epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Дзівосны скарб

Малдоўская казка

Жыў калісьці на свеце адзін чалавек. У яго былі тры сыны. Быў той чалавек старанны і працавіты, ніколі без справы не сядзеў. Працаваў ён з раніцы да позняга вечара, не ведаючы стомы. Усюды паспяваў.

Сыны ў яго былі рослыя, прыгожыя, дужыя, а працаваць не любілі.

Бацька і на полі, і ў садзе, і дома шчыраваў, а сыны сядзелі пад дрэвамі ў цяньку і малолі языкамі або хадзілі на Днестр рыбу лавіць.

- Што ж вы не працуеце ніколі? Чаму бацьку не дапамагаеце? - пыталіся ў іх суседзі.

- А навошта нам працаваць? - адказвалі сыны. - Пра нас бацька клапоціцца!

Так яны і жылі год за годам.

Сыны выраслі, а бацька пастарэў, саслабеў і ўжо не мог працаваць як раней. Запусцеў у іх сад каля дома, зарасло поле пустазеллем.

Бачаць гэта сыны, а працаваць не хочуць.

- Што ж вы, сынкі, без справы сядзіце? - пытаецца бацька ў іх. - Пакуль я быў малады, я працаваў, а цяпер ваш час прыйшоў.

- Паспеем яшчэ папрацаваць, - кажуць у адказ сыны.

Крыўдна стала старому, што сыны ў яго такія гультаі. Захварэў ён з гора і злёг.

Тут ужо сям'я зусім у беднасць прыйшла. Сад увесь зарос, адзічэў, выраслі ў ім крапіва ды лебяда, так што з-за іх нават дома не было відаць.

Аднойчы паклікаў стары сваіх сыноў і сказаў ім:

- Ну, сынкі, прыйшоў мой смяротны час. Як вы цяпер без мяне жыць будзеце? Працаваць вы не любіце і не ўмееце.

Сціснуліся ў сыноў сэрцы, заплакалі яны.

- Скажы нам, бацька, што-небудзь напаследак, парай што-небудзь! - папрасіў старэйшы брат.

- Добра! - сказаў бацька. - Адкрыю я вам адну тайну. Усе вы ведаеце, што я і нябожчыца ваша маці працавалі не складаючы рук. За доўгія гады сабралі мы для вас багацце - гаршчок з золатам. Закапаў я гэты гаршчок каля дома, толькі не помню, у якім месцы. Шукайце мой скарб, і тады будзеце вы жыць, не ведаючы галечы.

Развітаўся бацька з сынамі і памёр.

Пахавалі сыны старога, пагаравалі. Потым старэйшы брат сказаў:

- Што ж, браты, прыйшлі мы ў вялікую беднасць, нам няма за што нават хлеба купіць. Помніце, што бацька перад смерцю казаў? Давайце шукаць гаршчок з золатам!

Узялі браты рыдлёўкі і пачалі капаць каля самага дома невялікія ямкі.

Пакапалі яны, пакапалі, але знайсці гаршчок з золатам не змаглі.

Тады сярэдні брат кажа:

- Браты! Калі мы так будзем капаць, то ніколі не знойдзем бацькоўскага скарбу. Давайце раскапаем усю зямлю вакол нашага дома!

Браты згадзіліся. Зноў узяліся за свае рыдлёўкі, ускапалі ўсю зямлю, але гаршка з золатам так і не знайшлі.

- Эх! - кажа малодшы брат. - Давайце ўскапаем зямлю яшчэ раз, ды як глыбей! Можа, бацька закапаў гаршчок з золатам глыбока.

Згадзіліся браты. Вельмі ўжо ім хацелася адшукаць бацькоўскі скарб!

Зноў узяліся ўсе за работу.

Капаў-капаў старэйшы брат, раптам наткнулася яго рыдлёўка на штосьці вялікае і цвёрдае. Затрымцела ў яго сэрца, зарадаваўся ён, клікнуў сваіх братоў:

- Хутчэй да мяне: я бацькоўскі скарб знайшоў! Прыбеглі сярэдні і малодшы браты, пачалі дапамагаць старэйшаму.

Працавалі, працавалі і выкапалі з зямлі не гаршчок з золатам, а цяжкі камень.

Крыўдна ім стала, яны і кажуць:

- Што ж нам з гэтым каменем рабіць? Не пакідаць жа тут. Занясём яго далей ды кінем у яр!

Так яны і зрабілі. Прынялі камень - і зноў зямлю раскопваць. Цэлы дзень працавалі, пра яду, пра адпачынак забылі! Перакапалі яшчэ раз усю зямлю. Зямля стала пульхнай і мяккай. А гаршка з золатам так і не знайшлі.

- Што ж, - кажа старэйшы брат, - раскапалі мы зямлю - не пуставаць жа ёй! Давайце пасадзім на гэтай зямлі вінаград.

- Правільна, - кажуць браты. - Хоць марна не прападзе наша праца.

Пасадзілі яны вінаградную лазу і пачалі даглядаць яе.

Не багата часу прайшло, разросся ў іх вялікі ды цудоўны вінаграднік. Выспелі сакавітыя, салодкія гронкі.

Сабралі браты вялікі ўраджай. Пакінулі сабе колькі трэба, а астатняе прадалі - багата грошай атрымалі.

Тады сказаў старэйшы брат:

- Недарэмна мы раскапалі ўсю нашу зямлю: знайшлі мы ў ёй каштоўны скарб, пра які нам перад смерцю бацька казаў!

 



Пераклад: Віктар Гардзей