epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Травень

Жарт

Непаўторны пах лесу зьмяшаўся з водарам туману, што на сьвітанку сышоў з поля і дзе-ні-дзе затрымаўся сярод дрэў. Драбнюсенькія кропелькі прайшоўшага ноччу дажджу абсыпалі яліны, і пад першымі промнямі сонца, што напрасткі прасьвечвалі лес, цёмна-смарагдавыя дрэвы зьзялі мірыядамі зьнічак. Пругкі мох дываном слаўся пад нагамі. Стаяла мяккая першабытная цішыня.

Казімір Гурскі зрабіў колькі крокаў і спыніўся, узіраючыся ў прыгажосьць восеньскага лесу і слухаючы цішыню. У гэтай незасьмечанай гукавой штодзённасьцю гарадоў цішы прысутнічала вечнасьць. У кроплі часу сустрэліся мінулае і будачае і, той, хто добра ведаў мінулае, ужо разумеў рэчаіснасьць і мог прадбачыць хаду падзей.

Казік удыхаў настой хваёвага паветра, напружана слухаў, думаў, і так і гэтак зьбіраючы ланцуг будучых падзей і ўсялякі раз атрымлівалася нядобра, пагрозліва, трывожна.

Ноччу лесам прайшоў дзік, там-сям па-гаспадарску калупнуў лычом зямлю, узьвярнуў на срабрысты дыван імху шэра-буры падзол. На імху, пяску і шэрай лясной зямлі засталіся буйныя сляды капытоў ляснога волата. Казік заўважыў цёмны цыліндрык на вывернутым жоўтым жвіры каля яміны, нагнуўся і ўзяў у рукі маленькі патрон. Больш паўстагодзя мірнага суіснавання сістэм патрон праляжаў у лесе на ўзгорку ля былога акопа, не саржавеў, захаваў усю вонкавую моц. Цяпер ён выпраменьваў жаданьне захавацца, як сьведка іншай гістарычнай эпохі, напамін пра час, калі людзі вырашалі ўзніклыя супярэчнасьці з дапамогай гэткіх маленькіх цыліндрыкаў.

Казік патрымаў патрон у руцэ, пакруціў, разглядаючы яго, потым паклаў у кішэню.

Патрон як кропля мінулага, сустрэўся ў кроплі часу зь ім, суб'ектыўнай крупкай сучаснасьці. З трох дзейсных сілаў быцьця самым невядомым і незразумелым быў ён, Казімір Гурскі.

У цяжкім задуменьні Казік рушыў зь лесу. У будучыні заўсёды прысутнічала дылема: удзельнічаць ці назіраць за хадой падзей. Спроба застацца ўбаку была толькі марным прывідам. Хто ня дзейнічаў, рана ці позна рабіўся ахвярай. Бо хто баіцца ці беспадстаўна мроіць - той ужо прайграў.

Увечары, вяртаючыся цягніком у Менск, ён углядаўся ў чалавечы статак, што ехаў у вагоне побач: рухаўся, дыхаў, размаўляў, чытаў, еў, сьмяяўся, іншы раз спрачаўся, але збольшага маўчаў. Маўчанне было абсалютнай дамінантай існаваньня гэтага, магчыма, нават і ня статка, а, хутчэй, біямасы, электарату. У статку ёсьць лідэры, важакі, існуе гіерархія, памкненьні, мэта існаваньня. У біямасы адсутнічае гіерархія, няма мінулага, яе не цікавіць будучыня. Магчыма, электарат быў глебай...

Да Казіміра зьвярнуўся мужчына ў цёплай вайсковай дахоўцы, на выгляд адстаўнік.

- Не падкажаце, як лепей трапіць на вуліцу Горкага?

Казік змрочна зірнуў у вочы адстаўніка:

- Такой вуліцы ў Менску няма.

- Кажуць, працяг Нямігі.

- У адзін бок Нямігі ідзе Койданаўская, у другі бок, паўночны, Максіма Багдановіча.

- Наагул, мне патрэбна расейская амбасада.

- На Нямізе сядзеце на 53-ці тралейбус, даедзеце да кадэцкай вучэльні імя Касьцюшкі і там на вуліцы Джахара Дудаева, былой Камуністычнай, зьвернеце леваруч на захад і дойдзеце да сваёй расейскай амбасады.

- Дзякуй, дзякуй, - адстаўнік занатаваў пачутае ў нататнік.

- Якая яшчэ Койданаўская, Джахара, Касьцюшкі, што за херня? - незадаволена і гучна запытаў юнак з голенай галавой у чорнай скуранцы з агрэсіўна-злавесным выглядам, што сядзеў з другога боку лаўкі з кампаніяй падпітых сяброў і смактаў піва з бутэлькі.

- Пасьля трагічнай гібелі Джахара патрыёты перайменавалі вуліцу Камуністычную ў вуліцу Дудаева, - церпяліва патлумачыў Казік, не зважаючы на некаторае варушэнне электарата, які раптам змоўк.

Юнак злосна зірнуў на Казіка, хацеў нешта зацьвердзіць, позіркі іх сустрэліся. Маладое, ваўчанё, што набірае моц, сустрэла змрочны позірк тыгра і ня вытрымала, адвяло вочы ўбок.

