен на мэтал, нафту, лес, паперу... Размовы ішлі на поўным сур’ёзе, перагаворныя бакі моршчылі ілбы, пілі каву – што прыносілі даўганогія сакратаркі – абменьваліся візытоўкамі, ціснулі рукі на разьвітаньне.

На прэс-канфэрэнцыі ці прэзэнтацыі Мікола Маркоўскі заўсёды трымаўся на патрэбным узроўні, часьцяком пакутліва думаючы: дзе знайсьці трохі грошай, каб яшчэ з паўгоду пратусавацца ў коле новых знаёмых. Мікола быў чалавек шчыры, з вясковымі звычкамі сумленнага і справядлівага селяніна, гэта значыць абмежаваны, дагматычны і лухтаваты па вызначэньні. Гэтак безвынікова ён і прасоўгаўся б у асяродзьдзі, дзе шанцы ў той момант ствараліся на вачох, імкліва імчалі ў таемныя СП і ўрэшце зьнікалі з вачэй у кабінэтах загадкавых карпарацыяў ды холдынгаў, але дапамог выпадак у зусім іншай сфэры жыцьцядзейнасьці. Справа ў тым, што Мікола ўжо некалькі месяцаў жыў у свайго нядаўняга знаёмага, нацыянала і патрыёта, стомленага жыцьцём, працай і гістарычным часам пралетара Васіля. Працаваў Васіль фрэзэроўшчыкам на заводзе, часьцяком сумаваў па вёсцы, дзеля чаго трымаў пеўня і дзьвюх курак на зашклёнай лёджыі і кожным ранкам з асалодай прачынаўся пад першыя крыкі пеўня.

Жонка знаёмага, саракагадовая Клава, стрункая, цягавітая і маўклівая работніца домабудаўнічага трэсту іншы раз міжволі прыпыняла на сабе Міколаў позірк. Шчырая Клава з задавальненьнем слухала за гарбатай ягоныя размовы пра розныя здарэньні.

Міколава жыцьцё без уласнай жонкі Ніны, што покуль заставалася ў вёсцы, стварала адмысловыя цяжкасьці. Ноччу, лежачы ў ложку, не раз пакутаваў ён ад эратычных мрояў, што мэнчылі ягоную істоту. Аднойчы позна ўвечары, калі яны неяк засталіся ўдвух – Васіль на выходныя павёз дзяцей да маці Клавы ў Койданава – Мікола пасьля заўсёднай вечаровай гарбаты пайшоў у свой пакой. І вось тут яму нечакана прымроілася дзіўнае эратычна-сэксуальнае летуценьне, аднекуль узьнікла стрункая і маўклівая кабета, ад яе патыхала незвычайным юрвабным прыцяжэньнем. Яна плыла ў сьвеце поўні, што коса высьвечвала палову пакою, у расхінутым вышэй белага калена халаціку... Дзьве рукі, як белыя шыі лебедзяў, высунуліся з цьмянага чароўнага мроіва і спляліся з ягонымі моцнымі рукамі, і яны завіравалі ў дзіўным палкім карагодзе.

Ачуняў Мікола ноччу, ужо зьверху: учапіўшыся дзьвюма рукамі за мэталёвыя білы ложку, ён рытмічна бадзёра і з натхненьнем рухаўся туды-сюды, а разам з ім палка ў такт ёкала і якатала цягавітая пралетарка Клава. Канчаткова прыйшоў у сябе Мікола толькі глыбокай ноччу, пад самую раніцу, пад сьпеў першага пеўня, што пераможна загарлаў на лёджыі.

Неверагодны і хвалюючы выпадак перавярнуў ягоную сьвядомасьць, перакуліў увесь нажыты і напрацаваны папярэдні досьвед. Звычайная маўклівая жанчына-пралетар пазначыла яму без лішніх словаў новыя незнаёмыя для яго стасункі. Адказ Мікола знайшоў у той жа дзень, гартаючы Біблію: “Кожны чалавек грэшны ўжо ад дня свайго нараджэньня", – прачытаў ён і ўсё зразумеў. Зразумеў і паспакайнеў душой, а новае жыцьцё пачало ўкладацца ў ягонай сьвядомасьці па сучасных зямных лякалах. Цяпер ён ведаў, што агучаная праўда бывае шкоднай і нараджае зло, а змоўчаная няпраўда наадварот іншым разам прыносіць карысьць і можа лекаваць штодзённасьць.

Ён новымі вачыма разглядаў людзей, сярод якіх тусаваўся, і бачыў, што шмат хто з іх даўно ведае тое, што ён усьвядоміў толькі цяпер, дзякуючы дзіўнай ночы з чужой жанчынай...

