epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Прыгонны лекар

Летувіская казка

Павёз неяк селянін на базар воз сухіх бярозавых дроў. Падышоў да яго пан і пытаецца:

- Колькі просіш за сваю салому?

- Ды што вы, пане, не салома гэта, а бярозавыя дровы!

Пан выхапіў бізун, сперазаў селяніна па спіне і зноў пытаецца:

- Дык жа колькі ты за сваю салому просіш?

- Воля ваша, - кажа сялянін, - колькі дасце.

Пан заплаціў за воз дроў, як за воз саломы, і паехаў.

Давялося другі раз гэтаму селяніну павесці быка на базар прадаваць. І зноў яму той самы пан трапіўся.

- Колькі хочаш за свайго казла?

- Што вы, пане, гэта не казёл, а бык!

Пан выхапіў бізун, адлупцаваў бедака і зноў пытаецца:

- Колькі хочаш за гэтага казла?

- Воля ваша, пане, колькі дасце.

Пан заплаціў яму столькі, колькі каштаваў казёл.

Селянін і кажа:

- Дазвольце мне хоць бы хвост у быка адрэзаць - на памяць, што і ў мяне калісьці жывёла была.

Пан дазволіў.

- Дзякуй і на гэтым! - сказаў селянін. А калі адышоўся крыху, крыкнуў: - Пачакай, пане, ты мяне два разы біў, а сам за гэта тры разы біты будзеш!

Схапіўся было пан за бізун, а селяніна і след прастыў.

Ці многа, ці мала часу прайшло - уздумалася пану ветраны млын ставіць. Пачуў пра гэта селянін, апрануўся чысцей, пагаліў бараду і вусы, узяў сякеру, пілу і іншы цяслярскі інструмент - чым жа не майстравы! - і пайшоў у маёнтак на будоўлю наймацца.

Паехаў з ім пан у лес - дрэвы на высечку выбіраць. Аднаго слугу яны з коньмі пакінулі, другі з імі ў лес пайшоў.

Разглядвае селянін дрэвы і раптам у кішэні капацца пачаў.

- А, каб цябе! Аршын забыў! - кажа.

- Не бяды, я слугу па аршын пашлю, - супакойвае яго пан.

Пабег слуга па аршын, а пан з цесляром удвух у лесе засталіся, чакаюць яго.

- Доўга штосьці не ідзе ваш слуга, - кажа цясляр. - Ну нічога, другі ёсць спосаб дрэвы мераць. - Вы, пане, абдыміце дрэва, заўважце сабе яго аб'ём, расстаўце рукі, а я пядзяю рукі вашы і памераю. У нас інакш дрэвы і не мераюць.

Абхапіў пан дрэва рукамі, тут жа селянін і звязаў пану рукі, выцягнуў з-за пазухі бычыны хвост і пытаецца:

- Чый гэта хвост?

- Бычыны, - адказвае пан.

- Ну і дурань жа ты! Не можаш бычыны хвост ад казлінага адрозніць!

І давай пана сцябаць бычыным хвастом!

Потым на дрэва паказаў і пытаецца:

- А гэта што такое?

- Бяроза.

- Ну і дурань жа ты! Не можаш салому ад бярозы адрозніць!

І зноў аддубасіў пана. Біў, колькі сіл хапіла, а адыходзячы, сказаў:

- Адзін раз ты ўжо атрымаў, яшчэ два разы за мной засталося.

Вярнуўся слуга, а пан яго да дрэва прывязаны, ледзь жывы. Адвязаў яго слуга, адліў вадой, дадому завёз.

Захварэў пан, ды сорамна яму лекарам прызнацца, што гэта селянін яго збіў. Не даецца нават, каб яны агледзелі яго як трэба. Возяць да яго з Вільні і з Каўнаса дактароў, але і тыя ніяк не могуць даведацца, што гэта ў яго за немач.

А селянін наш прыклеіў сабе сівую бараду, апрануўся ў даўгаполае адзенне, у адну бутэлечку капуснага расолу наліў, у другую - бурачнага, узяў тры канапляныя зернеткі і падаўся пана лячыць. Паглядзеў ён здалёку на хворага і кажа:

- Вы былі збіты бычыным хвастом.

Здзівіўся пан. Ні адзін з гарадскіх дактароў не мог вызначыць яго хваробу, а гэты вясковы лекар усю праўду сказаў. Просіць ён у селяніна ўзяцца за яго як трэба і немач з яго выгнаць.

- Трэба лазню гарачэй напаліць ды папарыцца там добранька, - кажа лекар.

Тут жа пан загадаў лазню выпаліць. Завезлі яго слугі туды. З'явіўся і лекар са сваімі лекамі. Дае ён слугам тры канапляныя зернеткі і кажа:

- Хутчэй ідзіце дамоў, пакладзіце гэтае лякарства ў гарлачык з вадою і па чарзе боўтайце да таго часу, пакуль вада ў гарлачыку белай не стане.

Застаўся лекар сам-насам з панам. Выцягнуў з-за пазухі бычыны хвост і пытаецца:

- Чый гэта хвост?

- Казліны, казліны! - крычыць пан.

- Ну і дурань! Няўжо не бачыш, што бычыны? Пачакай, навучу я цябе бычыны хвост ад казлінага адрозніваць!

І зноў селянін так пана адлупцаваў, што на тым жывога месца не засталося.

Правучыў ён яго бычыным хвастом і, адыходзячыся, кажа:

- Два разы ты ўжо атрымаў, яшчэ адзін раз за мною.

Ледзь-ледзь пан ад немачы сваёй збавіўся. Ён і дактарам сваім не прызнаўся, што гэта селянін яго набіў. Баіцца ён селяніна да смерці, без слуг нікуды носа не высуне.

А селянін пачаў рыхтавацца трэці раз пана правучыць. Пачуў ён, што пан ужо выздаравеў і на багамолле збіраецца - падзячны малебен служыць.

Падышоў селянін да цыгана аднаго - той сваім рухавым конікам на ўсю ваколіцу славіўся - і кажа яму:

- Дапамажы мне пана набіць - рубель заробіш.

Апрануўся цыган у сялянскае адзенне, сеў на свайго коніка і чакае ў кустах, калі пан паедзе. Як убачыў панскую карэту, давай крычаць:

- Два разы атрымаў, яшчэ адзін раз за мною!

- Злавіце яго, звяжыце ды забіце да смерці! - загадаў пан слугам.

Тыя пагналіся было за цыганом, ды дзе там - ён на сваім коніку ўжо далёка заскакаў! А тут з-за куста селянін выходзіць. Выцягнуў пана за каўнер з карэты, тыцнуў яму бычыны хвост под нос і пытаецца:

- Ну, пане, чый гэта хвост?

- Што ўжо там пытаць! - кажа пан праз слёзы. - Бі ўжо, не здзекуйся.

Селянін зноў адлупцаваў пана і, адыходзячыся, кажа:

- За дровы і быка мы разлічыліся. Але ты зноў мой даўжнік: я ж цябе ад панскай тваёй немачы назаўсёды, відаць, вылечыў!

 



Пераклад: Віктар Гардзей