epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Разумны казачнік

Карэльская казка

Жыў у даўнія часы адзін цар. І да таго ён любіў казкі, што дня не мог правесці без іх. А ці лёгка было расказваць таму цару казкі, калі іх усе яму пераказалі, а ён іх пераслухаў! Ды мала таго: ты яму не проста казку раскажы, а кожны раз новую, пра якую ён і чуць не чуў. А раскажаш старую, дык абавязкова галаву табе адсякуць. Такое было яго рашэнне, такі быў яго загад. На тое ён і цар. Ну, і ляцелі ў яго дзяржаве галовы з плячэй, таму што не было каму расказаць казку, якую б цар не ведаў.

Вось і настаў дзень, калі ніхто не згадзіўся да цара пайсці, ніхто не рашыўся дзеля царскай прыхамаці галаву злажыць.

Забегалі міністры, замітусіліся слугі. А цар крычыць:

- Калі не знойдзеце казачніка - усім галовы паздымаю!

Цяпер зразумела, чаго міністры забегалі?

Аднак бегай не бегай - ахвотнікаў няма дарэмна сваю галаву аддаць. Не ідзе ніхто, і ўвесь сказ.

Раптам, уявіце, знайшоўся адзін маладзец, адчайная галава! Сам напрасіўся.

- Давайце, - кажа, - я пайду да цара!

Узяў ды і пайшоў.

Цар пасадзіў яго і кажа:

- Расказвай!

А маладзец пачынае:

- Было тое ў часы даўнія, калі мой дзед і твой дзед разам адзін хлеў будавалі, ды такі вялікі, што вавёрка па ім з канца ў канец за цэлы дзень ледзь даскакаць магла. Вось гэта быў хлеў дык хлеў!.. Не чуў?

- Не чуў, - сказаў цар.

- Ну, калі не чуў, - сказаў маладзец, - дык і спі, а я заўтра прыйду.

І пайшоў.

На другі дзень прыходзіць. Цар яму сам крэсла падстаўляе, кажа:

- Расказвай казку!

А той пачынае:

- Помніш, які хлеў мой дзед і твой дзед пабудавалі? Дык вось, выгадавалі яны ў тым хляве быка, ды такога, што ластаўцы, каб з аднаго яго рога на другі перабрацца, цэлы дзень ляцець трэба было! Пра гэта чуў?

- Не, не чуў!

- Ну, а калі і гэтую казку не чуў, - кажа маладзец смела, - тады кладзіся спаць, а я заўтра прыйду.

Пайшоў і зноў галаву цэлую панёс.

Ляжыць цар, з боку на бок варочаецца, думае: «Вось жа разумны, умее прыдумляць! Але і я не лыкам шыты: розуму не хопіць - хітрасцю адолею. Прычаплюся, і ўсё адно адсякуць табе галаву!»

Раніцай склікаў цар сваіх міністраў і кажа ім:

- Прыходзьце вечарам казкі слухаць. І запомніце: што гэты малойчык ні скажа, вы на тое дружна кажыце, што, маўляў, ужо чулі.

Прыйшоў маладзец трэці раз. Цар яму крэсла насустрач выносіць. Маладзец і кажа:

- Калі твой бацька і мой бацька па суседству царавалі, твой бацька ў майго бацькі пазычыў золата: сорак бочак тым золатам напоўнілі, і кожная бочка - укоптур! Вось колькі золата ў іх было... Чулі?

А міністры царскі загад помнілі і закрычалі:

- Чулі!

- Ну, калі чулі, - сказаў маладзец, - то тады прыйшоў час - аддавай, цар, даўгі!

Што рабіць? Тут ужо не да пакарання смерцю, не да галавы, сорам вунь які - золата ўзяў і не аддае! Давялося цару раскашэліцца!

Пачалі золата збіраць, усё сабралі, усю казну чысценька падмялі, і назбіралася ўсяго адна бочка.

Ну, ды наш маладзец не сквапны. Яму і адной бочкі хапіла. Забраў ён золата і паехаў. А цар з таго часу асцерагаўся галовы секчы! І казкі слухаў, ды яшчэ дзякуй казаў.

Вось так яно!

 



Пераклад: Віктар Гардзей