Свае пачуцьці і думкі пра новае мысьленьне Мікола аднойчы выклаў Базылю, які падсунуўся да яго ўвечары з лістом для подпісаў “У абарону мовы”. Пралетар спачуваў актывістам ТБМ і нават хадзіў на мітынгі апазыцыі. Седзячы на кухні ва ўтульным крэсьле ля вакна, Мікола з смакам сёрбаў зялёную гарбату, пазіраў на пралетара Базыля, што туліўся на стуліку, згорбіўшы магутныя плечы і абапіраючыся локцямі на стол, і гэтак грунтоўна разважаў:

– Можна не любіць намэнклатуру, Базыль, але не трэба гэтую нелюбоў падкрэсьліваць. Пралетарскія пачуцьці неабходна адкінуць і ўзяць на ўзбраеньне халодны эўрапейскі прагматызм. Кіраўнічы клас – самая прафэсійная частка грамадзтва, нашая галава. А галава заўсёды разумнейшая за рукі ці ногі. Нашая мэта – разумець плынь іхных думак і мэтаў, каб потым карыстацца ў сваіх уласных справах. Варта прадбачыць уладныя хады і крокі. Не выпадкова цяпер пэўная частка гэтага кодла праз сваіх віжоў распаўсюджвае антыўрадавыя сьпісы: “У абарону мовы”, “У падтрымку апазыцыйных партыяў, лідэраў, плыняў”. Ведаеш чаму? Каб лухтаватыя патрыёты пазначылі свае прозьвішчы і адрасы. А потым яны па адным будуць вылушчваць сьвядомых з кормных і значных пасадаў, а на іх месца ставіць сваіх паслугачоў.

Мікола задумліва і цяжка паглядзеў у твар пралетара, быццам нешта хацеў у ім убачыць, і лагодна дадаў:

– Наагул падпісваць сьпісы можна і неабходна, толькі прозьвішчы і адрасы трэба пазначаць са столі...

Базыль пачырванеў ад класавага сораму, бо якраз учора падпісаў гэткі сьпіс у абарону тамтэйшай мовы. Мікола зрабіў выгляд, што не заўважыў зьбянтэжанасьці пралетара.

 

1 Падзеі 19 жніўня 1991 года ў Маскве.

II

 

На сустрэчах дзелавых колаў Маркоўскі паводзіў сябе стрымана, ветліва і ліхаманкава вучыўся трымацца ўпэўнена з манерамі запатрабаванага жыцьцём чалавека. Ягоная няўпэўненасьць была горшай рысай характару і будавалася на сялянскай мэханістычнай веры ў справядлівасьць. Але жыцьцё вакол імкліва ўсталёўвалася на спрыце, нахабстве і ашуканстве.

Ягоны новы знаёмы мэнэджар – асоба рэдкага розуму, выключна інфармаваны і ад таго цынічны – Андрусь Савіцкі часьцяком прамаўляў максыму сучаснасьці: “Не согрешиш – не покаешся! Не покаешся – не получиш прошчения! Не получиш прощения – не попадёш в рай!”

У той незабыўны дзень праводзіў сустрэчу кіраўнік дэпартамэнту зьнешняга гандлю Казюлькін Арсэн Арманьякавіч. Ён быў з самых нізоў герархічнай лесьвіцы і раней працаваў начальнікам цэху на Тамбоўшчыне. Узьняты вышэйшай уладнай сілай на дзяржаўную вышыню, Казюлькін выпраменьваў упэўненасьць. Намесьнік міністра эканомікі Трусевіч распавядаў пра дзяржаўную зьнешнегандлёвую канцэпту, ветліва адказваў на пытаньні.

У нейкі момант прэс-канфэрэнцыі, адчуўшы тое самае цьмянае, няпэўнае, неабавязковае імгненьне, якое ініцыятыўныя людзі заўсёды скарыстоўваюць з вялікай карысьцю для сябе, Мікола Маркоўскі, ламаючы сваю звыклую тутэйшую сьціпласьць, прымусіў сябе падняць руку, атрымаў дазвол на пытаньне:

– Мэнэджар “Белагратэхзбыт” і аналітык па эканамічных пытаньнях расейскага штотыднёвіка "Независимая газета" Мікола Маркоўскі.

Ён і сапраўды дасылаў у расейскі штотыднёвік некалькі дробных эканамічных допісаў, што і былі надрукаваныя ў газэце. Цяпер для прысутных ён ідэнтыфікаваў сябе як аналітыка, экспэрта па эканамічных пытаньнях, мэнэджара, але, крый Божа, не як карэспандэнта, бо адчуваў, што гэтым стварае для сябе новыя магчымасьці. Узважана пазіраючы на Арсэна Арманьякавіча, ён зьбіраўся вельмі трапна і выключна ўдала задаць балючае і сьвядома замоўчанае пэўнымі коламі пытаньне. Маркоўскі ўжо і рот расчыніў, каб сказаць: "Чаму дзяржава зьбіраецца прадаваць новыя партыі будаўнічых матэрыялаў, с/г тэхнікі па яшчэ савецкіх коштах у краіны СНД, калі не аплочаныя старыя пастаўкі?"

