epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Бядняк і лісіца

Македонская казка

Жыла бедная ўдава. Неяк яе сын, гуляючы на вуліцы, выцяў, на няшчасце, царэвіча. Той моцна закрычаў і пабег скардзіцца бацьку. А ўдовін сын пайшоў дамоў вінаваціцца перад маці.

- Як жа магло з табою такое здарыцца, сынок? - залямантавала маці. - За гэта можна і без галавы застацца. Ну, што здарылася, таго не паправіш. Лезь на гарышча, вазьмі бацькаву стрэльбу і бяжы, пакуль ногі цябе будуць несці.

Так і зрабіў удовін сын. Бег ён тры дні і тры ночы праз зялёныя даліны і крутыя горы, пакуль яго неслі ногі, і дабраўся да ўскрайку глухога лесу. Прысланіўся да дрэва і агледзеўся. Убачыў ён круглае возера, у якім плавалі качкі.

«Вось гэта будзе паляванне! - падумаў удовін сын. - Застануся я тут назаўсёды».

Пабудаваў ён хаціну на беразе возера і пачаў у ёй жыць, каб перачакаць бяду. Мінулі дні за днямі, і ўдовін сын так прыжыўся ў тых мясцінах, што адчуваў сябе як дома. Але вось прыйшла зіма. Цісканулі моцныя маразы, а снегу накідала столькі, што ні прайсці ні праехаць. Але ўдовін сын яшчэ з лета назапасіўся дрывамі, качак настраляў і жыў сабе прыпяваючы ў цяпле ды ў сытасці.

А зіма бушавала ўсё суровей і суровей. І лясных жыхароў не шкадавала. Гінулі яны ад марозу і ад голаду. Неяк голад выгнаў з лесу лісіцу. Убачыла яна хаціну, прынюхалася да дыму, што ішоў з коміна, і вырашыла:

- Папрашуся хіба пагрэцца. А там няхай будзе што будзе!

Праз глыбокія сумёты прабралася лісіца да хаціны і пастукалася. Пашкадаваў яе ўдовін сын і адчыніў дзверы.

Адагрэлася лісіца каля агню, ажыла і пачала аглядвацца. Бачыць - пад самай столлю на круку вісіць тлустая качка. Тут голад ёй аб сабе і напомніў. Просіцца лісіца:

- Дай мне трошкі качынага мяса. А не, - дык памру ад голаду. А я ўжо табе таксама калі-небудзь спатрэблюся.

Зноў пашкадаваў яе ўдовін сын і накарміў. Дзень прайшоў, другі скончыўся, а лісіца і не думае ісці - вельмі ўжо ёй тут спадабалася. Так і зажылі яны ўдваіх. Удовін сын за гаспадара, а лісіца па гаспадарцы клапоціцца.

І вось аднойчы прыцягнуўся да хаціны велізарны ваўчына. Дрыжыць, хвост падцінае і ў дзверы скрабецца.

- Прашу цябе, брат, і цябе, цётачка лісіца, пусціце мяне пагрэцца, а не то загіну ад марозу.

Упусціў яго ўдовін сын у дом. Лісіца і кажа ваўку:

- Слухай, кум воўк, пагрэцца мы цябе ўпусцілі, сядзі ля агню, але каб галавы не падымаў, на столь не глядзеў. Інакш выганім цябе назад на мароз.

Як толькі воўк сагрэўся, ён і падумаў: «Чаму ж гэта цётка лісіца не дазволіла мне глядзець на столь? Трэба неяк даведацца».

Ён выбраў момант і скасавурыў вочы на столь. А там на круку тлустая качка вісіць. Тут воўк не вытрымаў і давай маліць:

- Не дай, брат, з голаду памерці, пачастуй качацінай. А трапіш у бяду, і я спатрэблюся.

Даў удовін сын ваўку качку. А на крук другую павесіў. Як толькі воўк убачыў другую качку, ён і падумаў: «Лепшага месца, каб зіму перазімаваць, мне і не знайсці».

Так воўк і застаўся з імі жыць. Не прайшло і трох дзён, прыпёрся да хаціны мядзведзь. Ён націснуў на дзверы і ўваліўся ў дом.

- Гэй, гаспадары! - зароў ён. - Хочаце не хочаце, а прымайце госця!

- Калі ласка, дзед мядзведзь! - заспявала спалоханая лісіца. - Толькі аб адным цябе прашу - ні за што на свеце не глядзі на столь!

Ну, мядзведзь, канечне, тут жа і падняў галаву і ўбачыў качку на круку.

- Гэй, хлопец! - крыкнуў ён. - Ты, здаецца, тут гаспадар. Лісіца вунь штосьці наконт столі казала. Дык я там качку бачу. Дай мне паесці. А за мною затрымкі не будзе - дапамагу, калі спатрэблюся.

- Бяры качку і садзіся ля агню, дзед мядзведзь, - сказаў удовін сын. - Ты ж замёрз і прагаладаўся.

Спадабалася тут мядзведзю, і ён абвясціў, што нікуды не пойдзе, а застанецца ў гасцях назаўсёды. Прайшло яшчэ тры дні. І прывалокся да хаціны арол. Крылы ў яго змерзліся. Ледзь адагрэўся ля агню. А пра столь лісіца і рэкнуць не асмелілася. Хіба ад арла зберажэш качку пад столлю?

