epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Травень

Вокліч

I
II
III
IV


I

 

У гэтым вялікім габінэце былі яшчэ дзьве вялікія рэчы: пагоны і галава генэрал-лейтэнанта ФСБ Далмата Пятрова, які сядзеў ва ўтульным скураным фатэлі і гаварыў: стрымана, ёміста і насычана. Генэрал быў невялікага росту, нядаўна яму дабавілі зорку і ён ператварыўся ў генэрал-лейтэнанта, пасьля чаго неяк усох, здрабнеў, перарабіўся з каржакаватага здаравяка ў мізэрнага сухенькага дзядка ў форме зь непамерна вялікімі пагонамі. Магчыма, яго падсьвядомых жыцьцёвых сілаў не хапіла на чын генэрал-лейтэнанта. Засталася вялікая галава, здольная ўспрымаць інфармацыю, перапрацоўваць яе і рабіць высновы, выключная памяць, працаздольнасьць і дагматычная вера ў ідэалы расейскай імпэрыі, што дазволіла яму зрабіцца адзіным уладальнікам вялікага габінэта і ўтульнага фатэля.

Адсюль, з гэтага скуранога, цёплага крэсла генэрал-лейтэнант Далмат Пятроў распаўсюджаваў пляны і энэргію барацьбы з ворагамі імпэрыі.

Сёньня ён сьвідраваў халоднымі, нават злоснымі вачыма палкоўніка ФСБ Фарыда Іванова, які сядзеў насупраць.

- Не давай ім падняцца, адчуць смак перамогі. Аніякага посьпеху яны не павінны дасягаць самастойна. Посьпех у іх сьвядомасьці павінен быць зьвязаны толькі зь дзейнасьцю Расеі. Таму ўсё таленавітае, здольнае, ініцыятыўнае, нацыянальнае бязьлітасна затоптвай у першую і другую чаргу.

На кіруючыя пасады ў культуры, спорце, тэлебачаньні вылучай ці мясцовых дагматаў, няздараў, тупіцаў, ці расейскіх патрыётаў. Тамтэйшыя прыдуркі добра заціраюць усе мясцовыя таленты і здольнасьці. Акрамя таго, на іх фоне расейцы будуць выглядаць выключна геніяльнымі работнікамі.

Генэрал Пятроў жорстка зірнуў на палкоўніка Іванова, быццам западозрыў у ім непатрэбную для агента ўплыву мяккасьць і жаласьлівасьць.

Мы ледзь не празявалі Беларусь. У апошні момант пасьпелі піхнуць на кіраўнічае месца свайго чалавека. Але сытуацыя складаная, няпростая. Там побач - Эўропа. Шмат хто, дыхнуўшы кіслароду ў Варшаве, Празе ды Парыжы, пачаў разумець сэнс жыцьця. Таму аніякай альтэрнатывы, аніякай Эўропы. Таленавітыя і здольныя павіны назаўсёды зразумець, што могуць нечага дасягнуць, зрабіць кар'еру толькі праз Маскву, у Маскве, дзякуючы Маскве, падтрымліваючы Маскву.

Генэрал прамаўчаў, адпіў глыток са шклянкі і працягваў:

- Клясычны агент уплыву павінен валодаць мовай, гісторыяй тэрыторыі, якую трэба падпарадкаваць. У нашым выпадку ніякай мовы, ніякай гісторыі. Іх гісторыя пачалася ў 17-м годзе, датуль яны ня мелі гісторыі.

Генэрал Пятроў нешта ўспомніў, спахмурнеў і некалькі доўгіх хвілінаў разглядаў цьвёрды, валявы твар 37-гадовага палкоўніка Іванова.

- Нейкую ілюзію ім ствары, пакінь газэтку на іхняй мове. Але ўсіх здольных журналістаў перакупі ў расейскамоўныя выданьні. Нязломных - бязьлітасна ламай. Галоўнае задушыць веру ў сябе. Ня даць ім аніякага посьпеху. Калі хто нечага і дасягне - ані слова, маўчаць, абмежаваць фінансава. Ніякіх перамог. Ніякага сымбалю для аб'яднаньня.

