epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Кароль і землякоп

Летувіская казка

Захацелася неяк каралю прачуць, як яго народу жывецца. Прыбраўся ён разносчыкам і пайшоў па дарозе.

Ішоў раніцай паўз лес, бачыць: чалавек ля дарогі канаву капае. Вечарам вяртаецца - той яшчэ работу не скончыў.

- Бачу, працуеш багата! - кажа кароль. - На што ж заробленыя грошы траціш?

- Адну частку заработку я ў ваду кідаю, - адказвае землякоп, - з другой часткі доўг выплачваю, трэцюю - сам у доўг даю, а з чацвёртай мы з жонкай кормімся, ды і тое надгаладзь.

Задумаўся кароль. І так і гэтак ацэньвае словы землякопа і ніяк не можа іх у толк узяць. Калі землякопу так цяжка працаваць - навошта ён грошы ў ваду кідае? А калі ён доўг выплачвае - навошта яму грошы на пазыку раздаваць?

Думаў, думаў кароль, нічога не прыдумаў і кажа:

- Не разносчык я, а твой кароль. Разносчыкам я прыбраўся, каб даведацца, як мой народ жыве. Разгадай мне тваю загадку - я табе тры залатыя дам. Толькі так мне гэтая загадка спадабалася, што ты больш нікому не думай яе разгадваць, пакуль яшчэ разок са мной не пабачышся.

Схаваў землякоп залатыя.

- На адну частку заработку я соль купляю - не магу прэснага есці. Ты ж, кароль, такі падатак на соль прызначыў, што бедны люд іншы раз толькі на соль і працуе. З другой часткі заработку я бацькоў сваіх кармлю - значыць, доўг ім свой вяртаю. Усё жыццё яны на паноў рабілі, а на старасці гадоў, калі б не я, з голаду б памерлі. На трэцюю частку я дзяцей сваіх гадую - значыць, на пазыку ім грошы даю. А на чацвёртую частку мы з жонкай кормімся, ды і тое надгаладзь. Вось ты і даведаўся, як народ твой жыве.

Прыехаў кароль дадому і зараз жа разаслаў ва ўсе канцы каралеўства такую грамату: хто яго каралеўскую загадку разгадае, той першым чалавекам пасля яго ў краіне будзе. З'ехаліся вяльможы ды знаць з усяго каралеўства, і задаў ім кароль землякопаву загадку. Ламалі яны галовы так і гэтак, але ніхто не мог загадку разгадаць. Так і раз'ехаліся вяльможы ды знаць ні з чым па дамах.

Другім разам кароль загадаў дробнапамесным дваранам прыехаць адгадваць загадку.

Вось прыйшоў да землякопа яго пан і скардзіцца:

- Кароль мне задаў такую цяжкую загадку, што ніхто адгадаць не можа: маўляў, нехта частку заработку ў ваду кідае, частку на пазыку дае, часткай доўг выплачвае.

- Скажы на ласку, ды ж гэта я такую загадку яму загадаў! А ён, бачыш, колькі людзей цяпер мучыць!

- А разгадку гэтай загадкі ты ведаеш? - пытаецца пан.

- А як жа! Кароль мне за яе тры залатыя даў.

- Я не тры, а два разы па тры залатыя табе дам, - кажа пан. - Толькі ты мне загадку гэтую адгадай!

Атрымаў землякоп шэсць залатых, а пан адправіўся ў палац каралеўскую загадку разгадваць. Ды так, слова ў слова, разгадку землякопа і сказаў.

Ну, кароль, канечне, здагадаўся, што землякоп абяцання свайго не стрымаў.

«Ах ён такі-сякі! Разгадку расказаў! - думае кароль. - Я ж яму загадаў, пакуль ён мяне хоць раз яшчэ не ўбачыць, нікому загадку не разгадваць!»

Кліча кароль землякопа - смерцю караць яго хоча.

Сабраўся бядняк у палац, а ў хатулі з сабой залатыя прыхапіў - тыя тры, што кароль яму даў, ды яшчэ шэсць, якімі пан з ім разлічыўся.

- Навошта ж ты пану сваю загадку разгадаў? - спытаў кароль грозна. - Мы ж дамовіліся: пакуль ты не пабачышся са мною, нікому загадкі сваёй на адкрыеш.

- Я ўжо не раз пабачыў цябе, - адказаў землякоп, - а тройчы тры разы. - Развязаў ён хатуль, паказаў свае залатыя. - Бачыш, на кожнай манеце твая галава.

А каралю і сказаць няма чаго!

 



Пераклад: Віктар Гардзей