epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Найшла каса на камень

Летувіская казка

Адзін скупы кулак да смерці не любіў парабкаў сваіх карміць. Як прыйдзе час палуднаваць - усім з дому хатулі ды збаны нясуць, а ў яго ўсё не так, як у людзей: то карова дайніцу перавярнула, то хлеб у печы згарэў.

А як сядуць суседзі ў халадок, кулак і кажа парабку:

- Адпачнём жа і мы, Йонас, пакуль усе палуднуюць. Няхай людзі думаюць, што мы з табой таксама ямо.

І гэтак кожны дзень.

Стаў галодны парабак думаць, як бы яму скупога гаспадара ад такой звычкі адвучыць. І вось аднойчы папалуднавалі суседзі, адпачываюць, а парабак схапіў касу і падняўся з месца.

- Чаго дарма сядзець, - кажа, - давай лепш папрацуем!

Хочаш не хочаш - давялося і гаспадару ў гэткае пекла падымацца. А за ім і іншыя касцы падняліся. Кулак першы пайшоў, а парабак за ім, ды так хутка ідзе, ледзь на пяткі гаспадару не наступае.

Пачаў прасіцца кулак:

- Не спяшайся ты так, Йонас, а то мне яшчэ пяткі абрэжаш!

А парабак усё не сунімаецца. Азірнуўся гаспадар, а Йонас і траву нават не кранае, толькі касавільнам размахвае.

- Што гэта ты, Йонас? - пытаецца гаспадар.

- Памахаем косамі, гаспадар, пакуль усе працуюць, - кажа парабак. - Няхай людзі думаюць, што і мы косім.

 



Пераклад: Віктар Гардзей