На разьвітаньне генэрал-лёйтэнант Далмат Пятроў памякчэў, паводле расейскага звычаю набулькаў палкоўніку Фарыду Іванову шклянку добрага армянскага каньяку за ўдалую дзейнасьць у Заходняй правінцыі імпэрыі.

- Дзейнічай, палкоўнік. Гэтая марыянэтка доўга не пратрымаецца, трэба падшукаць новую фігуру на пост губэрнатара. Стварыць загадзя імідж. Працы шмат.

- А гэты куды? - запытаў палкоўнік.

- Гэты не прападзе, спрытны прайдзісьвет. Наклаў сабе ў швэйцарскія ды аўстрыйскія банкі не адзін мільён.

Генэрал адпіў глыток:

- Патрымаем на пасадзе віцэ-прэм'ера, а потым піхнём расейскім паслом у Віетнам.

 

II

 

У Менску ўсё зьмяшалася ў рэчаіснасьці. Лета ўвасобіла ў сабе помесь нязвыкла цёплай зімы і халоднай вясны. Было ціха, хранічна дыскамфортна, ураджай рос кепска, будучыня абяцала быць галоднай. Пачуццё чаканьня ўладарыла ў грамадзтве. Постсавецкі народ засынаў, паступова стагнуючы, ён усё хутчэй і хутчэй упадаў у стан анабіёзу. У той дзень на менскім стадыёне «Дынама» сабралася ўсяго некалькі тысячаў заўзятараў. Пасьля першага тайму адборачнай гульні чэмпіянату сьвету зборная Расеі перамагала зборную Беларусі зь лікам 2-0. Заўзятары ў перапынку курылі цыгарэты, пілі піва, лускалі семкі, глядзелі невідушчымі вачыма перад сабой. Надзея на лепшае жыцьцё памірала доўга і пакутліва. Сёньняшняя параза ставіла ганебную кропку ў канцы дзейства, якое зьнішчала гонар, сумленьне і свабоду гэтых людзей. Іх, хто прысутнічаў на стадыёне, прымусілі згадзіцца з тым, што яны - натоўп, ад якога не залежыць нічога, нават вынік футбольнага матча.

Заўзятары ў Кіеве і Львове, Палтаве і Віньніцы, Чаркасах і Запарожжы, па ўсёй вольнай Украіне, назіраючы па тэлевізіі гэты ганебны матч, лаяліся па-мацернаму, абзываючы сваіх братоў сьвінаводамі і бульбаводамі. Зборная Ўкраіны пры перамозе расейцаў займала другое месца ў турніры і не трапляла ў фінал футбольнага першынства сьвету.

Вітаўт спазьніўся на першы тайм і прыйшоў на цэнтральную трыбуну, змрочна балянсуючы на мяжы чорнай злобы і адчаю. Ён заняў сваё месца, паглядзеў на таблё, на маладых хлопцаў, што сядзелі побач. Міліцыянты ў бронекамізэльках, з гумовымі палкамі напагатове стаялі ў праходах, пільна ўзіраючыся ў шэрагі людзей, вышукваючы бел-чырвона-белыя сьцягі, каб адразу арыштаваць і сьцяг, і сьцяганосца. Пануючы рэжым ажыцьцяўляў пляны імпэрскай Расеі, душыў праявы этнічнай сьвядомасьці народу нават у спорце.

- Чаго так сумна? - Вітаўт зірнуў на маладых.

- Прайграём, - юнак побач пацягнуў з бляшанкі піва і невыразна паглядзеў на Вітаўта. У сініх вачах хлопца ўжо зьзяла абыякавасьць як спроба захаваньня душы ад адчаю.

- Вынік заплянаваны ў Маскве, што тут незразумелага? Яны ж ходзяць па полі, аніякай барацьбы, - павярнуўся да Вітаўта ладна зьбіты малады мужчына ў штармоўцы, у вачах яго стаялі дзікая злосьць і роспач.

- Гэта гульня - яшчэ адно пацьверджаньне паслухмянасьці беларусаў, нашай любові да «вялікага расейскага народу». За гэта мы атрымаем газ, электраэнэргію, сыравіну... яшчэ нешта..., - апошнія словы мужчына вымавіў зь непрыхаваным раздражненьнем.

- А калі перайначыць гэты вынік? Парушыць пляны маскоўскіх стратэгаў? Зьмяніць хаду падзей? Га? - разважыў у голас Вітаўт.