Але ў гэты момант ягоны позірк зусім выпадкова сьлізгануў па бакох і прыпыніўся на намесьніку міністра, што сядзеў у прэзыдыюме з грэблівым выглядам чалавека, які добра ведае тое пытаньне, што хоча па-аматарску выказаць Мікола: пра махлярскія дамовы, што не абмінулі яго ведамства. Намесьнік міністра не хацеў зараз кранаць гэтую тэму. І Маркоўскі зачыніў рот, каб, адкрыўшы яго праз імгненьне, зрабіцца за гэты час якасна іншым, ужо сучасным чалавекам, што жыве не “там і ўчора”, а "сёньня і тут".

– Шаноўны Арсэн Арманьякавіч, якім чынам міністэрства плануе правесьці перападрыхтоўку багатых досьведам савецкіх кадраў у новых рынкавых эканамічных варунках?

Намесьнік міністра з зьдзіўленьнем і нават з павагай паглядзеў на Маркоўскага. Гэтае пытаньне дазваляла памяркоўна адбіць усе наступныя самыя злосныя і пакручастыя звады і цьвярджэньні.

Арсэн Арманьякавіч абмяняўся позіркамі з намесьнікам, зрабіў заклапочаны выраз твару і прамовіў:

– Пытаньне з перападрыхтоўкай прафэсійных кадраў зьяўляецца надзвычай важным і можна без перабольшваньня зазначыць – самым галоўным. Усе эканамічныя страты, што мы маем і будзем мець яшчэ значны час, выцякаюць з гэтай праблемы: адсутнасьці кадраў, якія умелі б перш за ўсё думаць у сучасных эканамічных дачыненьнях. Мы будзем не толькі перавучваць спэцыялістаў, але і вучыцца самі, шукаць і запрашаць сучасна думаючых прафэсіяналаў, нават з іншых галінаў і ведамстваў народнай гаспадаркі.

Прафэсійна адказаў Казюлькін і зірнуў на намесьніка міністра, што ўважліва чыркануў нешта ў свой нататнік.

Маркоўскі выслухаў адказ і замовіў новае пытаньне, у якім ізноў гучаў дзяржаўны клопат. Трымаўся ён надзвычай роўна і рахмана і таму ў прысутных склалася ўражаньне, што за ім нехта стаіць.

Пасьля прэс-канфэрэнцыі, на вячэры з швэдзкім сталом, стоячы ў кулуарах з купкай мэнэджараў, Мікола паціскаў далоні знаёмых і незнаёмых людзей, што віншавалі яго з удала выказанымі пытаньнямі намесьніку міністра. Ён лавіў амбітныя позіркі ўплывовых людзей, у тым ліку і з боку замежных прадстаўніцтваў.

Андрусь Савіцкі, калупаючы відэльцам у талерцы з дармавой салатай і вяндлінай, і чэпка азіраючы натоўпы прысутных, штурхануў Маркоўскага локцем у бок, шапануў на вуха:

– Табой цікавяцца, шаноўны. Сам Андрэй Іванавіч паклаў на цябе вока. А значыць – могуць быць і прапановы.

Прапановы прыйшлі адразу дзьве. Адна ад дэпартамэнту зьнешняга гандлю на пасаду экспэрта. І другую праз аташэ Руслана Магамедавіча прапанавала сярэднеазіяцкая гандлёвая карпарацыя на месца дырэктара прадстаўніцтва. Хітрым азіятам спатрэбіўся тутэйшы чалавек, не зьвязаны з мясцовай хеўрай, разумны і працавіты, дасьведчаны і бедны, для якога невялікія грошы будуць вялікімі і які па-сапраўднаму вялікіх грошай будзе баяцца, як нячысьцік ладану.

Мікола падумаў для блізіру і хутка даў згоду быць дырэктарам. Аванс, які ён атрымаў ва ўмоўных адзінках, перасягнуў усе яго местачковыя мроі. Пры гэтым ён знайшоў час трапіць на прыём да намміністра эканомікі Трусевіча А.І. і падзякаваць яго за вельмі пачэсную прапанову, выказаўшы думку, што ў сучасных варунках яму, Міколу, мэтазгодней папрацаваць у замежным зьнешнеэканамічным прадстаўніцтве. Вывучыць дасканала, так сказаць, абшары дзейнасьці. У будучыні ён, Мікола Маркоўскі, будзе шчасьлівы працаваць у міністэрстве пад кіраўніцтвам Андрэя Іванавіча.