Казімір Гурскі жыў у горадзе, дзе вуліцы і плошчы былі носьбітамі знакамітых імён гераічнай мінуўшчыны, і яны, гэтыя назвы-імёны кожны дзень натхнялі яго на зьдзяйсьненне чагосьці важкага і значнага. Ён вырашыў не чакаць, покуль «глеба» дарасьце да грамадзянскай ці нацыянальнай сьвядомасьці, гэтак можна і не дачакацца. І таму пачаў карыстацца знакавымі сымбалямі, якія былі прыемныя яго сэрцу. Вуліцу Дзяржынскага перайменаваў у Койданаўскую, Камуністычную ў Дудаева, парк Горкага - у парк Еўфрасіньні Полацкай, Кастрычніцкую ў плошчу Караля Вітаўта, парк Чалюскінцаў у парк Давыда Гарадзенскага. Меўся яшчэ шэраг назоваў, якімі карыстаўся Казік. У ягоным горадзе быў праспэкт Адама Міцкевіча і бульвар Кастуся Астроскага, Грунвальдзкая плошча і пляц 53 Памёрлых Нявінна, Мэмарыял Ахвяраў Чарнобыля і праспэкт Агінскага...

Казімір Гурскі, шляхціц некалі магутнага шляхецкага роду, стварыў і ўявіў сабе свой горад і ўтульна ў ім жыў, у той час як прыхадні выдумалі горад з вуліцамі герояў-прывідаў, якія былі ўтопіямі імпэрскага часу і ўсё яшчэ працягвалі мроіць...

Прайшло колькі дзён. Аднойчы раніцой Казік, як заўседы, займаўся фізычнымі практыкаваньнямі пад песьні Цоя і Шалкевіча. У спартовых блакітных портках, зебраўцы, шырокі ў касьці й хударлявы, пругкі, ён упарта мацаваў сваё сэрца, цягліцы, дых, позірк і падсьвядомасьць. Ужо змоклы ад затрачаных высілкаў, Казік паменшыў тэмп выкананьня і перайшоў у мяккі рытм заканчэньня. Раз-пораз ён пазіраў на пісьмовы стол, дзе блішчэў знойдзены ў лесе патрон.

З усіх шматлікіх рэчаў, што меліся ў пакоі, патрон апошнім часам часьцей за іншыя трапляў на вочы, ён проста прымусова прыцягваў увагу.

Патрон стаяў на пісьмовым стале сярод газэт, кніжак, алоўкаў і розных набытых у вандроўках сувэніраў. Сёньня ён вылучаў спакой, нават задаволенасьць тым, што ня згніў там, у лесе, у былым акопе, які стаў проста ямінай, захаваўся, не ператварыўся ў зьедзенае іржой нішто.

Казік уважліва разглядаў яго, дзівячыся, як патрон зьмяняе сваю існасьць, кожны новы дзень ён вылучаў розную аўру, якая залежала ад існуючых у гэты момант абставінаў.

Патрон належаў да гістарычнай эпохі, дзе ўсё было іншым. Дзе пытаньні жыцьця і сьмерці, праўды і няпраўды, справядлівасьці вырашаліся людзьмі звыклымі да канкрэтных дзеяньняў. Перажыўшы эпоху, патрон захаваў яе дух, яе паветра, яе дзейснасьць і выніковасьць. Тым часам, новая гістарычная рэчаіснасьць набывала некаторыя прыкметы той, былой ваяўнічай эпохі і таму патрон зьмяняўся і аджываў. Эпоха вярталася і стварала магчымасьць ня толькі прысутнічаць, але і ўдзельнічаць, і нават зьдзейсьніцца.

Казік кожную раніцу спачатку задумліва, а празь нейкі час ужо занепакоена пазіраў на гэты маленькі, шэры цыліндрык з кругленькай бліскучай галоўкай, утопленай у гільзе.

Будучы часьцінкай рэчаіснасьці, кропляй быцьця, патрон нейкім чынам адлюстроўваў усе тыя падзеі, якія адбываліся ў вялікім, бясконцым акіяне жыцьця, што бушаваў за вокнамі кватэры Казіміра Гурскага. Цяпер патрон вылучаў жаданьне апынуцца там, дзе віруюць падзеі, трапіць у рукі майстра, таго, хто ўмее і любіць карыстаца галоўным аргумэнтам любой спрэчкі. Вяртаўся час, калі ён, патрон, ізноў рабіўся носьбітам моцы і меў непасрэднае дачыненьне да ўлады. Ён мацаваў уладу, зьнішчаў хісткасьць, дзеяў цьвёрдасьць.

Патрон меў кулю. Той самы кавалачак мэталёвай абалонкі і сьвінца, якога так баяліся ўсе. Куля была альфай і амэгай патрона, яго галоўнай каштоўнасьцю, галоўным сэнсам патрона. Куля, яго куля, ставіла апошнюю кропку на патыліцы ці ілбе тых, хто ставаў перашкодай на шляху да цьвёрдага жыцьця, цьвёрдай улады.

У канцы сьнежня ўлада наладзіла ўрачыстае сьвяткаваньне сустрэчы новага тысячагодзьдзя. На сьвята запрасілі прадстаўнікоў братняга народу й вылучэнцаў працоўных калектываў краіны. Казік як адзін зь лепшых ІТР заводу рухавікоў, атрымаў запрашэньне на вечарыну з цьвёрдым наказам - быць добра апранутым, паголеным, вясёлым, памяркоўным і сур'ёзным. Прафсаюзны лідэр Алесь Бахановіч, даючы запрашальны квіток на вечарыну, шапнуў на вуха Казіку: «Табе пашанцавала, магчыма, будзе сам ГнУ*!»

* ГнУ - Галоўны носьбіт Улады.