- Думка цікавая, але як? - пахмурна адказаў мужчына сьпераду.

- Можа, здымем порткі, абуем буцы ды на поле? Га? - усьміхнуўся хлопец зьлева.

Вітаўт доўга маўчаў. Яны ўсе былі аб'яднаныя жаданьнем свабоды, пераможнасьці Радзімы. Ва ўяўленьні Вітаўта паўсталі героі мінуўшчыны.

- Мужыкі, успомнім старажытных ваяроў, Давіда Гарадзенскага і яго гераічную барацьбу з тэўтонамі, вялікіх князёў Вітаўта і Міндоўга. Тых, хто загінуў пад Грунвальдам. Іх шлях да Грунвальда. Іх сумнеў, тугу, невядомасьць, А потым - жорсткую сечу, калі трэба было цярпець, змагацца і гінуць дзеля Перамогі.

Вітаўт гаварыў марудна і ціха. Кожнае слова клалася, як важкі камень у сьцяну абарончага збудаваньня. Ён змоўк і доўга, амаль хвіліну, маўчаў, апусьціўшы сівую галаву долу.

- Перамогі заўсёды патрабавалі магутных намаганьняў, - прашаптаў ён.

- Слава Героям, - ціха сказаў ён.

- Слава Героям! - паўтарыў ён ізноў. Суседзі, маладыя хлопцы і мужыкі наперадзе са зьдзіўленьнем і інтарэсам паглядзелі на Вітаўта, яны нібы пачалі прачынацца.

На поле выбеглі футбалісты зборных Расеі і Беларусі.

Вітаўт разагнуў плечы, падняў літую глыбу стрыжанай сівой галавы, быццам неймаверны цяжар.

- Пагоня, - з намаганьнем і адным словам прамовіў Вітаўт.

- Па-го-ня! - энэргічна, рашуча, цьвёрда, непахісна пачаў скандаваць Вітаўт. Ён выпраменьваў упэўненасьць, зь ім побач нябачна стаялі ваяры, што палеглі пад Грунвальдам амаль 600 гадоў назад.

- Па-го-ня! Па-го-ня! - спакойна, упэўнена, рашуча, цьвёрда, з унутранай сілай. Моладзь навокал Вітаўта падхапіла вокліч.

- Па-го-ня! Па-го-ня! Па-го-ня! - вокліч панёсься па трыбунах стадыёну. Ужо скандавала некалькі соцень заўзятараў. Яшчэ некалькі імгненьняў, і ў адзіным пачуцьці, шчырым, адчайным жаданьні Перамогі ўсе, хто прысутічаў на стадыёне, усталі. Як быццам сьвежы вецер з акіяну пранёсься над трыбунамі і вырваўся на футбольнае поле.

 

III

 

Палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў, накіраваны ў Менск для ўвасабленьня імпэрскіх плянаў Расеі, ажыцьцяўляў кантроль за ходам футбольнага матча зборных Расеі і Беларусі.

Утульна ўладкаваўшыся ў крэсьле на трэцім паверсе штаб-кватэры СНГ, налкоўнік назіраў хаду гульні па тэлевізіі і маленькімі глыткамі смакаваў каву. Зрэдку ён паглядаў на сакратарку-рэфэрэнта Аліну Бандарэвіч, прыгажуню зь непаўторнай паставай. Ад Аліны ішла хваля такіх моцных флюідаў, што ў 37-гадовага палкоўніка ФСБ ад спакусы пацелі далоні.

- Як Вы думаеце, Фарыд Ахмедавіч, хто сёньня пераможа, вашы ці нашы? - Аліна зірнула на Іванова сваімі чароўнымі цёмна-сінімі вачыма.

- Бульбаводы няздатныя да перамог. Яны ўжо прайгралі ўсё, што можна было прайграць, на сто гадоў наперад.

Палкоўнік выключыў гук у тэлевізары. З футболам ўсё ясна. Можна было пераходзіць да прыемнай падрыхтоўчай працы, зьвязанай зь вярбоўкай агента.

- Называй мяне проста Фарыд, - палкоўнік падышоў да Аліны, аблапіў позіркам увесь непаўторны зьбег славутай сынусоіды, стрымаўшы зьвярыны крык жаданьня, пасьля па-партыйнаму моцна, упэўнена ўзяў дзьвюма рукамі за сьцёгны і магутна - ня вырвацца і не паварушыцца - прытуліў да сябе.