Ужо поўная хаціна звярамі напхана, але тут заяц на агеньчык прыбег. Як яго, беднага, не пусціш? І лісіца, якая зусім ужо сябе адчувала гаспадыняй, пярэчыць не стала. Тым болей што заяц мяса зусім не есць. Яму качкі не трэба.

Так яны ўсе разам у цяпле і перазімавалі. А як пацяплела, наважыліся звяры ў лес вяртацца. Думала, думала лісіца, як ёй аддзякаваць удовінага сына, і прыдумала. Вырашыла яна яго ажаніць з царскай дачкой. Пасмяяўся з яе ўдовін сын:

- Як жа гэта я, бядняк, сабе за жонку вазьму царскую дачку?

- А гэта ўжо наш клопат, - сказала лісіца.

Паклікала яна мядзведзя, ваўка, арла, зайца і сказала ім:

- Гаспадар нас усю зіму абаграваў і карміў. А за дабро дабром трэба плаціць. Пойдзем на царскі двор. Украдзём царскую дачку і ажэнім з ёй нашага гаспадара.

Лёгка сказаць, а як зрабіць? Але хітрая лісіца і аб гэтым падумала. Яна здабыла плуг, запрэгла ў яго ваўка і мядзведзя, быццам валоў. Сама прыкінулася аратым, а зайца прыставіла валоў паганяць. І так рушылі яны да царскага двара. Арол кружыўся над імі і выглядваў зверху царскую дачку.

Пад'ехалі яны да царскага двара, а вароты на замку. Тады заяц праціснуўся ў шчыліну, адчыніў вароты і ўпусціў звяроў. Пачалі яны царскі двор араць, быццам поле. Цар выглянуў у акно і здзівіўся.

- Глядзі! - крыкнуў ён царыцы. - Вось дык цуд! Звяры аруць.

Усе выбеглі на двор. Глядзяць, галовамі хітаюць, пальцамі паказваюць, смяюцца. І царэўна тут жа. Каменем упаў на яе арол, схапіў кіпцюрамі і панёс. Войкнула царыца, закрычала. Пачаўся тут перапалох. А лісіца, воўк, мядзведзь і заяц тым часам уцяклі.

Пачала жыць царэўна ў хаціне ўдовінага сына. Спачатку ўсё звяроў баялася, а як убачыла, што ўдовін сын іх любіць, таксама да іх прывыкла. Занялася царэўна гаспадаркай - прыбірала ў хаціне, абед варыла. І так атрымалася, што замест лісіцы гаспадыняй стала.

Між тым цар загадаў аблазіць усю даліну, абшукаць увесь лес, агледзець кожнае дрэва, перавярнуць усялякі камень. Таму, хто знойдзе царэўну, ён абяцаў вялікую ўзнагароду. А царскае слова далёка чуваць, хутка бяжыць. Дайшло яно і да тых людзей, што жылі недалёка ад хаціны.

Так цар даведаўся, дзе схавана царэўна. Паслаў ён вялікае войска. Але арол, які лятаў высока ў небе, яшчэ здалёк убачыў царскіх воінаў. А лісіца адправіла хутканогага зайца збіраць па навакольных лясах усіх мядзведзяў, ваўкоў, лісіц. Накінуліся звяры на царскае войска. Арлы зверху дзяўбуць. Ваўкі рвуць на шматкі. Мядзведзі ў ахапак і кідаюць на зямлю. А зайцы пішчаць і пад нагамі блытаюцца. Так і разагналі ўсё незлічонае войска.

Зразумеў цар, што сілай яму не справіцца. Пайшоў ён да старой чарадзейкі. Паабяцаў ён ёй вялікае багацце і папрасіў рады. Абяцала чарадзейка дапамагчы цару. Яна ўзяла вялікі гліняны збан і пайшла да хаціны. Выбрала бабуля час, калі царэўна засталася дома адна, і пастукалася ў дзверы.

- Дай мне што-небудзь паесці, дачушка, - пракрахтала яна.

Царэўна накарміла яе і паклікала ў хаціну адпачыць. Зайшла бабуля, агледзелася і загаласіла:

- Шчаслівая ты, дачушка, у доме жывеш, прасторна ў цябе і цёпла. А як мне і ў дождж, і ў холад у простым збане жыць!

Здзівілася царэўна, як гэта можна ў збане жыць. Пайшла паглядзець. Заглянула яна ў збан, а старая чарадзейка піхнула яе туды. Уздрыгнуў збан, закруціўся, быццам ганчарны круг, падняўся ў паветра і панёс царэўну на царскі двор. Дамогся цар свайго.

Але лісіцу не так проста перахітрыць. Даведалася яна пра старую чарадзейку і адразу здагадалася аб усім. Зноў запрэгла яна ваўка і мядзведзя ў плуг і паехала на царскі двор. На гэты раз цар не дазволіў дачцэ выйсці з дому. Але як толькі яна высунулася з акна, арол падхапіў яе і панёс.

Зразумеў тады цар, што не справіцца яму з хітрай лісіцай. Згадзіўся ён аддаць царэўну за беднага ўдовінага сына, адно каб жыла яна з ім у палацы.

У адзін цудоўны дзень спынілася перад хацінай царская карэта. Селі ў яе ўдовін сын з царэўнай і паехалі ў палац вяселле гуляць. Арол ляцеў над імі. А воўк, мядзведзь, лісіца і заяц услед беглі. Так і пачалі яны жыць усе на царскім двары. Жывуць там і да гэтага часу, калі жывыя.

 



Пераклад: Віктар Гардзей