epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Кажушок

Вугорская казка

Жыў на свеце селянін. У яго былі жонка і дачка. Аднойчы прыйшоў да іх на агледзіны малады хлопец са сваім сябрам.

Паставілі ім добры пачастунак: курыцу, пірагі. А гаспадар нават паслаў дачку ў склеп па віно. Дзяўчына спусцілася ў склеп і пачала прыглядацца, якая бочка самая большая - бацька загадаў ёй нацадзіць віна з самай вялікай бочкі. Пакуль яна выбірала бочку, раптам заўважыла бервяно, прыслоненае да сцяны склепа. Як убачыла яго дзяўчына, дык і задумалася: вось, маўляў, прыйшлі да яе сватацца, выйдзе яна цяпер замуж, будзе ў яе сынок, яна купіць яму на кірмашы кажушок, а хлопчык незнарок залезе ў склеп, пачне там скакаць каля бервяна, бервяно ўпадзе, заб'е хлопчыка, і каму ж тады застанецца кажушок? І як падумала аб гэтым дзяўчына, такі яе адчай узяў, што села яна на прыступку і заплакала.

А ў доме чакалі, чакалі яе і ніяк дачакацца не маглі. Тады бацька паслаў у склеп жонку.

- Маці, пайдзі паглядзі, куды дзеўка прапала?! Чаго яна валтузіцца так доўга ў склепе? Можа, віно ў яе выцекла і яна баіцца падняцца наверх?

Спусцілася гаспадыня ў склеп і ўбачыла: сядзіць дачка на прыступцы, плача.

- Ды што з табой зрабілася, дачушка, чаго ты так горка плачаш?

- А як жа, матуля, не плакаць, калі мне ўсё маё будучае жыццё ўявілася.

І яна расказала матулі аб тым, што ёй уявілася. А тая як пачула пра кажушок, ды пра ўнучка, ды пра тое, як ён у склеп залезе, ды каля бервяна скакаць пачне, ды як яго гэтым бервяном заб'е... Як пачула маці, так і села побач з дачкой і таксама заплакала.

А гаспадар сядзіць з гасцямі ў святліцы і ніяк віна не дачакаецца. Раззлаваўся, разгневаўся, нават лаяцца пачаў:

- Эх, разявакі, відаць, усё віно павылівалі. Пайду сам гляну, дзе яны там прапалі.

Спусціўся ён у склеп і бачыць: сядзяць абедзве, старая і маладая, слёзы льюць у тры ручаі, а бочкі цэлыя, поўныя віна.

Ніяк не можа гаспадар уцяміць, што гэта з імі здарылася.

- Хопіць вам роўма раўці! Кажыце, што налучылася!

А яны праз слёзы:

- Ой, бацька, ды як жа нам не плакаць, не рыдаць, калі такая самотная дума нам у галаву запала?

І расказалі яны яму пра ўсё. І так яны развярэдзілі яго душу, што ён прысеў на прыступку ўпобачкі і ў адзін голас з імі заплакаў.

Чакаў, чакаў жаніх, дачакацца не мог. Падняўся і пайшоў за гаспадарамі ў склеп. Прыйшоў, глядзіць - усе трое плачуць-заліваюцца, адзін за другога мацней. Глядзіць жаніх і ніяк не зразумее, чаго ж яны так горка плачуць. Спытаў у іх, яны яму ўсё расказалі. Тут жаніх як пакоціцца сосмеху, нават бочкі і тыя ходырам захадзілі.

- Ну, - сказаў жаніх, - такіх дзівакоў я яшчэ не бачыў. Няхай ужо лепей лёс вырашыць, ці жаніцца мне, ці не жаніцца. Я зараз жа выпраўлюся ў шлях і буду падарожнічаць да таго часу, пакуль не сустрэну яшчэ трох такіх жа дзівакоў, як вы. Не сустрэну, дык не крыўдуйце! А калі сустрэну, то вярнуся і вазьму за жонку вашу дачку. Ужо як лёс накануе!