Намміністра ўдзячна зірнуў у Міколавыя вочы і ўрэшце, як быццам згадзіўся з ягоным меркаваньнем, нечакана шчыра i рахмана сказаў:

– Нам, Мікалай... э... э... Андрэевіч, неабходна ў бліжэйшы час закупіць па тэндэры на ўмовах конкурсу пшаніцу ў абмен на пастаўку сельскагаспадарчай тэхнікі, трактароў, мінэральных угнаеньняў, МАЗаў, лядоўняў, тэлебачаў... Можаце вы вось так адразу выканаць гэты заказ?

Ад гэткага даверу Мікола ўзьнёсься некуды высока-высока, дзе кружылася галава і лёгка страчваліся арыенціры. Ён напята і жорстка ўтаймаваў гэтую ўзьнёсласьць і вярнуў сябе на зямлю, спакойна і прагматычна, быццам рабіў гэта ўсё жыцьцё, адказаў намміністра.

– Чаму ж не, шаноўны Андрэй Іванавіч. Мы абавязаны мацаваць давер роднага ўраду!

– Калі так, то па дэталях тэндэру зьвярніцеся да начальніка дэпартамэнту Казюлькіна Арсэна Арманьякавіча.

Перамовы з начальнікам дэпартамэнту працягваліся даволі доўга. Абодва выпрацоўвалі дэталі і страхавыя моманты дамовы. На заканчэньне Арсэн Арманьякавіч прамовіў:

– Працаваць давядзецца шмат і ўпарта, як пчолка. Пры транспартаваньні тэхнікі найміце чыгуначную варту. А па заканчэньні зойдзеце да мяне з...

Ён узяў паперыну і накрэсьліў лічбы. Ад убачанай сумы Маркоўскаму раптам стала млосна. Начальнік дэпартамэнту скамячыў паперыну і паклаў яе ў кішэню. Перавёўшы дых, Маркоўскі здолеў сказаць:

– Без даху над галавой самая працавітая "пчолка" і нават чмель здохнуць. Таму "пчолкі" помняць пра свой "вулей". Па старым савецкім звычаі пры ўдалым ажыцьцяўленьні дамовы з мяне яшчэ і дзьве пляшкі ірландзкага віскі.

Начальнік дэпартамэнту на разьвітаньне моўчкі паціснуў далонь, стрымана пазіраючы на сьвежасьпечанага бізнэсмэна. У той час у бізнэс шырокай хваляй рынулася мноства хцівых людзей, сярод якіх было шмат узрошчаных савецкай уладай рамантыкаў, гультаёў, балбатуноў, імітатараў, а па-сапраўднаму цягавітых рэалістаў-працаголікаў было няшмат...

Ідучы з аўдыенцыі пахмурным вечарам па вуліцах Менску, Маркоўскі паступова ўсьведамляў, што той аванс даверу, атрыманага ад уладнага класа, ён павінен замацаваць любымі сродкамі.

Выкананьне дамовы з дэпартамэнтам зьнешняга гандлю каштавала неверагодных намаганьняў. На працягу амаль двух месяцаў Маркоўскі заключаў дамовы аб бартэрнай пастаўцы пшаніцы з прадстаўнікамі Сярэдняй Азіі, у сваю чаргу закупляў на заводах тэхніку, браў крэдыты, падбіраў каманду, дамагаўся, каб пшаніца адгружалася на Беларусь і адпавядала сэртыфікатам якасьці і толькі пасьля прыёмкі зерня ў адказ ішоў цягнік з тэхнікай. У сваёй дзейнасьці ён праявіў жалезную вытрымку, сталёвую патрабавальнасьць, бязьлітаснасьць да супрацоўнікаў, рэдкую працавітасьць і настойлівасьць...

Нарэшце, выканаўшы апошні пункт, той, што накрэсьліў на паперыне Арсэн Арманьякавіч, Мікола Андрэевіч перавёў дых і адчуў, што іспыт ім здадзены выдатна. Гэта адчувалася па той павазе да яго асобы, што пайшла ад супрацоўнікаў ягонага прадстаўніцтва, ад Руслана Магамедавіча і ад дэпартамэнту зьнешняга гандлю. У кулуарах луналі міты пра тое, як ён, Мікола Андрэевіч, з некалькімі супрацоўнікамі прыняў гераічны ўдзел у транспартаваньні эшалона з трактарамі, МАЗамі, лядоўнямі і тэлебачамі ў Сярэднюю Азію, як дрэсіраваў варту, што спрабавала п'янстваваць у дарозе. Як яны разам адбіваліся і адкупляліся ад рабаўнікоў, злодзеяў і мытнікаў на доўгім шляху цягніка.

