epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Дзевяноста дзевяць гульдэнаў

Аўстрыйская казка

Прыйшоў аднойчы малады хлопец да шаўца ў чаляднікі наймацца.

- Багата вас тут такіх ходзіць, - кажа майстар. - На словах шаўцы хоць куды, а як да справы дойдзе, нічога не ўмееце.

- Выпрабуй мяне, - просіцца хлопец.

- Добра, - згадзіўся шавец, - паглядзім, ці ўмееш ты боты шыць.

Пашыў хлопец боты - любата. Зарадаваўся майстар і кажа:

- Работа ў цябе спорна ідзе.

Ударылі па руках, і наняў шавец хлопца ў чаляднікі.

Вечарам паказаў яму майстар каморку пад самым дахам, дзе той будзе жыць. Зайшоў чаляднік у каморку і за сабой дзверы замкнуў. Узяла шаўца цікаўнасць, пачаў ён у замочную шчыліну падглядваць. І бачыць - апусціўся хлопец на калені, пакланіўся і кажа:

- Ну, Божа, скажаш нарэшце, колькі мне яшчэ маліцца? Малюся, малюся, а ўсё няма толку. Ніяк у цябе дзевяноста дзевяць гульдэнаў не выпрасіць!

Сказаў, падняўся з падлогі і спаць лёг, майстар да сябе пайшоў.

На другі вечар падгледзеў шавец зноў, як чаляднік на каленях стаіць, кланяецца, з Богам гутарыць.

- Ну, Божа, скажаш нарэшце, калі я ад цябе сто гульдэнаў атрымаю?!

Вырашыў шавец над хлопцам пажартаваць. Залез ён на другі дзень на дах і прабіў дзірку акурат у каморку, дзе чаляднік жыў. Вечарам зноў чуе, як чаляднік у Бога грошай просіць. Узяў тады майстар кашалёк, вышыты жэмчугам, палажыў туды дзевяноста дзевяць гульдэнаў і апусціў яго ў дзірку. Упаў кашалёк на падлогу, а чаляднік і кажа:

- Паглядзім, што там упала. Можа, гэта Гасподзь Бог расшчодрыўся?

Узяў ён кашалёк, адкрыў яго, пачаў грошы лічыць. Налічыў дзевяноста дзевяць гульдэнаў і бурчыць:

- Эх! Хаця ты і Гасподзь Бог, аднак несумленны, прасіў я ў цябе сотню гульдэнаў, а ты мне ўсяго дзевяноста дзевяць паслаў. Зрэшты, кашалёк гульдэна каштуе, так што мы квіты.

Шавец усю ноч не спаў: цікаўнасць яго брала - што чаляднік будзе рабіць?

Чаляднік засеў з раніцы за работу, боты шые, спявае, насвіствае. Пра грошы не ўспамінае. Крыўдна стала майстру, не вытрымаў ён і кажа:

- Атрымаў ты ўчора вечарам дзевяноста дзевяць гульдэнаў? Ды яшчэ кашалёк, вышыты жэмчугам?

- Праўда! - адказвае чаляднік.

- Ведаеш, адкуль гэтыя грошы?

- Ведаю, ад Пана Бога!

- Зусім не! - кажа шавец. - Грошы гэтыя ад мяне. Аддай іх зараз жа назад.

- Яшчэ чаго! - усміхнуўся чаляднік. - Я Богу маліўся, грошы выпрошваў, вось яны з неба і зваліліся.

- Аддавай грошы! - кіпіць майстар.

- Нізашто! - усміхаецца хлопец.

- Я на цябе ў суд падам! - гразіцца гаспадар.

- Ну, напалохаў! - смяецца чаляднік.

Майстар і напраўду ў суд пайшоў і змовіўся з судзейскімі чалядніка свайго да галечы давесці.

Паклікалі хлопца ў суд. Падышоў ён да страпчага і пытаецца:

- Можа, ведаеш які сродак, каб кашалёк у мяне застаўся?

- Калі перападзе і мне, дам добрую раду! - адказвае страпчы.

- Добра! - абяцае хлопец.

Страпчы быў хітрун. Ведаў ён, што майстар і судзейскія ў змове, і вырашыў з хлопца пасмяяцца.

- Пачне цябе суддзя распытваць, - кажа ён яму, - а ты ведай сабе пасвіствай ды правай рукой вусы пагладжвай!

Чаляднік раду запомніў. Паклікалі хлопца ў залу, і суддзя ў яго пытаецца:

- Атрымаў ты кашалёк, вышыты жэмчугам, і дзевяноста дзевяць гульдэнаў?

Хлопец у адказ толькі пасвіствае ды правай рукой вусы пагладжвае.

Валтузіўся з ім суддзя, валтузіўся, ды ўсё дарэмна. Стаміўся ён і кажа:

- Відаць, гэты чаляднік дурнаваты. Нічога з ім не зробіш. - І як крыкне на яго: - Выбірайся адсюль!

Не прымусіў чаляднік гэтыя словы двойчы паўтараць і выскачыў з залы. А за дзвярыма яго ўжо круцель страпчы даганяе. Ён і сам не чакаў, што чалядніку пашанцуе, але вырашыў за сваю раду грошы атрымаць.

- З цябе мне палавіна належыць!

Чаляднік у адказ толькі пасвіствае ды вусы правай рукой пагладжвае.

- Ах ты, шэльма! - закрычаў сярдзіта страпчы. - Я табе пакажу!

Але хлопца ўжо і след прастыў. Ідзе, радуецца. Спрытна ж ён двух махляроў вакол пальца абвёў!

 



Пераклад: Віктар Гардзей