- Фарыд Ахмедавіч, Вы што, з глузду зьехалі? - спалохана закрычала Аліна.

На другім паверсе будынка рэфэрэнт па міжнародных справах СНГ Арсэн Гайдукоў, ён жа сакрэтны агент ФСБ, назіраючы ў маніторы разьвіцьцё падзеяў, уключыў тэлезапіс.

Між тым на футбольным полі адбылося непрыкметнае здарэньне, на замену выйшаў паўабаронца Кастусь Канапелька. Ён выбег, падхоплены магутным жаданьнем тысяч людзей аказаць супраціў, змагацца і перамагчы.

- Па-го-ня, Па-го-ня, Па-го-ня, - стагнаў, енчыў, плакаў, патрабаваў, пагражаў стадыён, і ў гэтым крыку-стогне яны, футбалісты зборнай Беларусі, чулі водгалас усіх тых няшчасьцяў, што выпалі на долю іхнага шматпакутнага народа. Сёньня, праз гады пасьля Чарнобыля, сваякі гэтых людзей валіліся адзін за адным у магілу, пакідаючы безабароннымі сваіх дзяцей, жонак і мужоў у адзіноце перад разрухай, беспрацоўем, голадам... Кастусь праглынуў камяк, змахнуў сьлёзы. Капітан каманды Алесь Юркевіч падбег да яго, узрушана запытаў:

- Што?

- Што, - адказаў Кастусь, - ня бачыш што! Трэба Перамога.

Алесь узрадавана і адначасова злосна хітануў галавой. У Алеся безнадзейна хворая жонка памірала ў Бараўлянах, і яму ня трэба было шмат слоў.

Каманда Беларусі пачала гуляць у зусім іншую гульню, настойлівую, тэхнічную, стваральную. На 61-й хвіліне матча Кастусь Канапелька ў падкаце забраў мяч у цэнтра абароны расейцаў Сяргея Мамедава і, набіраючы хуткасьць, памчаў наперад, на супрацьходзе праскочыў праз расейскую абарону, прайшоў крыху на край, на кут штрафной, магутна паскорыўся і выкаціўся на брамніка расейцаў Руслана Бабіджакава, які маланкай кінуўся ў ногі. Кастусь імгненна катануў мяч уздоўж пустой брамы, і Юрась Старавойтаў з асалодай увагнаў гол у сетку неабароненай брамы зборнай Расеі. Стадыён выбухнуў стогнам радасьці. Цыгарэты, бляшанкі зь півам, газэты і часопісы, - усё было імгненна кінута долу.

- Па-го-ня! Па-го-ня! - у адзіным жаданьні тысячы галасоў заўзятараў прасілі працягу.

Пасьля хуткай імклівай перапасоўкі ў цэнтры поля, такой, што нават у заўзятараў закруцілася ў галовах, Кастусь Канапелька атрымаў мяч, паскорыўся, адарваўся ад абаронцаў на нейкія сантымэтры і магутна стрэліў па браме нізам. Бабіджакаў тыграм скокнуў у кут, адбіў мяч перад сабою, і цэнтральны нападнік беларусаў Алесь Юркевіч ластаўкай выскачыў з натоўпу футбалістаў і галавой загнаў мяч пад бэльку. Лік стаў 2:2.

- Па-го-ня! Па-го-ня! Па-го-ня! - скандаваў народ. Здавалася, што дзесьці грозна грымеў гром... Ціхі, памяркоўны дзень некуды зьнік, на зьмену яму прыйшоў суворы, непрадказальны, трывожны час. Час дзеяньня і барацьбы.

Міліцыянты разгублена бегалі па трыбунах, ня ведаючы, што рабіць. Тэлекамэнтатары, як попкі паўтаралі, што пры ліку 2:2 зборная Расеі ўсё адно абыходзіць зборную Ўкрайны паводле лепшай розьніцы мячоў і займае першае месца ў турніры.

Генэрал-лейтэнант Далмат Пятроў з Масквы па вяртушцы шукаў палкоўніка Фарыда Іванова, які ў гэты час вёў актыўную барацьбу за штонікі Аліны, якія ўсё ніяк не здымаліся.