І рушыў ён у дарогу. А нявесту ды бацькоў яе пакінуў у склепе. Маўляў, няхай ужо наплачуцца ўволю.

Толькі хлопец прайшоў сем краін, як убачыў там чалавека, занятага дзіўнай справай: перад ім на зямлі кучай ляжалі арэхі, і ён спрабаваў гэтыя арэхі закінуць віламі на гарышча.

Хлопец падышоў да чалавека бліжэй і спытаў:

- Гаспадар, што гэта вы надумаліся з арэхамі рабіць?

- Ды я тут спакою не маю, - адказаў яму чалавек. - Вось ужо як паўгода працую, усё кідаю і кідаю гэтыя арэхі і ніяк не закіну на гарышча. Хаця я і не багаты чалавек, але гатовы сто форынтаў даць таму, хто арэхі перакідае на гарышча.

- Добра, я гэта зраблю, - сказаў хлопец.

Ён узяў кошык і за паўгадзіны перацягаў на гарышча ўсе арэхі. Атрымаў тут жа сто форынтаў і пайшоў далей.

«Ага, - падумаў сам сабе хлопец, - аднаго дзівака я ўжо напаткаў».

Ішоў, ішоў, і зноў сустрэўся яму чалавек. Глядзеў, глядзеў на яго хлопец і ніяк не мог даўмецца, што той робіць. У руках незнаёмец трымаў карыта і з ім то забягаў у домік, то выбягаў назад. А ў доміку - дзіўна нават - не было вокан, а замест дзвярэй зеўрала дзірка.

Падышоў хлопец, павітаўся і сказаў:

- Добры дзень, зямляк! Чаго з карытам гэтак стараешся?

- Ды вось, хлопец, вясной ужо год будзе, як я пабудаваў гэты дом і не ведаю, чаму ў ім так цёмна. Гляджу, у іншых дамах светла, а гаспадары ніякай працай да гэтага не рупяцца. Я ж як пабудаваў свой дом, дык з таго часу карытам усё цягаю і цягаю святло ў яго. Вось і зараз, сам бачыш, мучуся. Сто форынтаў дам таму, хто зробіць мой дом светлым.

- Ну, гэты клопат па маёй сіле, - сказаў хлопец.

Ён узяў сякеру, прасек два акны, і ў доме адразу стала светла.

Хлопец атрымаў сто форынтаў і пайшоў далей.

«Ага, - падумаў ён, - вось і другі дзівак!»

Ішоў, ішоў хлопец і раптам бачыць: нейкая жанчына сілком пхае куранят пад квактуху. Хлопец аклікнуў яе:

- Гаспадынька, ты што гэта робіш?

- Ды вось хачу куранят пасадзіць пад квактуху, - адказала жанчына. - Баюся, што яны паўцякаюць хто куды і каршун іх схопіць. А ніяк толку не даб'юся: пасаджу пад адно крыло, а яны з-пад другога вылазяць. Пасаджу пад другое крыло, яны з-пад таго вылазяць. Сто форынтаў гатова даць таму, хто навучыць мяне, што з імі рабіць!

Хлопец сказаў:

- Добра, я навучу вас. Не трывожцеся і не турбуйцеся, гаспадынька, і ніколі сілком куранят пад курыцу не падсоўвайце. Толькі квактуха ўбачыць каршуна, яна сама схавае куранят пад крылы.

Гаспадыня ўзрадавалася добрай парадзе і адразу ж аддала хлопцу сто форынтаў. Хлопец таксама ўзрадаваўся і пайшоў назад. А сам сабе падумаў: «Ну вось я і знайшоў трох дзівакоў».

Ён вярнуўся дадому, тут жа заручыўся з дзяўчынай, і праз два тыдні яны згулялі вяселле. А больш я пра іх нічога не чуў, хіба толькі тое, што ў іх нарадзіўся сын, купілі яны яму кажушок, а бервяном яго не прыціснула. І да сённяшняга дня яны жывуць, калі не памерлі.

 



Пераклад: Віктар Гардзей