Арсэн Арманьякавіч, сустрэўшыся з Маркоўскім у часе выкананьня апошняга пункту дамовы стрымана зазначыў, пазіраючы на загарэлага і схуднелага Міколу Андрэевіча.

– Усе пункты дамовы выкананыя. Цяпер можна паспытаць вашага ірландзкага віскі.

У параўнаньні з "вульлём" сама "пчолка" атрымала няшмат, між тым рызыкавала жыцьцём і свабодай, рабіла ўсю чорную і небясьпечную працу.

Вось гэткім чынам Маркоўскі ўхапіў гарэзьлівы лёс за грыву, што потым панёс яго па шляхах новага часу, як рэзвы і палкі жарабец.

Мікола Маркоўскі быў таленавітым аматарам, а аматары бачаць значна шырэй, чым прафэсіяналы. Прафэсіянал ведае глыбока і вузка. Аматар бачыць праблему цалкам і шырока, хоць і павярхоўна. Так і Мікола рызыкнуў схапіць уласны лёс за грыву і праз тыдзень, пасьля ўдала праведзенай прэзэнтацыі гандлёвага прадстаўніцтва, даючы інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню, зазначыў:

– Мы імкнемся ўсталяваць не тыя стасункі, што нас разьядноўваюць, а ствараць беззаганныя варункі, якія нас лучаць. Мы, беларусы, эўрапейцы, зямляне. Мы, бізнэсмэны, адказныя за будучыню. Мы яднаем людзей, народы і чалавецтва...

Казаў ён без усялякай узьнёсласьці, спакойна, памяркоўна і нядоўга, і таму не пасьпеў надакучыць слухачом. Ягоныя словы спадабаліся ўсім: грамадзянам і патрыётам, тутэйшым і імігрантам, дэмакратам і левым, і заспакоілі нават уладныя колы. Бо там зразумелі, што Маркоўскі – чалавек лагодны, талерантны і не мае шкодных амбіцыяў, таго рэвалюцыйнага і рэфарматарскага сьвербу вучыць і пераконваць усіх, як трэба жыць. Любіць Маркоўскі людзей і хоча пажыць сам, пакарыстацца жыцьцёвым посьпехам. Ну, то няхай і пажыве, і пакарыстаецца, калі здолеў адшукаць і ўхапіць шанец.

З пралетаркай Клавай Маркоўскі больш у інтымнае сужыцьцё не ўступаў, палічыўшы, што таго натхняльнага ўзроўню дасягнуць усё роўна ўжо не ўдасца, толькі сапсуеш успамін. Нячысьцік, вядома, не раз спакушаў яго, але Мікола Андрэевіч пакаяўся ў касьцёле Сьвятога Роха, што месьціўся на вуліцы Залатая Горка ў Менску, і трымаўся цьвёрда, аддаючы ўсе свае намаганьні справе назапашваньня першапачатковага капіталу. “Будзе капітал, – меркаваў ён, – будуць і ўзьнёсласьць, і натхненьне, і якасьць жыцьця”.

Ягоны партхвель-валізу цяперака цягаў былы пралетар Васіль, якога Маркоўскі ўзяў да сябе ахоўнікам, сказаўшы пры гэтым яму ў сваім габінэце:

– Твая задача, Базыль, рабіць рахманы выгляд. Маўчаць. Праслухоўваць асяродзьдзе. Атрымоўваць добры заробак, які табе і не сьніўся на заводзе. Цягаць за мной у камандзіроўках мой портхвель з паперамі, харчамі і самай найлепшай тутэйшай жытнёвай, налітай у бутэлькі з-пад ірландзкага віскі, каб частаваць бізнэсмэнаў і дзеячоў.

– А бясьпека твайго цела, шэф? – па-тутэйшаму проста запытаў апрануты ў камуфляж мажны Васіль.

Маркоўскі зірнуў на себрука з-за абкладзенага паперамі пісьмовага стала і задумліва прамовіў:

– Гэта ўжо мой клопат. Трэба так весьці справы, каб ніхто мяне забіваць не хацеў.

– А што значыць, шэф, праслухоўваць асяродзьдзе? Я шпегам ніколі не быў і быць не зьбіраюся!

– Дарэмна, што не быў... Мець доступ да вуха начальніка – ужо не абы што... Калі не хочаш, не папярэджвай... Іншыя намовяць! Толькі што яны намовяць і ў чыіх інтарэсах?.. Тады рабі грозны выгляд! І маўчы, як партызан на допыце. Праглядай абшары і будзь заўсёды пільным, не праміні небясьпеку.

Мікола Андрэевіч зрабіў заклапочаны выгляд і важка паглядзеў на Базыля:

– Наступным разам паедзеш у Казахстан з аховай цягніка і ўсё зразумееш, калі, вядома, мяркуеш даць адукацыю сыну. На тваё, як і на маё, месца цяпер ужо чарга ўтварылася ў сто чалавек... Мы з табой тут людзі выпадковыя. Таму ўтрымацца ля карыта складана.