У суботу надвячоркам Казік, зьбіраючыся на сьвяткаваньне, змрочна апрануў белую кашулю, прычапіў гальштук, і тут позірк яго сутыкнуўся з патронам, які выпраменьваў магутнае жаданьне ўдзельнічаць. Казік узяў патрон у руку, пакруціў, падкінуў уверх, злавіў і нечакана ўсьміхнуўся. Ён рушыў на кухню, паставіў на камфорку рондаль, наліў вады, запаліў агонь і, дачакаўшы, калі вада закіпіць, кінуў у кіпень патрон.

- Крышку паварыся, аргумэнт, - задумліва прамармытаў Казік і пайшоў у пакой надзяваць порткі.

За квартал да дому афіцэраў, дзе павіна была адбыцца вечарына, стаялі ланцугі міліцыянтаў, АМАПа і яшчэ хрэн ведама каго, у плямістых портках і дахоўках. Гэткія здаравеныя дзецюкі ў пунсовых, чорных, блакітных барэтах, наеўшыя на дзяржаўных харчах таўсьценыя пысы.

На ўваходзе ў дом афіцэраў Казіка ветліва абмацалі, правялі нейкай электроннай штуковінай па плячах і сьцёгнах. Патрон быў запхнуты пад мэталёвую спражку дзягі. Пад уважлівымі позіркамі людзей у цывільным, што стаялі ў кутах фае, Казік разам з натоўпам запрошаных пайшоў у партэр да свайго мейсца.

У праходзе ён паправіў дзягу і непрыкметна ціскануў пальцам вараны ў кіпені патрон уніз, на імгненьне сагнуўшы нагу, так што мэталёвы цыліндрык, даляцеўшы да калена, затрымаўся ў калашыне і, калі Казік выпрастаў нагу, ён ціхенька выкаціўся на дывановы ходнік.

Ніхто і не заўважыў маленькі цыліндрык, бо ўсе, хто ішлі побач, узіраліся ў квіткі, шукаючы месца, ці пазіралі ўперад, выглядаючы носьбітаў улады.

Прагучаў апошні званок. Госьці паселі на свае месцы. Пачалася ўрачыстая вечарына, прысьвечаная сьвяткаваньню сустрэчы новага тысячагодзьдзя.

Маёр службы бясьпекі ў цывільным, які сядзеў збоку, прафэсійны, выдрэсіраваны імпэрскі дог першым убачыў маленькі, цёмны цыліндрык, што лагодна ляжаў на чырвоным дыване ходніка. Ён аж падскочыў у крэсле, імкліва схіліў галаву да каўняра і, прыкрыўшыся даланёй, пачаў хутка шэптам дакладаць аб здарэньні начальніку бясьпекі Ўрсану Джахоеву.

Празь некалькі сэкунд у зале пачуўся сыгнал трывогі, Галоўнага носьбіта Ўлады абкружылі некалькі ланцугоў аховы, як жанчын, так і мужчын, усе ў цывільнай вопратцы. Адзін ланцуг - вонкавы, увесь другі шэраг, устаў, павярнуўся тварам да залі, пільна сачыў за кожным рухам гасьцей, трымаючы правыя, некаторыя левыя рукі пад пільчакамі. Першы шэраг, імгненна ўзьняўшыся зь месцаў, утварыў унутранае кола вакол Галоўнага носьбіта Ўлады, які ў атачэньні аховы трушком пабег да выйсьця.

Аднекуль зьверху прагучаў уладарны загад.

- Усім заставаца на месцах.

Па дывановай сьцежцы ўжо беглі экспэрты спэцслужбаў. Патрон спачатку пачалі фатаграфаваць, потым пінцэтам перанесьлі на спэцыяльную талерачку, далі панюхаць нейкаму незвычайнаму невялічкаму сабачку, які ўважліва і старанна абнюхваў цыліндрык сваім доўгім, бліскучым носам, усё ўдыхаў і ўдыхаў паветра, якое абкружала патрон. Потым шчанюк зморшчыўся і нечакана чхнуў, ізноў зморшчыўся і зноў гучна чхнуў. Нехта ў зале, з тых, хто знаходзіўся паблізу і бачыў усё маляўнічае дзейства спэцслужб, ня вытрымаў і засьмяяўся. У тое ж імгненьне агенты спэцслужбаў, што былі побач - іх у зале, як выявілася, было прыкладна каля траціны - падхапілі гумарыста пад пахі і павялі ў дзьверы, дзе ўжо не хаваючы свайго злавеснага намеру заламалі яму рукі за сьпіну так, што небарака толькі гучна хекнуў і застагнаў-заенчыў.

Гэты чалавек у шыкоўным строі, з гальштукам і ў белай кашулі, са значком выдатніка дзяжаўнай службы хвіліну назад належаў да ўладнага кола, меў павагу, карыстаўся ўсімі льготамі й радасьцямі свайго становішча. Але ўсё гэта было дзесяць, двацаць, пяцьдзесят сэкунд назад, зараз улада ў асобе сваіх ахоўнікаў-янычараў зьмяніла яго статус, перавёўшы з стану носьбітаў улады ў стан ахвяры. Так жвавы, вясёлы ваяр спэцназа,хвіліну назад папаўшы пад трапны стрэл чачэнскага паўстанца-снайпера, нечакана для сяброў ператвараеца ў цела забітага.

