epub
 
падключыць
слоўнікі

Казімір Камейша

Дзень і ноч

Краёк фіранкі, адхініся, —

І ўбачу я здалёку зноў:

Сядзяць, нібы з акном зрасліся,

Дзве сіраты — і Дзень, і Ноч.

 

Здранцвелі дужкі акуляраў,

Схапілі слых у кіпцюры.

Яна — з такім балючым тварам

І ў марсіянскім каптуры.

 

І ён з цыгаркай засмактанай

Ды з кульбай чуйнаю ля ног.

Адным акенцам паяднаны,

Як шыбы дзве, — і Дзень, і Ноч.

 

Два ціхія радкі жалобы

Што лівень нават не размыў.

Пасля працяглае хваробы,

Пасля працяглае зімы.

У коміне рагочуць чэрці,

Ажно трасецца саганок.

Не разарваць іх нават смерці,

Яны зрасліся — Дзень і Ноч.

 

А вочы быццам ашклянелі —

Ні парушынкі, ні слязы, —

Як ля самотнае пасцелі

Два для малітвы абразы.

 

Зіма разгорне ліст паперы.

Ён белы летам і вясной.

Даўно забыліся на дзверы,

Ёсць толькі вечнае акно.

 

Адчайна стогне бор настылы,

І праяўляюцца знарок

Два белых твары

негатывам

На плёнцы шэрае старой.

 

Праз свет увесь,

праз успаміны,

Як зданні, услед ідуць за мной

Дзве кропкі,

дзве мае слязіны,

Дзве далячыні — Дзень і Ноч.

 


1995-2005?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: livejournal