Рэфэрэнт СНГ Арсэн Гайдукоў, ён жа агэнт ФСБ у Менску, паглядаў на тэлеманіторы за няўдалымі патугамі Фарыда і задаволена пасьмейваўся ў а-ля прэзыдэнцкія вусы.

- Па-го-ня! Па-го-ня! Па-го-ня! - стадыён грозна патрабаваў Перамогі.

Расейская зборная рванулася ўперад, але каманда Кастуся Канапелькі гуляла на роўных. Яны ўжо паверылі ў сябе. Гэтая роўнасьць беларусаў, іх халодна-жорсткая прагматычная гульня вымушала расейцаў злаваць, бо роўнасьць учорашніх аўтсайдэраў абражала іхную годнасьць і стварала псыхалягічны дыскамфорт. Супраць расейцаў гуляла тэхнічная, жорсткая, злосная непахісна-валявая каманда, якая ведала нешта, чаго ня ведалі яны. На вачах заўзятараў адбываўся дзіўны пералом - нараджэньне каманды пераможцаў.

 

IV

 

Палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў пераўзбудзіўся. Ягонаму целу патрэбна была гэтая ашаламляльная пастава, маладосьць і шчырасьць гэтай жанчыны, яе тэмпэрамэнт, яе энэргічныя рухі насустрач. Ён каротка і рэзка, без замаху ўдарыў далоньню па шчацэ Аліны, каб аглушыць яе і выклікаць шок. Потым, схапіўшы за кофтачку, белую з гальштукам і гузікамі, зь сілай ірвануў яе ў розныя бакі, так што гузікі кулямі заляскаталі па габінэце. Дзівосныя, рэдкай прыгажосьці грудзі белай жанчыны паўсталі перад вачыма Фарыда. Палкоўнік загырчэў па-тыгрынаму жорстка, бязьлітасна. Зараз ён кінецца, разарве гэтыя прыгожыя штонікі і растопча жыццё прыгажуні. Але ў гэты момант недзе блізка так пагрозьліва і моцна грымнула, нібы лёгкі землятрус прайшоў па пакоі. Захісталіся люстры, зазьвінелі шыбы ў вокнах.

Амаль поўны стадыён заўзятараў - за паўгадзіны туды набегла тысяч трыдцаць пяць народу - стоячы вітаў трэці гол зборнай Беларусі, які забіў Кастусь Канапелька.

Ад такой жудаснай несправядлівасьці расейская зборная аслупянела і за хвіліну да канца гульні атрымала чацьвёрты гол у сваю браму. Палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў, кінуўшы Аліну і пазіраючы ў экран тэлевізара, ліхаманкава даваў каманду па міні-рацыі сваім агентам, што знаходзіліся на трыбунах стадыёна.

- Я - «Калуга», я - «Калуга», слухайце мяне: «Енісей», «Ангара», «Волга», «Астрахань», «Саратаў», «Волагда», «Іртыш», «Дон» з сваімі групамі дзейнічаць па пляне нумар тры. Паўтараю, дзейнічаць па пляне нумар тры...

Плян нумар тры прадугледжваў шырокамаштабную правакацыю.

У гэты момант рэфэры матча, судзьдзя міжнароднай катэгорыі з Латвіі падняў рукі ўгору. 4:2 на карысьць зборнай Беларусі. Каманда Ўкраіны выйшла ў фінал чэмпіянату сьвету. На стадыёне заўзятары грымелі дзесяткамі тысячаў галасоў:

- Слава Героям! Слава Героям! Слава Героям!

Алесь Юркевіч, капітан каманды, плакаў, не саромеючыся, у цэнтры поля і выціраў сьлёзы дзьвюма рукамі. Уся каманда абступіла яго, віншавала з двума галамі, а ён заліваўся сьлязьмі на вачах усёй Эўропы. Ён плакаў аб сваім страчаным жыцьці, аб каханай жанчыне, што пакутліва памірала ў анкалёгіі, аб першай Перамозе зь вялікай літары.

У Кіеве, на Хрышчаціку дзясяткі тысяч кіеўлянаў скандавалі «Жыве Беларусь!» Усё мужчынскае насельніцтва Ўкраіны выйшла на вуліцы і сьвяткавала Перамогу зборнай Беларусі.