Самае дзіўнае, што ўсе, хто знаходзіўся ў залі, адразу прынялі ягоны статус ахвяры і нават сам ён, былы чыноўнік, таксама амаль імгненна пагадзіўся з гэтым унутранным станам ахвяры. Напужаны твар яго ад страху зьбялеў, позірк спалохана заёрзаў па залі, шукаючы некага, хто дапаможа, заступіца, але людзі адварочваліся й не глядзелі на яго, і ён хутка схіліў галаву долу. Ён, гэты чалавек-чыноўнік, не зьдзяйсніў аніякага супраціву, унутраны голас-здраднік шапнуў яму, што так будзе лепш, бо ён залішне не ўзлуе ахоўнікаў-янычараў, а там каму трэба высьветляць, што ён не вінаваты. У глыбіні сьвядомасьці гэтага чалавека заўсёды жыла ахвяра. За сваё доўгае біялягічнае жыцьцё ён так і не ўзгадаваў у сабе барацьбіта, змагара за ўнутраную свабоду, за лепшую долю для сябе, для сваіх дзяцей, для свайго радавода. Ён, як і большасьць у залі, некалі лёгка выракся матчынай мовы, сымбаляў дзяржавы, Канстытуцыі, а потым і Незалежнасьці як непатрэбных атрыбутаў жыцьця. І зараз без усялякага супраціву, без пратэсту біямасса здавала сваю асабістую свабоду і само жыцьцё.

Казімір непрыкметна перавёў дух і пахваліў сябе, што ў апошні момант абсыпаў патрон чырвоным перцам, ягоны жарт мог лёгка пацягнуць гадоў на дзесяць турмы.

Усіх, хто знаходзіўся ў залі, увесь час здымалі на відэакамеры. Потым па адным прысутных пачалі запрашаць да выхаду, дзе абшуквалі, фатаграфавалі, бралі адбіткі пальцаў, запісвалі сьведчаньні, зьвесткі аб месцы працы й жыхарства. Тых, хто ня меў пры сабе пашпартаў, везьлі дадому за дакумэнтамі.

Апрацоўка 800 чалавек гасьцей вялася да самай раніцы і ўсю першую палову наступнага дня. Паводле адной з вэрсій сьледчых, кілер, дасылаючы патрон у патроньнік, ад хвалявання зрабіў гэта двойчы і згубіўшы першы патрон.

Раніцай навіны радыёстанцый «Бі-Бі-Сі», «Голас Амэрыкі», Радыё «Свабода» ў Празе, «Балтыйскія Хвалі» і НТБ паведамілі аб спробе замаху на жыцьцё ўладаносца і арышце дзясяткаў падазроных.

Наступным днём патрон ужо стаяў на талерачцы ў следчага па асабліва важкіх справах, капітана ФСБ Арсэна Громава, тэрмінова прысланага з Масквы з брыгадай крыміналістаў.

Нарэшце яны сустрэліся. Баявы патрон эпохі, калі людзі дзейнічалі рашуча і вынікова, умелі пазнаваць сваіх ворагаў у твар, не баяліся ненавідзець іх і змагацца зь імі. І капітан ФСБ Арсэн Громаў, які ўсё гэта ўмеў - нездарма ўжо колькі гадоў займаўся дывэрсійна-вышуковай дзейнасьцю супраць паўстанцаў - сэпаратыстаў на поўдні Імпэрыі, ў каўкаскім рэгіёне. Ён быў майстрам сваёй справы, любіў зброю, умеў ёй карыстацца, іншы раз ласкава перабіраў у кішэні жоўтыя жалуды патронаў. Кожны дзень Арсэн Громаў з паўгадзіны практыкаваўся ў габінеце з пісталетам Сьцечкіна, імкліва цэлячыся ў розныя нечаканыя рэчы, постаці людзей у вакне.

Увечары капітан Арсэн Громаў у вылучаным для працы габінэце ў будынку на Камсамольскай пасля вывучэння матэрыялаў справы «Аб спробе замаху на жыцьце ГнУ» на экспрэс-паседжаньні падвёў рысу і паставіў мэту супрацоўнікам сваёй апэратыўна-сьледчай групы.

- ... Кантроль за ўсімі васьмю сотнямі гасьцей і запрошаных. Нехта з падазорных ня вытрымае праверак, кінецца наўцёкі, вось тут мы іх і схопім. Наагул, неістотна, хто зрабіў гэты так званы замах на жыцьцё Галоўнага носьбіта Ўлады, - падкрэсьліў ён, паглядаючы на ўважлівыя твары супрацоўнікаў.

- Незадаволеных, агентаў уплыву, неадданых людзей, «дзярмакратаў» усё яшчэ дастаткова і на дзяржаўнай службе. Вось мы і зробім іх праполку. Акарамя таго... - капітан прайшоў па габінэце - высокі, стройны, у парадным мундуры расейскага афіцэра з фанабэрыстымі нашыўкамі, узнагародамі, гузікамі і шэўронамі - ён выглядаў пераканаўча.

- ... Проста цікава знайсьці гэтага жартаўніка. А паколькі ў нас ёсьць яшчэ час, мы яго будзем шукаць. А як толькі там уверсе, - ён тыцнуў пальцам у столь, - вызначаць час «ікс», вось тады мы і пачнём рабіць зачыстку. І тады пад граблі забяром усіх, хто перашкаджае будаваць Імпэрыю.

У Арсэна Громава заўжды быў добры настрой, і гэтым ён падабаўся калегам па працы.

- Прыйдзе час ікс, і мы будзем мачыць іх усюды, зловім у сартыры, будзем мачыць і ў сартыры, ха-ха-ха, - шчасьліва рагатнуў кароткай чаргой капітан ФСБ Арсэн Громаў.

Ён любіў зброю і калекцыянаваў яе, і ня проста зброю, а баявую, тую, што ўдзельнічала ў зачыстках, тую, што забівала. Пасьля заканчэньня экспрэс-паседжаньня Арсэн Громаў пахваліўся новым здабыткам.