Базыль маўчаў, вінавата моргаючы вачыма. Ягоны сын Алесь паступіў у БДУ на платнае навучаньне. Аплату ўнівэрсытэту па дамове рабіла прадстаўніцтва.

– Дарэчы, тваё віскі-жытнёвае ўплывовым людзям спадабалася. Набулькай яго з сваёй дубовай бочачкі ў дзьве імпартовыя бутэлькі з-пад ірландзкага віскі.

– Без праблемаў шэф. Нашае тутэйшае жытнёвае віскі значна лепшае за іхнае.

Шэф між тым стомлена махнуў Базылю рукой на разьвітаньне і пачаў зморана масіраваць левую частку грудзяў, паклаўшыся тулавам на сьпінку фатэля.

Быў канец працоўнага тыдня, ён сядзеў за сталом, з асалодай глытаў з кубачка гарачую каву з малаком, глядзеў, як у вечаровым марыве восеньскі вецер гоніць нізкія шэрыя хмары ўздоўж вуліцы Варвашэні, на трамвай, што імчаў па рэйках з Даўгабродзкай на возера. Потым перавёў позірк на экран кампутара з апошнімі коштамі зерня на біржах Украіны, Расеі, Казахстану, Вугоршчыны, Польшчы, Канады і падумаў, што рынкавыя стасункі на ўзровень больш бязьлітасныя, чым планавыя дачыненьні. Яму, як дырэктару, зараз зноў трэба прыдумляць новыя хады і крокі, каб не трапіць пад сякеру жорсткай канкурэнцыі, каб не пасьлізнуцца, не сесьці на лаву падсудных, не захліпнуцца ад інфаркту, не быць застрэленым...

“Выжывуць разумныя і моцныя, – узрушана думаў Маркоўскі, – а лухтаватыя, з нізкім IQ бедакі перадохнуць, як мухі ўзімку”. Ён устаў і павольна пайшоў ад крэсла да вакна, трымаючы ў руцэ кубачак з недапітай кавай.

“А хцівыя? Ці можна спадзявацца на іх? Ці разумныя яны?..”

...Трэба было пражыць жыцьцё, каб зразумець тое, што было вядома некалі з самага пачатку.

 

г.Менск 2005 г.

 

І жыць доўга-доўга...

 

Язэп, у старых зношаных джынсах і блакітнай выгарэлай на сонцы кашулі, сядзеў на лаве, на прыпынку электрацягніка “Крыжоўка”, нікога не кранаў позіркам, засяроджана разважаў над нядаўна спазнанай адмысловай акалічнасьцю.

Чамусьці паўднёвыя людзі шмат спажываюць гострага перцу, перчаць ежу так што аж вантробы гараць і між тым добра выглядаюць. Да прыкладу ягоны знаёмы паўднёвы чалавек Хачык Тарасян гадоў пяцьдзесят на выгляд, меў жонку на сваёй гістарычнай радзіме, і тутака па месцу свайго бізнэса завёў маладую тутэйшую жоначку Юлю, якая яму ўжо і сыночка Разміка нарадзіла. І вось, Хачык цяпер ходзіць задаволены, заўсёды ўпэўнены, і вясёлы з тутэйшымі людзьмі і жанчынамі. Дасціпна жартуе галган, спагадліва сьмяецца:

— Всё лучшэе, дарагой, нужно отдават сэм’е, дарагой!

А сам, галган, ужо да маладой сакратаршы падлабуньваецца. І што зьдзіўляе: паўднёвыя людзі не баяцца жаніцца нават і ў 70 год, і чыннік свой мужчынскі ўвасабляюць. Тутака ўсяго 50 год, якасьць жыцьця аніякая і мужчынскі чыннік нейдзе згубіўся і рэдка-рэдка так адшукваецца.

У Язэпа быў чарговы духоўны крызіс, які звычайна ўзмацняўся на заканчэньні жніўня, калі лета прайшло, а мроі як заўсёды не спраўдзіліся, і тады ён пачынаў чарговы раз шукаць адказ на знакамітае пытаньне : ‘’Кто виноват?‘

У глуздах Язэпа ўзьнікла яшчэ адна думка ( быў ён чалавек некалі вельмі начытаны камуністычнай літаратурай і ідэалам ягонага сьветапогляду быў Паўка Карчагін): вось паплечнік Правадыра – Віктар Міхайлавіч Молатаў быў надта гігеенічны чалавек, усё еў сьвежае, з агню, а талеркі і відэльцы перад ядой прапарываў і праціраў настойліва і пільна. Чаму?