Генэрал ФСБ, атрымаўшы праз сакрэтны тэлеканал тэлезапіс, з шалёнай злосьцю назіраў за патугамі палкоўніка Фарыда Іванова.

Савет Бясьпекі Беларусі ў поўным складзе сабраўся ў прэзыдэнцкім палацы і чакаў самога прэзыдэнта, які вёў перамовы з Масквой пра накіраваньне ў Менск часьцей Пскоўскай і Разанскай дывіязіяў парашутна-дэсантных войскаў.

Праз гадзіну палкоўнік ФСБ Фарыд Іваноў панура сядаў у машыну, каб ехаць на аэрадром, на тэрміновы выклік з Масквы. Запруць у Хакасію на 10 гадоў, з жахам думаў Фарыд. Глухі страх перад дзікай, азіяцкай Сібір'ю мядзьведзем варочаўся ў ягонай душы. Праспэкт Скарыны, запоўнены натоўпамі людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, сьмяяўся, сьпяваў, сьвяткаваў сваю Перамогу. «Вольва» марудна рухалася па праспэкце, над пярэднім крылом легкавіка трапятаў дзяржаўны сьцяжок Расеі. Аднекуль з натоўпу вылецела нешта бліскучае і ўрэзалася ў лабавое браняванае шкло самахода, заліўшы фарбай палову паверхні.

- Прыехалі, - кіроўца ўключыў хістачкі дворніка, якія размазалі фарбу па ўсім шкле, і адразу выключыў іх, зразумеўшы сваю памылку.

- Трэба зьняць сьцяжок, а то тут нас і пахаваюць, - прамырмытаў Фарыд Іваноў.

Дывізіі ПДВ Расеі ўпаўзалі ў чорныя пашчы ваенна-транспартных летакоў.

Войскі НАТО, паднятыя па трывозе на ўсім Эўрапейскім кантынэнце, прыводзіліся ў баявую гатоўнасьць.

Гісторыя, нібы прачнуўшыся, хутка імкнулася наперад.

Генэрал-лейтенант ФСБ Далмат Пятроў, седзячы ў сваім маскоўскім габінэце, у цёплым скураным крэсьле, стомлена заплюшчыў вочы. Нягледзячы на поўны крах місіі Фарыда Іванова, ён са зьдзіўленьнем адчуў у глыбіні душы задаволенасьць. Здаравяк Фарыд усё ж ня здолеў абламаць беларускую прыгажуню, і гэта было прыемна старому імпатэнту Далмату Пятрову. Не сьпяшаючыся, ён смакаваў усе падрабязнасьці гэтай чужой жыцьцёвай паразы... Няўдача прыгажуна Фарыда пры ўмелай падачы можа спадабацца ўсім вышэйшым кіраўнікам ФСБ, прэм'ер-міністру, і магчыма, самому Прэзыдэнту...

Дзядок задаволена пачомкаў вуснамі, быццам абсмоктваў смажанага ў сьмятане карася.

Параза ў Беларусі, яна чакалася даўно, была стратэгічна абумоўлена, і ўсе лёгка ды задаволена сьпіхнуць яе на палкоўніка-прыгажуна Фарыда Іванова.

Генэрал задрамаў, яму сьніўся луг і ён, малады афіцэр КДБ, як жарабок, імчыць па зялёнай траве, хутка наганяючы Аліну Бандарэвіч, якая ўцякае ад яго і спалохана раз-пораз азіраецца. Зараз ён схопіць яе, паваліць у траву, пачне рваць розныя жаночыя адзежы, дабярэцца да яе дзіўнага цела і пакажа, што значыць сапраўдны расейскі мужык.

Дзядок-генэрал сапеў, пускаючы сьліні, і сьніў, сьніў, сьніў тое, чаго так моцна хацеў, жадаў, пра што марыў...

І разам з генэралам спала і марыла ў сьне пра сваю вялікасьць уся неабсяжная Расея, гісторыя якой нетаропка рухалася па вытаптаным стагодзьдзямі коле.

 

30 чэрвеня 1997 г.


чэрвень 1997

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Аповед друкаваўся ў «Нашай Ніве» ў жніўні 1997 г.