- Вось сёньня прыйшоў старэнькі дзядок, былы калега, прайшоў службу ад званка да званка, яшчэ з часоў даваенных. Прынёс наган.

Капітан дастаў з стала, аблуплены, выцерты да натуральнага сталёвага бляску наган.

- Выдатная, я вам скажу, машынка. Як падумаеш, колькі паклала ворагаў у магілу, жуць бярэ. Дьзве гадзіны зь дзедам размаўлялі, вялікі спэцыяліст у нашай справе. Заслужаны чалавек. Дзяліўся досьведам, паказаў некалькі сакрэтаў дасьледчай працы, допытаў. Падарыў мне на памяць.

Наган пайшоў па руках супрацоўнікаў сьледчай групы КДБ. На сталёвай пласьціне рукаяткі было выгравіравана «Заслужанаму чэкісту. 1939 год».

- Дарэчы, вось гэты патрон, - капітан узяў яго з талерачкі, - якраз ад нагана. Арсэн Громаў уставіў патрон у барабан, крутануў яго і прыцэліўся ў аднаго з супрацоўнікаў, маёра КДБ Глеба Калугіна.

- Но-но, Арсэн Іванавіч, вы ж ведаеце, што і кій страляе адзін раз у жыцьці.

Твар капітана стаў сур'ёзным, ён імкліва кінуў наган у кішэню.

- Тады па конях. За справу.

На працягу месяца Казімір Гурскі штотыдзень запрашаўся ў сьледчыя ворганы, дзе па шмат гадзін зь ім вёўся допыт. Яго пыталі, хто зь ім сядзёў праваруч, а хто леваруч, каго ён запомніў уперадзе, як ён ішоў на вечарыну, якім ходнікам і з кім. Усё, аб чым вялася размова, пратакалявалася і на кожнай старонцы Казік павінен быў паставіць свой подпіс. Аднойчы на допыце прысутнічаў сам Арсэн Громаў. Ён быў у цывільным і маўкліва назіраў за размовай. Маёр Кулагін насядаў на Казіка.

- Мы ўсё ведаем, шаноўны спадар Казімір. Вось сьведчаньне суседзяў, вось фота вашага ўдзелу ў так званых мітынгах. Вось вы зь бел-чырвона-белым сьцягам, вось ведзяце шкодную антысаюзную агітацыю...

- У рамках Канстытуцыі... - спрабаваў бараніцца Казік.

- Напісаную і прынятую ворагамі Саюза. Вось зірніце, ваша сям'я, вашы дзеткі, вось ваша жонка на прэстыжнай працы... Мы ўсё ведаем. Мы хочам пагаварыць, паслухаць вашы меркаваньні, вы паслухаеце нашы меркаваньні.

- Прабачце, як сьведка я ўжо выканаў свой грамадзянскі абавязак, расказаў, хто сядзеў леваруч і хто сядзеў праваруч, і да таго ж усё падпісаў. Што вы маеце да мяне канкрэтна? Давайце дзейнічаць у межах закону...

Яго спрабавалі разгаварыць, частавалі кавай, вялі гамонку на самыя розныя тэмы: пра жанчын, пра футбол, палітыку, надвор'е, пра працу, заробкі.

Перад Казімірам ад самага пачатку паўстала пытаньне: якой мовай карыстаца, роднай ці каляніяльнай? Карыстаючыся каляніяльнай, можна было прыкінуца авечкай, і паспрабуй адшукаць гэтую авечку сярод 800 гасцей. Ці ўзяць на ўзбраеньне родную мову і як адзінны карыстальнік, да таго ж прынцыповы, адразу пазначыць сябе як верагоднага змоўшчыка? Пасьля роздумаў Казімір прыйшоў да высновы, што ўлада карыстаецца яшчэ адной магчымасьцю запалохаць грамадства, зламаць волю, жаданьне да вольнага жыцьця і таму насуперак здароваму сэнсу ён зь першага допыта пачаў размаўляць роднай мовай. На допытах трымаўся спакойна, ветліва, на ясныя пытаньні адказваў таксама адназначна і тактоўна, на палітычныя развагі ня йшоў, ці прасіў правакыцыйныя і двухсэнсоўныя пытаньні занесьці ў пратакол.

На допытах маёр КДБ Кулагін трымаў сябе разьняволена, гаварыў шмат, сыпаў анэкдотамі, шчыра ўсьміхаўся. Цяжкасьці ў яго ўзьнікалі, калі пачынаў адказваць Казік, які карыстаўся мовай, і маёр як тыповы постсавецкі чалавек адразу страчваў плынь, рытм і тэмп допыту. Выклікаць перакладчыка ён не хацеў, бо тым самым ён выявіў бы свой непрафэсіяналізм.

- Ха-ха-ха, жарт. Ха-ха-ха, жарт... гэта быў жарт. Усё зразумела цяпер. Гэта жарт! Ха-ха-ха, - шчыра сьмяяўся маёр Кулагін, зразумеўшы сэнс слова жарт толькі пасьля прачытаньня апазыцыйных газэт з артыкулам «Жарт над Уладай».

Казімір адказаў сур'ёзна, не дазваляючы сабе разьняволенасьці.

- Не разумею, што вы маеце на ўвазе, - мова моцна нэрвавала маёра, ён кідаў позірк на капітана Громава, але стрымліваў сябе і, дачакаўшыся калі дапытуемы скончыў свой адказ, ізноў пачаў гаварыць тое, што заўсёды казаў дзесяткам затрыманых.