Змагаўся з шкоднымі мікробамі, інфузорыямі і сьпірахетамі!

Таму і пражыў больш як за 90 год. От так! Таму і паўднёвыя людзі спажываюць гостры перац, каб труціць шкодных інфузорый, сьпірахет і аскарыд. Замантуліць ён, паўднёвы чалавек, добрую порцыю перца і ніякая гнойная сьпірахета, ці тым больш аскарыда, што харчуецца ўсёй плошчай свайго тулава, не вытрымлівае гэткага стрэсу і яшчэ ў дзіцячым ці юнацкім узросце адкідвае капыты.

А ў нас? Чым труцяць шкоднікаў? А нічым. Алканаўты, тыя налягаюць на спіртовыя напоі, таму іх вантробы і жылы чыстыя ад заразы, але не вытрымліваюць нервы і тым больш мужчынскі чыннік, і застаецца бедакам потым толькі співацца нэйра-дэпрэсантамі. А звычайны законапаслухмяны грамадзянін і абывацель, от як ён сам, вымушаны жыць, фактычна не жыць, а існаваць у якасьці санаторыя для шкодных спірахет і аскарыд.

Моцна абурыўся Язэп гэтай аналітычнай выснове, ад узрушанай нярвовасьці крыўдліва заёрзаў па лаве, круцячы галавой па бакох, каб інфармаваць месьцічаў аб гэткай важкай істыне, пра якую забыліся абарыгены.

Праблема была вызначана, але не вырашана. А палова зробленай справы ніколі не прыносіць выніку...

І тут да яго падсела на лаву пекная на выгляд пяцідзесяцігадовая маладзіца, з цэлым хатулём розных парасткаў, карэньчыкаў, галінак і сушанай лекавай травы. Яна церпяліва выслухала ўзрушанага Язэпа пра Віктара Міхайлавіча Молатава, пра ягонае доўгае жыцьцё, пра паўднёвых людзей, пра гостры перац, пра шкодных інфузорый і сьпірахет. Потым лагодна прамовіла:

— Ведаеш міл чалавек колькі мне год? Восемьдзесят! Дарэчы Молатаў быў Вячэславам Міхайлавічам, а не Віктарам. Астатняе ты ўсё трапна зазначыў. Дам я табе адзін рэцэпт зёлак, ён табе дапаможа пражыць доўга-доўга. Вазьмі міл-чалавек у сто грамаў гарэлкі дзьве лыжкі раструшчаных грыбоў, - яна нагнулася да вуха Язэпа і ціхенька шапанула яму ў вуха назву грыбоў, - і пастаў у лядоўню на два тыдні. Потым спажывай па лыжцы гэты настой покуль не вып̀еш. Усе ўнутраныя чарвякі, аскарыды, іхнія лічынкі зразу зьнішчацца.

Маладзіца ўзнялася, каб ісьці да вагона падехаўшай электрычкі і дадала:

— Толькі помні – гэта так нялёгка: жыць доўга!

Язэп зьдзіўлена глядзеў пекнай маладзіцы ўслед. Ён чамусьці зразу паверыў жанчыне і таму будучы на лецішчы ўзяўся зьбіраць гэтыя лекавыя грыбы і рыхтаваць на крысталаўскай гарэлцы гэны лекавы прэпарат. Пратрымаўшы ў гарэлцы раструшчаныя грыбы патрэбны час Язэп нарэшце дачакаўся тога дня, калі можна было паспытаць дзівосны напой.

Травануўшы шкодных спірахет і аскарыд, Язэп набыў цудоўнае самапачуваньня, выдатна выглядаў зьнешне, нібы цэлы месяц адпачываў у санаторыіі дзе-небудзь у Місхоры на беразе Чорнага мора. І мужчынскі чыннік аджыў, зрабіўся штодзёнай патрэбай, Язэп пяшчотна засакатаў з жанчынамі, страціў змрочнасьць і маркоту, набыў лагоднасьць і рахманасьць.

У іхняй СП ‘’Пчала’’ саракапяцігадовая Марына Тодараўна была самай небясьпечнай асобай. Як здагадваўся Язэп, таму, што чарвякі і шкодныя інфузорыіі што поедам елі яе вантробы знутры, прымушалі быць бязлітаснай, жорсткай да тых каго яна лічыла парушальнікам працоўнай упарадкаванасьці. А парушальнікамі гэтай упарадкаванасьці былі, па яе меркаваньню, усе, увесь калектыў, за выняткам галоўнага бухгалтэра і вядома іхняга кіраўніка шаноўнага Міраслава Цімафеявіча. У першы ж дзень пасля летніх вакацый Марына Тодараўна, што працавала цівуном у фірме, прычапілася да Язэпа унюхаўшы сваім сабачым нюхам той чароўны лекавы напой, якім цяпер ён штодзень лекаваўся

— Вы прыйшлі п̀яным на працу?