- Ну, ня трэба гаспадзін Гурскі. Мы зачыняем справу, дастаткова вам засьведчыць, што гэта быў жарт, і мы ставім кропку ў надакучыўшай усім валтузьні і адпраўляем яе ў архіў.

- Стамілі вы мяне, пане маёру, сваёй фантазіяй. Вам бы раманы пісаць. Прыдумляеце розныя фокусы проста на хаду. Так нельга. Ваша праца аналітычная, дзяржаўная, пад электроным мікраскопам, як у вучоных фізыкаў. Зараз не 37 год.

Капітан Громаў ледзь прыкметна ўсьміхнуўся і адвярнуў твар да вакна, хаваючы ўсьмешку.

- Учора вы пераконвалі, што справа вельмі складаная, цягне на цяжкую меру пакараньня, сёньня зусім процілеглае гаворыце. Давайце, пан маёр, працаваць па пратаколе, інакш заблытаемся.

Капітан Громаў, беручы ініцыятыву ў свае рукі, падняў слухаўку і нешта загадаў. Празь некалькі хвілінаў падцягнуты афіцэр прынёс стос паперчын, пратакол сёньняшняга допыту, які ён і пачаў уважліва вывучаць.

У прыродзе рэчаў і зьяваў існуе адна асаблівасьць, сутнасьць якой у тым, што захаваць таемнасьць зьдзяйсьненьня немагчыма нават калі аб гэтым нічога нікому не казаць. Хаўрусьнікі дамаўляюцца аб здрадзе і нечакана тыя, каго гэта датычыць, пачынаюць ведаць усё, як быццам ім нехта аб гэтым даклаў, хаця ніхто не дакладаў.

Казімір Гурскі, шляхціц старажытнага ліцьвінскага роду, спакойна і ўважліва, зьнешне абыякава пазіраючы на гэты маленькі мікракосмас пакоя, на прысутных сьледчых па асоба важных справах капітана Громава і маёра Кулагіна, нечакана дакрануўся да таго патаемнага струменя іхняга жыцьця і дзейнасьці і пачаў разумець плынь руху, што бруіла побач, разгортвалася на ягонных вачах. Словы абазначаюць падзеі, рэчы, зьявы, уяўленьні, перадаюць інфармацыю, але, назіраючы самыя падзеі, намаганьні, пачуцьці і тую энэргію, што затрачваецца на дасягненьне мэты, можна, углядаючыся ў людзей, вызначыць іх таемныя думкі і сапраўдныя памкненьні.

«Чаму яны так упарта жуюць гэтую справу. Ну, маёр, зразумела, выслужваецца перад начальствам. А капітан? Ды і ня цягне ён на капітана. Жывы палкоўнік. Але навошта ён тут? Палкоўнік ФСБ займацца хярнёй не павінен. Але займаецца. Чаму? Калі Маскве стаў не патрэбны Шушкеня, яны яго лёгка і проста скінулі. Цяпер, калі нават Крэмль і дамовіўся з ГнУ, то ёсьць лабісты, незадзейнічаныя палкоўнікі, тыя, хто не дапушчаны да кормных месцаў, хто таксама марыць насіць штаны з лампасамі, мець акцыі Газпрама, хто хоча гуляць у свае гульні... Мы заменім тутэйшых носьбітаў улады з тых, што падтрымліваюць Маскву і Расею, на этнічных расейцаў, расейцаў па месцы нараджэньня...

Крамлю патрэбны помнік герою... Ім не патрэбны сам герой... Да помніка можна ўскладаць кветкі, што ў традыцыіі братніх народаў... Маёр? Тутэйшы падсобнік... Нешта адчувае і ня больш за тое. Ловіць мух...»

Плынь думак прыпыніў капітан Громаў, які адклаў паперы ў бок і задаволена выпрастаўся ў фатэлі.

- Скажыце, гаспадзін Гурскі, чаму вы адмовіліся здаваць аналізы крыві.

Выслухаўшы адказ, ён зазначыў:

- Зразумела, баяліся заразіцца СНІДам, так і запішам. Дарэчы, чаму вы абразілі мэдыцынскіх работнікаў МУС, сказаўшы ім, што можаце ім насікаць і накакаць...

- Якая ж гэта абраза, я запытаўся, можа трэба яшчэ нейкія аналізы здаваць, то каб не хадзіць сто разоў, я б мог зразу здаць мачу і кал.

- Я б хацеў вас папярэдзіць, шаноўны гаспадзін Гурскі, што вы трымаеце сябе вельмі неабачліва. Вы бацька дваіх дзяцей, маеце прыгожую жонку, жывяце ў сталіцы.

Капітан Громаў адкінуўся на сьпінку скуранога фатэля і жорстка зірнуў на Казіміра, але гаварыць працягваў лагодна. Сёньня ідзе жорсткая барацьба дзьвюх сыстэм існаваньня за выжываньне. Хто вас пашкадуе, калі вы апынецеся пад катком органаў улады. Усе гэтыя апазыцыянэры - паслугачы, агенты ўплыву заходняга сьвету. Ім плацяць, абяцаюць дах над галавой, вось яны і шукаюць дурняў. Навумчыкі, Пазьнякі, Шарэцкія - усе за бугром. А вы куды падзенецеся, пашкадуйце сямью, дзяцей. Далей, наконт мовы. Ёсьць адзіны расейскі народ. І ніхто не дазволіць яго расьцягваць на плямёны, ствараць на роўным месцы праблемы. Можна яшчэ зразумець чачэнаў, сапраўды іншароднае цела, а сярод расейцаў якія яшчэ могуць быць маларосы, беларосы? Ідзіце і помніце, што мы вас шкадуем. Улада ў асобе Гарбачова і ягонай кампаніі сама шмат наблытала... Да заўтра, гаспадзін Гурскі. Мы вас больш не затрымліваем.

Арсэн Громаў потым доўга сядзеў у габінэце, паліў цыгарэты, цяжка думаў, покуль сказаў маёру Кулагіну.

- Здаецца, гэта сапраўдная рыбіна, якраз тое, што нам і трэба, не спускай зь яго вачэй. Замацуй двух-трох чалавек з групы Дэльта на выпадак уцёкаў. Распрацуй сапраўдны міт, як на кіраўніка бандыцкай групоўкі. Можна справакаваць яго ўцёкі, потым прайсьці па сьледзе. Даць інфармацыю ў газэтах, на радыё й тэлебачаньні, і ледзь схаваецца ў нару, схапіць, лепш па даносе тутэйшага жыхара-патрыёта.

Прайшоў па габінэце, запаліў чарговую цыгарэту.

- Някепска было б зьвязаць з шматлікімі нацыяналістычнымі групоўкамі, з Вызвольным Рухам, справа вельмі пэрспэктыўная. Можна атрымаць і ўзнагароду, і павышэнне ў чынах. Пара табе ўжо стаць палкоўнікам, а мне маёрам.

- Гэнэрал-маёрам, - хітра зірнуў на капітана маёр Кулагін.

Ён таксама адчуваў, што сапраўдны чын Арсэна Громава - ня менш як палкоўнік ФСБ.

Той змоўчаў.

Яны разумелі адзін аднаго. Вінаваты, невінаваты... Пярэчыць, трымаецца за свой варожы сьветапогляд, значыць, ужо патэнцыйны вораг і раней ці пазьней мусіць быць зьнішчаны. А зьнішчэньне патэнцыйных ворагаў, будучых тэрарыстаў, бандытаў і ёсьць галоўная мэта працы органаў бясьпекі.

Праз тыдзень Казік прачытаў у газэтах, што арыштаваны сусед зьлева, Станіслаў Каляда, абвінавачваецца ва ўдзеле ў змове з мэтай замаху на жыцьцё ГнУ. Затрыманы ў залі гумарыст, што засьмяяўся над чыхам шчанюка, Алесь Андрусевіч, ужо прызнаўся ў саўдзеле.

Адзін з лідараў аб'яднанай апазыцыі, што стала знаходзіўся ў Вільні, зрабіў заяву ў апазіцыйных газэтах і па эўрапэйскім тэлебачаньні з патрабаваньнем свабоды Алесю Андрусевічу: «... Паколькі пісталет ня знойдзены, то размова можа ісьці толькі аб патроне, які нехта страціў ці наўмысна падкінуў у залю. Тады гэта толькі жарт, спроба пасьмяяцца з улады, якая сваю асабістую абарону ўзводзіць у абсалют. Гэта сымбаль і ня больш за тое. Абвінавачваньне Андрусевіча ў тэрарызьме безпадстаўнае і ня толькі юрыдычна нікчэмнае, але па здаровым сэнсе, па лёгіцы жыцьця несумяшчальнае з прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці. Разьдзіманьне справы, сьведчаньне фанатычнай прагі ўлады ГнУ назаўсёды, на ўсё жыцьцё...»

Казік, прачытаўшы ў газэтах гэты і іншыя матэрыялы, толькі чухаў патыліцу і пасьмейваўся. З маленькага жарту, атрымаўся такі вялікі вэрхал.

Сьмех сьмехам, але ж арыштаваным грамадзянам было зусім ня сьмешна, і Казік доўга, да глыбокай ночы хадзіў па пакоі, думаў, аналізаваў словы, выраз твара, нават хаду і сьмех, жарты маёра Кулагіна, драпежна-злавеснае папярэджаньне капітана Громава. Пасьля пэўнага роздуму ён падрыхтаваў друкаванку аб жарце з патронам, дзе ўсё падрабязна патлумачыў. Даўшы назву паведамленьню «Жарт. Як гэта было...», Казімір таксама зрабіў некалькі тэкстаў для сродкаў масавай інфармацыі аб сакрэтнай міссіі таямнічага палкоўніка ФСБ, які пад прыкрыцьцём выдуманай справы «Аб замаху на жыцьцё ГнУ» вядзе падрыўную і антыканстытуцыйную дзейнасьць па зьмене «носьбіта» на пасадзе ГнУ. У тэксьце ён прывёў шмат характэрных асаблівасьцяў палкоўніка, ягоных слоў, выказваньняў, дадаў чытаня ў газэтах меркаваньні, палітычныя гіпотэзы, усё гэта закруціў у такі кактэйль, што раніцой, на сьвежую галаву перачытаўшы прыгатаваную паперыну, сам канчаткова пераканаўся ў слушнасьці свайго аналізу. Перадаўшы дыскету знаёмаму патрыёту, які часта выязджаў у Вільню, ён папрасіў яго з усімі патрэбнымі перасьцярогамі, ананімна, праз электронную пошту даслаць лісты ў апазыцыйныя і замежныя сродкі масавай інфармацыі...

Між тым у Менску эўрапейскі бамонд наладзіў фэст мастацтва і кіно эўрапэйскіх краін. На другі дзень фэст ашчасьлівіў сваёй прысутнасьцю адзін з «Набліжаных да Носьбіта Ўлады».

Дзейства фэстывалю ішло згодна з запланаваным, як раптам ахоўнік, які сядзеў збоку, заўважыў на падлозе вельмі падобны да патрона муляж. Да яго пабеглі адразу некалькі чалавек з аховы. Па дарозе заўважылі яшчэ адзін муляж і яшчэ, праз хвіліну, ўся ахова, сутаргава сагнуўшыся, зьбірала муляжы патронаў, раскіданых у залі. Якіх толькі тут не было падробак, ад звычайных малакуляк, да падробак патронаў другой сусьветнай вайны, нехта дзеля сьмеху зрабіў драўляны патрон да буйнакалібэрнага кулямёта, нехта кінуў на падлогу сапраўдны латунны патрон ад паляўнічай стрэльбы.

Тысячы людзей падняліся з крэслаў і воплескамі ўсхвалілі таго, першага жартаўніка, што здолеў пасьмяяцца над уладаносьбітамі, «якія пераблыталі сваё асабістае маленькае і дробнае «я» зь дзяржавай», жартаўніка, што зараз захліпаўся ад недахопу паветра і сардэчнай недастатковасьці ў цагельнай каморы жодзінскай турмы.

«Свабоду Алесю Андрусевічу», - гучна крыкнуў нехта зьверху і ўся заля, усе прадстаўнікі эўрапейскай цывілізацыі падхапілі вокліч.

«Набліжаны да Носьбіта Ўлады» сядзеў на гаўбцы для ганаровых гасьцей, абліты неэгатыўнай увагай прысутных.

«Ха-ха-ха», - нечакана засьмяяўся «Набліжаны да Носьбіта» ў глыбіні гаўбца. Прыпыніўся, змоўк і зноў кароткай чаргой сьмеху агучыў залю. Ха-ха-ха - цяпер ён сьмяяўся адзін. Уся заля з тысячамі прысутных змоўкла. Ён сьмяяўся з усяго гэтага ўпэўненага, шчасьлівага, наіўнага і самаўлюбёнага эўрапейскага бамонду. Ён шчыра рагатаў з самаўпэўненага немца, з польскага пасла, які нечакана страціў рэальнае разуменьне рэчаіснасьці, з гэтых мурашыных, маленькіх, але поўных самапавагі жамойцкіх, латыскіх і эстонцкіх прадстаўнікоў дыпляматычных эліт. Яны паверылі ў роўнасьць, забыліся, што ў сусьвеце галоўны закон - закон гіерархіі. Моцны ніколі ня будзе мурашом, а мураш ніколі ня стане магутным.

Яны хацелі зьняважыць Уладу патронам! Патрон - прывід мінулага. Сёньня на зьмену патрону прыйшлі новыя сродкі моцы: пускавая «гуза»* ракетных комплексаў, усёабдымныя сродкі масавай інфармацыі, падкантрольная выбарчая сыстэма. Так ён ім і паверыў - эўрапейскім гаўнюкам. Нядаўні досьвед Сэрбіі паказаў усім, што значыць быць слабым, ня мець моцных сяброў, ня мець свайго даміноўнага аргумэнта...

* Гуза - кнопка (наватвор).

Ён ізноў рагатнуў, ужо караценька, як чаргой з кулямёта на тры патроны і ў атачэньні аховы, упэўнены і важкі, рушыў з залі Палацу Рэспублікі.

На працягу тыдня ўсе затрыманыя па справе замаху на жыццё ГнУ вярнуліся дадому. Уперадзе павіны былі адбыцца ўрачыстыя сьвяткаваньні шэрагу міжнародных сьвятааў і ўлада не магла дазволіць, каб зь яе сьмяяліся ў Эўропе.

У канцы месяца Казімір Гурскі быў запрошаны для судова-мэдычнай экспэртызы ў крыміналістычную лябараторыю МУС, дзе ў яго былі дадаткова ўзятыя ўзоры скуры і сьліны для біягенэтычнага аналізу... Упартыя нашчадкі Лаўрэнція Паўлавіча настойліва раскручвалі справу па стварэнні «...надзвычай разгалінаванай і глыбока закансьпіраванай нацыяналістычнай групоўкі, што ўзяла на ўзбраеньне мэтады тэрарызму...» У гэтай высмактанай з паветра справе Казіку адводзілася роля аднаго з кіраўнікоў групоўкі. Капітаны, маёры, палкоўнікі - гэтыя чарговыя прэтэндэнты на штаны з лампасамі ўжо скампанавалі будучае па сваіх імпэрскіх лякалах...

Вяртаючыся зь біягенэтычнага дасьледаваньня Казімір прыпыніўся на Нямізе, на Пляцы 53 Памерлых Нявінна і доўга стаяў, узіраючыся ў гістарычныя навакольлі. Ён, шляхціц старажытнага ліцьвінскага роду, ніякім чынам ня мог згадзіцца на другасную жыцьцёвую ролю і даўным даўно зразумеў: хто ня дзейнічае - таго няма. Не было. І ня будзе!

На Нямізе церушыў дождж, веснавы дробны дожджык, які бывае ў канцы сакавіка, калі сьнег ужо сышоў і адтаялая зямля, забруджаная сьмецьцем і гнільлём, што засталося ад мінулага стагодзьдзя, яшчэ толькі зьбірала сілы, каб заквітнець травеньскім бэзам і чаромхай...

 

Менск, 29 сакавіка - 7 сьнежня 2000 г.

Канчатковы варыянт 3 студзеня 2003 г.


чэрвень 2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Аповед у скарачэньні друкаваўся ў «Нашай Ніве» 04.06.2001, №23