— Што вы, як можна, Мармона Тодараўна.

Марына Тодараўна пачырванела, як вараны рак і ўзрушана крутануўшыся пабегла ў дырэктарскі габінэт. Мармона — была ейная абразлівая мянушка, якой карысталіся саслужыўцы за яе сьпіной. Язэп пачухаў патыліцу, першы працоўны дзень прынёс першую непрыемнасьць.

Язэпа паклікалі да начальніка. Той сядзеў за сталом, як той гурган, счарнелы, змрочны, хваравіты. Паклаўшы слухаўку Міраслаў Цімафеявіч стомлена і злавесна ціха запытаў.

— Што ўжо і ты п̀еш на працы? Шчыра прызнаюся: не чакаў. А па цябе і не скажыш. Выглядаеш, як сьвежы гурок на гародзе.

— Лекуюся, таму і выглядаю, - асцярожна пасунуў свой галоўны аргумэнт Язэп.

— Лечышся, лечымся... Зараз усе лекуюцца, жруць розныя заморскія лекі, што каштуюць шалёныя грошы, а вынікі непераканаўчыя, — нявесела з маркотай прамовіў начальнік.

— Хэ, Міраслаў Цімафеявіч, трэба ведаць ад чаго лекавацца і чым лекавацца.

І Язэп выклаў сваё сучаснае гледзішча Міраславу Цімафееявічу. Выклаў, праўда з невялікім выняткам. Бо хітрым зрабіўся за час перабудовы гэты тутэйшы абырыген. Начальнік слухаў спачатку неўважліва. Але ўчуўшы пра Молатава і ягонага сябра па партыіі Кагановіча, што абодва пражылі за 90 год, той насцярожыўся і апошнія словы слухаў чэпка.

— Чыннік, Міраслаў Цімафеявіч, ого-го-го-Го! Го!

— Як так?

— А вось так! Гэтыя ж мікробы, бактэрыіі, ды аскарыды яны ж не толькі харчуюцца намі знутры, яны ж і да ветру ходзюць, па простаму кажучы, серуць у наш прыватны арганізм. Забруджваюць кроў, тлумяць глузды. Труцяць нас знутры.

— То колькі ў цябе гэнага прэпарату?

— З паўлітра, — схлусіў Язэп.

— То ты сваму любімаму кіраўніку дапаможаш зрабіць хімпраполку гэных варожых шкоднікаў?

— Яволь, шаноўны Міраслаў Цімахвеевіч.

Праз два тыдні Язэп зрабіўся найлепшым сябрам дырэктара, яму падвысілі аклад, штомесяц пачалі прэміраваць, вылучылі габінэт дзе ён цяперака сядзеў з двума маладымі супрацоўніцамі і фактычна нічога не рабіў, толькі часцяком ездзіў нібы ў камандыроўкі, а на самай справе ў лес, дзе зьбіраў лекавыя грыбы.

Але, як заўжды бывае ў жыцьці, адно вырашанае пытаньне нараджае тузін новых складанасьцяў. Язэп цяпер займаўся назапашваньнем гэных лекавых грыбоў, і не толькі гэных, але і іншых. Розных мухамораў і бледных паганак, кабылак і валушак і акрамя таго мноства траў і карэньняў: чабор і валошкі, лекавыя рамонкі і светаяньнік... На лецішчы было настаўлена мабыць з поўтысячы розных слоікаў з адварамі, настоямі і выжымкамі. На некаторых слоіках былі налепкі з чэрапам і перакрыжаванымі касьцямі.

Рэкламы ён не даваў. Праз месяц-другі да яго пацёк спачатку раўчак, а потым сапраўдная рэчка ўплывовых асоб. Усе хацелі лекавацца чароўным лекавым прэпаратам і плацілі шалёныя грошы. Язэп спачатку апрануўся як сучасны чалавек, потым купіў джып. Канкурэнты не аднойчы спрабавалі абрабаваць ягонае лецішча, аднойчы вывезлі амаль усе настоі лекаў, але дакапацца да сакрэта ягонага сапраўднага лекавага прэпарата так і не здолялі.

Яшчэ праз поўгода Язэп згарнуў бульдозерам цесьцяў дом і на яго месцы збудаваў невялікі двухпавярховы домік-катэдж з патаемнымі лёхамі, дзе ў металёвых сэйфах хаваў свой каштоўны лекавы прэпарат.

Цяпер, калі ён набыў сучасны ўзровень якасьці жыцьця, можна было жыць доўга-доўга. Язэп яшчэ не ведаў, што гэта так нялёгка: жыць доўга...

 

Менск. кастрычнік 2006 год.

 


верасень 2005

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая